незаменная серазмяшчальная амінакіслата, CH3S(CH2)2CH(NH2)COOH. Неабходны для падтрымання росту і азоцістай раўнавагі ў арганізме. Асн. крыніца: малочныя прадукты, яйкі, мяса, бабовыя расліны і інш. Уваходзіць у састаў большасці бялкоў расл. і жывёльнага паходжання. Выдзелены з бялкоў у 1922.
Белы крышталічны парашок. мал. м. 149,2, раствараецца ў гарачай вадзе. Т-ра плаўлення 272—276 °C. З’яўляецца донарам метыльных груп у арганізме млекакормячых жывёл і чалавека. Удзельнічае ў сінтэзе адрэналіну, халіну і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. Актывізуе дзейнасць гармонаў, вітамінаў (B12, фоліевай і аскарбінавай к-т), ферментаў; шляхам метыліравання і трансульфіравання абеззаражвае таксічныя рэчывы ў арганізме. Недахоп у арганізме вядзе да парушэнняў абмену рэчываў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НІЯ (Robinia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў пач. 17 ст. На Беларусі інтрадукавана 4 віды Р.: псеўдаакацыя, або белая акацыя (R. pseudacacia), клейкая (R. viscosa), новамексіканская (R. neomexicana), пышная (R. luxurians). Культывуюцца ў садах і парках.
Лістападныя, часта калючыя, дрэвы або кусты. Лісце непарнаперыстаскладанае, аснова чаранка ўтварае покрыва, якое ахоўвае пазушныя пупышкі. Кветкі белыя, ружовыя, чырв. ў гронках. Плод — лінейна падоўжаны боб. Драўніна ў Р. псеўдаакацыі шчыльная, трывалая з цёмна-жоўтым ядром і светлай абалонай; ідзе на выраб мэблі, добра паліруецца. Адна з лепшых меданосаў. Выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў, малаплодных і засоленых глеб, схілаў яроў і інш.Дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСАДАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для пасадкі ў адкрыты грунт расады гароднінных, тэхн. (тытунь), эфіраалейных культур, чаранкоў пладова-ягадных культур і вусоў суніцы. Бываюць навясныя і прычапныя, 2-, 4- і 6-радковыя.
Маюць пасадачныя секцыі (апараты), сашнікі, каткі, паліўную сістэму, механізм прывода, стэлажы для расады і інш. У працэсе работы Р.м. ўтварае ў глебе баразну, падае ў яе расаду і ваду, закрывае каранёвую частку глебай і ўшчыльняе яе вакол расліны. Пашыраны 6-радковыя Р.м. з шырынёй захопу да 4,2 м. Для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод выкарыстоўваюць лесапасадачныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕДА́ (Reseda),
род кветкавых раслін сям. рэзедовых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, большасць відаў — у Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды Р.: жоўтая (R. lutea) і жоўценькая (R. luteola). Трапляюцца на сухіх схілах, камяністых глебах, уздоўж дарог. У культуры інтрадукавана Р. духмяная (R. odorata).
Адна-, двух- і шматгадовыя травы выш. да 130 см з прамастойным або прыўзнятым сцяблом. Лісце перыстараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі дробныя, няправільныя, духмяныя, белыя, жоўтыя. зеленавата-жоўтыя ў гронках або калоссях Плод — каробачка. Падземныя ч. Р. жоўценькай маюць у сабе жоўтую фарбу, прыдатную для афарбоўкі шэрсці і шоўку. Эфірны алей кветак Р. духмянай выкарыстоўваецца ў парфумерыі вышэйшай якасці. Фарбавальныя, лек., эфіраалейныя, меданосныя, дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПІК (Eupatorium),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 600 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы, некат. ў Еўразіі і трапічнай Афрыцы. На Беларусі 1 від — Р. канапляны (E. cannabinum). Трапляецца на вільготных берагах рэк, азёр, каля балот і інш. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Р. духмяны (E. aromaticum) і пурпуровы (E. purpureum).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамыя, простыя або галінастыя. Лісце супраціўнае, чаргаванае, радзей у кальчаках, суцэльнае або рассечанае. Лейкападобныя кветкі ў кошыках, сабраных у агульнае шчыткаладобнае суквецце. Плод — сямянка. Р. канапляны — лек. (мачагонны, ванітоўны, танізоўны, ранагаючы сродак), тэхн. (сцёблы даюць грубае валакно), фарбавальная (з лісця і кораня атрымліваюць сінюю і чорную фарбы), алейная (насенне мае да 25% алею), дэкар., ядавітая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАЎБО́РКА,
комплекс працэсаў па прыгатаванні сена. Уключае скошванне, высушванне траў, укладванне сена на захоўванне. Травы скошваюць у перыяд, калі расліны маюць найб. колькасць пажыўных рэчываў (злакавыя травы ў перыяд калашэння, бабовыя — бутанізацыі). Вял. значэнне мае вышыня скошвання (завышэнне зрэзу травы на 1 см у параўнанні з аптымальным зніжае ўраджайнасць на 5—7%). Для паскарэння высушвання бабовыя травы плюшчаць. Скошаную траву правяльваюць у пракосах да 45—50% вільготнасці, пераварочваюць, зграбаюць у валкі, складаюць у копы, сцірты. Пры запаволеным высушванні і паўторным намаканні сена страчвае ч.мінер. і арган. рэчываў, таму ўжываюць актыўнае вентыліраванне ці штучную сушку на сушыльных апаратах. Пры гэтым павялічваецца на 30% збор сена з 1 га, павышаецца колькасць у ім пратэіну на 7—10%, караціну на 20%. Гл. таксама Сенаўборачныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛАС (ісп. silos, мн. лік ад silo падземнае памяшканне, яма для захоўвання зерня),
кансерваваная без доступу паветра зялёная маса раслін, сакаўны корм. Сіласуюць сіласныя культуры, дзікарослыя травы, бацвінне, караняплоды і інш.
Расліны здрабняюць, закладваюць слаямі ў сіласасховішчы, утрамбоўваюць і ізалююць ад паветра зямлёй, глінай або сінт. плёнкай. У такіх умовах хутка размнажаюцца малочнакіслыя бактэрыі, якія раскладаюць цукры з утварэннем малочнай к-ты і прыгнечваюць анаэробныя маслянакіслыя і гніласныя працэсы. Гатуюць С. просты ці камбінаваны, часам з падвяленых (да 70% вільгаці) раслін. Якасны С. мае прыемны пах (квашанай капусты, мочаных яблык, фруктовы), кіславаты смак, жоўта-зялёны колер, рыхлую структуру, у ім зберагаюцца пажыўныя рэчывы (акрамя цукру) і вітаміны. Уваходзіць у кармавы рацыён с.-г. жывёл, паляпшае іх страваванне, засвойванне інш., асабліва грубых кармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗА (Betula),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (B. pendula), і пушыстая, або белая (B. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (B. carelica), і няясная, або цёмная (B. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (B. humilis) і карлікавая (B. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (B. papyrifera), жоўтая (B. lutea), вязалістая (B. ulmifolia), Эрмана (B. ermanii), японская (B. japonica), блакітная (B. coerulea), туркестанская (B. turkestanica), даурская (B. dahurica), рабрыстая (B. costata) і Шміта, або жалезная (B. schmidtii).
Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РАпаветра,
тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г. культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °C — ад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПО́НІКА (ад гідра... + грэч. ponos праца),
вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.
Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.