ДРУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА.

Існавала ў 12—16 ст.; адзін з удзелаў, на якія ў 12 ст. распалася Полацкая зямля. Утворана, магчыма, пасля смерці кн. Усяслава Брачыславіча (1101) як удзел яго сына Барыса. Пасля Д.к. належала сынам апошняга Рагвалоду і Івану, менскаму кн. Расціславу Глебавічу і яго сыну Глебу (з 1151), зноў Рагвалоду Глебавічу (з 1158), яго сынам Глебу (1180) і Усяславу (1186) і мяркуемаму ўнуку Барысу (1197). У 13 — пач. 14 ст. ў Д.к., верагодна. правіла мясц. дынастыя, якая ў 1-й пал. 14 ст. трапіла ў васальную залежнасць ад Гедзіміна ці яго сына Альгерда. Пасля заняцця Альгердам велікакняжацкага пасада (1345) Д.к. ўвайшло ў ВКЛ. У 2-й пал. 14—1-й пал. 15 ст. яно ахоплівала тэрыторыю паміж Барысаўскай вол. на 3, Лукомскім княствам і Аболецкай вол. на Пн, Аршанскай і Копыскай вол. на У, Цяцерынскай вол. на Пд (часткі сучасных Талачынскага, Крупскага і Круглянскага р-наў). З 2-й пал. 15 ст. Д.к. пачало распадацца ў сувязі з падзелам яго тэр. паміж асобнымі галінамі кн. Друцкіх. Маёнткі Багрынава, Гольцава, Шыйкі адышлі да вял. князя і былі падараваны кн. Адзінцэвічам. Друцкі замак заставаўся ў сумесным валоданні ўсіх кн. Друцкіх. З канца 15 ст. ў выніку згасання некат. галін кн. Друцкіх іх долі ў Д.к. перайшлі да інш. феад. родаў: кн. Ямантовічаў, Гаштольдаў, Іллінічаў, Гарнастаяў, Сапегаў. У 16 ст. Д.к. канчаткова ператварылася ў кангламерат самастойных феад. вотчын. Пасля адм. рэформы ў ВКЛ 1565—66 яго тэр. цалкам уключана ў Аршанскі павет.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХО́ЎНА-РЫ́ЦАРСКІЯ О́РДЭНЫ,

ваенна-рэлігійныя аб’яднанні, арганізаваныя на ўзор каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Узніклі ў час крыжовых паходаў як брацтвы для дапамогі паломнікам у Палесціне, з 12 ст.ваен. арг-цыі для аховы і пашырэння хрысц. уладанняў на Усходзе, барацьбы з мусульманамі і язычнікамі. З канца 11 ст. да 1300 заснавана 12 Д.-р.о.: Ордэн коннікаў шпіталя св. Яна Іерусалімскага (шпітальеры, прыбл. з 1070); Ордэн бедных рыцараў Хрыста і Саламонава храма (тампліеры, з 1116 або 1119); Авіскі ордэн (з 1162 або 1166); Ордэн св. Міхаіла (з 1167); ордэн мечаносцаў (з 1202); Ордэн прускіх рыцараў Хрыстовых з Добжыні (з пач. 13 ст.) і інш. Іх члены давалі зарокі ўстрымання, паслушэнства, беднасці, падзяляліся на братоў-воінаў, капеланаў (святароў) і братоў-служыцеляў. Ордэн узначальваў вял. магістр (выбіраўся пажыццёва), якому падпарадкоўваліся камандзіры мясц. аддзелаў (правінцый і бальяжаў) — магістры (прыёры), прэцэптары, камандоры, канэтабль і інш. і пры якім перыядычна склікаўся ген. капітул (савет), які валодаў заканад. уладай. Д.-р.о. былі незалежныя ад мясц. свецкіх і духоўных улад і падпарадкоўваліся непасрэдна рым. папу, які даваў ім значныя прывілеі. Найб. магутнымі былі т.зв. «інтэрнацыянальныя» ордэны (шпітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн), якія мелі аддзелы ва ўсіх краінах Зах. Еўропы, уласныя арміі, вял. зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі. Пасля страты ў 13 ст. ўладанняў на Усходзе Д.-р.о. перанеслі дзейнасць на Зах. Еўропу, дзе яны сталі адной з вядучых ваен. і паліт. сіл. З умацаваннем каралеўскай улады б.ч. ордэнаў перастала існаваць.

Літ.:

Печников Б.А. «Рыцари церкви»: Кто они? М., 1991.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),

абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл. Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ШАК ((Hašek) Яраслаў) (30.4.1883, Прага — 3.1.1923),

чэшскі пісьменнік, журналіст. Скончыў гандл. акадэмію (1902). Шмат вандраваў па свеце, абышоў пешкі землі Аўстра-Венгрыі, краіны Паўд.-Усх. Еўропы. У 1904—08 прыхільнік анархісцка-радыкалісцкага руху. У 1915 мабілізаваны ў аўстр. армію, неўзабаве здаўся ў рус. палон. Працаваў у газ. чэш. легіянераў «Čechoslovan» («Чэхаславан», Кіеў). У 1918 уступіў у Чырв. Армію. У канцы 1920 вярнуўся ў Прагу. Друкаваўся з 1900 (падарожныя нататкі, гумарыст. апавяданні, фельетоны). Вяршыня творчасці — раман «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» [1921—23, незавершаны; бел. пер. (ч. 1—4, 1931—32) М.​Зарэцкага, К.​Крапівы, М.​Лужаніна, К.​Вашыны (Л.​Калюгі)], у якім з дапамогай прыёму «ad absurdum» выкрыў бязглуздзіцу ўсіх інстытутаў манархіі, бюракратызм дзяржапарата, прадажнасць чыноўніцтва, бездапаможнасць састарэлага імператара і ўсёй сістэмы ўлады. Гратэск, зніжэнне высокага, гумарыстычная самаіронія, прыёмы смехавай культуры і знакамітай «пражскай іроніі» ўплецены ў багатую палітру твора. Працяг рамана Гашака напісаны фельетаністам К.​Ванакам. На бел. мову яго пераклалі Т.​Кляшторны, З.​Астапенка, К.​Чорны (ч. 5—6, 1931—32), асобныя апавяданні — Л.​Баршчэўскі, Л.​Каўрус, В.​Крайко, А.​Мажэйка, П.​Марціновіч і інш.

Тв.:

Бел. Пер. — Цвёрдая скура. Мн., 1931;

Госць у хату: Апавяданні. Мн., 1984;

Прыгоды бравага салдата Швейка ў сусветнай вайне: [Урывак з рамана) // Крыніца. 1995. № 6;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1983—85.

Літ.:

Шубин Г. Я.​Гашек. М., 1982;

Шабловская И.В. Автор. История. Роман («Похождения бравого солдата Швейка» Я.​Гашека) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1984. № 1.

Я.Гашак.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 3—10.1.1927 у Мінску. Прысутнічала 278 дэлегатаў з рашаючым і 226 з дарадчым голасам ад 30 995 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Бпаліт. і арганізац. (А.​І.​Крыніцкі, М.​М.​Галадзед), ЦКК КП(б)Б (В.​А.​Радус-Зяньковіч); даклады ЦКК ВКП(б) (Я.​Х.​Петэрс), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​А.​Чарнушэвіч); вынікі гасп. будаўніцтва ў БССР і далейшыя задачы (Я.​А.​Адамовіч); выбары ЦК, ЦКК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі работы КП(б)Б за 1926. ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК КП(б)Б. Прапанаваў ураду БССР умацаваць мат.-тэхн. базу саўгасаў, стварыць фонд для крэдытавання калектыўных гаспадарак. Аналізуючы ход культ. будаўніцтва, з’езд патрабаваў у правядзенні нац. палітыкі ажыццяўляць беларусізацыю, павялічыць асігнаванні на нар. асвету, згуртаваць вакол партыі інтэлігенцыю, умацоўваць і павышаць парт. кіраўніцтва друкам. Даручыў ЦК рашуча змагацца з ідэйнымі ўхіламі, паслядоўна ажыццяўляць курс на індустрыялізацыю, прапанаваў умацаваць кіруючую ролю партыі ва ўсіх галінах сацыяліст. будаўніцтва. Выбраў ЦК КП(б)Б з 62 чл. і 43 канд. у чл., ЦКК КП(б)Б з 37 чл. і 11 канд. у чл., Цэнтр. рэвіз. камісію КП(б)Б з 7 чл.

Літ.:

X съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1927;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.

А.​І.​Яфімчык.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГМАТЫ РЭЛІГІЙНЫЯ,

афіцыйна прызнаныя палажэнні рэліг. веравучэння, якія абвяшчаюцца царквой бясспрэчнай ісцінай, не падлягаюць перагляду і зменам, прызнаюцца вечнымі боскімі ўстанаўленнямі, абавязковымі для ўсіх веруючых. Кожная з рэлігій мае сваю дагматычную сістэму. У хрысціянстве догматы зацверджаны 2 першымі ўсяленскімі саборамі — Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) і атрымалі назву Нікея-Царградскага сімвала веры. Яны ўключаюць 12 асн. догматаў: аб адзінстве і траістасці Бога; аб Хрысце як зямным увасабленні Бога, сыне Божым, пасрэдніку паміж Богам і людзьмі; аб другім прышэсці Хрыста на зямлю; аб пашане адзінай саборнай царквы; аб неабходнасці хрышчэння; аб веры ў цялеснае ўваскрэсенне памерлых; аб веры ў замагільнае жыццё пасля «страшнага суда» і інш., якія пазней дапаўняліся. Праваслаўная царква абмежавалася рашэннямі першых 7 сусв. сабораў. Пасля падзелу цэркваў заходняя, рымска-каталіцкая, уключыла ў сваё веравучэнне новыя догматы: аб філіёкве (аб зыходжанні Святога духа не толькі ад бога-айца, але і ад сына); аб чысцілішчы; аб запасе добрых спраў; аб бязгрэшным зачацці Багародзіцы. Пратэстантызм прызнаў Д.р. аб апраўданні сваіх паслядоўнікаў вераю, а не царквою. Іудаізм у розныя часы прытрымліваўся розных дагматычных сістэм, з іх засталіся асн. тры: прызнанне адзінабожжа Яхве, богавыбраннасці яўр. народа і чаканне прыходу месіі (збавіцеля). Іслам у межах яго багаслоўскай сістэмы — калама — выпрацаваў догматы: аб адзіным Богу — Алаху, аб яго пасланніку Мухамеду, аб прадвызначэнні чалавечага лёсу Алахам. Індуізм зыходзіць з прызнання святасці «Ведаў», з перасялення душ, з няроўнасці людзей, наяўнасці кармы і інш. (гл. таксама Догма).

А.​А.​Цітавец.

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,

перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III

[2.12.1852—4.9.1870],

які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.

ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.

Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс. чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.​Эйдукевіч), тактыка партыі (К.​Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.​І.​Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.​С.​Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.

Літ.:

КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;

Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць геал. будову мясцовасці. Складаюцца на тапаграфічнай аснове паводле матэрыялаў геалагічнай здымкі. Служаць падставай для ўсіх відаў геал. даследаванняў рэгіёнаў, прагнозу і пошукаў карысных выкапняў, інж.-геал. і інш. работ.

Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на ўласна геал. (агульнагеал.) карты (дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, крышт. фундамента, глыбіннай геал. будовы, палеагеагр., шэльфавай зоны мораў, акіянскага дна), карты, якія раскрываюць асобныя геал. характарыстыкі тэрыторыі (тэктанічныя, палеатэктанічныя, навейшай тэктонікі, структурныя, літолага-фацыяльныя, геафіз. і геахім. анамалій і інш.), і карты, што адлюстроўваюць звесткі аб карысных выкапнях (карысных выкапняў, металагенічныя, рудных фармацый, рудных палёў, нафтагазаноснасці і інш.). На геалагічных картах пэўнымі колерамі і індэксамі з літар і лічбаў і інш. знакамі, якія складаюць легенду карты, пазначаюцца межы пашырэння (контуры) асадкавых горных парод, якія падзяляюцца паводле ўзросту ў адпаведнасці з агульнай (міжнар.) стратыграфічнай шкалой, вылучаюцца інтрузіўныя, эфузіўныя і метамарфічныя пароды, а таксама петраграфічны састаў горных парод, разрыўныя парушэнні і інш. дэталі. Да геалагічных картаў дадаюцца геалагічныя разрэзы і тлумачальная запіска з апісаннем геал. будовы тэрыторыі і гісторыі яе фарміравання. Паводле маштабу геалагічныя карты падзяляюць на аглядныя (драбней за 1:1 000 000) і рэгіянальныя сярэднемаштабныя (1:500 000, 1:200 000, 1:100 000), буйнамаштабныя (1:50 000, 1:25 000) і дэталёвыя (1:10 000 і буйнейшы).

Для тэр. Беларусі складзены геалагічныя карты маштабаў 1 : 1 000 000, 1 : 500 000, 1 : 200 000 і 1 : 100 000.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВО́Д-АЎТАМА́Т,

вытворчы комплекс, які аб’ядноўвае гібкія аўтаматызаваныя цэхі загатовачнай вытв-сці, апрацоўчыя і зборачныя цэхі, аўтаматызаваныя склады матэрыялаў, загатовак, камплектуючых вырабаў з дапамогай транспартна-накапляльнай сістэмы і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (АСК) вытв-сцю; вышэйшая форма гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Забяспечвае выпуск шырокай наменклатуры аднародных па канструкцыйных і тэхнал. параметрах вырабаў і безынерцыйны пераход на выпуск новай прадукцыі за кошт комплекснай аўтаматызацыі ўсіх асн. і дапаможных тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкі абсталявання, сістэм аўтаматызаванага праектавання (САПР) і кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі.

Узаемадзеянне структурных элементаў З.-а. ажыццяўляецца сродкамі інтэграванай сістэмы кіравання на базе лакальнай вылічальнай сеткі, якая рэалізуе сумеснае выкананне функцый тэхн. і арганізац.-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці, яе планаванне, аператыўнае кіраванне на базе інтэграцыі САПР, АСК міжцэхавага ўзроўню, АСК гібкімі вытворчымі модулямі, гібкімі аўтам. лініямі, участкамі, цэхамі, заводскімі складамі, робататэхнічнымі комплексамі і асобнымі адзінкамі спец. тэхнал. абсталявання. Інфарм. забеспячэнне структурных элементаў АСК З.-а. ўключае сродкі абмену канструктарска-тэхнал., планавай, справаздачнай і нарматыўна-даведачнай інфармацыяй, кіравальнымі праграмамі для станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, данымі аб стане вытв-сці і абсталявання, камандамі і запытамі. Інтэграцыя структурных элементаў інтэграванай АСК З.-а. ажыццяўляецца сродкамі сістэмнага інтэрфейса на аснове адзінай інфарм. базы і уніфікаванага комплексу тэхн., праграмных сродкаў і пратаколаў абмену данымі. Шматузроўневы сістэмны інтэрфейс уключае сістэмныя інтэрфейсы заводскага, цэхавага ўзроўню, узроўню аўтаматызаваных участкаў і аўтам. ліній. У знешняе асяроддзе З.-а. ўваходзяць САПР, аўтаматыз. сістэмы навук. даследаванняў, што функцыянуюць у рамках навукова-вытворчых аб’яднанняў.

Г.​В.​Рымскі.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chlorophyta),

аддзел ніжэйшых раслін. 5 класаў: вальвоксавыя, кан’югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя (Protococcophyceae), улотрыксавыя (Ulotrichophyceae). Каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з інш. арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў. Найб. пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш. У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некат. (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады. аб’екты даследаванняў як крыніцы харч. біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла і сцэнедэсмус).

Адна-, шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфал. структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат’ядравыя. Хларапластаў 1 ці некалькі, восевыя ці пасценныя, рознай формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (іза-, гетэра-, гола-, аагамія і кан’югацыя). У рухомых З.в. ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.

С.​С.​Мельнікаў.

Зялёныя водарасці: 1 — хларэла звычайная; 2 — сцэнедэсмус чатыроххвосты; 3 — ульва салатная; 4 — хара звычайная; 5 — ацэтабулярыя мяцёлчатая; 6 — кодыум крохкі.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)