СЕ́ГЕРСТАМ (Segerstam) Лейф Селім (н. 2.3.1944, г. Васа, Фінляндыя),

фінскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Акадэмію музыкі імя Я.​Сібеліуса (1963), Джульярдскую муз. школу ў Нью-Йорку (1965). З 1966 гал. дырыжор Фін. нац. оперы. З 1968 дырыжор Швед. каралеўскай оперы ў Стакгольме (з 1970 гал. дырыжор, з 1971 яе музік-дырэктар). З 1971 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», выступаў з рознымі еўрап. аркестрамі, у т. л. на Зальцбургскіх фестывалях. З сярэдзіны 1970-х г. пастаянны дырыжор сімф. аркестра Фін. радыё ў Хельсінкі, Аўстр. радыё ў Вене, кіраўнік «Сегерстам-квартэта». Аўтар 4 балетаў, п’есы для сімф. і стр. арк., канцэрта для скрыпкі з арк. (1967), 12 стр. квартэтаў (1962—77), тв. для голасу з арк. і з фп. і інш. Яго мастацтва адметнае эмацыянальнасцю, навізной інтэрпрэтацый.

т. 14, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНАБЛО́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

зборныя канструкцыі з буйнапамерных штучных або прыродных камянёў (блокаў). Выкарыстоўваюцца для ўзвядзення жылых дамоў, прамысл. будынкаў і збудаванняў.

Блокі вырабляюць на з-дах з лёгкіх, цяжкіх, ячэістых (керамзітабетон, шлакабетон і інш.), сілікатных бетонаў, цэглы, а таксама выпілоўваюць у кар’ерах з туфу, ракушачніку і інш. З суцэльных і пустацелых блокаў манціруюць фундаменты, вонкавыя і ўнутр. сцены, перагародкі і інш. Найб. пашыраны буйнаблочныя канструкцыі вонкавых сцен з блокаў, зробленых з лёгкіх і ячэістых бетонаў.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ у супраціўленні матэрыялаў,

від пругкай дэфармацыі, які характарызуецца зменай (скажэннем) вуглоў элементарных паралелепіпедаў цела пры захаванні іх аб’ёму. Прыводзіць да ўзаемнага зрушэння паралельных слаёў матэрыялу з захаваннем нязменнай адлегласці паміж імі. Пры З. мае месца Гука закон: τ=Gγ, дзе τ — датычнае напружанне, што выклікае З., G — модуль З. дадзенага матэрыялу (гл. Модулі пругкасці), γ — вугал З. ці адносны З. Разлік на З. — асноўны для балтовых і заклёпачных злучэнняў і зварных швоў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРА́УС (Strauß) Іаган (Штраус-бацька; 14.3.1804, Вена — 25.9.1849),

аўстрыйскі скрыпач, дырыжор, кампазітар. З 1819 удзельнік квартэта, з 1824 пам. дырыжора аркестра І.​Ланера. У 1825 арганізаваў уласны танц. аркестр, з якім шмат гастраліраваў. Адзін з папулярных майстроў танц. музыкі; стваральнік (з Ланерам) т.зв. венскага вальса. Пісаў цыклы з 5 вальсаў з інтрадукцыяй і кодай. Аўтар больш за 250 твораў, у т. л. вальсаў («Дунайскія песні», «Тальёні», «Вальс баядэрак»), кадрыляў, галопаў, маршаў і інш.

т. 17, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛЕ́ЦКІЯ КАРУ́НКІ,

расійскі нар. промысел па вырабе карункаў ручнога пляцення з цэнтрам у г. Ялец Ліпецкай вобл. Вядомы з 19 ст. Вырабляюць абрусы, мерныя карункі, каўнерыкі і інш. на каклюшках, пераважна з белых шпулькавых нітак, радзей з ільняных, шаўковых, а з сярэдзіны 20 ст. з сінт. пражы. Вырабы вылучаюцца мяккім кантрастам дробнага ўзору (расл. і геам.) і тонкага ажурнага фону. У 1960 засн. Ялецкі камбінат маст. вырабаў, з 1974 — ВА «Ялецкія карункі».

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСЬГУМАТЭ́ХНІКА»,

завод па вытв-сці гумавых тэхн. вырабаў у Бабруйску. Створаны ў 1952 для вырабу натуральнага каўчуку. У 1954—57 пераабсталяваны ў рэгенератны з-д, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў. У 1959—65, 1970 і 1977 рэканструяваны і расшыраны. У 1976—90 галаўное прадпрыемства ВА «Беларусьгуматэхніка». З 1990 арэнднае, з 1992 нар. прадпрыемства, з 1994 акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1995): фармавыя і нефармавыя гумава-тэхн. вырабы для камплектацыі аўтамабіляў і трактароў, рукавы гумавыя з нітачным узмацненнем, ніткі з латэксу, падлогавыя пакрыцці, гумавыя порыстыя і няпорыстыя пласціны і дэталі для абутку, стужка канвеерная, вырабы з ліццёвага поліурэтану, пласціны гумавыя, гумаватканінныя, гукаізаляцыйныя бітумныя і тэкстыльна-бітумныя.

т. 3, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНС (Ince) Томас Харпер (6.11.1882—19.11.1924),

амерыканскі рэжысёр, прадзюсер. Адзін з заснавальнікаў амер. кінематаграфіі. З 1899 выступаў як танцор, спявак, акцёр. З 1911 рэжысёр у кіно. У 1912 заснаваў фірму «Кей Бі». Упершыню ўвёў сістэму прадзюсераў, «жалезны» сцэнарый (патрабаваў дакладнага выканання пастаноўкі), ствараў цыклы фільмаў з адным акцёрам у гал. ролі (пераважна вестэрны). У 1915 засн. кампанію «Трайэнгл» (з Д.Грыфітам і М.​Сенетам), з 1918 у кампаніі «Арткрафт Парамаўнт». У 1921—24 прадзюсер кінакампаніі «Асашыэйтэд фёрст нэшанал». Сярод фільмаў: «Бітва каля Гетысберга» (1913), «Гнеў багоў» і «Тайфун» (1914, з рэж. Р.​Баркерам), «Італьянец» (1915, з рэж. С.​Сідні), «Цывілізацыя» (1916, з інш. рэж.). Лепшыя карціны вылучаюцца эпічным размахам, масавымі сцэнамі, драматызмам дзеяння, віртуозным мантажом.

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІШЭ́ (франц. cliché),

1) друкарская форма высокага друку, прызначаная для паліграф. ўзнаўлення ілюстрацый, а часам і тэксту.

Бываюць штрыхавыя (атрымліваюць са штрыхавога арыгінала з элементамі аднолькавай насычанасці — з чарцяжоў, рысункаў пяром і інш.), растравыя (атрымліваюць з паўтонавых выяў з элементамі рознай насычанасці — з фатаграфій, акварэльных малюнкаў і да т.п.) і камбінаваныя. Вырабляюць К. фотамеханічным (гл. Аўтатыпія), электрамеханічным (гравіраваннем металу) спосабамі і фотаполімерызацыяй (уздзеяннем святла на палімерныя матэрыялы, з якіх утвараюцца друкарскія элементы). К. звычайна робяць з дробнакрышталічнага цынку (гл. Цынкаграфія), магнію, часам з медзі і алюмінію. З аднаго К. атрымліваюць да 1 млн. адбіткаў.

2) Хадзячы (стэрэатыпны) выраз, які механічна ўзнаўляецца (ужываецца) у тыповых моўных кантэкстах і сітуацыях; шаблонная (збітая) фраза. Гл. таксама Штамп.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЦЭР (Kreutzer) Радольф (16.11.1766, г. Версаль, Францыя — 6.1.1831),

французскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Немец па паходжанні. Канцэртаваў з 13 гадоў. З 1783 саліст Каралеўскай капэлы ў Парыжы, шэрагу тэатр. аркестраў, у т. л. з 1801 Парыжскай оперы (з 1817 капельмайстар, музік-дырэктар); камер-віртуоз двара Напалеона I (з 1802), Людовіка XVIII (з 1815). З 1795 праф. Парыжскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў і найб. яркі прадстаўнік т.зв. парыжскай скрыпічнай школы. Аўтар канцэртаў для скрыпкі, стр. трыо, квартэтаў, опер («Поль і Віржынія», «Ладаіска», абедзве паст. ў 1791). Яго эцюды (зб. «42 эцюды або капрысы») паклалі пачатак новаму кірунку ў скрыпічнай педагогіцы. Л.​Бетховен прысвяціў К. «Крэйцэраву санату» для скрыпкі з фп.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУЖА́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка з 1795 у Рас. імперыі, з 1919 у Польшчы, з 1939 у БССР. Цэнтр — мяст. Пружаны. Утвораны ў 1795 у складзе Слонімскай, з 1796 у Літоўскай губ. У павет увайшла ч. Брэсцкага пав., у 1796 далучана ч. Бярозаўскага пав. З 1802 у Гродзенскай губ. У 1861—22 воласці. Паводле перапісу 1897 у П.п. 139,9 тыс. жыхароў, 8 мястэчак, 540 сёл і вёсак. З 1919 у складзе Польшчы. У 1920 зах. ч. павета перададзена Белавежскаму пав., з 1921 у Палескім ваяв., падзяляўся на 17 (пасля 9) гмін. З вер. 1939 у БССР, з 4.12.1939 у Брэсцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Пружанскі і інш. раёны.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)