ЛІ́НГБІ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (9—8-е тыс. да н.э.), пашыраная на тэр. ад Паўн. Еўропы да бас. р. Прыпяць. Назва ад стаянкі Лінгбі на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. і высакароднага аленяў, лася, дзіка і інш. Характэрныя прылады — рагавыя сякеры і грубыя несіметрычныя крамянёвыя наканечнікі дзідаў і стрэл з шырокай насадкай; вырабляліся кароткія нажы, скоблі, разцы з масіўных пласцін, падобныя да макралітычных. На Беларусі выяўлены стаянкі Л.к. каля в. Адрыжын, Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДА,

участак, на якім высякаўся лес, дрэвы спальваліся, а зямля выкарыстоўвалася пад ворыва. Ляднае земляробства вядома на тэр. Беларусі з эпохі неаліту, на Палессі з 4-га тыс. да н.э., у канцы 3-га тыс. пашырылася да Падзвіння. У бронзавым веку — асн. сістэма гаспадаркі. Лядна-агнявым земляробствам займаліся плямёны штрыхаванай керамікі культуры і днепра-дзвінскай культуры, дрыгавічы, крывічы, радзімічы і інш. слав. плямёны. Часткова выкарыстоўвалася да 19 ст. Ад Л. паходзяць назвы некаторых населеных пунктаў.

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГІ (лац. magus, грэч. magos ад стараж.-перс.),

1) жрацы і члены жрэчаскай касты ў стараж. Зах. Іране. Прыблізна ў 7 — пач. 4 ст. да н.э. (паводле розных даследчыкаў) прынялі зараастрызм, у які ўнеслі істотныя змены; дзякуючы ім да нашага часу дайшлі асобныя часткі «Авесты». М. называліся таксама жрацы інш. іранскіх вераванняў, што былі пашыраны ў Закаўказзі, М. Азіі і некаторых стараж. краінах Усходу. Карысталіся таемнымі абрадамі, таму з часоў элінізму М. сталі называць чараўнікоў, ведзьмакоў, астролагаў і г.д.; адсюль — магія.

2) Назва аднаго з плямён Мідыі ў творах Герадота.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 2-й пал. 3-га тыс. да н.э., пашыраная ў перадгор’ях Паўн. Каўказа. Назва ад Майкопскага кургана, даследаванага ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. М.к. прадстаўлена шматлікімі курганамі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, на ганчарным крузе вырабляла кераміку (пераважна чырвоную, глянцаваную, зрэдку арнаментаваную), жыло на ўмацаваных паселішчах. На познім этапе з’явіліся каменныя грабніцы, у т. л. дальмены. Сустракаюцца прылады працы і зброя з каменю (сякеры, укладышы для нажоў і сярпоў, наканечнікі стрэл) і медзі (сякеры, матыкі, долаты, нажы, кінжалы, наканечнікі коп’яў). Распаўсюджаны ўпрыгожанні з Усходу. Існавала маёмасная дыферэнцыяцыя.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛЬГУНО́ЎСКІ КУРГА́Н, Літой курган,

курган пач. 6 ст. да н.э. каля г. Кіраваград (Украіна). Раскапаны ў 1763 рас. ген. А.​П.​Мельгуновым, ад імя якога і паходзіць назва. У выніку даследаванняў на глыбіні каля 1,8 м выяўлена грабніца, абкладзеная каменнымі плітамі. Сярод знаходак жал. меч скіфскага тыпу ў залатых ножнах з выявамі фантастычных істот, залатыя дыядэма, стужка з фігуркамі малпаў і ібісаў, бляшкі ў выглядзе арлоў, сярэбраныя ножкі ад трона урарцкай работы. Лічаць, што курган быў насыпаны над пахаваннем багатага воіна-правадыра, магчыма, удзельніка скіфскіх паходаў у Пярэднюю Азію.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭ́КІ (грэч. metoikos літар. перасяленец, чужаземец),

іншаземцы, якія перасяліліся ў стараж.-грэч. полісы. Сярод М. былі і адпушчаныя на волю рабы. Мелі асабістую свабоду, але былі пазбаўлены паліт. правоў, не маглі выступаць на судзе і не валодалі нерухомасцю. Кожны М. павінен быў мець апекуна — грамадзяніна поліса (прастата), штогод плаціць дзяржаве спец. даніну — метэкіён (мужчына 12, жанчына 6 драхм), несці вайсковую службу. Займаліся пераважна гандлем, рамёствамі, ліхвярствам. Сярод іх былі вельмі багатыя гараджане. У 5—4 ст. да н.э. адыгрывалі важную ролю ў эканоміцы гарадоў.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЦЭНА́Т (Гай Цыльній) (Gaius Cilnius Maecenas; паміж 74 і 64—8 да н.э.),

рымскі дзярж. дзеяч, прыбліжаны імператара Аўгуста, прыхільнік манархіі. Не займаючы афіц. пасад, выконваў для Аўгуста важныя паліт. і дыпламат. місіі, у т. л. заключыў дагаворы з Маркам Антоніем у Брундызіі (40) і Тарэнце (37). У 31—30 замяшчаў у Рыме Актавіяна, які выехаў на Усход. Вядомы сваім уплывам на літ. жыццё Рыма, апекаваўся паэтамі Вергіліем, Гарацыем, Праперцыем і інш. Ад твораў М. захаваліся ўрыўкі. Прозвішча М. як апекуна дзеячаў навукі і мастацтва стала хадзячай (пераноснай) назвай.

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ловаць, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Гарадок. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і 39 км ад чыг. ст. Гарадок, 75 км ад Віцебска. 529 ж., 224 двары (1999). Лясніцтва, сепаратарны пункт Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі паселішча (3-е тыс. да н.э.) і 2 курганныя могільнікі.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДЫ МО́РА»,

умоўная назва плямён ці народаў, якія першапачаткова жылі, верагодна, на Балканскім п-ве ці ў М. Азіі; упамінаюцца ў егіпецкіх крыніцах 13—12 ст. да н.э. сярод тых народаў, што нападалі на Егіпет з мора (часам у саюзе з лівійцамі), а пазней праз Сірыю, Фінікію, Палесціну. «Н.м.» прыпісвалася знішчэнне Хецкага царства і інш. дзяржаў. З асобных «Н.м.», што захаваліся толькі ў запісах егіпецкім пісьмом (з адных зычных), атаясамлены толькі некаторыя (лікійцы, філістымляне, магчыма, данайцы — ахейцы). Лічаць, што Траянская вайна была часткова звязана з перамяшчэннямі «Н.м.».

т. 11, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎРЫ (грэч. Nevroi),

старажытнае племя, якое, паводле звестак Герадота, жыло ў 6—5 ст. да н.э. ў басейнах р. Гарынь і Паўд. Буг. Аб Н. і іх краіне Неўрыдзе згадвалі таксама Эфор, Дыянісій Перыегет, Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін і інш. антычныя аўтары. Інфармацыя Герадота пра тое, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, дала падставу шматлікім аўтарам (П.​Шафарык, П.​Шпілеўскі і інш.) змяшчаць Н. на тэр. Беларусі, дзе ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях было найб. пашырана. Археал. даследаванні дазваляюць атаясамліваць з герадотавымі Н. частку насельніцтва мілаградскай культуры.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)