ГІГРАСКАПІ́ЧНАСЦЬ (ад гігра... + грэч. skopeō назіраю),
здольнасць некаторых рэчываў і матэрыялаў паглынаць вільгаць з паветра. Уласцівая матэрыялам капілярна-сітаватай структуры (драўніна, зерне і інш.), у тонкіх капілярах якіх адбываецца кандэнсацыя вільгаці, а таксама рэчывам, якія добра раствараюцца ў вадзе (харч. соль, цукар, канцэнтраваная серная к-та), і асабліва хім. злучэнням, здольным утвараць крышталегідраты. Некаторыя гіграскапічныя рэчывы (напр., бязводны хларыд кальцыю) выкарыстоўваюць як асушальнікі паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАСА́ЭДР (ад грэч. eikosi дваццаць + hedra грань), адзін з пяці тыпаў правільных шматграннікаў. Мае 20 граней (трохвугольных), 30 рэбраў, 12 вяршынь (у кожнай вяршыні сыходзяцца 5 рэбраў). Калі a — даўжыня рабра І., тады яго аб’ём
. І. звязаны з дадэкаэдрам. цэнтры граней дадэкаэдра з’яўляюцца вяршынямі І. Упершыню І. пабудаваў Тэатэт (4 ст. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІРЫ́ЙЦЫ (грэч. Illyriōi),
старажытнаіндаеўрапейскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі ПнЗ Балканскага п-ва ад узбярэжжа Адрыятычнага м. да Дуная. Найб. вядомыя з гэтых плямён істры, яподы, далматы, лібурны і інш. Пасля працяглай барацьбы І. заваяваны рымлянамі ў 1 ст. да н.э. і потым моцна раманізаваны. Канчаткова асіміляваны ў час Вялікага перасялення народаў. Нашчадкамі стараж. І. некат. вучоныя лічаць сучасных албанцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЫЗА́ЦЫЯ (ад грэч. iris вясёлка),
каляровы водбліск на гранях і плоскасцях спайнасці некат. мінералаў (напр., кальцыту, лабрадору, апалу) пры праходжанні святла. Выклікана субмікраскапічнымі арыентаванымі часткамі розных металаў. Назіраецца таксама на краях т. зв. ірызуючых воблакаў (высокакучавых або слаіста-кучавых, часам перламутравых), якія знаходзяцца з боку ад Сонца, але не закрываюць яго. Звычайна можна распазнаць чырвоныя і зялёныя колеры. З’ява І. воблакаў тлумачыцца дыфракцыяй святла ў воблачных кропельках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),
трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАТАФІ́Р (ад грэч. keras
(keratos) рог + парфір),
альбітафір эфузіўная або жыльная магматычная горная парода з парфіравымі вылучэннямі шчолачнага палявога шпату (пераважна альбіту) і каляровых мінералаў (звычайна біятыту). Асн. маса шчыльная, складаецца пераважна з ізаметрычных або падоўжаных мікралітаў альбіту. Колер буры ці ружаваты. Шчыльн. 2610—2670 кг/м³. Характэрна генетычная сувязь са спілітамі. На Беларусі трапляецца на ПдУ у комплексе вулканічных парод дэвонскага асадкавага чахла.
праліў паміж Керчанскім п-вам на З і Таманскім п-вам на У, злучае Чорнае і Азоўскае моры. Даўж. каля 41 км, шыр. ад 40 да 45 км, глыб. 5—15 м. Берагі часткова нізінныя, з пясчанымі косамі, месцамі абрывістыя і скалістыя. Зімой укрыты плывучымі льдамі. На зах. беразе — буйны порт Керч, звязаны чыг. паромам са ст. Каўказ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДО́ДЫЙ (ад грэч. klados галіна),
відазменены парастак раслін з лістападобным сцяблом, які доўга расце і выконвае функцыі ліста. Сапраўднае лісце на К. рэдукаванае або ў выглядзе калючак, часам рана ападае. Аб паходжанні К. з парастка сведчыць яго становішча ў пазухах лісця (звычайна лускападобнага), утварэнне на ім кветак і суквеццяў. Уласцівы раслінам засушлівых мясцін — некат. кактусам (напр., Epiphyllum), відам спаржы і інш. К. з абмежаваным ростам наз. філакладыем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫНГАСПА́ЗМА [ад грэч. larynx (laryngos) гартань + спазма],
раптоўная сутаргавая спазма мускулатуры гартані, у выніку якой прасвет гартані закрываецца і ўзнікае інспіраторная задышка. Выклікаецца раздражненнем блукаючага нерва пры пападанні іншародных цел у прасвет гартані, валляку, пухлінах, у дзяцей таксама — доўгім плачам, смехам і інш. Пры Л. хворы задзірае галаву, шырока разяўляе рот, у цяжкіх выпадках — смерць ад асфіксіі. Неадкладны зварот па ўрачэбную дапамогу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАПЛАКІ́Я (ад грэч. leucos белы + plakion плітка, пласцінка),
пашкоджанне слізістай абалонкі чалавека ў выніку працяглага ўздзеяння раздражняльнікаў (алкаголь, тытунь, зубныя пратэзы і інш.). Адносіцца да перадпухлінных хвароб. Найчасцей хварэюць мужчыны. Выяўляецца ачагамі шаравата-белага колеру на слізістых абалонках языка, шчок, геніталіяў з нязначнымі ўшчыльненнямі; пры працяглым існаванні адбываецца патаўшчэнне слізістай абалонкі, сасочкавыя разрастанні, магчымы пераход у плоскаклетачны рак. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае, прамянёвая тэрапія.