традыцыйная сац. група непасрэдных с.-г. вытворцаў, якія вялі гаспадарку сіламі сваёй сям’і, уласнымі прыладамі і цяглавай сілай на сваёй або арандаванай зямлі; карысталіся пэўнымі правамі і неслі абавязкі (павіннасці); мелі ўласцівыя ім псіхал. рысы: прыхільнасць да традыцыі ў вытв-сці, побыце, свядомасці, схільнасць да мясц. замкнутасці і г.д. Ва ўсіх дакапіталіст. і раннекапіталіст. грамадствах С. складала асн. частку насельніцтва і аказвала значны ўплыў на іх гісторыю. З прагрэсам вытв. сіл і развіццём грамадскага падзелу працы сяляне ўцягваліся ў сац.-эканам. сувязі, што ствараліся таварна-грашовымі адносінамі, і падвяргаліся сац. расслаенню. З іх асяроддзя ў значнай ступені сфарміраваліся класы гар. наёмных работнікаў і прадпрымальнікаў. З глыбокай старажытнасці існаваў комплекс сац.-эканам. і паліт. праблем, звязаных з сял.землекарыстаннем і землеўладаннем і канфліктамі паміж С. і інш. катэгорыямі землекарыстальнікаў (землеўладальнікаў) — т.зв. аграрнае пытанне. Для яго вырашэння на працягу ўсёй гісторыі дзярж. формы грамадства праводзіліся і праводзяцца шматлікія аграрныя рэформы, якія ў залежнасці ад таго, якія сац.-паліт. сілы іх праводзяць, маюць розны змест і па-рознаму адбіваюцца на лёсах сялян. У развітым рыначным грамадстве С. — адносна нешматлікі сац. слой (напр., у с.-г. вытв-сці Германіі ў 1990-я г. было занята 6% працаздольнага насельніцтва, Нідэрландаў — 4%, Вялікабрытаніі — 1,2%). У адных з гэтых краін амаль завершаны, у інш. працягваецца працэс замены традыц.сял. гаспадарак на чыста капіталіст. фермерскія і памяншэння колькасці С. У краінах, што развіваюцца, эвалюцыя С. ўскладнена агульнай адсталасцю сац.-эканам. развіцця. Тут, як і раней, С. складае большую ч.эканам. актыўнага насельніцтва (у 1990-я г. ў Індыі 65%, Кітаі 60%, Кеніі каля 80% і г.д.), адыгрывае значную ролю ў эканам. і грамадска-паліт. жыцці. З разбурэннем пазямельнай абшчыны С. розных краін здаўна аб’ядноўваецца ў пэўныя формы с.-г.кааперацыі. У СССР фарсіраванае каапераванне сельскай гаспадаркі адбывалася ў выглядзе калектывізацыі. З развіццём індустрыялізацыі колькасць сельскага насельніцтва тут значна паменшылася (34% у 1987). У б. рэспубліках СССР з ліквідацыяй сацыяліст.эканам. і грамадскіх адносін далейшы лёс фактычна рассяляненага сельскага насельніцтва залежыць ад шляхоў і поспеху праводзімых рыначных рэформ.
Як грамадскі клас С. складвалася на аснове аддзялення рамяства ад земляробства пры распадзе першабытнага грамадства і ўсталяванні прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці. На тэр. Беларусі гэты працэс адбываўся ў канцы 1-га — пач. 2-га тыс.н.э. З развіццём феадалізму С. разам з феадаламі складала адзін з 2 асн. класаў грамадства. У ВКЛ, куды з 13—14 ст. уваходзіла Беларусь, сяляне знаходзіліся ў эканам. і юрыд. залежнасці ад дзяржавы, свецкіх феадалаў і рэліг. устаноў, зямлёй якіх яны карысталіся, выконваючы за гэта пэўныя павіннасці (паншчына, аброк, чынш і інш.). У 15—16 ст. сфарміравалася прыгоннае права і розныя катэгорыі феад. залежных сялян (людзі «пахожыя», людзі «непахожыя», отчычы, закупы і інш.) ператварыліся ў адзінае саслоўе прыгонных сялян, якія фактычна з’яўляліся ўласнасцю феадалаў. У апошняй чвэрці 18 ст. на Беларусі дзяржава валодала 24,6% сял. гаспадарак, свецкія феадалы — 65%, царква — 10,4%. З далучэннем бел. зямель да Рас. імперыі (1772—95) становішча С. істотна не змянілася. Пасля сялянскай рэформы 1861, якая скасавала прыгоннае права, пачаўся працэс класавай дыферэнцыяцыі С. на сельскую буржуазію (кулацтва) і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. Грамадз. правы С. заставаліся істотна абмежаванымі, яно несла асн. цяжар падаткаў і вайсковай павіннасці. У 1897 сельскае насельніцтва Беларусі (пераважна С.) складала 5774 тыс.чал. (86,5% усяго насельніцтва). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 прыватная ўласнасць на зямлю скасавана, частка канфіскаванага памешчыцкага і інш. буйнога землеўладання размеркавана сярод беззямельных і малазямельных сялян.
Калектывізацыя 1930 — пач. 50-х г., якая суправаджалася раскулачваннем, спрыяла ўтварэнню якасна новай сац.-класавай групы — калгаснага С. У выніку індустрыялізацыі і працэсаў урбанізацыі колькасць сельскага насельніцтва (пераважна сялян-калгаснікаў і блізкіх да іх рабочых саўгасаў) увесь час скарачалася. У 1939 яно складала 7057 тыс.чал. (79,2% усяго насельніцтва), у 1959—5575 тыс. (69,2%), у 1979—4297 тыс. (44,9%), у 1999—3084 тыс. (30,7%). З б. сялян паходзіць асн. маса сучасных рабочых, служачых, інтэлігенцыі. З пач. 1990-х г. адбываецца рэфармаванне і пераўтварэнне калгасаў і саўгасаў на аснове прынцыпаў рыначнай эканомікі праз стварэнне на іх базе калектыўна-долевых сельгаспрадпрыемстваў, акц. т-ваў і інш. новых фарміраванняў, што аб’ектыўна вядзе да далейшага скарачэння колькасці занятага ў іх С. Фарміруецца сац. слой індывід.с.-г. прадпрымальнікаў — фермерства (гл.Фермерская гаспадарка), якое выкарыстоўвае працу наёмных с.-г. рабочых.
Літ.:
Сказкин С.Д. Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;
Аграрный вопрос и роль крестьянства в развивающихся странах // Проблемы мира и социализма. 1978. № 12;
Классы и сословия средневекового общества. М., 1988;
История крестьянства России с древнейших времен до 1917 г.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1987—93;
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́Р,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс.ж. (1998).
Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс.ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс.ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыяРСДРП У час Кастр.Усерас.паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс.ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс.ж., больш за 1 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.
Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.З.Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.
У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр.ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх.ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА,
сродак абмену (перадачы і прыёму) інфармацыяй у працэсе зносін паміж людзьмі; сістэма знакаў, якія з’яўляюцца намінацыямі (абазначэннямі) элементаў інфармацыі, што замацоўваюць вынікі пазнання. Змест інфармацыі, што заключаны ў моўным знаку, — яго значэнне, план зместу; знешняя форма моўнага знака — яго план выражэння (гл.Семіётыка). У М. захоўваюцца, назапашваюцца, сістэматызуюцца здабытыя калектывам яе носьбітаў веды. М. ўзнікае і існуе ў грамадстве для забеспячэння патрэб сувязі паміж яго членамі. Грамадства не існуе без М., а М. непатрэбна без грамадства; М. з’яўляецца адной з форм грамадскай свядомасці і яе найб. універсальнай абалонкай. Чалавек ад нараджэння валодае моўнай кампетэнцыяй (дарам маўлення), здольнасцю авалодаць і карыстацца М. у працэсе маўлення, якое суадносіцца з мысленнем. Валодаць М. — гэта значыць ведаць план зместу і план выражэння знакаў, якія з’яўляюцца моўнымі адзінкамі, а таксама адвольна ўстаноўленую і замацаваную ў М. сувязь паміж планам зместу і планам выражэння, правілы спалучэння знакаў і іх выкарыстання. Носьбіт М., што перадае інфармацыю (адрасант), кадзіруе яе сэнс у форме моўных знакаў, а носьбіт М., які прымае інфармацыю (адрасат), дэкадзіруе план выражэння моўных знакаў, узнаўляючы перададзены яму змест. Паміж удзельнікамі моўных зносін пры перадачы інфармацыі мусіць падтрымлівацца непасрэдны ці апасродкаваны тэхн. сродкамі (напр., тэлефонам, радыё) кантакт, які дазваляе перадачу паведамлення. Адрасант і адрасат павінны мець пэўны агульны код — ведаць адну і тую М. Першасным планам выражэння моўных знакаў з’яўляюцца дыскрэтныя членараздзельныя гукі. Гукі, што адрозніваюць значэнне аднаго моўнага знака ад значэння іншага, наз.фанемамі. З адной або некалькіх фанем будуецца найменшая адзінка М., якая валодае ўласным значэннем, марфема. Адна або некалькі марфем утвараюць слова, што можа адносна самастойна ўжывацца ў маўленні. Словы складваюцца па пэўных правілах у выказванні, з якіх утвараюцца паведамленні. Структура (мадэль) выказвання разглядаецца як сказ; маўленчая форма паведамлення — тэкст. Першасная гукавая форма М. можа быць пераўтворана ў некаторыя іншыя. Найб. пашыраная і універсальная форма такога пераўтварэння з пэўнага часу развіцця грамадства — пісьмовая М. (гл.Пісьмо). Інш. аптычныя формы М. (напр., жэставая сістэма знакаў глуханямых, флажковая азбука маракоў і г.д.) пашыраныя абмежавана. Для сляпых распрацавана Брайля пісьмо, заснаванае на дотыку. Зрэдку выкарыстоўваюцца акустычныя сістэмы — заменнікі М. (напр., М. свісту, якая ўжывалася на Канарскіх а-вах). Асн. функцыі М.: камунікатыўная (абмен інфармацыяй), кагнітыўная (пазнанне), рэгулятыўная (уздзеянне адрасанта на інш. людзей), намінатыўная (абазначэнне), эматыўная (выражэнне эмоцый), фатычная (устанаўленне і падтрыманне кантактаў паміж людзьмі), паэтычная (выражэнне ў маўленні эстэт. каштоўнасцей), метамоўная (тлумачэнне незразумелых слоў і выказванняў), магічная (зварот адрасанта да вышэйшых сіл, напр., у малітвах ці праклёнах). Яна стыхійна ўзнікае разам з грамадствам, адпавядаючы яго патрэбам, а ў працэсе свайго функцыянавання дастасоўваецца да гэтых зменлівых патрэб. Пры гэтым адбываюцца адпаведныя змены ў М.: з’яўляюцца новыя словы, удасканальваюцца правілы іх спалучэння і ўтварэння выказванняў, тэкстаў, пераўтвараецца сістэма гукаў. Стан М. і яе функцыянаванне на кожным дадзеным этапе разглядаюцца як сінхранія, а дынаміка яе, працэс моўных змен, якія апісваюцца ў гісторыі М., бясконцая колькасць сінхраній складае дыяхранію. Паколькі сувязь паміж планам зместу і планам выражэння адвольная, у розных групах носьбітаў М. ўзнікаюць варыянты знакаў, што вядзе да ўзнікнення адрозненняў у М., да фарміравання розных дыялектаў і М. У сучасным свеце функцыянуе ад 3 да 5 тыс. натуральных М. (гл.Мовы свету), якія стыхійна ўзніклі. Значны ўплыў на стварэнне і замацаванне пісьмовых, літ. М. могуць зрабіць асобы (напр., у стварэнні стараславянскай мовы выдатную ролю адыгралі Кірыла і Мяфодзій). Некаторыя М., распрацаваныя пэўнымі асобамі і пашыраныя дзякуючы іх намаганням, лічацца штучнымі мовамі. Найвышэйшай ступенню штучнасці валодаюць алгарытмічныя мовы праграмавання, створаныя для зносін паміж людзьмі і электроннымі выліч. ўстройствамі. Некаторыя натуральныя М. маюць агульнае паходжанне, яны паўсталі ў выніку разгалінавання групы дыялектаў прамовы. Такія роднасныя мовы ўтвараюць сем’і: індаеўрап., семіцкую, сіна-тыбецкую і інш. Паводле грамат. адрозненняў М. будуецца тыпалагічная класіфікацыя моў. Значныя адрозненні паміж М. звязаны з іх пашыранасцю: ад гаворкі адной невял. вёскі да нацыянальнай мовы, ад беспісьмовай гаворкі да літаратурнай мовы; вылучаюцца М. сусв. распаўсюджання (напр., англ., ісп., франц., рус., кіт., нямецкая). Некаторыя М., якія былі пашыранымі ў старажытнасці, зніклі або значна абмежавалі свае функцыі, сталі мёртвымі мовамі. Моўная кампетэнцыя дазваляе чалавеку валодаць некалькімі М., што вядзе да асабістага ці пашыранага ў грамадстве двухмоўя. Нягледзячы на значныя адрозненні паміж натуральнымі М., яны заўсёды дапускаюць магчымасць перакладу з адной М. на іншую; адэкватнасць перакладу залежыць ад функцыянальнага развіцця М., з якой і на якую ажыццяўляецца пераклад і ад ступені ведання М. перакладчыкам. М. як сродак зносін, пазнання і назапашвання інфармацыі, а таксама канкрэтныя М. вывучае мовазнаўства.
М. — найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі; спецыфічная функцыя чалавека, непарыўна звязаная з мысленнем; сацыяльны сродак захавання і перадачы інфармацыі.
М. характарызуе разумовыя здольнасці чалавека. Вымаўленне слоў забяспечвае ўзгодненую дзейнасць мышцаў языка, губ, мяккага паднябення, глоткі, гартані, дыхальнай мускулатуры (складаюць у сукупнасці моўнарухальны апарат, якім кіруе кара галаўнога мозга). Органы, якія ажыццяўляюць функцыю М., забяспечваюць вымаўленне членараздзельных гукаў — артыкуляцыю. У працэсе ўспрымання М. ўдзельнічаюць слыхавы аналізатар і нерв. сістэма. Расстройствы М. найчасцей узнікаюць у дзіцячым узросце ў выніку тугавухасці і поўнай страты слыху (гл.Глухата, Глуханемата), дэфектаў і пашкоджанняў моўнага апарату, інфекцый і інш.Асн. віды расстройстваў М.: афазія, заіканне, коснаязыкасць, немата і інш.
Літ.:
Маслов Ю.С. Введение в языкознание. 2 изд. М., 1987;
Рагаўцоў В.І., Юрэвіч А.Л. Уводзіны ў мовазнаўства. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́ЗІЛЕНД (свазі Swatini, англ. Swaziland), Каралеўства Свазіленд (свазі Umbuso we Swatini, англ. Kingdom of Swaziland),
дзяржава ва ўнутр. частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн, З і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У — з Мазамбікам. Пл. 17,4 тыс.км². Нас. 1083,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы свазі і англійская. Сталіца — г.Мбабане, рэзідэнцыя караля і парламента — г. Лобамба. Краіна падзяляецца на 4 раёны. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 вер.).
Дзяржаўны лад. С. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, які ўзначальвае заканад. і выканаўчую ўлады. Вышэйшы заканад. орган краіны — двухпалатны парламент (лібандла), які складаецца з Нац. сходу (65 месц) і Сената (30 месц). Тэрмін дзейнасці парламента 5 гадоў. Выбары ў Нац. сход — двухступенныя (у 2-м туры 55 дэпутатаў выбіраюцца выбаршчыкамі, 10 назначаюцца каралём). 10 сенатараў выбіраюцца палатай сходу, 20 — назначаюцца каралём. Урад фарміруецца каралём.
Прырода. Паверхня — плато, якое паніжаецца на У да ўзбярэжжа Індыйскага ак. З прыступкамі шырынёй ад 20 да 80 км: Высокі Велд (выш. 1500—1000 м), Сярэдні Велд (800—400 м) і Нізкі Велд (300—150 м). Найвыш. пункт — г. Эмлембе (1862 м). На крайнім У горы Лебомба (выш. да 770 м). Ёсць радовішчы азбесту, жал. руды, каменнага вугалю і інш. Клімат субтрапічны. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 °C на Высокім Велдзе да 15 °C на Нізкім, лют. ад 23 да 25 °C. Ападкаў за год ад 500—700 мм на Нізкім Велдзе да 1400 мм на Высокім; выпадаюць пераважна летам. Рэкі горныя. Пераважае саванная расліннасць з акацыямі і баабабамі, на У — ксерафітныя хмызнякі. Пад лесам менш за 7% тэр., на схілах узгоркаў на Высокім Велдзе — хваёвыя лясы. Праводзяцца лесапасадкі. Жывёльны свет тыповы для саваннаў. З млекакормячых сустракаюцца буйвалы, антылопы, зебры, бегемоты. На У распаўсюджана муха цэцэ. Ёсць некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Афрыканцы складаюць 97% насельніцтва, у т. л. народы свазі — больш за 80% і зулу — каля 13%; 3% — англічане, афрыканеры, выхадцы з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў 60% хрысціян (пераважна католікі), 40% захоўваюць мясц.традыц. вераванні. Сярэднегадавы прырост 1,9% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 62 чал. на 1 км², больш шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены Сярэдні Велд. Гар. насельніцтва 26%. У г. Мбабане 47 тыс.ж. (2000), у астатніх гарадах каля 10 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці —10%, у абслуговых галінах — 30%. Значная ч. (да 30%) мужчынскага насельніцтва працуе ў ПАР (сезонна або пастаянна).
Гісторыя. Плямёны свазі засялілі тэр. С. ў канцы 18 ст. У 1820—30-я г. іх правадыр Сабхуза I стварыў цэнтралізаваную дзяржаву свазі, якая ў сярэдзіне 19 ст. дасягнула пэўнага росквіту пры яго пераемніку Мсваці I. У 1894 яна далучана да Трансвааля. Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902 у 1903 створаны асобны брыт. пратэктарат С. з 1964 краіна атрымала самакіраванне, 6.9.1968 абвешчана незалежнасць Каралеўства С. Паводле канстытуцыі 1968 усталяваны рэжым парламенцкай манархіі. Пасля парламенцкіх выбараў 1973, на якіх поспех мела апазіцыя, кароль Сабхуза II [1921—82] скасаваў канстытуцыю, распусціў парламент і забараніў паліт. партыі. Новая канстытуцыя 1979 сканцэнтравала дзярж. ўладу ў руках караля, абмежавала паўнамоцтвы парламента і забараніла дзейнасць партый.
У 1990-я г. актывізавалася дзейнасць дэмакр. апазіцыі, арганізаваныя ёю нар. выступленні прымусілі караля Мсваці III [з 1982] ажыццявіць пэўную дэмакратызацыю паліт. жыцця. С. — чл.ААН (з 1968), Арг-цыі афр. адзінства.
Гаспадарка. С. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна з вял. уплывам замежнага (пераважна паўд.-афр.) капіталу. Кіраўніцтва краіны праводзіць курс на стварэнне спрыяльных умоў для прыцягнення замежных інвестыцый. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 4 млрд.дол. (1998), па 4,2 тыс.дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 42% ВУП, у сельскай гаспадарцы 10%, у абслуговых галінах — 48%. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 200 тыс.га, пад пашай каля 1,1 млн.га. Арашаецца каля 70 тыс.га зямлі. Вылучаюцца афр. і еўрап. сектары. Афрыканцы пераважна вядуць паўнатуральнае матычнае земляробства, памер іх гаспадарак каля 1 га, вырошчваюць кукурузу, сорга, пшаніцу, бабовыя, агародніну. Таварная экспартная прадукцыя вырошчваецца на плантацыях і буйных фермах: цукр. трыснёг (каля 500 тыс.т цукру штогод), бавоўнік, тытунь, рыс, цытрусавыя і ананасы. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы 652, коз 439. Асн. раёны жывёлагадоўлі Высокі і Сярэдні Велд. Птушкагадоўля (у 1997—980 тыс. курэй). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (цукр., безалкагольных напіткаў, малочныя, мясныя, мукамольныя, алейныя і інш.), дрэваапрацоўчыя, тэкст., швейныя, хімічныя. У г. Мбабане — металаапр. прадпрыемствы, у г. Манзіні — зборка тэлевізараў з імпартаваных частак. Лесанарыхтоўкі. Пашыраны саматужная і паўсаматужная апрацоўка скур, вытв-сць тканін, адзення і абутку, ганчарных вырабаў, драўляных прадметаў хатняга побыту, сувеніраў. Вытв-сць электраэнергіі 420 млн.кВт∙гадз (1998), у т. л. 50,6% на ГЭС, 49,4% на цеплавых электрастанцыях, імпартавана з ПАР 571 млн.кВт∙гадз. Здабыча азбесту (у асобныя гады 4-е месца ў свеце), жал. руды, каменнага вугалю. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. У С. 3,8 тыс.км аўтадарог, 297 км чыгункі. Для знешнегандл. зносін вял. значэнне маюць парты Дурбан (ПАР) і Мапуту (Мазамбік). У краіне 18 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Манзіні. У 1998 экспарт склаў 972 млн.дол., імпарт — 1,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць цукар (40% па кошце), азбест, канцэнтраты безалкагольных напіткаў, драўніна, бавоўна, фрукты; у імпарце — прамысл. і спажывецкія тавары, збожжа, паліва, хімікаты. Асн.гандл. партнёры: ПАР (58% экспарту, 96% імпарту), краіны Еўропы, Японія. Турызм (каля 250 тыс.чал. штогод пераважна з ПАР, даход каля 40 млн.дол.). Важнае эканам. значэнне маюць грашовыя пераводы грамадзян С. з-за мяжы. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ПАР і Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — лілангені.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СГАЛЫ́ПІНСКАЯ АГРА́РНАЯ РЭФО́РМА,
буржуазная рэформа сял.надзельнага землеўладання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1906—17. Названа па прозвішчы П.А.Сталыпіна, ініцыятара і кіраўніка рэформы. Выклікана развіццём капіталізму, барацьбой сялян за ліквідацыю панскага землеўладання і інш. рэшткаў прыгонніцтва ў час рэвалюцыі 1905—07. С.а.р. праводзілася з мэтай захавання манархіі, стварэння больш спрыяльных умоў для развіцця капіталіст. адносін у с.-г. вытв-сці, умацавання слоя сял. буржуазіі і заможнага сялянства ў якасці, апоры самадзяржаўя, ператварэння асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых, паскарэння росту прадукц. сіл земляробства пры захаванні памешчыцкіх латыфундый і прадухілення агр.-сял. рэвалюцыі. Гал. змест рэформы: разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны, насаджэнне дробнакапіталіст. сял. зямельнай уласнасці і хутарской формы землекарыстання, перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір, на Д. Усход, у Казахстан і інш. ўскраінныя рэгіёны імперыі. Пачалася паводле ўказа ад 22.11.1906, які дазваляў выхад сялян з пазямельнай абшчыны і замацаванне за імі зямлі ў асабістую ўласнасць. Указ з некат. папраўкамі ўхвалены Дзярж. Саветам, зацверджаны царом і прыняты Дзярж. думай як Закон 27.6.1910, дапоўнены палажэннем аб землеўпарадкаванні ад 11.6.1911, якое ўсталёўвала прымусовы выхад сялян з абшчыны і пераход да спадчыннага падворнага землеўладання.
У 1905 абшчыннае землеўладанне ахоплівала 77,1% сял. двароў і 83,2% надзельных зямель Еўрап. Расіі. На Беларусі яно не мела значнага пашырэння і захавалася пераважна ў Магілёўскай (80,5% сял. двароў, 79,3% надзельнай зямлі) і Віцебскай (53% сял. двароў, 44,6% надзельнай зямлі) губ. Падворнае ўладанне ворнымі землямі і сенажацямі панавала ў Прыбалтыцы, Зах. і Цэнтр. Беларусі, на Правабярэжнай Украіне. Нягледзячы на адм. націск улад, на пач. 1916 з пазямельнай абшчыны выйшла толькі 26% сял. двароў, на долю якіх прыпадала 14,7% сял. абшчыннага землеўладання. Найб. актыўны выхад з абшчыны назіраўся на Пд Украіны і ў Стэпавым Заволжы — у рэгіёнах адносна высокага ўзроўню развіцця агр. капіталізму. Значным быў выхад з абшчыны і на У Беларусі. Да 1916 у Магілёўскай і Віцебскай губ. з яе выйшла 139,4 тыс.сял. двароў, (63% іх агульнай колькасці). Найменш закрануты рэфармаваннем Земляробчы цэнтр, паўн.-ўсх. і паўн. губерні. Землеўпарадкаванне, якое праводзілася ў ходзе С.а.р., найперш было накіравана на стварэннехутароў і адрубоў (гл.Водруб) на сял. надзельнай зямлі. Аднак спадзяванні ўрада на масавае ўтварэнне хутарскіх і адрубных гаспадарак як апорнай базы «моцнага» сялянства не апраўдаліся. У еўрап. частцы імперыі яны ў 1907—16 складалі толькі 13,6% усіх надзельных двароў, на долю якіх прыпадала 12,2% надзельнага землеўладання. На надзельнай зямлі ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. за гэты час створана 113,8 тыс. хутарскіх і адрубных гаспадарак пл. 1147,2 тыс.дзес. (10% сял. двароў і 18,7% надзельнага землеўладання). Апрача таго, Сял. пазямельны банк прадаў пад хутары і адрубы ў гэтых губернях у 1907—16 228,7 тыс.дзес. банкаўскіх зямель, на якіх узнікла 13,5 тыс. гаспадарак. На купленай сялянамі казённай зямлі (5,4 тыс.дзес.) створана 813 хутарскіх і адрубных гаспадарак. Па адноснай колькасці хутароў і адрубоў, створаных пры выдзелах з абшчыны асобных гаспадароў дамоў, Беларусь стаяла на перадапошнім месцы сярод рэгіёнаў еўрап. часткі імперыі. Пры ўсіх намаганнях урада ў 5 зах. губернях на хутары і адрубы выйшла толькі 1/8сял. двароў. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам кулакі і сял. бедната. Адным з элементаў С.а.р. было заахвочванне ўрадам сял.перасяленства. У 1906—16 з еўрап. часткі краіны ў Сібір і на Д. Усход перасялілася 3134,8 тыс.чал., у т. л. з 5 зах. губерняў — 335,4 тыс.чал. (11,6% перасяленцаў з еўрап. часткі імперыі). З іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. З 1910, калі ў сялянства з’явіліся надзеі на атрыманне панскай зямлі, перасяленні рэзка скараціліся. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала сял. бедната. Царская адміністрацыя не змагла належным чынам арганізаваць перасяленчую справу, аказаць істотную грашовую дапамогу перасяленцам. У выніку значная частка іх вымушана была вяртацца ў родныя мясціны. У 1907—14 з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 546,6 тыс. (17,4%) перасяленцаў, у т. л. ў 5 зах. губерняў — 36,5 тыс. (10,9%). Перасяленчая палітыка царызму не дасягнула мэты.
С.а.р. садзейнічала абеззямеленню бяднейшых слаёў сялян (якія былі вымушаны прадаваць кулакам атрыманыя ва ўласнасць землі) і канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках сял. буржуазіі. Адносна адсталая рас.прам-сць не магла прыняць у якасці рабочай сілы масу малазямельнага і беззямельнага сялянства, што захоўвала і ўзмацняла высокі ўзровень сац. напружанасці ў вёсцы. У эканам. плане С.а.р. мела прагрэсіўнае значэнне, бо паскарала рост капіталізму ў вёсцы, стварала новыя магчымасці для ўздыму с.-г. вытв-сці; расла прадукцыйнасць працы, развівалася гандл. земляробства. З выхадам на хутары і адрубы зменшыліся цераспалосіца, дробнапалосіца і далёказямелле сял. палёў, што садзейнічала развіццю сял. гаспадаркі. Аднак рэформа не прывяла да карэнных сац.-эканам. зрухаў, не вырашыла агр. пытання і не змагла прадухіліць наспяванне новай рас.бурж.-дэмакр. рэвалюцыі. Абсалютная большасць сял. гаспадарак не мела магчымасці карыстацца агранамічнай і тэхн. дапамогай, каап. крэдытам і інш. С.а.р. пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, панскіх латыфундый, за кошт згалення сял. мас. Афіцыйна яна спынена пастановай Часовага ўрада ад 28.6(11.7).1917.
Літ.:
Дубровский С.М. Столыпинская земельная реформа. М., 1963;
Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;
Аврех А.Я. П.А.Столыпин и судьбы реформ в России. М., 1991;
Зайцева Л.И. Аграрная реформа П.А. Столыпина в документах и публикациях конца XIX — начала XX в. М., 1995;
Теляк Л.В. Столыпинская аграрная реформа: Историогр. (1906—1917 гт.). Самара, 1995. Тюкавкин В.Г. Великорусское крестьянство и Столыпинская аграрная реформа. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫЯ
Ва ўмовах Беларусі меліярацыя — адзін з найважнейшых сродкаў інтэнсіфікацыі с.-г. вытв-сці. Тэрыторыя краіны адносіцца да зоны залішняга ўвільгатнення: 2,5 млн.га (больш за 12%) займаюць балоты; меліярацыі (гідратэх., хім., супрацьэразійнай, тэхн., глебаахоўнай) і культуртэхн. мерапрыемстваў патрабуюць амаль усе с.-г. ўгоддзі.
Першыя асушальныя работы на Беларусі праведзены ў 1856—62 на землях Горы-Горацкага земляробчага ін-та з выкарыстаннем ганчарнага дрэнажу. У 1873—98 Зах. экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам ген. І.І.Жылінскага праклала на Палессі каналы праз вялікія балотныя масівы. Мэтай экспедыцыі было паляпшэнне прыродных сенажацей і лясных угоддзяў, стварэнне шляхоў для сплаву лесу. Аб’ектамі асушэння былі пераважна казённыя лясныя дачы, землі памешчыкаў і царскіх чыноўнікаў, у нязначнай колькасці і толькі ў выпадках неабходнасці — землі сялян. Паводле ацэнак І.І.Жылінскага, у сферу дзейнасці Зах. экспедыцыі ўваходзілі больш за 3,2 млн.га зямель. Было асушана цалкам або часткова 26 казённых дач у Мінскай, 7 у Гродзенскай і 17 у Валынскай губ., пракладзена каля 5 тыс.км каналаў. Асушаныя плошчы адводзіліся пад сенажаці або заставаліся пад лесам, пад ворыва землі асушаліся толькі ў якасці спробы. У савецкі час меліярацыя вялася з мэтай выкарыстання асушаных зямель пад пасевы с.-г. культур, у якасці культурнай пашы і сенажацей. У 1920—30 праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл., пераважна сіламі працоўных камун і меліярацыйнымі т-вамі. Камуна імя БВА, створаная ў 1929, стала адной з лепшых калект. гаспадарак рэспублікі. У даваенны перыяд асушалі пераважна буйныя балотныя масівы на Пд Беларусі. Да 1941 асушана 240 тыс.га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс.га асвоена; каналізавана і палепшана 300 тыс.га. Разбураная ў Вял.Айч. вайну меліярацыйная сетка да 1950 адноўлена. Пазней вяліся работы па меліярацыі балот у бас. рэк Іпа, Вузлянка, Трэмля, Вісліца, Волма, Дзвінскага канала і інш. Да 1965 плошча зямель з асушальнай сеткай павялічылася да 1,1 млн.га. З 1958 выкарыстоўваўся пераважна закрыты дрэнаж, да 1966 гэтым спосабам асушана 158 тыс.га. З 1960-х г. маштабы меліярацыйных работ рэзка пашырыліся, асабліва на Бел. Палессі. Паводле рашэння майскага (1966) пленума ЦККПСС аб развіцці меліярацыі ў СССР былі створаны будаўнічыя і эксплуатацыйныя меліярацыйныя арганізацыі, перасоўныя механізаваныя калоны па асушэнні зямель, на патрэбы меліяратараў выдзелены вялікія грашовыя сродкі. Для каардынацыі і развіцця меліярацыйных работ у Пінску арганізавана Гал. ўпраўленне «Галоўпалессеводбуд». У 1970 вызначаны прынцыповыя пазіцыі развіцця меліярацыі зямель на Беларусі: зберажэнне арганічнага рэчыва і павышэнне ўрадлівасці глеб, захаванне і назапашванне водных рэсурсаў, рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне меліярацыйных зямель, будаўніцтва асушальна-ўвільгатняльных сістэм, прагрэсіўныя спосабы меліярацыі (арашэнне, польдэрныя сістэмы, рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), удасканаленне арганізацыі меліярацыйнага будаўніцтва, распрацоўка навук. праблем уплыву меліярацыі на навакольнае асяроддзе. З 1970 павялічылася доля закрытага дрэнажу, сістэм 2-баковага рэгулявання воднага рэжыму, арашэння, вырасла капітальнасць меліярацыйных сістэм. Рэгуляваліся сцёкі рэк, ствараліся сажалкі, вадасховішчы для назапашвання вады і арганізацыі рыбнай гаспадаркі (Любанскае, Салігорскае, Пагосцкае вадасховішчы, рыбакамбінаты «Любань», «Чырвоная Слабада» ў Мінскай вобл., «Сялец», «Навасёлкі» ў Брэсцкай вобл. і інш.). Будаўніцтва ажыццяўлялася на падставе схем комплекснага выкарыстання і аховы водна-зямельных рэсурсаў на водазаборах рэк. Распрацаваны схемы меліярацыі тэр. Палесся, для водазабораў Зах. Буга, Бярэзіны, Свіслачы, Ушы і інш. (агульная іх плошча каля 11 млн.га). Складзена схема работ па ахове асушаных зямель ад эрозіі. На меліяраваных землях пракладзены дарогі, створаны новыя дзярж. гаспадаркі. Шырока ўкараняўся новы від меліярацыі — арашэнне і абвадненне. Для навук. абгрунтавання і кіравання меліярацыяй створаны шэраг устаноў (Белдзіправадгас, Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў), для эксплуатацыі меліярацыйных сістэм — міжраённыя ўпраўленні. Асн.навук. дасягненні ў галіне меліярацыі змяшчаліся ў міжведамасных зборніках «Праблемы Палесся». У 1980-я г. распрацоўваліся планы шырокай меліярацыі Бел. Паазер’я на аснове метадаў, што выкарыстоўваліся ў Бел. Палессі, але навук. грамадства, экалагічныя арганізацыі выступілі супраць такога падыходу. Пасля ўтварэння незалежнай Рэспублікі Беларусь аб’ёмы меліярацыйных работ значна скараціліся, частка меліярацыйных асушальна-абвадняльных сістэм патрабуе рэканструкцыі.
Шырокамаштабная меліярацыя дала штуршок развіццю сельскай гаспадаркі краіны, на меліяраваных землях у першыя гады іх выкарыстання атрымлівалі высокія ўраджаі с.-г. культур. Але разам са станоўчымі вынікамі ў вытв-сці праявіліся негатыўныя працэсы. Асушэнне тарфяна-балотных глеб парадзіла шэраг экалагічных праблем, у іх ліку мінералізацыю торфу, паскарэнне дэградацыі глеб, павелічэнне частаты засух і замаразкаў, парушэнне воднага рэжыму. Буйная і дагэтуль нявырашаная праблема — дэградацыя тарфяна-балотных глеб з-за паскоранага разбурэння іх арганічнага рэчыва. У наш час на Беларусі дэградзіравалі каля 223 тыс.га тарфянікаў, на якіх слой торфу разбураны поўнасцю або складае менш за 30 см. Пры меліярацыі ў сувязі з будаўніцтвам каналаў і інш. гідратэхн. збудаванняў адбываецца карэннае змяненне рэльефу, істотна мяняецца водны рэжым не толькі на аб’екце асушэння, але і на сумежных землях (на адлегласці 7—10 км). Пры с.-г. асваенні меліяраваных зямель адбываецца знішчэнне дзікай балотнай расліннасці і замяшчэнне яе культурнай расліннасцю ці пустазеллем, карэнным чынам мяняецца жывёльны свет балот. Для захавання прыродных комплексаў ствараюцца асабліва ахоўваемыя тэрыторыі (запаведнікі і заказнікі), нац. паркі, дзе правядзенне меліярацыі цалкам забараняецца або істотна абмяжоўваецца.
На Беларусі асушана 3,4 млн.га (16,4% тэрыторыі), у т. л. больш за 1 млн.га балот. Меліяравана 40% ворыва, 28% сенажацей, 27% пашы і інш. (5%) с.-г. зямель. На Бел. Палессі асушана больш за 40% забалочаных тэрыторый. Вырашэннем навук. праблем меліярацыі ў наш час займаецца БелНДІ меліярацыі і лугаводства (б.Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі), канцэрн Белдзіправадгас і інш.
Літ.:
Науменко В.Я., Жмойдяк Р.А. Сельское хозяйство Белоруссии. Мн., 1988;
Клюня В.Л. Агропромышленный комплекс в условиях переходной экономики. Мн., 1999;
Нацыянальны атлас Беларусі. Мн., 2003.
Г.С.Смалякоў.
Меліярацыйная сістэма ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНОМІКА ПРАМЫСЛОВАСЦІ
Эканоміка прамысловасці як навука на Беларусі пачала развівацца ў пач. 20 ст. З 1921 гэтымі пытаннямі займаліся на эканам. аддзяленні ф-та грамадскіх навук БДУ, з 1922 — у Ін-це бел. культуры (з 1929 Бел.АН). Распрацоўваліся пераважна метадалагічныя асновы і методыка фарміравання новых галін прамысловасці, праблемы рацыянальнага спалучэння экстэнсіўнага і інтэнсіўнага тыпаў расшыранага ўзнаўлення. У пасляваенны час у Ін-це эканомікі АН Беларусі і Бел. ін-це нар. гаспадаркі даследаваліся структура, эканоміка асн. галін нар. гаспадаркі рэспублікі, эфектыўнасць капітальных укладанняў і новай тэхнікі ў прамысловасці (М.І.Вядута, Г.Ц.Кавалеўскі, І.М.Качура, С.М.Малінін, І.Ц.Чарняўскі і інш.). Вывучаліся рэзервы прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, праблемы ўмацавання фінансаў прамысл. прадпрыемстваў і гасп. разліку, асн. фондаў і капітальных укладанняў у прамысловасць, тэхн. прагрэсу і асваення новай прадукцыі (Л.Е.Баранава, Г.В.Грэк, Ф.А.Дронаў, Т.С.Карачун, М.С.Куняўскі, В.І.Клецкі, В.А.Мухіна, А.М.Пашкевіч, А.С.Сітнікаў, С.А.Ходас, М.М.Шатохіна і інш.). У сувязі з падрыхтоўкай у краіне гасп. рэформы і пераходам прадпрыемстваў на новыя ўмовы планавання і эканам. стымулявання ў 1960-я г даследаваліся крытэрыі ацэнкі дзейнасці прадпрыемстваў, метады іх колькаснага выражэння, паляпшэння сістэмы эканам. стымулявання прац. калектываў і асобных работнікаў (З.А.Анцуфрыева, В.І.Выбарнаў, А.Р.Гарадзецкі, А.Г.Заўялкаў, Э.Л.Лутохіна, В.С.Маўрышчаў, В.Ф.Рамашкін, Г.А.Рысіна, А.І.Ясінскі і інш.). У 1970-я г. вяліся даследаванні эканам. праблем навук.-тэхн. прагрэсу ў прамысловасці, удасканалення сістэм яго планавання і эканам. стымулявання, павышэння эфектыўнасці грамадскай вытворчасці на аснове інтэнсіфікацыі (Ф.В.Баравік, С.М.Гальдштэйн, К.І.Невельская, М.А.Плашчынскі і інш.).
Развіццё прамысловасці ў 1980—90-я г. стымулявала правядзенне навук. даследаванняў у галіне размяшчэння прамысловасці, рэгіянальных праблем, абгрунтавання метадаў ацэнкі і павышэння эфектыўнасці развіцця інфраструктуры рэгіёна, міжгаліновай вытворчасці, шляхоў вырашэння сац. праблем, абумоўленых развіццём прамысловасці (Л.В.Казлоўская, А.Д.Паўлава, В.С.Шымава, У.М.Шымаў). У Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі праведзены даследаванні па абгрунтаванні цаны на новую тэхніку, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання капіталаўкладанняў, зніжэнні матэрыялаёмістасці з мэтай актывізацыі выкарыстання якасных фактараў эканам. развіцця (П.А.Капітула, І.А.Міхайлава-Станюта, У.І.Тарасаў і інш.). У Навук.-доследным эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь (з прыцягненнем вядучых эканамістаў інш. арганізацый) праведзены комплекс навук. даследаванняў па ацэнцы перспектыў развіцця эканомікі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы, абгрунтаваны кірункі структурнай перабудовы эканомікі ў цэлым, у т. л. ў прамысловасці, распрацавана канцэпцыя і праграма яе развіцця (Я.М.Александровіч, З.А.Анцуфрыева, П.А.Капітула, І.А.Міхайлава-Станюта, В.У.Пінігін, У.М.Шымаў). Праводзіліся даследаванні па такіх важных кірунках, як рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнне і развіццё фін.-прамысл. груп, эколага-эканам. рэгуляванне, фарміраванне і рэалізацыя рэгіянальнай палітыкі, ацэнка ўплыву крызісаў і цыклічнасці на эканам. развіццё (І.М.Абрамаў, А.І.Лучанок, М.У.Мясніковіч, У.С.Фацееў, В.С.Шымава). Вывучаліся пытанні выкарыстання навук. патэнцыялу, яго трансфармацыі, эфектыўнасці навук. прац і інавацыйнай дзейнасці (Л.М.Крукаў, Э.Дз.Меяроўская, П.Г.Нікіценка, А.А.Слонімскі, І.І.Сяржынскі).
Эканам. праблемы навук.-тэхн. развіцця, венчурнай дзейнасці, фарміравання інавацыйнай інфраструктуры і рэгулявання інавацыйнай дзейнасці распрацоўваліся ў навук. праектах Рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў, Дзярж. камітэта Рэспублікі Беларусь па навуцы і тэхналогіях, дзярж. праграме «Сацыяльна-эканамічныя прыярытэты Рэспублікі Беларусь», якія былі выкананы пад кіраўніцтвам Л.М.Нехарошавай. У Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі распрацаваны комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь на 2001—20 (А.В.Маркаў, В.Ф.Мядзведзеў, П.Г.Нікіценка і інш.). Метадалаг. асновы фарміравання канцэпцыі развіцця прамысловасці даследуюцца на кафедры эканомікі прамысл. прадпрыемстваў Бел.дзярж.эканам. ун-та (навук. кіраўнік Л.М.Нехарошава). Падрыхтаваны падручнікі і навуч. дапаможнікі, якія ахопліваюць комплекс пытанняў па прагназіраванні і планаванні эканомікі, развіцці прамысл. рэгіёна (В.І.Барысевіч, Г.А.Кандаурава і інш.), асновах эканомікі і экалогіі прыродакарыстання (В.С.Шымава), цэнаўтварэнні (І.І.Паляшчук, В.В.Цярэшына), эканоміцы прадпрыемства (Л.М.Нехарошава і інш.), эканоміцы прадпрыемстваў канкрэтнай галіны прамысловасці (І.М.Бабук, У.І.Дзямідаў, В.І.Пахабаў, М.С.Сачко і інш.). Навук. і навучальную працу па эканоміцы прамысл. прадпрыемстваў вядзе кафедра эканомікі прамысл. прадпрыемстваў БДЭУ (заснавальнікі В.І.Выбарнаў, В.С.Маўрышчаў, К.І.Невельская), тут сфарміравана навук.-пед. школа па гэтым кірунку, развіваецца навукова-педагагічная школа па эканоміцы і кіраванні інавацыямі (Л.М.Нехарошава). Вучоныя-эканамісты ўдзельнічалі ў распрацоўцы нац. стратэгіі ўстойлівага сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь (Я.М.Александровіч, А.У.Багдановіч, І.В.Вайтовіч, Л.М.Крукаў, С.С.Палонік, С.П.Ткачоў, У.М.Шымаў і інш.). Актуальныя праблемы павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, эфектыўнасці знешнеэканам. дзейнасці Рэспублікі Беларусь даследуюць Я.М.Александровіч, П.Г.Нікіценка, В.У.Пінігін, С.С.Палонік і інш.
Літ.:
Ведута Н.И. Об экономической эффективности капитальных вложений в промышленности. Мн., 1960;
Боровик Ф.В., Плащинский Н.А. Образование фонда производственного накопления в промышленности. Мн., 1972;
Региональные проблемы развития инфраструктуры и межотраслевых производств. Мн., 1985;
Нехорошева Л.Н. Научно-технологическое развитие и рынок: регулирование, венчурная деятельность, инфраструктура. Мн., 1996;
Шимова О.С. Эколого-экономическое регулирование деятельности предприятий промышленности: вопросы методологии и практика переходного периода. Мн., 1998;
Методология формирования концепции развития промышленности Республики Беларусь. Мн., 2000;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Экономика развития промышленности региона. Мн., 2002;
Экономика предприятия. Мн., 2003;
Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Фатеев В.С. Региональная политика: теория и практика. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІЧНАЯ ТЭХНАЛОГІЯ
Даследчыя работы ў галіне хім. тэхналогіі на Беларусі пачаты ў 1930-я г. Першыя даследаванні праводзіліся ў ін-тах прам-сці, сельскай і лясной гаспадаркі, хіміка-тэхнал. (з 1933 у складзе БПІ), а таксама ў ін-тах хіміі і торфу АН Беларусі. Даследавалася магчымасць атрымання дубільных рэчываў з тарфяной смалы, распрацоўвалася і ўдасканальвалася тэхналогія гарбарнай (Ф.Г.Асіпенка), смола-шкіпінарнай вытв-сці. У пасляваенны час значна пашырылася тэматыка даследаванняў у галіне хім. тэхналогіі ў ін-тах АН Беларусі і ВНУ.
З канца 1970-х г. адзначана станоўчая дынаміка навук.-інавацыйнай дзейнасці, накіраванай на стварэнне і ўкараненне новых хім. тэхналогій.
У Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі акад. М.А.Безбародавым, У.С.Камаровым, М.М.Паўлючэнкам, І.М.Ярмоленкам, М.Ф.Ярмоленкам закладзены фундаментальныя асновы і распрацаваны новыя метады сінтэзу такіх неарган. матэрыялаў з зададзенымі хім. ўласцівасцямі і структурнымі параметрамі, як гарачатрывалыя матэрыялы, высокатэмпературныя звышправаднікі, керамічныя і шклопадобныя матэрыялы, цвёрдыя і вадкія іаніты, ультрафільтрацыйныя мембраны. На аснове даследаванняў па кінетыцы і механізме цвердафазных рэакцый неарган. фасфатаў (Я.А.Продан) прапанаваны шэраг фасфатных матэрыялаў, фунгіцыдаў, дэтэргентаў, люмінафораў і інш. Распрацаваны метады сінтэзу тэрмастабільных сітаватых адсарбентаў шпінельнай структуры, цэалітазмяшчальных каталізатараў, вугляродных адсарбентаў (У.С.Камароў, А.І.Рацько), калійных і фосфарных мінер.удабрэнняў угнаенняў* (М.П.Круцько, Ф.Ф.Мажэйка).
У Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам акад. Б.В.Ерафеева, М.С.Казлова, У.С.Салдатава, чл.-кар. Ю.А.Альдэкопа распрацаваны тэхналогіі вырабу ультра- і мікрафільтрацыйных мембран; прапанаваны тэхналогіі і арганізавана вытв-сць хімічна актыўных тэкстыльных матэрыялаў і фільтрацыйнага абсталявання для ачысткі паветра; распрацавана універсальная тэхналогія вылучэння біялагічна актыўных рэчываў з водных асяроддзяў і прадуктаў мікробнага сінтэзу; створаны тэхналогіі атрымання чыстых амінакіслот і лекавых прэпаратаў на іх аснове (з-дмед. прэпаратаў, г. Скідзель); распрацаваны штучныя глебы для раслін, тэхналогія вырабу заменнікаў плазмы крыві.
У Ін-це біяарган. хіміі Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам акад. А.А.Ахрэма, А.А.Стральчонка распрацаваны метады і сродкі імунахім. мікрааналізу і радыеімуналагічнага аналізу, тэхналогіі вытв-сці супрацьлейкозных, антыснідавых і інш. прэпаратаў.
У Ін-це выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі распрацавана тэхналогія вырабу грануляваных арганамінеральных удабрэнняў угнаенняў* і воску з торфу, вугляродных сарбентаў, кармавых дабавак і дражджэй; створаны шэраг гумусавых прэпаратаў для ачысткі прамысл. абсталявання ад радыенуклідаў (М.М.Бамбалаў, П.І.Бялькевіч, І.І.Ліштван, У.Ф.Логінаў, А.А.Цярэнцьеў).
У Ін-це хіміі новых матэрыялаў Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам акад. У.Я.Агабекава распрацаваны тэхналогіі вырабу новых фотаадчувальных матэрыялаў, паляроідных плёнак, вадкакрышталічных кампазіцый, аптычных адбельвальнікаў, паверхнева-актыўных рэчываў і інш. прадуктаў малатанажнай хіміі.
У НДІбуд. матэрыялаў Мінбудархітэктуры распрацаваны працэсы вытв-сці буд. і абліцовачных керамічных матэрыялаў з мясц. сыравіны (І.М.Белавус, В.М.Летфурахманаў), цеплаізаляцыйных вогнетрывалых матэрыялаў (Б.Б.Барысаў, М.П.Садчанка), сітаватых напаўняльнікаў і лёгкіх бетонаў на іх аснове, воданепранікальнай керамікі для труб дрэнажных і арашальных сістэм (С.Р.Караткевіч, Л.К.Пятроў).
Найважнейшыя распрацоўкі, выкананыя ў Бел.тэхнал. ун-це: тэхналогія перапрацоўкі фасфатнай сыравіны (М.І.Кузьмянкоў, У.В.Пячкоўскі); атрыманне сплаваў з дапамогай нізкатэмпературнай плазмы (М.А.Свідуновіч); тэхналогія шкла, розных гатункаў керамікі, керамічных пігментаў і палівы (Н.М.Бабкова, І.А.Лявіцкі, І.У.Пішч, В.М.Яглоў); атрыманне аксідных высокатэмпературных звышправодных злучэнняў і новых ферамагнітных матэрыялаў (Л.А.Башкіраў); тэхналогія сінтэзу сарбентаў і іх выкарыстання для глыбокай ачысткі газавых выкідаў і сцёкавых вод (В.П.Глыбін, Т.А.Жарская, В.М.Марцуль, А.А.Чэрнік); тэхналогіі і абсталяванне па здабыванні каляровых і каштоўных металаў з прамысл. адходаў, новыя матэрыялы для электродаў гальванічнай вытв-сці (В.Б.Драздовіч, І.М.Жарскі, Н.П.Іванова, М.С.Капіца, М.Л.Смоляг); каталітычны сінтэз фурфуролу, атрыманне тэрпенамалеінавых смол і клеявых саставаў для гідрафабізацыі (І.І.Бардышаў, Г.М.Горскі, А.І.Ламоткін, Я.П.Марозаў, Т.В.Салаўёва).
У БДУ (хім. факультэт і НДІфіз.-хім. праблем) распрацаваны працэсы хім. і электрахім. асаджэння металаў і сплаваў, якія ўкаранёны ў прам-сць (Т.М.Вараб’ёва, Т.В.Гаеўская, Л.І.Сцяпанава), працэсы вырабу металізаваных шаблонаў з выкарыстаннем рэакцый хім. асаджэння металаў з раствораў, а таксама токаправодных малюнкаў пячатных плат без выкарыстання фотарэзістаў (Т.М.Вараб’ёва, В.Г.Сакалоў, Л.І.Сцяпанава). Прапанаваны спрошчаныя тэхналогіі вырабу тэрмакаталітычных і паўправадніковых газавых сенсараў (Г.А.Браніцкі, М.І.Іваноўская, Дз.І.Мычко). Распрацаваны: керамічныя матэрыялы для высокатэмпературных электрахім. прылад, напр., кіслародныя сенсары, паліўныя элементы (А.А.Вечар, Я.М.Навумовіч); высокаэфектыўныя матэрыялы для тушэння лясных пажараў і торфу, а таксама кампаненты паліў з адначасовай значнай энергаёмістасцю і высокай тэрмастабільнасцю (В.У.Багданава, А.І.Лесніковіч); метады сінтэзу гарачатрывалых фасфатных сувязных, што выкарыстоўваюцца ў касм. і ваен. тэхніцы (К.М.Лапко, В.Ф.Цікавы). Атрыманы фасфатныя матэрыялы, якія валодаюць выбіральнымі іонаабменнымі ўласцівасцямі і эфектыўна сарбіруюць газападобныя рэчывы асн. характару (У.А.Люцко, У.О.Шаблоўскі). Прапанаваны шэраг спосабаў атрымання новых цэлюлозных матэрыялаў з рэгулюемай структурай, у т. л. шэраг мед. прэпаратаў, тэхналогіі нафтапалімерных смол для вытв-сці лакафарбавых і буд. матэрыялаў (Л.В.Гапонік, Я.У.Герт, Ф.М.Капуцкі, В.П.Мардыкін, Т.Л.Юркштовіч). Распрацаваны тэхналогіі гідрагеляў для сельскай гаспадаркі, дызельнага біяпаліва, водарастваральных палімераў для грануляваных мінер.удабрэнняў угнаенняў* (Л.П.Круль, П.А.Матусевіч, У.У.Сімірскі).
Літ.:
Кузьменков М.И. Химия и технология метафосфатов. Мн., 1983;
Химические проблемы создания новых материалов и технологий: Сб. ст.Вып. 1—2. Мн., 1998—2003;
Витязь П.Н., Иванко В.С., Ильюшенко А.Ф. Теория и практика нанесения защитных покрытий. Мн., 1998;
Материалы конференции «Новейшие достижения в области импортзамещения в химической промышленности и производстве строительных материалов». Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс.км². Нас. 13972,5 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г.Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).
Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-растудз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-рачэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.
Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс.чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).
Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст.н.э.тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл.Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб.халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).
У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.
У выніку ўзбр.нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар.Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэннекалект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г.ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс.га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс.т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн.т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд.м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн.т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн.т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн.т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд.кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс.км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд.дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд.дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр.Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст.н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Йемена.Да арт.Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.Да арт.Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭХАСЛАВА́КІЯ (Československo),
дзяржава ў цэнтр. Еўропе ў 1918—92 на тэр. сучасных Чэхіі і Славакіі. Пл. 128 тыс.км², нас. (1986) 15,5 млн.чал., з якіх чэхаў 64%, славакаў 31%. Узнікла на чэш. і славацкіх землях Аўстра-Венгрыі ў выніку нац.-вызв. барацьбы чэхаў і славакаў, якая ўзмацнілася напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. У 1915 чэш.паліт. дзеячы стварылі за мяжой Чэш.к-т дзеяння. Восенню 1915 заключаны дагавор паміж прадстаўнікамі Славацкай лігі і Чэш.нац. аб’яднання ў ЗША пра будучае аб’яднанне чэхаў і славакаў у федэратыўным саюзе дзяржаў. У маі 1916 пад кіраўніцтвам чэха Т.І.Масарыка і славака М.Штэфаніка Чэш.к-т дзеяння пераўтвораны ў Чэхаславацкі нац. савет (ЧНС). Восенню 1916 прадстаўнікі чэш. партый стварылі Чэш. саюз у Вене і Нац.к-т у Празе. Летам 1918 урады краін Антанты прызналі ЧНС у якасці ўрада будучай дзяржавы чэхаў і славакаў. Нац.к-т у Празе 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Ч. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет (у г. Марцін), які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне Славакіі ад Венгрыі. 13.11.1918 зацверджана часовая канстытуцыя Чэхаславацкай Рэспублікі (першы прэзідэнт Масарык, першы прэм’ер-міністр К.Крамарж), межы якой вызначылі Версальскі мірны дагавор 1919, Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 і Трыянонскі мірны дагавор 1920. Акрамя чэш. і славацкіх зямель у яе склад увайшла населеная пераважна ўкраінцамі і венграмі Падкарпацкая Русь, на якую напачатку прэтэндавала і Венгрыя. Канфлікт з Польшчай з-за багатай вугалем Цешынскай Сілезіі вырашыўся ў 1920 падзелам яе паміж дзвюма дзяржавамі. У Ч. ў 1920 пражывала 13,5 млн.чал., у т. л. 7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў, 3 млн. немцаў. У складаных міжнар. умовах Славакіяй у студз. 1919 у Браціславе створана мін-ва па справах Славакіі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. На тэр. Ч. было сканцэнтравана амаль 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі, што спрыяла хуткаму пераадольванню наступстваў вайны. Аднак эканам. развіццё розных частак Ч. было вельмі нераўнамернае. У адрозненне ад прамысл. развітай Чэхіі, Славакія заставалася пераважна с.-г. краінай са слабаразвітай прам-сцю, якая не вытрымлівала канкурэнцыі чэш. прадпрыемстваў і разаралася. Гэтая нераўнамернасць захоўвалася да канца існавання Ч. і, разам з нац.-культ. і нац.-паліт. фактарамі, згубна адбівалася на ўстойлівасці дзяржавы.
У лют. 1920 Часовы нац. сход прыняў канстытуцыю Ч., якая ўзаконіла ўжо сфарміраваную паліт. сістэму парламенцкай рэспублікі. Да сак. 1939 змянілася 20 урадаў, якія з 1922 узначальваліся ў асн. лідэрамі найб. шматлікай і ўплывовай у краіне Агр. партыі. Значным уплывам карысталіся таксама партыі: права-кансерватыўная Нац.-дэмакр., С.-д., Сацыяліст., Чэхаславацкая нар., Камуніст. (КПЧ, засн. ў 1921); у Славакіі найб. значнай была Хрысц.нар. партыя А.Глінкі. Ва ўмовах частай змены ўрадаў рэальная паліт. ўлада ў Ч. канцэнтравалася ў пазапарламенцкіх групоўках «Град», «Пяцёрка», «Васьмёрка», якія складаліся з лідэраў асн.паліт. партый. У 1920—30-я г. назіралася тэндэнцыя да ўзмацнення паўнамоцтваў прэзідэнта і ўрада. Масарыка, які памёр у 1935, змяніў на пасадзе прэзідэнта яго паплечнік па нац.-вызв. барацьбе Э.Бенеш. Прэм’ер-міністрам стаў аграрый М.Годжа. Да канца 1920-х г. у Ч. ў асн. завершана памяркоўная агр. рэформа, якая перадала сялянам за выкуп каля 150 тыс.га зямель буйных землеўладальнікаў (у іх засталося каля 40% зямельных угоддзяў краіны). Прам-сць у 1924—29 паспяхова развівалася, але эканам. крызіс пач. 1930-х г. прывёў да спаду вытв-сці на 40% і масавага беспрацоўя (1 млн.чал. у 1933). У 1937 аб’ём прамысл. вытв-сці толькі наблізіўся да дакрызіснага. У знешняй палітыцы Ч. арыентавалася на ўмацаванне адносін з Францыяй, з якой у 1924 заключыла ваен.-паліт. саюз. У 1920—21 створаны ваен. саюз Ч. з Румыніяй і Югаславіяй — Антанта малая. Лакарнскія дагаворы 1925 ускладнілі знешнепаліт. становішча Ч. У 1934 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР, у 1935 падпісаны дагавор аб узаемадапамозе. У сярэдзіне 1930-х г. ўзмацніўся ўплыў КПЧ і правых партый. Прагерм. Судэта-ням. партыя К.Генлейна патрабавала шырокай аўтаноміі для паўн. і паўн.-зах. раёнаў Ч., заселеных пераважна немцамі, скасавання дагавораў з СССР і Францыяй. Адначасова ўзмацніліся сепаратысцкія настроі ў Славакіі. Каб даць падставу для ўмяшання Германіі, генлейнаўцы ў ноч на 12 вер. 1938 арганізавалі ўзбр. мяцеж, які быў падаўлены. Аднак паводле навязаных Ч. Вялікабрытаніяй і Францыяй умоў Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія 1.10.1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. пагранічныя раёны Ч. з пераважна ням. насельніцтвам. 2.10.1938 Польшча прымусіла Ч. аддаць ёй Цешынскую вобл. Паводле Венскага арбітражу 1938 Венгрыя 2.11.1938 захапіла паўд. раёны Славакіі і ч. Падкарпацкай Русі. У выніку Ч. страціла 1/3ч. сваёй тэр., 40% прам-сці, пагранічныя ўмацаванні і апынулася ў эканам. і паліт. залежнасці ад Германіі. Э.Бенеш пайшоў у адстаўку, прэзідэнтам выбраны Э.Гаха. Ён і ўрад т.зв. другой рэспублікі атрымалі права мяняць канстытуцыю. Па патрабаванні славацкіх і ўкр.паліт. дзеячаў былі створаны аўт. земскія ўрады Славакіі на чале з І.Цісам і Падкарпацкай Русі на чале з А.Бродзіем. У ходзе канфлікту з цэнтр. урадам славацкі сейм па ўказанні Германіі 14.3.1939 абвясціў «Незалежную Славацкую дзяржаву» на чале з прэзідэнтам Цісам. 15.3.1939 Гаха падпісаў у Берліне прапанаваны А.Гітлерам акт аб скасаванні «нежыццяздольнай» Ч. і ням.-фаш. войскі акупіравалі Чэхію і Маравію, дзе 16.3.1939 створаны т.зв. Пратэктарат Багемія і Маравія — нібыта аўт. ўтварэнне на чале з герм. імперскім пратэктарам К. фон Нейратам. Немцы пратэктарата абвяшчаліся герм. грамадзянамі. Падкарпацкую Русь захапіла Венгрыя. Пад кіраўніцтвам Бенеша ў 1939 у Парыжы створаны Чэхаславацкі нац.к-т (пазней ён пераехаў у Лондан, летам 1940 пераўтвораны ў Часовы ўрад Ч.). У эміграцыі створаны таксама Дзярж. савет Ч., які выконваў функцыі парламента. Бенеш прызнаны прэзідэнтам Ч. на эміграцыі. Урад СССР 18.7.1941 заключыў з чэхаславацкім эмігранцкім урадам пагадненне аб ваен. супрацоўніцтве і 12.12.1943 дагавор аб дружбе, узаемадапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве, якія прадугледжвалі аднаўленне Ч. ў дамюнхенскіх межах. На тэр.СССР з 1942 фарміраваліся чэхаславацкія вайск. часці, аб’яднаныя ў 1944 у армейскі корпус (камандзір — ген. Л.Свобада), які ўдзельнічаў у вызваленні Ч. У сак. 1945 у Маскве прадстаўнікі Бенеша дамовіліся з кіраўніцтвам КПЧ і дэлегацыяй Славацкага нац. савета пра стварэннеНац. фронту чэхаў і славакаў (НФ; увайшлі КПЧ, Кампартыя Славакіі, чэхаславацкія Нац.-сацыяліст., С.-д., славацкія Нар. і Дэмакр. партыі) і яго праграму. 4.4.1945 у вызваленым Чырв. Арміяй славацкім г. Кошыцы абвешчана аб стварэнні ўрада НФ і апублікавана праграма пасляваен. ўладкавання дзяржавы. Пасля поўнага вызвалення краіны ад ням. фашыстаў (май 1945) адноўлена Чэхаславацкая Рэспубліка. Паводле пагаднення паміж ёй і СССР ад 29.6.1945 Падкарпацкая Русь далучана да Укр. ССР. На аснове рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945ням. насельніцтва Ч. выселена ў Германію.
У адноўленай дзяржаве ролю парламента напачатку выконваў Часовы нац. сход (200 дэп. ад Чэхіі, 100 — ад Славакіі), кіруючай паліт. сілай быў НФ на чале з лідэрам КПЧ К.Готвальдам. Вял. паўнамоцтвамі карыстаўся прэзідэнт Бенеш (афіцыйна выбраны 19.6.1946). Адносіны цэнтр. і славацкіх дзярж. органаў рэгуляваліся спец. пагадненнямі, якія абмяжоўвалі паўнамоцтвы славацкага кіраўніцтва. На выбарах ва Устаноўчы сход (май 1946) камуністы атрымалі 114 дэпутацкіх месцаў з 300, новы ўрад узначаліў Готвальд. У 1945—47 праведзена агр. рэформа (канфіскаваны і перададзены ў прыватную ўласнасць сялянам землі немцаў, калабарацыяністаў і буйныя маёнткі), нацыяналізаваны горная, металургічная прам-сць, энергетыка, банкі. У лют. 1948 у знак нязгоды з курсам Готвальда на працяг нацыяналізацыі 12 міністраў з 26 падалі ў адстаўку. Аднак КПЧ арганізавала шматтысячныя маніфестацыі ў сваю падтрымку і стварыла рабочую міліцыю, якая паралізавала дзейнасць апазіцыйных партый. Бенеш быў вымушаны пагадзіцца на захаванне ўрада, адстаўку 12 міністраў і замену іх стаўленікамі Готвальда. Улада фактычна перайшла да КПЧ і яе прыхільнікаў у НФ. 9.5.1948 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла Ч. нар.-дэмакр. рэспублікай чэхаў і славакаў. На выбарах у Нац. сход 30.5.1948 НФ атрымаў 93% галасоў. Пасля адстаўкі Бенеша (7.6.1948) прэзідэнтам Ч. выбраны Готвальд (1948—53). У 1948 нацыяналізаваны прамысл. прадпрыемствы, у якіх працавала больш за 50 чал. (на прыватных прадпрыемствах засталося 5% работнікаў), канфіскаваны ўсе зямельныя ўладанні, большыя за 50 га. IX з’езд КПЧ (май 1949) прыняў генеральную лінію на пабудову ў Ч. асноў сацыялізму на сав. ўзор. Ч. ўступіла ў Савет эканамічнай узаемадапамогі (1949), падпісала Варшаўскі дагавор 1955. Працэс сацыяліст. перабудовы эканомікі і грамадства суправаджаўся паліт. рэпрэсіямі, якія працягваліся да сярэдзіны 1950-х г. і ахапілі каля 70 тыс.чал. (27 тыс.чал. загінулі); сярод рэпрэсіраваных старшыня аўтаномнага ўрада Славакіі Г.Гусак і Ген. сакратар ЦК КПЧ Р.Сланскі. Фармальна захоўвалася шматпартыйнасць (у рамках НФ), фактычна ж існавала дыктатура КПЧ. Пасля смерці Готвальда КПЧ у 1953—68 узначальваў яго прыхільнік А.Новатны; прэзідэнтам Ч. ў 1953—57 быў А.Запатоцкі, у 1957—68 — Новатны. У ліп. 1960 прынята новая канстытуцыя Ч., якая замацавала курс КПЧ на «пабудову камунізму», краіна стала наз. Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікай (ЧССР). У канцы 1960-х г. нарасталі крызісныя з’явы ў эканоміцы, абумоўленыя заганамі адміністрацыйна-каманднай сістэмы, абвастрылася нац. пытанне. У студз.-сак. 1968 Новатны адхілены ад пасад 1-га сакратара ЦК КПЧ і прэзідэнта краіны. Новае кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК КПЧ А.Дубчакам (1968—69) і прэзідэнтам ЧССР ген. Л.Свобадай (1968—75) спрабавала рэфармаваць эканоміку і грамадскае жыццё «зверху» ў дэмакр. духу (гл.«Пражская вясна»), аднак гэтаму перашкодзілі ўвод (жн. 1968) у Ч. войск СССР і інш. краін — членаў Варшаўскага дагавора, акрамя Румыніі, і інш. формы націску з боку кіраўніцтва КПСС. Рэфарматарскае кіраўніцтва КПЧ у 1969 адхілена, пад кіраўніцтвам Г.Гусака (з 1969 1-ы, з 1971 Ген. сакратар ЦК КПЧ, з 1975 адначасова прэзідэнт ЧССР) пачаўся працэс «нармалізацыі». Паводле канстытуцыйнага закона аб федэрацыі (27.10.1968) Ч. ператворана ў федэрацыю раўнапраўных і суверэнных сацыяліст. рэспублік — Чэшскай і Славацкай. Вышэйшым заканад. органам ЧССР стаў двухпалатны Федэральны сход, які складаўся з Нар. палаты (200 дэп.) і Палаты нацыянальнасцей (па 75 дэп. ад Чэхіі і Славакіі). Федэральны сход выбіраў прэзідэнта краіны. У канцы 1970-х г. на фоне эканам. цяжкасцей узніклі арг-цыі дысідэнтаў «Хартыя—77», «Камітэт абароны незаконна асуджаных» і інш. З пачаткам перабудовы ў СССР аналагічныя працэсы разгарнуліся і ў Ч., хоць кіраўніцтва КПЧ імкнулася замарудзіць іх. У 1987 Гусак заменены на пасадзе ген. сакратара ЦК КПЧ М.Якешам. З жн. 1988 адбываліся амаль няспынныя мітынгі і дэманстрацыі апазіцыі. У ходзе «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 КПЧ страціла манаполію на ўладу, сфарміраваны пераходны ўрад (камуністы, беспартыйныя, сацыялісты, прадстаўнікі нар. партыі) на чале з М.Чалфай. У снеж. 1989 Гусак пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта, новым прэзідэнтам выбраны лідэр Грамадзянскага форуму В.Гавел, старшынёй Федэральнага сходу — А.Дубчак. У чэрв. 1990 адбыліся свабодныя выбары ў парламент, сфарміраваны ўрад з прыхільнікаў радыкальных рыначных рэформ. Восенню 1990 прыняты закон аб рэстытуцыях (вяртанні нацыяналізаванай маёмасці б. уладальнікам). Незадаволенасць славацкіх палітыкаў формай федэрацыі прывяла да яе рэфармавання законам ад 1.12.1990: б.ч. паўнамоцтваў перайшла ад федэральных органаў улады да рэсп., дзяржава пачала наз. Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікай (ЧСФР). Эканам. цяжкасці і беспрацоўе ў пач. 1990-х г. абвастрылі супярэчнасці ў пытанні аб тэмпах і метадах эканам. рэформ паміж урадам Чэхіі і Славакіі. Вясной 1992 на парламенцкіх выбарах у Чэхіі перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя прыхільнікаў радыкальных рэформ і захавання федэрацыі, у Славакіі — леваарыентаваны Рух за дэмакр. Славакію, які выступаў за поўны суверэнітэт Славакіі. Перагаворы паміж кіраўнікамі чэш. (В.Клаўс) і славацкага (У.Мечыяр) урадаў аб умовах захавання федэрацыі былі безвыніковымі. В.Гавел, пасля няўдалай спробы выбрання ў парламенце на новы тэрмін, 20.7.1992 падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта ЧСФР. 25.11.1992 Федэральны сход прыняў закон, у адпаведнасці з якім ЧСФР 31.12.1992 спыніла існаванне, на яе тэр. ўтварыліся 2 незалежныя дзяржавы — Чэхія і Славакія.
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н.В. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европейских наций. М., 1993.