ТАПО́ЛЯ (Populus),

род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 110 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Растуць у прырэчных і горных лясах, утвараюць невял. гаі. На Беларусі 3 віды Т.: белая, або серабрыстая (P. alba), дрыжачая, або асіна, і чорная, або ясакар (H. nigra). У культуру ўведзена каля 30 відаў, форм і гібрыдаў. Найб. вядомыя Т.: бальзамічная (P. balsamifera), духмяная (P. suaveolens), дэльтападобная (P. deltoides), канадская (P. canadensis), пірамідальная (P. pyramidalis) і інш.

Лістападныя, двухдомныя, ветраапыляльныя дрэвы выш. 30—45 (60) м. Жывуць да 150 гадоў. Крона шатра-, яйцападобная ці пірамідальная. Лісце чаргаванае, чаранковае, суцэльнае, залозіста-зубчастае або лопасцевае. Цвітуць пераважна да распускання лісця. Кветкі ў павіслых цыліндрычных каташках даўж. 3—15 см. Плод — каробачка. Драўніна лёгкая, белая, мяккая, выкарыстоўваецца ў папяровай, фанернай, мэблевай, запалкавай вытв-сцях, кара — для вырабу і афарбоўкі скур у жоўты колер. Дэкар., тэхн., лек. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Таполя чорная.

т. 15, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́МСАНА З’Я́ВА тэрмаэлектрычная, Томсана эфект,

вылучэнне ці паглынанне некаторай колькасці цеплаты ў правадніку з эл. токам, уздоўж якога існуе градыент т-ры, дадаткова да вылучэння джоўлевай цеплаты (гл. Джоўля—Ленца закон); адна з тэрмаэлектрычных з’яў. Прадказаў У.Томсан у 1856, эксперыментальна ўстанавіў франц. фізік Ф.​Леру і інш.

Колькасць цеплаты, што вылучаецца у Т.з., QS=S∙∆T∙I∙t, дзе I — сіла току, ∆T — градыент т-ры, t — час, S — каэф. Томсана (характарыстыка правадніка). Калі ўздоўж правадніка з эл. токам існуе градыент т-ры, прычым напрамак току адпавядае руху электронаў ад гарачага канца да халоднага, то пры пераходзе з больш нагрэтага ўчастка ў больш халодны электроны тармозяцца і перадаюць лішнюю энергію навакольным атамам (цеплата вылучаецца); пры адваротным напрамку току электроны пры пераходзе з больш халоднага ўчастка ў больш гарачы паскараюцца полем тэрмаэлектрарухальнай сілы і папаўняюць сваю энергію за кошт энергіі атамаў крышталічнай рашоткі (цеплата паглынаецца).

т. 15, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫГР,

араб. Шат-эд-Дыджла, рака ў Турцыі і Іраку (часткова цячэ па мяжы гэтых краін з Сірыяй). Даўж. 1850 км, пл. бас. 375 тыс. км². Пачынаецца ў межах Армянскага нагор’я, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасякае плато Джэзірэ і Месапатамскую нізіну. Каля г. Эль-Курна зліваецца з р. Еўфрат, утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Асн. прытокі: Вял. і Малы Заб, Дыяла, Керхе (злева). Веснавое разводдзе, асенняя межань. Сярэдні гадавы расход вады каля Багдада 1240 м²/с, ніжэй воднасць памяншаецца ў выніку вадазабору на арашэнне (уздоўж берагоў Т. на Месапатамскай нізіне — паласа арашальных аазісаў). Сцёк Т. зарэгуляваны плацінамі. Вадасх. Масул. Суднаходная да Багдада, у разводдзе да г. Масул. На Т. — гарады Дыярбакыр (Турцыя), Масул, Багдад, Эль-Кут, Амара, Эль-Курна (Ірак). Міжрэчча Еўфрата і Т. — адзін з найб. стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЙЛАРА ШЭ́РАГ,

ступеневы шэраг, у які ў наваколлі зададзенага пункта x = a раскладаецца аналітычная функцыя. Значэнне функцыі 𝑓(x) выражаецца праз значэнні яе і яе вытворных у пункце x = a: 𝑓 (x) = 𝑓 (a) + 𝑓 ′(a) 1! ( x − a ) + 𝑓 ″(a) 2! ( x − a ) 2 + ... + 𝑓 (n) (a) n! ( x − a ) (n) + ... . Прапанавана Б.Тэйларам (апублікавана ў 1715).

У многіх важных для практыкі выпадках Т.ш. збягаецца да 𝑓(x) на некаторым інтэрвале з цэнтрам у пункце a. Для набліжаных вылічэнняў карыстаюцца формулай Тэйлара: 𝑓(x) = Pn(x) + Rn(x), дзе Pn(x) — частковая сума Т.ш. (мнагасклад Тэйлара), Rn(x) — астаткавы член (ацэнка дакладнасці вылічэнняў). Пры a = 0 Т.ш. пераўтвараецца ў Маклорэна шэраг. Т.ш. дазваляе зводзіць вывучэнне некаторых уласцівасцей функцый (вылічэнне лімітных значэнняў функцый, даследаванне іх экстрэмумаў, пунктаў перагіну і інш.) да больш простай задачы вывучэння такіх уласцівасцей адпаведнага мнагаскладу Тэйлара.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКЛА́Д ГРАМА́ДСКА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ сістэма эканам. адносін, якая характарызуе грамадскую форму вытв-сці; тып гаспадарання з пэўнай формай уласнасці, спецыфічным кіраваннем. Сацыяльны бок У.г.-э. вызначаецца ступенню ўдзелу ўласніка, кіраўніка і працаўніка ў працэсе прымання гасп. рашэнняў. Паняцце «У.г.-э.» з’явілася ў марксісцкай тэорыі для характарыстыкі сац.-эканам. змен у ходзе пераходу ад аднаго тыпу грамадства да другога. Так, калі ў Сав. Расіі праводзілася адзяржаўленне ўсіх відаў уласнасці, вылучалася 5 У.-г.э.: патрыярхальны, дробнатаварны, прыватна-капіталістычны, дзярж.-капіталістычны і сацыялістычны; ва ўмовах адм.-каманднай сістэмы пераважаў дзярж.-сацыялістычны ўклад (дзярж. сацыялізм). Пазней у СССР шматукладнасць у нар. гаспадарцы паступова знікала. У постсацыялістычных краінах пераход да рыначнай эканомікі характарызуецца фарміраваннем розных тыпаў гаспадарання, мноствам форм уласнасці і арганізацыйна-прававых форм прадпрыемстваў. У іх вылучаюць дзярж. формы гаспадарання, прыватныя (індывідуальныя і калектыўныя) і змешаныя; пашыраны кааператывы, акц. і інш. віды т-ваў.

М.​І.​Платніцкі.

т. 16, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛІБУСЦЬЕ́РЫ (ад франц. flibustier марскі разбойнік),

французскія, англ. і галандскія піраты (гл. Пірацтва), якія ў 16—17 ст. дзейнічалі (нярэдка пры пратэжыраванні сваіх дзяржаў) супраць ісп. суднаў і ісп. калан. паселішчаў у Амерыцы. Часам захоплівалі прыбярэжныя тэр. і ўтваралі там свае невял. дзяржавы-рэспублікі; напр., у 1625 франц. Ф. захапілі ў іспанцаў в-аў Сент-Крыстафер, у 1630 утварылі рэспубліку на в-ве Тартуга каля Гаіці, а потым авалодалі значнай часткай гэтага в-ва. Найб. пашырэння дзейнасць Ф. дасягнула ў 1770—80-я г., калі яны панавалі ў Карыбскім м. і на ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы ад Каліфорніі да Чылі. Флаг суднаў Ф. — чорнае палотнішча з выявай чэрапа і перакрыжаваных касцей («Вясёлы Роджэр») — стаў сімвалам пірацкага разбою. Дзейнасць Ф. ускладняла сувязі Іспаніі з яе амер. калоніямі і падрывала яе марскую магутнасць. Падобнымі да Ф. былі буканьеры (ад франц. boucaniers марскі разбойнік).

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУЦЗЯ́НЬ,

правінцыя ва Усх. Кітаі, на ўзбярэжжы Усх.-Кітайскага м. і Тайваньскага праліва. Пл. 120 тыс. км². Нас. 34,4 млн. чал. (2001). Адм. ц. Фучжоў. Рэльеф гарысты (выш. да 2158 м, г. Уішань). Невял. раўніны каля марскіх берагоў і ўздоўж рэк. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў да 3000 мм. Рэкі парожыстыя, мнагаводныя; гал. — р. Міньцзян. Вечназялёныя лясы, высакатраўныя лугі. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, пераважна земляробства на арашальных землях. Гал. с.-г. культуры — рыс, батат, цукр. трыснёг, тытунь, алейная камелія, арахіс. Трапічнае садоўніцтва і чаяводства. Жывёлагадоўля, у т. л. шаўкаводства. Нарыхтоўка драўніны, кары камфоравага дрэва і пладоў лакавага дрэва. Здабыча жал. і марганцавай руды, каменнага вугалю, алюмініевай сыравіны, солі (з марской вады). Асн. галіны прам-сці: харч., дрэваапр. і папяровая, тэкст., у т. л. шаўковая, чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, у т. л. суднабудаванне. Рамёствы (фарфоравыя, лакавыя. бамбукавыя вырабы). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 16, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАКА́ЙДА,

востраў на Пн Японіі, другі па велічыні пасля в-ва Хонсю. Абмываецца Ціхім ак. і яго морамі — Японскім і Ахоцкім. Пл. 77,7 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 78,5 тыс. км²). Рэльеф пераважна горны, выш. да 2290 м (г. Асахі). Дзеючыя вулканы (Усу і інш.). Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, серы. Клімат умераны акіянічны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C да -11 °C, ліп. 17—21 °C. Ападкаў 800—1500 мм за год. Гал. рэкі — Ісікары, Тэсіо, Токаты — багатыя гідраэнергіяй, сплаўныя. Азёры: Сарома (лагуннае), Куцяра, Сікоцу, Тоя (кратэрныя) і інш. Каля 60% тэр. (пераважна ў гарах) укрыта лясамі (хвойныя на Пн, мяшаныя і шыракалістыя на Пд). Раўніны пад с.-г. ўгоддзямі (рыс і інш. збожжавыя). Рыбалоўства. Нац. паркі — Сікоцу Тоя, Дайсецудзан, Акан, Сірэтока. Гал. гарады — Сапара, Хакадатэ. Востраў Х. — асобны эканам. раён Японіі аграрна-індустр. характару, гал. пастаўшчык лесу і лесапрамысл. прадукцыі.

т. 16, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДАСАВІЧЫ,

група археал. помнікаў (неалітычнае паселішча, курганныя могільнікі, селішча ранняга сярэдневякоўя) каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Паселішча часоў неаліту (3-е — пач. 2-га тыс. да н.э.) даследавана ў 1959—63. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, сякеры, разцы, скрабкі, рэшткі грабеньчата-ямачнай керамікі і інш. На тэр. паселішча размешчаны 2 курганы сярэднедняпроўскай культуры. Курганныя могільнікі 8—12 ст. даследаваны ў 1951—69. Пахавальны абрад трупаспаленне і трупапалажэнне. Пры іх даследаванні знойдзены бронзавы наканечнік кап’я, акулярападобныя падвескі, наканечнік стралы, скроневыя кольцы, падвеска-амулет (конік), крыжападобныя і змеегаловападобныя падвескі, шкляныя і золаташкляныя пацеркі, шкляныя і медныя пярсцёнкі, фрагменты керамікі і інш. Селішча даследавана ў 1969. Выяўлены рэшткі З прамавугольных у плане паўзямлянак, у 2 жытлах — печы-каменкі, ляпная кераміка 2-й пал. 1-га тыс. н.э. Ва ўсх. частцы селішча размяшчалася Ходасавіцкае свяцілішча.

А.​Г.​Калечыц, А.​А.​Макушнікаў.

Да арт. Ходасавічы. Гліняная пасудзіна сярэднедняпроўскай культуры.

т. 17, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЙНІЦКА-БРА́ГІНСКІЯ ВЫШЫ́НІ.

У Хойніцкім і на З Брагінскага р-наў Гомельскай вобл., паміж ніжнім цячэннем рэк Прыпяць і Дняпро; у складзе Гомельскага Палесся. Спадзістахвалістая паверхня, месцамі плоская, выш. 125—140 м, на ўзгорках да 153—157 м, з адноснымі перавышэннямі 3—10 м. Слаба нахілена на Пд. Складзена з водна-ледавіковых адкладаў часу адступання дняпроўскага ледавіка, алювіяльных паазерскага гарызонту і сучасных алювіяльных, азёрных, балотных і інш. Вылучаюцца 2 ланцугі краявых ледавіковых утварэнняў (працяг Юравіцкага ўзвышша), сярод якіх трапляюцца камавыя ўзгоркі. Уздоўж паўд. схілу паласа пясчаных дзюн. Характэрны суфазійныя западзіны, некат. запоўнены вадой. Глебы ў асн. дзярнова-палева-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя сугліністыя, пераважна разараныя; радзей дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя супясчаныя і дзярнова-падзоліста-глеяватыя сугліністыя; у катлавінах і западзінах — тарфяна-балотныя. Пад лесам 12% плошчы; невял. ўчасткі кусцікава-зеленамошных лясоў. Пад с.-г. ўгоддзямі да 70%, у т. л. пад ворывам 30% тэрыторыі.

т. 17, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)