АБСТЭ́РНАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,

у Беларусі, на мяжы Браслаўскага і Міёрскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, паміж адгор’ямі Браслаўскай марэннай грады і Полацкай азёрна-ледавіковай нізінай. Уключае 13 азёраў (агульная пл. 32 км²), злучаных сістэмай мелкаводных забалочаных праток; найб. Абстэрна, Укля, Набіста, Важа, Інава. Дрэніруюцца р. Хараброўка, якая пачынаецца з воз. Набіста, цячэ праз воз. Шчоўна, выцякае з яго пад назвай Вята. З У прымыкае гідралагічны заказнік Балота мох. Плацінай на Хараброўцы ўзровень вады азёраў падняты на 0,8—1 м з утварэннем адзінага воднага басейна. Прамысловае рыбалоўства. Турызм.

Возера Абстэрна.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕН БЕ́ЛА (Ахмед) (н. 25.12.1916, Магнія, каля г. Тлемсен, Алжыр),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Алжыра. У час 2-й сусв. вайны афіцэр франц. арміі. З 1949 адзін з кіраўнікоў Алжырскай нацыяналіст. партыі. З 1952 чл. Фронту нац. вызвалення Алжыра. У 1956 арыштаваны франц. ўладамі і да 1962 знаходзіўся ў зняволенні. Завочна быў абраны ў кіруючыя органы алж. вызв. руху. У 1962—65 прэм’ер-міністр, у 1963—65 прэзідэнт краіны. Пасля ваен. перавароту ў 1965—80 пад дамашнім арыштам. З 1981 у эміграцыі. У 1990 вярнуўся ў Алжыр і ўзначаліў партыю «Рух за дэмакратыю».

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (Berliner Philarmoniker),

нямецкі сімфанічны аркестр. Засн. ў 1882 у Берліне. Яго папярэднікам быў прафес. аркестр, арганізаваны Б.​Більзе (1867, Більзенская капэла). З 1882 па ініцыятыве канцэртнага агенцтва Вольф праводзіліся т.зв. Вял. філарманічныя канцэрты, якія набылі прызнанне і папулярнасць. Сярод дырыжораў: Ф.​Вюльнер, І.​Іоахім, К.​Кліндворт (1882—85), Г.​Бюлаў (1887—93), А.​Нікіш (1895—1922) і В.​Фуртвенглер (да 1945 і ў 1947—54), пад кіраўніцтвам якіх аркестр набыў сусв. вядомасць, Ю.​Прувер, Б.​Вальтэр, С.​Чэлібідаке. З 1955 гал. дырыжор Г.Караян, з 1989 — К.Абада. З аркестрам выступаюць сусветна вядомыя дырыжоры, салісты, хар. ансамблі.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ,

хімічны працэс адшчаплення вадароду (гідрагену) ад малекулы арган. злучэння; рэакцыя, адваротная гідрагенізацыі. Звычайна прыводзіць да ўтварэння падвойнай сувязі (C=C, C=O і інш.). Ажыццяўляецца ў прысутнасці каталізатараў або пад уплывам акцэптараў вадароду пры т-ры 300—550 °C і паніжаным ціску (0,1—5 МПа). У чалавека і жывёл Д. — адна са стадый біял. акіслення рэчываў, якія паступаюць у арганізм, адбываецца ў прысутнасці ферментаў — дэгідрагеназ. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці этылену з этану, стыролу з этылбензолу, бутадыену з бутану ці бутэнаў, ацэтону з ізапрапілавага спірту і інш.; адбываецца пры тэрмічным крэкінгу і каталітычным рыформінгу. Гл. таксама Дэгідрацыклізацыя.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША Ілья, адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час нар.-вызв. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. Нарадзіўся ў Быхаве. Палкоўнік Запарожскага войска. У 1648 з атрадам прыйшоў з Украіны на Беларусь, дзе да яго далучыліся бел. паўстанцы-сяляне. Каля мяст. Горваль перамог атрад войск ВКЛ. У снеж. 1648 няўдала асадзіў Стары Быхаў. У 1651 па дарозе да Чачэрска і ў баі пад Чэрыкавам яго атрад разбіты. У жн. 1651 па загадзе Б.​Хмяльніцкага з атрадам адправіўся па Дняпры да Кіева. У сак. 1654, магчыма, пасол Хмяльніцкага ў Маскве.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЕНБ’ЕНФУ́ (Diên Bien Phu),

мясцовасць на ПнЗ В’етнама каля граніцы з Лаосам, дзе адбыліся вырашальныя баі на заключным этапе Індакітайскай вайны 1946—54. Стратэгічна важны ў ваен. адносінах раён Дз, 20.3.1953 у выніку паветрана-дэсантнай аперацыі занялі франц. экспедыцыйныя войскі, якія пазней ператварылі яго ў добра ўмацаваны рубеж абароны (49 апорных пунктаў, 15—16-тыс. гарнізон на чале з ген. Дэ Кастры). У ходзе цяжкіх баёў 13.3—7.5.1954 часці В’етнамскай нар. арміі на чале з Во Нгуен Зіяпам блакіравалі раён Дз. і паступова авалодалі ўсімі яго ўмацаваннямі, што паскорыла заканчэнне вайны і вызваленне В’етнама з-пад франц. панавання.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕНІЧНЫ ХОД,

прыстасаванне (рухач) самаходных машын, асн. часткай якога з’яўляецца гусеніца. Гэта суцэльны метал. або гумаметал. ланцуг з шарнірна злучаных звёнаў, які прыводзіцца ў рух вядучымі коламі машыны. Гусеніца верціцца разам з коламі і апорнымі каткамі, падкладваецца пад іх і стварае бясконцы пуць з супраціўленнем руху значна меншым, чым на грунце. Вял. паверхня гусеніц забяспечвае нізкі ціск на глебу, павялічвае счапленне з грунтам і праходнасць машыны. Гусенічны ход выкарыстоўваецца ў трактарах, торфаўборачных і дарожных машынах, экскаватарах, трубаўкладчыках, снегаходах, танках, цягачах і інш.

Гусенічны ход трактара: 1 — накіроўнае кола; 2 — гусеніца; 3 — апорны каток; 4 — падтрымны каток; 5 — вядучае кола.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Піліп Іванавіч) (27.11.1916, в. Гойкаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1944),

удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай і Магілёўскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у тыле ворага ў дыверсійнай групе, з ліп. 1943 камандзір групы падрыўнікоў 255-га партыз. атрада, потым — партыз. палка 255-га. Падрыхтаваў 13 дыверсійных груп, пусціў пад адхон 19 эшалонаў, падарваў 30 аўтамашын з жывой сілай і тэхнікай ворага. Загінуў у баі каля в. Перунава Кіраўскага р-на.

П.І.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАВО́Е ВО́ЗЕРА,

у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса, на паўд.-зах. ускраіне г. Гарадок. Пл. 0,4 км², даўж. каля 1,2 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 224 км². Схілы катлавіны выш. 10—14 м, месцамі да 20 м, на З і Пд пад хваёвым лесам, на Пн і У задзернаваныя ці разараныя. Берагі ўвільготненыя, часткова на З і Пд зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском, на глыбакаводдзі — ілам. На Пн упадае р. Гаражанка, на З злучана пратокай з Арэхавым возерам.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЧАНКА (Яўхім Цімафеевіч) (1.1.1913, в. Мікалаеўка Магілёўскага р-на — 24.1.1980),

генерал-лейтэнант (1959). Скончыў ВНУ начсаставу НКУС (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1939. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Смаленшчыне, пад Масквой, вызвалення Данбаса, Адэсы, Варшаўска-Пазнанскай і Берлінскай аперацый. З 1945 на адказных пасадах у Сав. Арміі, з 1966 1-ы нам. камандуючага войскамі ваен. акругі, з 1969 1-ы нам. начальніка Вышэйшых афіцэрскіх курсаў «Выстрал».

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)