анеліды, кальчацы, тып беспазваночных жывёл. Паходзяць з сярэдняга кембрыю. 4 класы: малашчацінкавыя чэрві (каля 5 тыс. відаў), многашчацінкавыя чэрві (больш за 6 тыс. відаў), п’яўкі (каля 300 відаў) і эхіўрыды. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, прэсных вадаёмах, глебе. На Беларусі найб. пашыраны малашчацінкавыя чэрві і п’яўкі.
Найб. высокаарганізаваныя чэрві з другаснай поласцю цела — цэломам. Даўж. ад доляў міліметра да 3 м. Цела сегментаванае, укрыта тонкай кутыкулай. Колькасць сегментаў — да некалькіх соцень. На баках кожнага сегмента органы руху — параподыі. Дыханне праз кутыкулу, у некат. ёсць шчэлепы. Маюць стрававальную, выдзяляльную, нерв. сістэмы, большасць — прымітыўную крывяносную сістэму (сэрца няма), органы смаку, нюху. Органы слыху пабудаваны па тыпу лакатараў. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Развіццё прамое або з ператварэннем (лічынка трахафора). Гл. таксама Дажджавыя чэрві.
Кольчатыя чэрві: 1 — энхітрэус белы; 2 — трубачнік звычайны, 3 — стылярыя азёрная, 4 — медыцынская п’яўка (а — выгляд зверху, б — выгляд знізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСУЛ (ад лац. consul саветнік),
1) у Стараж. Рыме ў эпоху рэспублікі (з 6 ст. да н. э.), назва пасад 2 службовых асоб, якія валодалі вышэйшай ваен. і цывільнай уладай. Выбіраліся на адзін год з патрыцыяў, а з 4 ст. да н. э. таксама і з плебеяў. Праводзілі набор у войска і камандавалі ім у час вайны, склікалі сенат і нар. сход, па-за межамі г. Рым мелі права караць грамадзян смерцю. У перыяд імперыі званне К. захавалася толькі як ганаровы тытул.
2) Назва пасады члена вышэйшага органа (калегіі К.) па кіраванні гар. рэспублікай у гарадах Паўн. і Сярэдняй Італіі ў канцы 11—1-й пал. 13 ст. Выбіраліся на 1 год у колькасці 4—20 чал. 3) У Францыі ў перыяд Консульства (1799—1804) тытул 3 асоб, фармальна надзеленых усёй паўнатой выканаўчай улады, якая фактычна належала толькі 1 -му К. (Напалеону Банапарту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЁВАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (КПЛіБ),
польская паліт. партыя краёвага кірунку пач. 20 ст. 30.6.1907 у Вільні па ініцыятыве Р.Скірмунта і Ч.Янкоўскага адбыўся ўстаноўчы сход, на якім прысутнічалі прадстаўнікі 6 бел.-літ. губерняў. Скірмунт імкнуўся стварыць агульнакраёвую партыю, якая б мела польскую, літоўскую і беларускую фракцыі. Аднак перавага кансерватыўна настроеных польскіх землеўладальнікаў не дазволіла ажыццявіць гэты намер, і была створана польская партыя. Яе старшынёй быў абраны Э.Вайніловіч, намеснікам — Я.Талочка. Друкаваны орган — «Glos Polski» («Польскі голас»). Праграма КПЛіБ заклікала да самакіравання краю, роўнасці ўсіх яго этнасаў, увядзення адукацыі на роднай мове, правядзення агр. пераўтварэнняў без адчужэння памешчыцкага землеўладання. Яна не выходзіла за межы кансерватыўнага варыянта краёвай ідэалогіі, які найб. адпавядаў інтарэсам польскіх землеўладальнікаў. У выніку Скірмунт і прадстаўнікі Ковенскай губ. адмовіліся ўваходзіць у склад партыі. КПЛіБ не знайшла шырокай падтрымкі ў краі і ў 1908 зышла з паліт. арэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́Е ВО́ЗЕРА,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,5 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 65,4 км 2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнЗ і ПдУ да 50 м) параслі пераважна ялова-хваёвым лесам і хмызняком. На мысах схілы — озавыя грады. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пад хмызняком, на Пн і Пд нізкія, часта забалочаныя. Дно да глыб. 10—20 м выслана сапрапелем, ніжэй глеямі. Востраў пл. 0,2 га. Шыр. паласы надводнай расліннасці 5—10 м. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана ручаямі з азёрамі Сосенка, Усая, Жэнна, Паўазер’е, выцякае ручай у р. Дзіва. У 1979 возера і прылеглая да яго тэрыторыя аб’яўлены гідралагічным заказнікам Крывое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Ч (Аляксей Васілевіч) (н. 1.6.1945, в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У творчасці пераважае вобраз Мадонны, праз які ён увасабляе ідэалы дабра, чысціні і прыгажосці, сімвал жыцця і адраджэння слав. духоўнасці, боль за лёс духоўнай цывілізацыі; серыі «У раі» (1983—84), «Мадонна з паўшым анёлам» (1984—86), «Залатыя Мадонны», «Сярэбраныя Мадонны» (абедзве 1986—96), «Якая зышла з нябёсаў» (1988—96), «Палескія Мадонны» (1995—96), «Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў» (1996—98), «Дзяржаўныя мадонны», «Пакуты Русі ў 20 стагоддзі» (абедзве 1997—98) і інш. Тэму трагедыі народу раскрыў у творах «Памяці вязняў Гулага» (1975—89), «Прысвячэнне Чарнобылю» (1988), «Дзецям Чарнобыля» (1990) «Д’яблы над Руссю» (1995). Аўтар партрэтаў бел. акцёраў С.Станюты і Г.Макаравай, У.Гасцюхіна, З.Стомы, М.Яроменкі, кінарэжысёраў М.Пташука, В.Турава і інш.
Літ.:
Аляксей Кузьміч: [Альбом]. Мн., 1995.
А.Кузьміч. Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў. 1996—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПАДО́БНЫЯ (Galliformes),
атрад птушак. Вядомы з ніжняга эацэну. 2 падатр.: гаацыны і ўласна К., 7 сям. (6 сучасных: веліканогія куры, фазанавыя, індычыя, краксавыя, або гока, цецеруковыя, цацаркавыя), 108 выкапнёвых і 283 сучасныя віды. Наземныя або наземна-дрэвавыя птушкі. На Беларусі 7 відаў: глушэц, курапаткі белая і шэрая, перапёлка, рабчык, цецярук, фазан. У Чырв. кнізе МСАП — 26 відаў, 11 падвідаў. У Чырв. кнізе Беларусі — курапатка белая.
Даўж. ад 12 см (карлікавая перапёлка) да 235 см (чубаты аргус), маса ад 45 г (карлікавая перапёлка) да 10 кг (дзікі індык). Самцы буйнейшыя за самак. Палавы дымарфізм добра выражаны. Дзюба кароткая, моцная. Крылы шырокія. Ногі моцныя. Добра ходзяць, бегаюць, палёт непрацяглы. Кормяцца пладамі, насеннем, травой, лісцем, насякомымі, малюскамі, чарвямі. Пераважна палігамы, такуюць. Гнёзды на зямлі (акрамя гаацына і гока). Нясуць да 25 яец. Вывадкавыя птушкі. Банкіўскія куры (гл.Банкіўскі певень), індычыя і цацаркавыя — продкі свойскіх парод. Аб’ект промыслу і развядзення.
рускі паэт, перакладчык, журналіст. Брат В.С.Курачкіна. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію (1854). З 1860 супрацоўнік час.«Искра». У 1861 прыцягнуты да тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Друкаваўся з 1847 (пераклады). Рэдагаваў час. «Иллюстрация» (1861—62), «Книжный вестник» (1865—67), альманах «Неўскі зборнік» (1867), вёў бібліягр. аддзел «Отечественных записок» (1868—74) і інш., у якіх змяшчаў артыкулы на грамадска-паліт. тэмы, крытычныя агляды, рэцэнзіі, фельетоны, гумарыстычныя вершы, драм. сцэны. Аўтар аповесці «Непаразуменне» (1850). Пераклаў працу П.Прудона «Мастацтва, яго асновы і грамадскае значэнне» (1865, у сааўт.), вершы Т.Шаўчэнкі, В.Альф’еры, Дж.Джусці, Дж.Леапардзі, А.Барб’е, Ш.Бадлера і інш., камедыю Р.Кастэльвекіо «Вясковая школа» (1868), драму Л.Камалеці «За манастырскай сцяной» (1874) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
сумесныя баявыя дзеянні войск 2-га Далёкаўсх. фронту (камандуючы ген. арміі М.А.Пуркаеў) і сіл Ціхаакіянскага флоту (адм. І.С.Юмашаў) па авалоданні Курыльскімі астравамі 18 жн. — 1 вер. ў савецка-японскую вайну 1945. На Курыльскіх а-вах японцы мелі больш за 80 тыс. вайскоўцаў, да 600 самалётаў і іншую баявую тэхніку. 18 жн. пры падтрымцы авіяцыі, берагавой і карабельнай артылерыі пачалася высадка на в-аў Шумшу сав. дэсанта (каля 9 тыс.чал., 205 гармат і мінамётаў, 60 караблёў і суднаў), які пасля ўпартых баёў 23 жн. заняў востраў. Да канца жн. вызвалена паўн. частка Курыльскіх а-воў. 1 вер. сілы Ціхаакіянскага флоту авалодалі астатнімі астравамі на Пд ад Урупа. У час аперацыі вызначыліся афіцэры — ураджэнцы Беларусі В.А.Кот і Ц.Л.Пачтароў.
Літ.:
Славинский Б.Н. Советская оккупация Курильских островов (август—сентябрь 1945 г.): Док. исслед. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАГРА́ФЫ [ад логас + ...граф(ы)],
1) першыя стараж.-грэч. гісторыкі і географы, якія пісалі гіст. прозу. З’явіліся ў вобласці Іонія ў сярэдзіне 6 ст. да н.э. Адрозніваюць старэйшае (6—1-я пал. 5 ст. да н.э.; Кадм Мілецкі, Гекатэй Мілецкі, Харон, Скілак і інш.) і малодшае (2-я пал. 5 ст. да н.э.; Ксанф, Ферэкід, Геланік і інш.) пакаленні. На аснове міфаў і паданняў яны спрабавалі ўзнавіць гісторыю грэч.полісаў, «варварскіх» краін, генеалогію арыстакратычных родаў, апісвалі чужыя землі і побыт народаў. Захаваліся фрагменты «Землеапісання» і «Генеалогіі» Гекатэя Мілецкага, «Персідскіх спраў» Харона, «Падарожжаў па Індыі» Скілака, «Лідзійскіх спраў» Ксанфа і інш. 2) Складальнікі суд. прамоў кліентаў у Стараж. Афінах (з канца 5 ст. да н.э.; Дэмасфен, Лісій і інш.) для выступленняў іх у час спрэчак у судзе. Рыхтавалі прамовы паводле характару, адукаванасці і інш. рыс кліента.
3) У эпоху позняй стараж.-рым. дзяржавы чыноўнікі імператарскай адміністрацыі, якія адказвалі за фінансы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́ЦЫЯ (ад лац. locatio размяшчэнне, размеркаванне),
вызначэнне лакатарам месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’ектаў. Заснавана на аналізе адбітых аб’ектам сігналаў — гукавых або эл.-магн. хваль, якія генерыруе лакатар (актыўная Л., пры якой выкарыстоўваюцца імпульсныя і неперарыўныя сігналы), і хваль, якія стварае сам аб’ект (пасіўная Л.).
У залежнасці ад фіз. прыроды сігналаў адрозніваюць Л. гукавую (для назірання за аб’ектамі, што знаходзяцца на зямлі, у паветры і пад вадой; гл.Гідралакацыя), аптычную лакацыю, радыёлакацыю. Пры гукавой Л. ў імпульсным рэжыме адлегласць да аб’екта вызначаецца па часе спазнення адбітага рэхасігналу, пры неперарыўным рэжыме — па рознасці частот пасланага і адбітага частотна-мадуляваных сігналаў. Пасіўная Л. аб’ектаў, якія ствараюць шум, ажыццяўляецца з дапамогай вузканакіраваных прыёмнікаў гуку або з дапамогай карэляцыйных метадаў прыёму. На гукавых і ультрагукавых частотах працуюць гідралакатары, шумапеленгатары і рэхалоты. Уласцівасці Л. маюць многія жывёлы: яны здольныя вызначаць становішча любога аб’екта адносна сябе або сваё становішча ў прасторы (гл.Біялакацыя).