НАВЕ́ЛА (італьян, novella літар. навіна),

малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.

Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.​Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.​Чосер, Маргарыта Наварская, М.​Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.​Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.​А.​Гофман, П.​Мерымэ, Э.​По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.​Генры, Л.​Пірандэла, С.​Цвэйг, Р.​Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.​Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.​Чэхавым, Л.​Андрэевым, І.​Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.​Бабель, У.​Іванаў, А.​Грын, М.​Зошчанка, В.​Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.​Л.​Борхеса, Х.​Картасара, Г.​Бёля, Ф.​О’Конара, І.​Зінгера, Дж.​Чывера і інш.

У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял. Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.​Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.​Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.​Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.​Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.​Зарэцкага, «Кнак» П.​Галавача, «Над Кроманню» Я.​Нёманскага, «Ілька» В.​Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.​Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.​Брыль («Галя»), Я.​Скрыгай («Наталя»), В.​Выкаў («Адна ноч»), Б.​Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.​Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.​Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.​Кудравец («Елачка»), А.​Жук («Жонка героя»), В.​Гігевіч («Райка»), У.​Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.​Марчук («Хаос») і інш.

С.​Л.​Андраюк.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.

Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як ​2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ САМАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

творчасць аматараў мастацтва, што разгарнулася на акупіраванай тэр. Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны ў партыз. атрадах, брыгадах, злучэннях на тэр. партызанскіх зон. Садзейнічала выхаванню патрыятызму і мабілізоўвала на барацьбу з ворагам. Калектывы маст. самадзейнасці партызан існавалі ў форме агітбрыгад, агітатрадаў, маст. ансамбляў, ансамбляў песні і танца, партыз. джаз-аркестраў і інш. У праграмах іх выступленняў былі песні, прыпеўкі, танцы, байкі, вершы, сатыр. сцэнкі, урыўкі з драм. п’ес, акрабатыка. Першы вядомы канцэрт адбыўся ў Гомельскім партыз. атрадзе ў вер. 1941. У многіх партыз. калектывах узнікалі песні, створаныя мясц. аўтарамі — паэтамі і музыкантамі (вядома больш за 20 аўтараў напеваў і каля 60 аўтараў паэт. тэкстаў).

Найб. значныя калектывы: Агітатрад імя А.​М.​Горкага, Лідскі партыз. т-р [агітбрыгада маст. самадзейнасці Лідскага падп. гаркома і райкома КП(б)Б пад кіраўніцтвам Я.​Д.​Гапеева (маст. кіраўнікі М.​Шчансновіч, Г.​Ананьева)], агіткалектывы 1-й Мінскай партыз. брыгады, 12-й кавалерыйскай партыз. брыгады імя Сталіна, 277-га партыз. атрада, 300-й партыз. брыгады імя К.​Я.​Варашылава, 537-га партыз. палка, 760-га партыз. атрада імя М.​Беразоўскага, атрада імя Г.​К.​Жукава, камсамольска-маладзёжнага дыверсійнага атрада імя М.​Ф.​Гастэлы, партыз. брыгад «Аляксея», «Дзядзькі Колі», імя газ. «Правда», імя Г.​К.​Жукава, імя С.​М.​Кароткіна, імя С.​М.​Кірава, «Полымя», штаба Мінскага партыз. злучэння. Дзейнічалі шматлікія агіткалектывы партыз. брыгад і атрадаў Мінскай, Палескай, Пінскай абл.

У 1943 амаль усе буйныя партыз. брыгады і асобныя атрады мелі самадз. агіткалектывы. Вядомы таксама калектывы маст. самадзейнасці цывільнага насельніцтва ў партыз. зонах (гурток у в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл., маст. кіраўнік — настаўніца М.​Васілевіч з брыгады «Штурмавая» і інш.). Буйнейшы партыз. агіткалектыў — агітатрад імя А.​М.​Горкага пасля вайны працаваў пад наз. Партыз. ансамбль Вілейскай вобл., у 1945 рэарганізаваны ў прафес. Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца.

Літ.:

Петрович С. Лесные артисты // Клуб и художествен. самодеятельность. 1967. № 11;

Титов А. Дорога дружбы. Мн., 1958;

Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди нарочанского края. Мн., 1975;

Сченснович Н.И. Записки актера и партизана. Мн., 1976.

Л.​С.​Мухарынская, С.​А.​Пятровіч.

т. 12, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСТРА́К (Піліп Сямёнавіч) (27.11.1903, в. Сакоўцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.8.1978),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Самарскім ун-це (1920—21). З 1921 у Зах. Беларусі. Удзельнік рэв. руху (з 1927 сакратар Косаўскага падп. райкома, чл. Слонімскага акругкома КПЗБ, у 1933—34 інструктар ЦК КПЗБ). Амаль 11 гадоў быў зняволены ў турмах. З 1939 сакратар гаркома КП(б)Б у Гродне, з 1940 старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР, у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН БССР, літ. кансультантам СП БССР. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў вершаў «На варце» (1940), «За сваю Айчыну» (1946), «Падарожнае» (1962), паэмы «Слова пра Мінск» (1968), зб-каў апавяд. «Першыя ўсходы» (1951), «Неспадзяванак» (1957), «Лясная песня» (1958), «Сярод чаротаў» (1964), «Апавяданні» (1970). Гіст.-рэв. эпапея «Сустрэнемся на барыкадах» (1951—54) — летапіс жыцця і барацьбы нар. мас Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне. У цэнтры ўвагі аўтара — рост рэв. свядомасці рабочых і сялян, дзейнасць камуністаў-падпольшчыкаў, змаганне паліт. вязняў у астрогах. У рамане «Серадзібор» (1961—63, Літ. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1964) на матэрыяле пасляваен. жыцця вёскі ўславіў стваральную працу народа. Раман «Лесавічанка» (не закончаны, часткова апубл. ў 1980) пра станаўленне новага жыцця ў Зах. Беларусі ў першыя гады пасля ўз’яднання. Аўтар літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Ю.​Славацкага, У.​Бранеўскага, С.​Дабравольскага, Е.​Путраманта, А.​Чэхава, І.​Франко, Л.​Украінкі, М.​Рыльскага, П.​Тычыны, У.​Сасюры, Л.​Первамайскага і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1969—71;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1984—86.

Літ.:

Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1966;

Хромчанка К.Р. Піліп Пестрак. Мн., 1960;

Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971;

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;

Ватацы Н.Б. Піліп Пестрак: Бібліягр. памятка. Мн., 1961.

К.​Р.​Хромчанка.

П.С.Пестрак.

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ВЯЛІ́КІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР акадэмічны імя Г.​А.​Таўстаногава.

Адкрыты ў 1919, з 1932 імя М.​Горкага, з 1964 акадэмічны, з 1992 сучасная назва. Створаны пры ўдзеле М.​Горкага, М.​Андрэевай і А.​Блока як т-р гераічнага рэпертуару, класічнай трагедыі і высокай камедыі. Гал. рэжысёры А.​Лаўрэнцьеў (1919—22 і 1923—29), К.​Твярской (1929—34), В.​Фёдараў (1934—36), А.​Дзікі (1936—37), Б.​Бабачкін (1938-40), Л.​Руднік (1940—46), Н.​Рашэўская (1946—49), І.​Яфрэмаў (1950—52), К.​Хахлоў (1922—23 і 1954—55), Таўстаногаў (1956—89); з 1989 маст. кіраўнік К.​Лаўроў. Адкрыўся спектаклем «Дон Карлас» Ф.​Шылера. Першапачаткова ставіліся спектаклі У.​Шэкспіра, Шылера, В.​Гюго, Мальера і інш., з сярэдзіны 1920-х г. таксама творы тагачаснай драматургіі, у якіх сцвярджалася рэаліст. скіраванасць: «Мяцеж» (1925), «Разлом» (1927) Б.​Лаўранёва, «Клоп» (1929), «Баня» (1930) У.​Маякоўскага. У 1930—40-я г. т-р ставіў творы М.​Горкага («Мяшчане», «Дачнікі»), А.​Чэхава («Вішнёвы сад») і інш. Спектаклям 1950—70-х г. уласцівы ўвага да сцэн. ўвасаблення вострых і напружаных жыццёвых калізій, яркая рэаліст. форма, сац.-гіст. і псіхал. абагульненні: «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду, «Варвары» і «Мяшчане» (Дзярж. прэмія СССР 1970) М.​Горкага, «Кароль Генрых IV» Шэкспіра, «Гісторыя каня» паводле Л.​Талстога. Пастаноўкі 1990-х г. вызначаліся глыбокай распрацоўкай псіхал. малюнка роляў, пошукам сучасных выразных магчымасцей у традыц. драматургіі: «Каварства і каханне» Шылера, «Макбет» Шэкспіра, «Бацька» А.​Стрындберга, «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі і працуюць акцёры А.​Абрамаў, А.​Андрэеў, Г.​Багачоў, А.​Басілашвілі, Т.​Дароніна, В.​Дзягцяр, В.​Іўчанка, Я.​Капелян, У.​Кузняцоў, Лаўроў, А.​Лаўрэнцьеў, Я.​Лебедзеў, П.​Луспякаеў, Л.​Макарава, М.​Манахаў, В.​Сафронаў, В.​Паліцаймака, І.​Смактуноўскі, У.​Стржэльчык, А.​Талубееў, М.​Трафімаў, А.​Фрэйндліх, З.​Шарко, Ю.​Юр’еў і інш.; рэжысёры Р.​Дзіцяткоўскі, Р.​Казлоў, Э.​Нюганен, М.​Пінігін, А.​Сяроў, Т.​Чхеідзе, А.​Шапіра і інш.

С.​У.​Пешын.

Санкт-Пецярбургскі вялікі драматычны тэатр імя Г.​Таўстаногава.

т. 14, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З ВЫЗВАЛЕ́ННЯ БЕЛАРУ́СІ»

(«СВБ»),

справа ў 1930 ДПУ БССР супраць бел. нац. інтэлігенцыі, якую абвінавачвалі ў нацыянал-дэмакратызме, контррэв. і антысав. дзейнасці; першы масавы паліт. пазасудовы працэс у БССР. Вясной—летам 1930 было арыштавана 108 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у т. л. 25 былых членаў партыі бел. эсэраў: акадэмікі Бел. АН В.​Ю.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​М.​Некрашэвіч, праф. А.​А.​Смоліч, наркомы земляробства (Дз.​Ф.​Прышчэпаў) і асветы (А.​В.​Баліцкі), пісьменнікі М.​Гарэцкі, У.​Дубоўка, Я.​Пушча і інш. Кіраўніком арг-цыі «СВБ» быў «прызначаны» ДПУ БССР Ластоўскі, у склад яе кіраўніцтва «ўведзены» І.​І.​Краскоўскі, Я.​Купала, Лёсік, Некрашэвіч, Смоліч, А.​І.​Цвікевіч і інш. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 18.3.1931, Прышчэпаў, Баліцкі, нам. наркамзема А.​Ф.​Адамовіч і П.​В.​Ільючонак прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў. Астатнія 86 чал. пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 асуджаны на розныя тэрміны зняволення: 8 чал. — на 5 гадоў, 1 — на 3 гады папраўча-працоўных лагераў, астатнія — на 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Сав. Саюза. Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што «з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз адраджэння Беларусі», у далейшым перайменаванай у «Саюз вызвалення Беларусі», ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, скіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі на сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза і стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)». Амаль да ўсіх арыштаваных прымяняліся фіз. катаванні і маральна-псіхал. здзекі з мэтай атрымаць ад іх патрэбныя паказанні. Усе, хто праходзіў па справе «СВБ», зноў арыштаваны ў 1937—41 за «ранейшыя злачынствы», большасць з іх расстраляны ці загінулі ў канцлагерах. Некат. з удзельнікаў «СВБ» былі арыштаваны ў 1949—52 трэці раз і асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібіры на той падставе, што былі асуджаны раней. Усе рэабілітаваны ў 1956—88 за адсутнасцю саставу злачынства. Матэрыялы справы «СВБ» складаюць 29 тамоў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 14, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫБА́ЦІ (Kiribati),

дзяржава на астравах у зах. ч. Ціхага ак. У складзе К. а-вы Гілберта (пл. 264 км²), Лайн (Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, пл. каля 400 км²), Фенікс (пл. 28 км²) і Банаба (Ошэн, пл. 5 км²). Падзяляецца на 6 акруг. Астравы, якія складаюць краіну, распасціраюцца з З на У на 5 тыс. км, з Пн на Пд на 1 тыс. км. Пл. 717 км². Нас. 80,9 тыс. чал. (1996). Сталіца — г. Баірыкі (Тарава) на в-ве Тарава ў групе а-воў Гілберта. Афіц. мова — англійская, насельніцтва размаўляе на тунгуруанскай (кірыбаці) мове. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліпеня).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Палата сходу (36 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць ураду.

Прырода. Амаль усе астравы — нізкія каралавыя атолы з кальцавым рыфам, пясчана-галечнымі дробнымі астраўкамі на ім і ўнутр. лагунай. Складзены пераважна з вапнякоў. Найб. выш. на в-ве Банаба — 81 м. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра ўвесь год каля 26—28 °C. Ападкаў ад 1000 мм (на паўд. астравах) да 3000 мм (на Пн), выпадаюць пераважна ў ліст.—красавіку. Бываюць засухі і разбуральныя ўраганы. Рэк і ручаёў няма. На больш засушлівых астравах растуць нізкарослыя хмызнякі, на Пн ёсць гаі шыракалістых дрэў. Каля берагоў некаторых атолаў развіта мангравая расліннасць. Жывёльны свет бедны. Ёсць яшчаркі, шмат марскіх птушак (фрэгаты, бакланы, крачкі, олушы і інш.). Лагуны і прыбярэжныя акіянскія воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі.

Насельніцтва. 96% складае мікранезійскі народ тунгару (кірыбаці). Ёсць невял. групы палінезійцаў і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (53%) і пратэстанты (41%). Сярэдняя шчыльн. 113 чал. на 1 км². Заселены толькі 13 астравоў з 33. Усе яны ў групе а-воў Гілберта. Каля 40% насельніцтва жыве на в-ве Тарава, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Баірыкі (больш за 25 тыс ж.; 1990). На а-вах Лайн і Фенікс насельніцтва часовае (рабочыя плантацый). Характэрна міграцыя мужчын на в-аў Науру, дзе яны працуюць на здабычы фасфарытаў.

Гісторыя. Астравы заселены продкамі сучасных мікранезійцаў у 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў тут пабываў у 1606 ісп. мараплавец П.​Кірос. У 1788 астравы даследаваў англ. капітан Дж.​Гілберт (ад яго імя назва гал. архіпелага). Сталыя пасяленні еўрапейцаў з 1837. З 1892 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—76 у складзе брыт. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны Японіяй (1942—43). У 1976—79 брыт. калонія пад назвай Астравы Гілберта (з 1977 унутр. аўтаномія). 12.7.1979 К. абвешчана незалежнай дзяржавай. Першы прэзідэнт краіны з 1979 І.​Табаі, з 1994 — Т.​Ціта.

Гаспадарка. К. — слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае 63 млн. дол. (1995), каля 850 дол. на чалавека. Найб. развіты сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 36 тыс. га. Палова гэтай плошчы занята какосавай пальмай. Найб. какосаў вырошчваюць на плантацыях, створаных замежнымі кампаніямі на а-вах Лайн і Фенікс. Вырошчваюць таксама хлебнае дрэва, панданус, тара, батат, бананы, агародніну. Свіна- і птушкагадоўля (другараднае значэнне). Рыбу (кефаль, вугор, тунец, макрэль і інш.) у марской эканам. зоне ловяць жыхары К. і за вызначаную плату рыбалавецкія судны Японіі. У 1995 улоў рыбы 24,7 тыс. т. Лоў крабаў, малюскаў, збор водарасцей. Прам-сць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытв-сці копры (каля 10—20 тыс. т штогод), какосавага алею, харч. прадуктаў, мэблі, сувеніраў (вееры, плеценыя кошыкі), перапрацоўцы рыбы. Ёсць некалькі дробных электрастанцый, якія выпрацоўваюць штогод 10—13 млн. кВт∙гадз электраэнергіі. На астравах штогод бывае каля 2 тыс. замежных турыстаў Транспарт пераважна марскі. Гал. порт Баірыкі. Ёсць 20 аэрадромаў і пасадачных пляцовак. Аэрапорт на в-ве Тарава прымае міжнар. рэйсы. Даўж. аўтадарог — 640 км. У краіне 2 тыс. аўтамашын і матацыклаў. У 1995 экспарт склаў 6,3 млн. долараў, імпарт — 38,6 млн. долараў. К. экспартуе ў асн. копру (50% экспарту), рыбу і морапрадукты (31%). У імпарце пераважаюць харч. і прамысл. тавары. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае дапамогу развітых дзяржаў і міжнар. арг-цый. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кірыбаці.

т. 8, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРША́ЛАВЫ АСТРАВЫ́ (Marshall Islands),

Рэспубліка Маршалавы Астравы (Republic of the Marshall Islands), дзяржава на аднайм. астравах у Ціхім ак., на Пн ад экватара. Пл. 181 км². Hac. 63 тыс. чал. (1999). Афіц. мовы — маршальская і англійская. Сталіца — г. Маджура (Далап-Уліга-Дарыт) на аднайм. атоле. Падзяляецца на 25 раёнаў. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1 мая).

Дзяржаўны лад. М.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пытанні абароны і знешняй палітыкі належаць да прэрагатывы ЗША. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам са свайго складу на 4 гады. Заканад. ўлада ў лакальных справах належыць парламенту (33 дэпутаты), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады.

Прырода. Налічваецца 34 атолы, якія аб’ядноўваюць 1150 дробных нізінных каралавых астраўкоў і рыфаў; падзяляюцца на 2 групы — Ралік (на З, 18 атолаў), Радак (на У, 16 атолаў). Астравы працягнуліся з Пн на Пд і з З на У на 1500 км, раскіданы ў цэнтр. частцы Ціхага ак. на пл. больш за 2 млн. км². Макс. вышыні не перавышаюць 5 м. У склад астравоў уваходзіць адзін з найб. атолаў у свеце — Кваджалейн (пл. сушы 16,4 км², пл. ўнутр. лагуны 1683 км²). Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. На Пн выпадае 1500—2000 мм ападкаў (максімум у ліп.—ліст.), на Пд — да 4500 мм. На Пн бываюць засушлівыя перыяды, на Пд у ліп.—снеж. здараюцца трапічныя цыклоны. Рэк і ручаёў няма. Пераважае культурная расліннасць, гаі какосавых пальмаў. Берагі ўнутр. лагун атолаў акаймаваны мангравымі зараснікамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.

Насельніцтва. Мікранезійцы-маршальцы складаюць 92%. Жывуць таксама амерыканцы, палінезійцы, кітайцы і інш. Вернікі пераважна пратэстанты (90%) і католікі. Сярэднегадавы прырост 3,8%. Сярэдняя шчыльн. 348 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва засяроджана на в-ве Маджура (пл. 30 км²), дзе знаходзіцца адзіны г. Маджура (каля 30 тыс. ж.). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.

Гісторыя. Першыя еўрапейцы з’явіліся на М.А. у 1529 (ісп. экспедыцыя А.​Сааведры), у 1788 даследаваны англічанінам Дж.​Маршалам (адсюль назва). У 1855 афіцыйна перададзены Іспаніі, якая пасля іспана-амерыканскай вайны 1898 прадала іх Германіі. У 1914 астравы акупіравала Японія, якая ў 1920 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне імі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1945 ЗША 3 1947 паводле рашэння Савета Бяспекі ААН падапечныя тэр. ЗША (у складзе падапечнай тэр. Ціхаакіянскія астравы). З 1979 Рэспубліка М.А. 3 1983 «свабодная асацыіраваная» з ЗША тэрыторыя. У 1986 спынена апекаванне ЗША, астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне 3 1991 член ААН.

Гаспадарка. М.А. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Асн. таварная культура — какосавая пальма. Копра з яе пладоў ідзе на продаж. Невял. таварнае значэнне мае вырошчванне агародніны, фруктаў (цытрусавых, папайі, манга, ананасаў), чорнага перцу. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства. Большасць прамысл. прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Перапрацоўка копры, мылаварная ф-ка, вытв-сць алею з какосавых арэхаў. Ёсць рыбакансервавыя прадпрыемствы, лесапільні і верфі па буд-ве невял. суднаў і лодак. Невял. здабыча фасфарытаў на атоле Аілінглапалап. Вытв-сць электраэнергіі — 80 млн. кВт∙гадз. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Большасць валютных паступленняў ад замежнага турызму. Турыстаў (пераважна з ЗША і Японіі) сюды прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. Транспарт пераважна марскі і авіяцыйны. На астравах 23 аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Горад і порт Маджура звязаны рэгулярнымі авіярэйсамі з Гавайскімі а-вамі і в-ам Гуам. Штогадовы экспарт каля 20 млн. дол., імпарт — каля 70 млн. долараў. У экспарце пераважаюць какосавы алей, копра, рыбныя кансервы, каралы, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры ЗША і Японія.

Дадатковай крыніцай даходу з’яўляецца рэгістрацыя гандл. суднаў замежных краін (з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў заканадаўства), выпуск паштовых марак. М.А. атрымліваюць фін. дапамогу, а таксама плату за арэнду ваенных і навук. аб’ектаў, у т. л. станцыі назірання за запускам штучных спадарожнікаў і ракет, ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Маршалавых Астравоў.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),

Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах. ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс. чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).

Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).

Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.

Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.​Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр. ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.

31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.​Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.

Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс. дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн. т (у 1970—80) да 285 тыс. т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн. кВт∙гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс. т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн. дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Науру.

т. 11, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНЯ,

форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.

Нар. П. ахоплівае некалькі вял. гіст. пластоў (гл. Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц. рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.​Аляб’еў, А.​Варламаў, А.​Гурылёў, М.​Глінка) і зах.-еўрап. (І.​Брамс, Ж.​Бізэ, Ф.​Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст. вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаў масавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.​Брасенс, Ш.​Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.​Акуджава, У.​Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г. эстрадная П. (гл. ў арт. Эстрадная музыка).

На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл. Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел. нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел. прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.​Любан, Л.​Маркевіч, А.​Туранкоў, У.​Тэраўскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі, В.​Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял. Айч. вайны (М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Р.​Пукста, Н.​Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.​Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш. Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.​Буднік, Я.​Глебаў, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, І.​Палівода, В.​Раінчык, Семяняка, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж. т-ра муз. камедыі, Нац. акад. т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.

Літ.:

Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;

Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.

Э.​А.​Нікалаева.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)