ЧУЛЫ́МА-ЕНІСЕ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА.

У гарах Паўд. Сібіры, у Краснаярскім краі Расіі; частка міжгорнай Мінусінскай катлавіны. Абмежавана з У адгор’ямі Усх. Саяна, з З — Кузнецкага Алатау, на Пн Салгонскім, на Пд Бацянёўскім кражамі. Складзена пераважна з асадкавых парод і эфузіваў. Рэльеф пераважна ўзгорыста-ўвалісты, на Пд — драбнасопачны. Выш. да 550 м. На З дрэніруецца р. Чулым, на У — р. Енісей. Характэрны шырокія лагчыны, шмат азёр. На У злакавыя стэпы, на Пн і ў перадгор’ях лесастэпы. Важны с.-г. раён Краснаярскага краю. Радовішчы бурага вугалю (гл. Канска-Ачынскі вугальны басейн).

т. 17, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ПІК Мікалай Пятровіч (16.4.1960, в. Май Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.2.1980),

Герой Сав. Саюза (1980).

Працаваў манцёрам на Мінскай дыстанцыі пуці Бел. чыгункі. З 1978 у Сав. Арміі. Служыў у складзе абмежаванага кантынгенту сав. войск у Афганістане. У адным з баёў 29.2.1980 нам. камандзіра сапёрнага ўзвода ст. сяржант Ч. быў паранены ў нагу і акружаны маджахедамі. Каб не трапіць у рукі праціўніка жывым, Ч. узарваў міну, ад асколкаў якой загінуў сам і знішчыў некалькі дзесяткаў ворагаў. На магіле Ч. ў в. Блужа помнік, яго імем названы прыгарадны электрапоезд.

т. 17, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАНДЗІ́,

у стараж.-кіт. міфалогіі і нар. рэлігіі вярх. бажаство. У дзяржаве Інь (Шан) у 13—11 ст. да н.э. лічыўся вярх. богам, апекуном дзяржавы і продкам кіруючай дынастыі; пры дынастыі Чжоў (11—3 ст. да н.э.) атаясамліваўся з нябесным уладаром Цяньдзі. У даасізме Ш. — вял. продак Дао-шляху. У пач. 12 ст. н.э. імператар Хуэйцзун надаў тытул Ш. вярх. ўладару даоскага і нар. пантэона Нефрытаваму гасудару Юйдзі. Пасля з’яўлення ў Кітаі хрысц. місіянераў тэрмін Ш. ўжываўся ў кіт. перакладах Бібліі для абазначэння хрысц. паняцця «Бог».

т. 17, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ЛГАР (Elgar) Эдуард Уільям

(2.6.1857, Бродхіт, каля г. Вустэра, Вялікабрытанія — 23.2.1934),

англійскі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік англ. муз. рамантызму і руху за адраджэнне традыцый англ. нар. і стараж. музыкі. Муз. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі. З 1877 кіраваў муз. т-вамі і аркестрамі, выступаў як піяніст і арганіст у Вустэры, працаваў у Лондане і Молверне. У творчасці пераважаюць вак.-сімф., арк., хар. творы буйн. форм: сімфоніі (1908, 1911), 5 араторый, у т. л. «Сон Герантыуса» (1900), «Апосталы» (1903), кантаты, уверцюры, хары, у т. л. царк., і інш.

т. 18, кн. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСЬМО́НЫ,

курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Эсьмоны Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. 44 насыпы выш. 0,8—1,5 м, дыям. 4—8 м, вяршыні асобных абкладзены камянямі. Абследавалі ў 1889—90 М.​П.​Авенарыус, у 1969 Л.​В.​Аляксееў і Я.​Р.​Рыер. Даследавана 5 насыпаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпах, на гарызонце, у ямах, у дамавінах-церамах. Пахаванні адзіночныя і парныя, у выцягнутым і сядзячым становішчах. Пахавальны інвентар: гліняны посуд, бронзавыя і пасярэбраныя скроневыя кольцы, бронзавыя і шкляныя пацеркі, у т. л. т.зв. дрыгавіцкія.

т. 18, кн. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЗУ́БЧЫК Ганна Андрэеўна (1.12.1904, в. Лядцо Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 2.12.1975),

бел. вучоны ў галіне с.-г. мікрабіялогіі. Д-р с.-г. н. (1962). Скончыла БСГА (1930). З 1935 у Ін-це біял. навук АН Беларусі (у 1939—41 дырэктар). З 1945 у Бел. НДІ земляробства АН Беларусі. У 1969—74 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі. Навук. працы па глебавай мікрабіялогіі.

Тв.:

Мікраарганізмы ў сельскай гаспадарцы. Мн., 1957;

Полезные микроорганизмы в сельском хозяйстве. Мн., 1972 (разам з В.​М.​Чаканавай).

т. 18, кн. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАБСЕН (Jacobsen) Арне (11.2.1902, Капенгаген — 24.3.1971),

дацкі архітэктар, прадстаўнік функцыяналізму. Скончыў вучылішча Тэхн. т-ва (1924) і АМ у Капенгагене (1927, з 1956 праф. у ёй). Асн. работы: першая ў Даніі віла ў духу функцыяналізму (1931) і т-р Бельвю (1934) у Клампенбергу, будынкі фірм Стэлінг (1937) і Есперсен (1955), авіякампаніі «САС» (1959—61), Нац. банка Даніі (1971) у Капенгагене, ратушы ў Орхусе, Рэдаўрэ (1954—56), Сёлерадзе (1942), жылы комплекс для маласямейных у Гентафце (1947—49). Дызайнер мэблі («Лебядзінае крэсла», 1958). Іл. гл. ў арт. Данія.

т. 18, кн. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМА́ДА Касаку (9.6.1886, Токіо — 29.12.1965),

японскі кампазітар, дырыжор. Чл. Яп. АМ (1942). Вучыўся ў Імператарскай муз. акадэміі ў Токіо (1904—08), у Вышэйшай школе ў Берліне (1908—13). У 1914 заснаваў Такійскі філарманічны аркестр. У творчасці развіваў еўрап. муз. традыцыі. Сярод твораў: оперы «Паўшая нябесная фея» (паст. 1929), «Чорныя караблі» (паст. 1939); араторыі, кантаты, сімфоніі; сімф. паэмы (у т. л. з хорам), сюіты; камерна-інстр. творы, хоры, песні і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац, у т. л. «Вучэнне пра гармонію і кампазіцыю» (1937).

т. 18, кн. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МЕР (Kromer) Андрэас, бел. архітэктар і будаўнік 1-й пал. 17 ст. Па паходжанні немец. Магістр мулярскага рамяства. Жыў і працаваў у г. Полацк Віцебскай вобл. Удзельнічаў у рэканструкцыі Полацкага Сафійскага сабора. Паводле яго праектаў і пад яго кіраўніцтвам пабудаваны касцёлы Будслаўскага кляштара бернардзінцаў, Мінскага кляштара бенедыкцінак. У 1653 пабудаваў каменную агароджу з брамай Мінскай Петрапаўлаўскай царквы.

Літ.:

Дзянісаў У. Мінскія бенедыктынкі: Гісторыя зруйнаванага кляштара // Наша вера. 2003. №2;

Dzianisau U. Kościół i klasztor benedyktynek w Minsku // Przegląd Wsehodni. 2001. T. 7, z. 3.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 18, кн. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́ЙЧЫК Канстанцін Пятровіч (н. 20.8.1947, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфарм. тэхналогій. Д-р тэхн. н. (1990). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973), дзе працаваў у 1975—77. У 1977—92 у БДУ. З 1996 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па інфарм.-вымяральных сістэмах. Развіў новы навук. кірунак — імпульсную атамную спектраметрыю, стварыў новы клас спектральных прылад.

Тв.:

Импульсная атомная спектрометрия. Мн., 1989;

Газоразрядные источники света для спектральных измерений. Мн., 1987 (у сааўт);

Архитектура персональных ЭВМ. Мн., 1999.

т. 18, кн. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)