комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.
Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1798—1801,
паход франц. арміі ў Егіпет напярэдадні і ў час напалеонаўскіх войнаў. Была вынікам экспансіі Францыі на Б. Усход і яе барацьбы з Англіяй засусв. панаванне. 19.5.1798 франц. войскі (30—38 тыс.чал.) пад камандаваннем ген. Напалеона Банапарта адплылі з Тулона і 1.7.1798 высадзіліся каля г. Александрыя (на шляху ў Егіпет да франц. уладанняў быў далучаны в-аў Мальта). Разбіўшы гал. сілы мамлюкаў у бітве каля пірамід (21.7.1798), Банапарт падпарадкаваў б.ч. Егіпта. У 1799 армія Банапарта ўварвалася ў Сірыю, аднак, страціла там 1/2 асабовага складу і адступіла ў Егіпет. Пасля высадкі ў Егіпце англічан у 1801 франц. войскі капітулявалі і выведзены з Егіпта. Паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 з Англіяй Францыя адмовілася ад прэтэнзіі на Егіпет. У складзе экспедыцыі была група франц. вучоных, якая вывучала помнікі егіп. гісторыі і культуры, падрыхтавала і выдала іх апісанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎЦЬ,
вадкі сакрэт жаўтавата-карычневага колеру, які бесперапынна выпрацоўваецца жалезістымі клеткамі (гепатацытамі) печані пазваночных жывёл і чалавека. Ж. эмульгуе тлушчы, павялічвае ўсмоктванне прадуктаў гідролізу тлушчаў, павышае актыўнасць панкрэатычных і кішачных ферментаў, рэгулюе маторную і сакраторную дзейнасць страўніка і тонкага кішэчніка, валодае бактэрыяльна-статыстычнымі ўласцівасцямі, удзельнічае ва ўсмоктванні са страўніка тлушчарастваральных вітамінаў, халестэрыну, амінакіслот і солей кальцыю, інактывуе пепсін страўнікавага соку. Адрозніваюць пячоначную Ж., якая выдзяляецца непасрэдна ў кішэчнік незалежна ад стрававання (злёгку вязкая залаціста-жоўтая), і пузырную Ж., што збіраецца ў жоўцевым пузыры (вязкая жоўта-бурая або зялёная) і трапляе ў кішэчнік, калі там ёсць ежа. Ж. мае ў сабе ваду, солі жоўцевых кіслот, жоўцевыя пігменты, халестэрын, неарган. солі і інш. біялагічна актыўныя рэчывы: гармоны — тыраксін, ферменты — фасфатазы, таксама вітаміны, фосфаліпіды і інш. Печань дарослага чалавека выдзяляе за суткі да 2 л Ж., буйн. раг. жывёлы — да 9,5 л. Прэпараты Ж. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́БАЛАЦЬ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Радунь—Астрына. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 80 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Бастуны. 1137 ж., 448 двароў (1997).
Вядома з канца 14 ст. З канца 15 ст. да пач. 20 ст. належала Глінскім, Нарбутовічам, Сапегам, Палубенскім, Габаям, Тышкевічам, Волянам, Плямяннікавым і інш. З 1536 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 75 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Радунскага р-на. З 1962 у Воранаўскім р-не. У 1971—892 ж., 321 двор.
Сельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНІКІ,
прыродныя (натуральныя) і антрапагенныя агенты (фіз. фактары, хім. рэчывы, біял. віды — пераважна мікраарганізмы і інш.), якія трапілі ў навакольнае асяроддзе або ўзніклі ў ім у колькасцях, што перавышаюць звычайныя, гранічныя ваганні ці сярэдні прыродны фон за вызначаны час (гл.Забруджванне навакольнага асяроддзя). Існуюць З. атмасферы, вод, глеб (гл. ў арт.Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Адрозніваюць першасныя З., што непасрэдна ўтвараюцца ў натуральных, прыродна-антрапагенных і антрапагенных працэсах, і другасныя, якія выяўляюцца ў працэсе мадыфікацыі, распаду або пад уздзеяннем першасных. Асобныя агенты, што атрымліваюцца пры ўтварэнні небяспечных З. у фіз.-хім. працэсах, якія адбываюцца непасрэдна ў асяроддзі, могуць быць у месцах вытв-сці і выкарыстання няшкоднымі, але становяцца небяспечнымі пры іх міграцыі ў інш. геасферы (напр., фрэоны, хімічныя інертныя каля паверхні Зямлі, у стратасферы ўдзельнічаюць у фотахім. рэакцыях з утварэннем іона хлору, які з’яўляецца каталізатарам пры разбурэнні азонавага слоя планеты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́НАРАЧ,
вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на паўд. беразе воз. Нарач, на аўтадарозе пас. Нарач—в. Брусы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, 150 км ад Мінска, 47 км ад чыг. ст. Княгінін. 692 ж., 246 двароў (1997).
Вядома з 16 ст., мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1740 уласнасць Сташкевічаў, з 1781 — Даброўскіх. З 1795 у Рас. імперыі. У 1868 сяло Свянцянскага пав. Віленскай губ., 208 ж. У 1897—354 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Мядзельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 41 чал. У 1971—379 ж., 140 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Царква. У цэнтры вёскі курганны могільнік (3-я чвэрць 1-га тыс.н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ ЗАПАВЕДНІК, Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік «Заслаўе». Створаны ў 1986 у г. Заслаўе Мінскага р-на на базе гіст.-археал. запаведніка (засн. ў 1967). Уключае Заслаўскі замак, гарадзішча «Вал», «Замэчак» 10—11 ст., заслаўскія курганныя могільнікі, Заслаўскі фарны касцёл, рэшткі сядзібы 17—19 ст. На тэр. запаведніка музеі «Млын», «Хата завознікаў», «Кузня», «Свіран» (усе пач. 20 ст.), музейна-выставачны комплекс, у якім размешчаны выстаўкі муз. інструментаў (177 экз.), дываноў «Мара аб Заслаўі», габеленаў. Пл. запаведніка 1,13 км², пл. экспазіцыі 375 м², 9,4 тыс. экспанатаў (1997), у т. л. 256 твораў жывапісу, 196 — графікі, 1,81 тыс. прадметаў этнаграфіі, каля 3,9 тыс. археалогіі, 612 тамоў друк. выданняў. У 1978—90 на тэр. запаведніка дзейнічаў музей рамёстваў і нар. промыслаў (размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы 16 ст.). Удзельнік міжнар. руху «За новую музеялогію».
А.М.Каўбаска.
Млын 1910 на тэрыторыі Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛУ́ЖАНЫ ГЕО́ЛАГ-РАЗВЕ́ДЧЫК БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,
ганаровае званне, прысвойвалася высокакваліфікаваным рабочым, інжынерна-тэхн. работнікам геал., геафіз., гідрагеал., тапографа-геад. службаў і н.-д. устаноў, якія працавалі па спецыяльнасці не менш за 10 гадоў і мелі вял. заслугі ў галіне геолага-разведачных работ, падрыхтоўкі і выхавання кадраў геолагаў і разведчыкаў нетраў. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 22.7.1968, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. Існавала да 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ЛІТО́ЎСКІХ ЗАКО́НАЎ З 1389 ДА 1529»
(«Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529»),
зборнік юрыд. актаў, якія асвятляюць дзярж. і грамадскі лад ВКЛ канца 14 — сярэдзіны 16 ст. Рыхтаваўся да друку ў 1830-я г. І.М.Даніловічам, І.Лялевелем і Т.Дзялынскім, але з-за паўстання 1830—31 выдадзены ў 1841 у Познані Дзялынскім. Змяшчае агульназемскія і абласныя прывілеі вял. князёў Ягайлы 1387, Казіміра 1447 (з памылковым датаваннем 1457), Аляксандра 1492, Жыгімонта I Старога 1506, 1507, 1522, Віцебскай зямлі 1509, Гарадзельскі прывілей 1413, Судзебнік 1468 (з памылковым датаваннем 1492), дакументы сеймаў ВКЛ 1544—63, просьбы шляхты і адказы на іх вял. князёў і інш. Дакументы надрукаваны з арыгіналаў, ранейшых публікацый і кніг-копій Метрыкі ВКЛ на мове арыгінала — лац. і бел. (лацінскім шрыфтам), некаторыя перакладзены на польск. мову. У кнізе ўпершыню надрукаваны Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 на бел. і лац. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ САЮ́З, Усерасійскі земскі саюз дапамогі хворым і параненым воінам,
агульнарасійскае грамадскае аб’яднанне з мэтай дапамогі ўраду ў арганізацыі тылу ў перыяд 1-й сусв. вайны. Засн. 30.7.1914 на з’ездзе ўпаўнаважаных губ. земстваў, які выбраў гал.к-т саюза на чале з кн. Г.Я.Львовым. Створаны пав., губ., франтавыя і абл. к-ты. Займаўся дапамогай хворым і параненым, выконваў заказы гал. інтэнданцтва на пастаўкі вопраткі і абутку для арміі, арганізоўваў дапамогу бежанцам.
З мэтай забеспячэння рас. арміі ўзбраеннем і амуніцыяй 10.7.1915 разам з Усерасійскім саюзам гарадоў стварыў аб’яднаны Земска-гарадскі саюз. Быў паліт. органам гандл.-прамысл. буржуазіі, адной з апор «Прагрэсіўнага блока», выступаў за абнаўленне царскага ўрада, чым выклікаў яго незадавальненне. У снеж. 1916 З.с. у Маскве разагнаны паліцыяй, аднак працягваў дзейнасць. Пасля Лют. рэвалюцыі кіраўнікі З.с. (Львоў і інш.) увайшлі ў склад Часовага ўрада. 4(17).1.1918 дэкрэтам СНКгал.к-т З.с. скасаваны.