здольнасць органаў раслін прымаць пэўнае становішча пад уплывам зямнога прыцяжэння. Адрозніваюць 3 тыпы геатрапізму: сапраўдны, калі орган (гал. корань) расце прама ўніз; адмоўны, калі орган (гал. сцябло) расце прама ўверх; папярочны, калі орган стараецца заняць гарыз. становішча. Калі ў выніку знешніх уздзеянняў расліна выведзена з уласцівага ёй становішча (напр., сцябло павалена ветрам, пад корань трапіў камень), тады ў маладой ч. расліны адбываецца выгін і яна зноў правільна арыентуецца. Геатрапічныя выгіны звязаны з ростам расліны і адбываюцца таму, што ў сцёблах, выведзеных зверт. становішча, ніжні бок пачынае расці хутчэй, а верхні запавольвае рост. Неаднолькавая скорасць росту верхняга і ніжняга бакоў сцёблаў, якія размешчаны гарызантальна, звязана з перамяшчэннем пад уздзеяннем сілы цяжару аўксінаў на ніжні бок сцябла або кораня. Некат. расліны, якія закончылі рост, не здольныя да геатрапічных выгінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ-ЛЮСА́К ((Gay-Lussac) Жазеф Луі) (6.12.1778, г. Сен-Леанар-дэ-Набла, Францыя — 9.5.1850),
французскі хімік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1806). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў у 1800—02, з 1809 праф. хіміі гэтай школы і праф. фізікі ў Сарбоне, з 1832 праф. хіміі ў Бат. садзе ў Парыжы. Адкрыў газавыя законы, названыя яго імем (гл.Гей-Люсака законы), хім. элемент бор (1808, разам з Л.Ж.Тэнарам). Атрымаў сінільную к-ту і дыцыян (1815). Вынайшаў тэрмаметрограф (1816), ртутны барометр, вежу для ўлоўлівання аксідаў азоту пры прамысл. вытв-сці сернай к-ты (1827). Распрацаваў прамысл. метад атрымання шчаўевай к-ты з драўнянага пілавіння (1829), удасканаліў метады аб’ёмнага аналізу (1824—32).
Літ.:
Макаров В.С., Шамшин Д.Л. Классическая химия и ее творцы. Воронеж, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́ЗМ (ад лац. germanus германскі),
слова або выраз, запазычаны з германскіх моў, пераважна з нямецкай. Трапляюцца ў бел. граматах 13—14 ст., якія адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі зням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага (напр., «кунторъ» — чын у тэўтонскім ордэне). Вял. колькасць слоў ням. паходжання пранікла ў бел. мову праз польск. і яўр. мовы, у меншай меры на працягу 15—17 ст. непасрэдна з нямецкай («дах», «ліхтар», «труна», «цыбуля», «вандраваць», «віншаваць», «дзякаваць», «маляваць», «ратаваць» і інш.). Такія германізмы асіміляваны бел. мовай у фанет., семантычных і граматычных адносінах, увайшлі ў яе слоўнікавы склад і не адрозніваюцца ад спрадвечна бел. слоў, іх іншамоўнае паходжанне ўстанаўліваецца спец. этымалагічнымі даследаваннямі. У апошнія часы атрымліваюць пашырэнне германізмы англа-амер. паходжання тыпу «бітнік», «дансінг», «хіпі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Генрых Рудольф) (22.2.1857, г. Гамбург, Германія — 1.1.1894),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў электрадынамікі. Скончыў Берлінскі ун-т (1880) і быў асістэнтам у Г.Гельмгольца. З 1885 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, з 1889 Бонскага і Берлінскага ун-таў. Навук. працы па механіцы і электрадынаміцы. Прапанаваў поўную тэорыю ўдару пругкіх шароў (1882), даў строга навук. азначэнне паняцця цвёрдасці цел. Сканструяваў эл.-магн. генератар (вібратар Герца) і рэзанатар, з дапамогай якіх эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль (1886—89). Эксперыментальна пацвердзіў тоеснасць уласцівасцей эл.-магн. і светлавых хваль, адкрыў знешні фотаэфект (1887). Яго імем названа адзінка частаты — герц.
Літ.:
Григорьян А.Т., Вяльцев А.Н. Генрих Герц. М., 1968;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 524—537.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІСЕ́ЕНКАЎ (Алег Мікалаевіч) (н. 21.9.1958, г. Спас-Дземенск Калужскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1982, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1997 гал. рэдактар рэдакцыі муз. і забаўляльных праграм Бел. тэлебачання. Працуе ў розных жанрах. Яго сімф. музыцы ўласціва спалучэнне прыёмаў скразнога развіцця з канцэртаваннем, стылістыкі барока і класіцызму з сучаснай кампазіцыйнай тэхнікай. Сярод твораў: кантата «Купалаў час» на словы Я.Купалы (1982); сімфоніі — 1-я і 3-я (1980, 1986), камерныя 2-я і 4-я (1981, 1986); «Дывертысмент» і «Камерная музыка» для стр.арк.; камерна-інстр. творы, у т. л. санаты, санаціна, «Варыяцыі» для цымбалаў (1990); п’есы для рок-гурта, біг-бэнда і спрынг-бэнда; песні на словы бел. і інш. паэтаў; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),
«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ (Станіслаў Юльянавіч) (13.5.1875, в. Ендрыхаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — жн. 1944),
жывапісец. Акад. жывапісу (з 1907). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), дзе вучыўся ў І.Левітана, В.Сярова. Быў чл.Т-ва перасоўных выставак (з 1903), Саюза рус. мастакоў (з 1907). З 1917 у Польшчы, у 1920 адкрыў прыватную школу жывапісу ў Варшаве. Пісаў пейзажы, інтэр’еры, нацюрморты. Сярод твораў: «Нёман» (1895), «Веснавая вада» (1898), «Месячная ноч» (1899), «Першыя прадвеснікі вясны. Пралескі» і «Стары маёнтак» (абодва 1910), «Радасны май» (1912), «Зімовая ноч» (1919), «Рака на Палессі» (1928), «Інтэр’ер. Пакой мастака на вуліцы Кошыкавай у Варшаве» (1930), «Крыгаход на Нёмане» (1931), «Рака Вілейка» (1932). У Нац.маст. музеі Беларусі каля 40 карцін Ж., у т. л. «Возера Сенеж» (1902), «Старая сядзіба» (1910), «Інтэр’ер» (1916) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАЎЛЁЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (20.5.1915, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 1.3.1988),
бел. музыказнавец, кантрабасіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1944—47). З 1931 у Бел. ансамблі нар. інструментаў і сімф. аркестры Бел. радыё, у 1937—60 (з перапынкам) у сімф. аркестры Бел. філармоніі, з 1956 рэдактар, у 1964—70 гал. рэдактар муз. вяшчання Бел. радыё. Аўтар даведнікаў «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978), біягр. нарысаў пра Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Г.Вагнера, Дз.Лукаса, І.Любана, П.Падкавырава, Р.Пукста, Ю.Семяняку, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна, творчых партрэтаў майстроў сцэны, у т. л. Л.Александроўскай, З.Бабія, С.Данілюк, М.Дружыны, С.Друкер, М.Зюванава, В.Мальковай, В.Чарнабаева, больш за 300 муз. тэле- і радыёперадач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЬСКІ ДАМІНІКА́НСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1716—4838 пры дамініканскім кляштары св. Георгія ў фальварку Забелы каля в. Валынцы (Верхнядзвінскі р-н). Засн. на сродкі памешчыка Г.Шчыта. У 1787 калегіуму належала 5 фальваркаў з гадавым даходам 2547 руб. Пры калегіуме дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1802—3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 6 выкладчыкаў, 80 вучняў. З 1803 павятовае вучылішча ў складзе Віленскай навуч. акругі. У 1811 пераўтвораны ў гімназію, але дамініканцы захавалі і фінансавую самастойнасць. У 1817—6 класаў, 6 выкладчыкаў, 126 вучняў, павышаны ўзровень прыродазнаўчых дысцыплін. Пры гімназіі дзейнічала ніжэйшае духоўнае вучылішча. У 1821 дамініканцы прапанавалі міністэрству нар. асветы стварыць на базе гімназіі акадэмію з 3 ф-тамі, але беспаспяхова. У 1838 гімназія закрыта. Сярод вучняў пісьменнік А.Вярыга-Дарэўскі. А.Ф.Самусік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАЛЕ́ССЕ»,
шклозавод у Вілейскім р-не. Засн. ў 1769 як гута ў в. Ілья. З 1802 шклозавод у маёнтку Залессе, з 1815 у засценку Стражыслаў, з 1855 за 3 км ад в. Залессе Вілейскага пав. (цяпер пас. Партызанскі Вілейскага р-на). У 1900 працавала 157 рабочых, выраблена сталовага і аптэчнага посуду і лямпаў на 90,7 тыс.руб. У 1910 дзейнічаў паравы рухавік. Прадукцыю збывалі ў Рыгу, Вільню, Гродна і інш. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены як шклозавод «Залессе». У 1961—73 пабудаваны новыя цэхі, у 1988—90 рэканструяваны. Да 1993 вырабляў сілікат-глыбы (растваральнае шкло) і шклатару (слоікі). Цяпер выпускае піўныя, гарэлачныя, тэхнічныя бутэлькі. У 1996 выраблена 22,3 млн.шт. гарэлачных і 5,5 млн.шт.тэхн. бутэлек. З 1997 адкрытае акц.т-ва шклозавод «Залессе».