МІГА́ННЕ,
ахоўны рэфлекс, які выклікаецца раздражненнем рагавой або кан’юнктывальнай абалонкі вока. Змыканне вочнай шчыліны да пападання ў вока шкоднага агента — важнае біял. прыстасаванне. Разам з М. вочны яблык абмываецца слёзнай вадкасцю, што спрыяе выдаленню іншародных цел. Адбываецца М. ў выніку скарачэння кругавой мышцы вока, што інервуецца валокнамі нерва твару. Адсутнасць М. бывае пры паралічы нерва твару або пашкоджанні трайчастага нерва, узмацненне, пачашчэнне — пры кан’юнктывітах (часта са слёзацячэннем і светлабояззю).
т. 10, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖГО́РНАЯ ЎПА́ДЗІНА,
міжгорная катлавіна, тэктанічная дэпрэсія ў гарах, з усіх або амаль з усіх бакоў абкружаная высокімі хрыбтамі. Цягнецца звычайна на дзесяткі, часам сотні кіламетраў пры шырыні ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. Фарміруецца пры інтэнсіўных гораўтваральных рухах у межах прылеглых хрыбтоў на адносна кансалідаванай складкавай аснове, звычайна адпавядае міжгорным прагінам. Наяўнасць вялізных выраўнаваных паверхняў, дастатковае ўвільгатненне, урадлівыя глебы спрыялі развіццю земляробства, фарміраванню ва ўпадзінах ачагоў цывілізацыі (напр., Ферганская даліна).
т. 10, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАНІ́Т (ад грэч. mylōn млын),
зборная назва розных паводле саставу і генезісу горных парод, раздробленых у зонах тэктанічных парушэнняў. Першасныя горныя пароды пры перамяшчэнні па разломе пераціраюцца, сціскаюцца, робяцца больш шчыльныя, дробназярністыя; мінералы ў іх набываюць лінейнае арыентаванне, утвараючы характэрную міланітавую (тонкаслаістую) структуру. У выніку працэсаў дынамаметамарфізму, якія часта ўзнікаюць пры такіх абставінах, М. ператвараецца ў сланцаватую метамарфічную пароду (бластаміланіт). На Беларусі зоны міланітызацыі часта трапляюцца ў пародах крышт. фундамента.
т. 10, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУ́РА ў выяўленчым мастацтве,
рэальныя аб’екты рэчаіснасці (чалавек, рэчы, ландшафт і інш.), якія мастак выкарыстоўвае як мадэль пры рабоце над творам. З Н. выконваюць замалёўкі, накіды, эцюды, часта партрэты, пейзажы, нацюрморты. Працуюць у натуральных прыродных умовах (пленэр) або ў майстэрні (перадача вобраза натуршчыка). Часам пры падрыхтоўцы твора работу з Н. спалучаюць з работай па памяці ці фантазіі. Праз выбар Н. і яе інтэрпрэтацыю мастак выяўляе сваё светаадчуванне і творчую задачу.
т. 11, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВАЯ ІАНІЗА́ЦЫЯ, тэрмаіонная эмісія,
тэрмічнае выпарэнне (дэсорбцыя) дадатных (дадатная іанізацыя) ці адмоўных (адмоўная) іонаў з паверхні цвёрдага цела. Узнікае пры награванні цел да пэўнай т-ры (тэмпературнага парога П.і.), а таксама пры ўласна выпарэнні, напр., тугаплаўкіх металаў. Выкарыстоўваецца ў крыніцах іонных пучкоў, для кампенсацыі аб’ёмнага зараду электронаў у тэрмаэлектронных пераўтваральніках і інш., закладзена ў аснову многіх метадаў вывучэння фіз.-хім. характарыстык паверхняў цвёрдых цел і ўзаемадзеяння з імі часціц.
т. 11, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЕ АРЫЕНТАВА́ННЕ,
від падводнага спорту. Уключае 3 асн. практыкаванні: «арыенціры», «зоны» і «зорку». Пры іх выкананні спартсмен праплывае з аквалангам пэўную дыстанцыю і мяняе напрамак у зададзеных пунктах. Спаборніцтвы праводзяцца ў адкрытых вадаёмах у асабістым і камандным заліках. Пры ацэнцы вынікаў улічваецца час пераадолення дыстанцыі і дакладнасць арыентавання. Бел. спартсмены ўдзельнічалі ў спаборніцтвах у 1960—88. Пераможцы і прызёры чэмпіянатаў СССР — Н.Ясючэня (1970), І.Хрысценка (1976), А.Шымановіч (1977).
т. 11, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТРО́ПНЫ ПРАЦЭ́С, політрапічны працэс, змена стану фіз. сістэмы, пры якой захоўваецца пастаяннай яе цеплаёмістасць. Крывая, якая адлюстроўвае П.п. на тэрмадынамічных дыяграмах, наз. палітропай. Для ідэальнага газу апісваецца ўраўненнем pVn = const, дзе p — ціск, V — аб’ем газу,
— паказчык палітропы, C, Cp і Cv — цеплаёмістасці сістэмы ў П.п., пры пастаянных ціску і аб’ёме адпаведна. Асобныя выпадкі П.п.: адыябатны працэс, ізабарны працэс, ізахорны працэс, ізатэрмічны працэс.
т. 12, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПО́ЎКА ў лазернай фізіцы,
працэс стварэння нераўнаважнага стану рэчыва пад уплывам знешніх уздзеянняў (магн. поля, эл. разраду, рэзкага ахаладжэння папярэдне нагрэтага газу і інш.). Можа перавесці рэчыва са стану тэрмадынамічнай раўнавагі ў актыўны стан (гл. Актыўнае асяроддзе), пры якім яно набывае здольнасць узмацняць і генерыраваць эл.-магн. хвалі (гл. Лазер). Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама ў радыётэхніцы і оптыцы пры апісанні працэсаў уздзеяння на актыўныя элементы параметрычных сістэм (гл. Параметрычныя ваганні).
т. 12, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБАЛІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,
мінімальная скорасць, якую трэба надаць целу (напр., касм. апарату) для пераадолення ім гравітацыйнага прыцягнення інш. цела (напр., Зямлі) і аддалення ад яго па парабалічнай арбіце. Памяншаецца з павелічэннем адлегласці ад цела, што прыцягвае. Пры скорасці, меншай за П.с., цела рухаецца па эліпсе; пры скорасці, большай за П.с., — па гіпербале. П.с. цела каля паверхні нябеснага цела наз. другой касмічнай скорасцю; каля паверхні Зямлі роўная 11,2 км/с.
т. 12, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРКІНСО́НА ХВАРО́БА, дрыжальны параліч,
хранічная хвароба галаўнога мозга чалавека, якая прагрэсіруе. Праяўляецца дрыжаннем, экстрапіраміднай рыгіднасцю і інш. Апісаў англ. ўрач Дж.Паркінсан у 1817 г. Дрыжанне пачынаецца з адной канечнасці (часцей верхняй), потым пераходзіць на другую, пашыраецца на галаву, язык і губы; павялічваецца пры хваляванні. Назіраецца скаванасць, запаволены тэмп рухаў хворага, рэдкае міганне, неадпаведнасць рухаў рук пры хадзе. Тыповая поза хворага на П.х. — сагнутая («поза прасіцеля»), Лячэнне: тэрапеўт., хірургічнае.
т. 12, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)