Размешчана ў цэнтр.ч. Украіны, у міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Утворана 10.1.1939. Пл. 24,6 тыс.км². Нас. 1224,8 тыс.чал. (1996), гарадскога 59%. Цэнтр — г.Кіраваград. Найб. гарады: Александрыя, Светлаводск, Знаменка.
Прырода. К.в. займае паўд.ч. Прыдняпроўскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. — 269 м. Паверхня хвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: буры вугаль, нікелевыя і жал. руды, торф, графіт, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (граніт, лабрадарыт, кварцыт, мергель). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 420—470 мм за год. Гал. рэкі: Дняпро (з прытокам Інгулец) і Паўд. Буг (з прытокамі Інгул і Сінюха). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ чаргуюцца з участкамі шэрых і цёмна-шэрых ападзоленых лясных глеб. Стэпы ўзараныя. Пад лесам (дуб, граб, ясень, клён) і хмызнякамі каля 150 тыс.га.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, паліўная, харчовая. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці с.-г. агрэгатаў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, дызельных рухавікоў, радыёпрылад, пішучых машынак. Каляровая металургія прадстаўлена Пабугскім нікелевым з-дам і Светлаводскімі з-дамі чыстых металаў і цвёрдых сплаваў. Здабыча і брыкетаванне бурага вугалю (Дняпроўскі вугальны басейн). На яго базе працуе хім.прам-сць (з-д горнага воску). Здабываюць жал. руду, графіт, граніт, лабрадарыт. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай ГЭС, шэрагу ЦЭС і невял. ГЭС. Развіта харч.прам-сць, пераважна цукровая. Ёсць прадпрыемствы маслатлушчавай, мясной, малочнай, сыраварнай, мукамольнай, кандытарскай, спіртавой прам-сці. Шэраг камбікормавых з-даў, Лёгкая прам-сць (швейная, трыкат., абутковая, гарбарная). Прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (у т. л. мэблевай). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (з-ды шчэбеневы, цагельны, жалезабетонных вырабаў). Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2050 тыс.га, у т. л. пасяўная пл. займае каля 1700 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, ячмень), тэхн. культуры (цукр. буракі, сланечнік, соя, каляндра), бульбу, агародніну. Масівы арашальных зямель. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і авечкагадоўля. Пчалярства. Сажалкавая рыбагадоўля. Гал. чыгункі: Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Кіеў—Мікалаеў; аўтадарогі: Кіеў—Адэса, Кіраваград—Мікалаеў, Кіеў—Днепрапятроўск, Харкаў—Адэса. Суднаходства па р. Дняпро. Аэрапорт у г. Кіраваград.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 24,1 тыс.км². Нас. 1249 тыс.чал. (1997), гарадскога 63%. Цэнтр — г.Ліпецк. Найб. гарады: Ялец, Гразі, Данкоў, Лебядзянь, Усмань.
Прырода. Л.в. знаходзіцца ў цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны, у бас. верхняга цячэння р. Дон. На З — ускраіна Сярэднярускага ўзв. (выш. да 262 м), паверхня хвалістая, парэзана ярамі і лагчынамі; на У — Окска-Данская раўніна (выш. 150—170 м). Карысныя выкапні: жал. руда, вапнякі, даламіты, гліны, пяскі, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака — Дон з прытокамі Красівая Меча, Сасна (справа), Варонеж з прытокам Матыра (злева). Вобласць размешчана ў зоне лесастэпаў. Глебы пераважна чарназёмныя (тыповыя і вышчалачаныя), па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя, трапляюцца цёмна-шэрыя і шэрыя лясныя глебы. Пераважаюць мяшаныя лясы (7% тэрыторыі). Варонежскі запаведнік (паўн. частка) і запаведнік Галічча Гара.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харчовая. Прадпрыемствы чорнай металургіі працуюць пераважна на жал. рудзе Курскай магнітнай анамаліі, выпускаюць чыгун, сталь, пракат, трубы, ферасплавы. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю трактароў, рухавікоў, станкоў, ліцейнага абсталявання, электратэхн. вырабаў, сантэхнікі, хім.-азотных угнаенняў (на базе коксахім. вытв-сці), гумава-пластмасавых вырабаў, лакаў, смалы, клею. Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ (найб. Ліпецкая). Харч.прам-сць (цукр., масласыраробная, мясная, кансервавая, харч. канцэнтратаў, тытунёвая) перапрацоўвае мясц. сыравіну. Развіта прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, сілікатнай цэглы, жалезабетонных канструкцый і вырабаў). Ёсць прадпрыемствы лёгкай (швейныя, трыкат. і скургалантарэйныя ф-кі) і дрэваапр. (мэблевыя ф-кі) прам-сці. Нар.маст. промыслы: Ялецкія карункі (у г. Ялец), дыванаткацтва (с. Баравое). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці збожжа, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 1960 тыс.га, у т. л. ворныя землі займаюць 1640 тыс.га (1996). Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, а таксама махорку. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак мяса-воўнавага кірунку. Птушкагадоўля. Па тэр.вобласці праходзяць чыгункі Масква—Данбас, Масква—Растоў-на-Доне, Рыга—Валгаград, аўтамагістраль Масква—Ялец—Варонеж. Газаправод Стаўрапаль—Масква. Курорт Ліпецк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + геаграфія),
навука пра фізіка-геагр. ўмовы мінулых геал. эпох; частка гіст. геалогіі і адначасова фіз. геаграфіі. Асн. пытанні П. — размеркаванне сушы і мора ў стараж. эпохі, вобласці зносу і намнажэння асадкаў, рэльеф сушы і дна мораў, фіз.-хім. і дынамічныя асаблівасці марскіх басейнаў, клімат і інш. Метады П. грунтуюцца на вывучэнні горных парод (пашырэнне і магутнасці, структурныя і тэкстурныя асаблівасці, мінер. і хім. састаў, характар і ўмовы залягання, ізатопы кіслароду і вугляроду і інш.), а таксама арган. рэштак у іх, якія адлюстроўваюць умовы асяроддзя пры асадканамнажэнні. На аснове палеагеагр. даследаванняў складаюцца палеагеаграфічныя карты. П. цесна звязана з вучэннем аб фацыях, літалогіяй, палеанталогіяй, стратыграфіяй, геахіміяй, кліматалогіяй, геатэктонікай, геафізікай і інш. Падзяляецца на агульную П., якая вывучае асн. заканамернасці змены геагр. абалонкі Зямлі, і рэгіянальную П., якая даследуе фіз.-геагр. ўмовы пэўных тэрыторый у асобныя геал. перыяды.
П. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. пасля распрацоўкі адноснай геахраналагічнай шкалы на аснове звестак біястратыграфіі, з’яўлення вучэння аб фацыях (швейц. геолаг А.Грэслі) і абгрунтавання метаду актуалізму (англ. геолаг Ч Лаель). У самаст. галіну вылучылася ў пач. 20 ст., калі палеагеагр. рэканструкцыі сталі перадумовай пошуку карысных выкапняў. Уклад у развіццё П. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.І.Андрусаў, А.П.Карпінскі, А.Дз.Архангельскі, Дз.В.Наліўкін, М.М.Страхаў, Л.Б.Рухін, К.К.Маркаў і інш.
На Беларусі палеагеагр. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 20 ст. (П.А.Туткоўскі, Ф.В.Лунгерсгаўзен, М.Ф.Бліадухо). У 1950—60-я г. складзены палеагеагр. карты верхняга пратэразою, палеазою, мезазою, кайназою (В.С.Акімец, Л.М.Вазнячук, В.К.Галубцоў, С.С.Маныкін, А.С.Махнач, І.В.Міцяніна, М.М.Цапенка і інш.), вывучаны этапы развіцця расліннасці ў дэвоне-карбоне (Г.І.Кеда), антрапагене (Н.А.Махнач), даследаваны стараж. палеарэкі (Г.І.Гарэцкі). Даследаванні па праблемах карысных выкапняў абагульнены ў працах Л.Ф.Ажгірэвіч, Я.І.Аношкі, У.Я.Бардона. М.В.Вераценнікава, Э.А.Высоцкага, Г.У.Зінавенкі, С.А.Кручака, М.М.Лявых, Э.А.Ляўкова, К.М.Манкевіча, В.А.Масквіча, А.А.Махнача, А.В.Мацвеева, І.І.Ур’ева, У.І.Шкуратава і інш).
Літ.:
Рухин Л.Б. Основы общей палеогеографии. 2 изд. Л., 1962;
Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНДЖА́Б, Панджаб (Пяцірэчча),
прыродная і гіст. вобласць у Паўд. Азіі, на тэр. Індыі і Пакістана. Пл. каля 700 тыс.км². Нас. больш за 150 млн.чал. (2000). Займае паўн. частку Інда-Гангскай раўніны. Арашаецца сістэмай рэк Сатледж, Джэлам, Чынаб, Раві і Біяс, якія зліваюцца ў р. Панджнад (левы прыток р. Інд). Пераважаюць выш. 150—350 м. Клімат мусонны, сухі і цёплы. Сярэднія т-ры ў студз. 13—16 °C, у маі каля 35 °C. Ападкаў ад 150 мм (на 3) да 700 мм за год (на У), максімум у перыяд летняга мусону. Натуральная расліннасць (апустыненыя саванны з калючымі хмызнякамі) захавалася месцамі на водападзельных участках. Пераважаюць густанаселеныя культ. ландшафты на арашальных землях. Шырокая сетка арашальных каналаў. Вял. гарады — Лахор (Пакістан), Амрытсар (Індыя) і інш. На тэр.вобласціаднайм. правінцыя Пакістана і штат Індыі, інш.тэр. гэтых дзяржаў.
У 3—1-й пал. 2-га тыс. да н.э. П. уваходзіў у зону Інда даліны цывілізацыі. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. заселены плямёнамі арыяў. У канцы 6—5 ст. да н.э. — ч.Ахеменідаў дзяржавы. У 327—325 да н.э.зах.ч. П. да р. Гіфасіс (Біяс) заваявана Аляксандрам Македонскім, у 4—2 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Маур’яў, потым — Грэка-Бактрыйскага царства (2—1 ст. да н.э.), Кушанскай дзяржавы (1—3 ст.н.э.), Гуптаў дзяржавы і дзяржавы эфталітаў. Пасля распаду апошняй (567) на тэр. П. існавалі некалькі княстваў. У пач. 11 ст. заваяваны Газневідамі, якія перанеслі ў Лахор сваю сталіцу. У 1186—1206 П. — ч. дзяржавы Гурыдаў. у 13 — пач. 16 ст.Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст.Магольскай імперыі, з сярэдзіны 18 ст. дзяржавы Ахмад-шаха Дурані. У выніку паўстання сікхаў у 1760-я г. ў П. створана некалькі сікхскіх княстваў, якія ў пач. 19 ст. аб’яднаны махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839] У адзіную дзяржаву. У выніку англа-сікхскіх воінаў 1845—46 і 1848—49 заваяваны англічанамі і далучаны да Брыт. Індыі як асобная правінцыя. Паводле Маўнтбетэна плана 1947 большая ч. П. з пераважна мусульм. насельніцтвам адышла да Пакістана, меншая — з індуска-сікхскім — да Індыі, як правінцыя і штат П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА (ад грэч. plasma літар. вылепленае, аформленае) у фізіцы, іанізаваны газ, у якім шчыльнасці дадатных і адмоўных зарадаў прыкладна аднолькавыя. Мае шэраг асаблівасцей, якія дазваляюць лічыць яе асобным (нараўне з цвёрдым, вадкім і газападобным) агрэгатным станам рэчыва. У стане П. знаходзяцца Сонца, гарачыя зоркі, міжзорнае асяроддзе, зоркавыя атмасферы, галактычныя туманнасці і інш. Уласцівасці П. вывучае фізіка плазмы.
У залежнасці ад ступені іанізацыі (адносін канцэнтрацыі зараджаных часціц да поўнай іх канцэнтрацыі) адрозніваюць слаба, сярэдне і поўнасцю іанізаваную П. З-за наяўнасці паміж зараджанымі часціцамі далёкадзейных (кулонаўскіх) сіл нават разрэджаная плазма з’яўляецца складана арганізаваным асяроддзем з мноствам элементарных і калект. працэсаў у ім. Штучна П. атрымліваюць з дапамогай эл. поля ў газавых разрадах, нагрэву газу, уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў, ударных хваль і інш. Уласцівасці П. ў знешніх палях апісваюцца кінетычным ураўненнем Больцмана (гл.Кінетычная тэорыя газаў) і сістэмай Максвела ўраўненняў, у якія ўваходзяць самаўзгодненыя (пэўным спосабам усярэдненыя) эл. і магн. палі. Калі ўласна плазменныя эфекты неістотныя, карыстаюцца больш грубымі набліжэннямі магнітнай гідрадынамікі. Многія ўласцівасці, характэрныя для П., маюць таксама сукупнасці носьбітаў зараду ў паўправадніках і металах; іх асаблівасць — магчымасць існавання пры нізкіх (для газавай П.) т-рах — пакаёвай і ніжэй Выкарыстанне высокатэмпературнай П. (т-ра да 108К) звязана з праблемай ажыццяўлення кіравальных тэрмаядзерных рэакцый. Найб. пашырана выкарыстанне ў тэхніцы нізкатэмпературнай (халоднай) П. (т-ра прыкладна ад 103 да 105К) у газаразрадных прыладах, газавых лазерах, магнітагідрадынамічных і тэрмаэмісійных генератарах, плазматронах, плазменных паскаральніках і інш. (гл.Плазменная тэхналогія, Плазмахімія).
На Беларусі даследаванні па фізіцы і тэхніцы П. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це з канца 1940-х г. (вывучэнне працэсаў, што працякаюць у вобласці кантакту электраразраднай П. з металамі), Ін-це фізікі з 1955 (П. эл. дугавых і іскравых разрадаў як крыніцы святла, а з 1960 — сістэматычныя даследаванні нізкатэмпературнай П.), Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Арцимович Л.А. Элементарная физика плазмы. 3 изд. М., 1969;
Трубников Б.А. Введение в теорию плазмы. Ч. 1—3. М., 1969—78;
Основы физики плазмы. Т. 1—2. М., 1983—84;
Чен Ф.Ф. Введение в физику плазмы: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛУНЫ́ (ад слав. валяць),
круглякі, згладжаныя вадой ці лёдам абломкі горных парод памерам больш за 10 см. Большыя за 1 м валуны наз. глыбамі або камлыгамі. Утвараюцца пры выветрыванні, разбуральнай дзейнасці мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор. Найб. пашыраны ў паверхневых ледавіковых утварэннях значнай ч.Паўн. Амерыкі і Еўразіі ў вобласці мацерыковых зледзяненняў плейстацэну. Ледавіковыя (эратычныя — вандроўныя) валуны трапляюцца па ўсёй тэр. Беларусі, найб. на канцова-марэнных узвышшах. Прынесены ад 600 тыс. да 20 тыс. гадоў назад з Балт. шчыта, ПнЗ Рускай пліты. Памер валуноў памяншаецца з Пн на Пд: у Бел. Паазер’і іх велічыня дасягае 6—11 м (найб.«Вялікі камень» 11 × 5,6 × 2,8 м), на Бел. градзе 5—8 м, на Бел. Палессі 1—3 м. Каля 65—75% вялікіх валуноў — граніты, 20—25% — гнейсы, ёсць граніта-гнейсы, кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і інш. Валуны рэдкіх горных парод, якія маюць абмежаванае карэннае месцазнаходжанне, адносяць да кіроўных, па іх вызначаюць напрамкі руху стараж. ледавікоў.
З валунамі звязаны язычніцкі культ каменя, пра што сведчаць іх назвы (Пярун, Вялес, Дажбогаў, Святы камень) і легенды. Валуны служылі ахвярнікамі ў капішчах, выкарыстоўваліся для стварэння с.-г. календароў (гл.«Янова»), ім пакланяліся. З хрысціянскіх часоў захаваліся Даўгінаўскі крыж-стод, Крыж Стафана Баторыя, крыжы-абярогі і інш. Многія валуны — помнікі эпіграфікі часоў Полацкага княства (Барысавы камяні, Рагвалодаў камень і інш.). Валуны выкарыстоўваліся ў буд-ве абарончых збудаванняў, замкаў, храмаў (Сафійскі сабор 11 ст. ў Полацку, Гродзенская Барысаглебская царква 12 ст., вежы Навагрудскага 13 ст. і Крэўскага 14 ст. замкаў), для брукавання дарогі і інш. На палях валуны перашкаджаюць земляробству. У сярэднім на Беларусі 9% ворных зямель у рознай ступені завалунена, найб. у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. (каля 70%). Валуны выкарыстоўваюць на падмурак, як закладачны матэрыял у целе плацін, на атрыманне друзу і бутавага каменю, для ўмацавання адхонаў, стварэння арх. кампазіцый у парках і скверах і інш. Вялікія і адметныя валуны ўзяты пад ахову дзяржавы як помнікі прыроды (больш за 100 у Беларусі). Даследаванні валуноў вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, дзе створана Эксперыментальная база па вывучэнні ледавіковых валуноў (калекцыя больш за 2000 валуноў з розных рэгіёнаў Беларусі экспануецца на адкрытай пляцоўцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ РАЁН,
на Пн Брэсцкай вобласці Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Навамышскі, з 1957 Баранавіцкі раён. Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 52,8 тыс.чал. (1995), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 24 чал./км². Цэнтр — г.Баранавічы; гар.пас. Гарадзішча, 244 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 21 сельсавет: Велікалуцкі, Вольнаўскі, Гірмантаўскі, Жамчужненскі, Карчоўскі, Каўпеніцкі, Крошынскі, Ляснянскі, Малахавецкі, Мілавідскі, Моўчадскі, Мядзеневіцкі, Навамышскі, Падгорнаўскі, Паланэчкаўскі, Палонкаўскі, Пачапаўскі, Петкавіцкі, Сталовіцкі, Уцёскі, Цешаўлянскі.
Тэрыторыя раёна ў межах Навагрудскага ўзвышша і Баранавіцкай раўніны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 180—240 м, самы высокі пункт 267 м (каля в. Зялёнае). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 193 дні. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Лахазва, Іса, на Пн — р. Сэрвач, на ПнЗ — Моўчадзь. Вадасховішча Гаць. Азёры Калдычэўскае і Дамашэўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 33% тэрыторыі, найб. масівы на ПдЗ і З. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы. Балотаў 18,7 тыс.га, амаль усе нізінныя, часткова асушаныя. На тэр. раёна біял. заказнік Баранавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 94,2 тыс.га, з іх асушана 18,6 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 19 калгасаў і 11 саўгасаў, 5 птушкафабрык, 1 міжгасп. прадпрыемства. Асн.с.-г. галіны: мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля), птушкагадоўля, бульбаводства; вырошчваюць цукр. буракі, збожжавыя, лён, агародніну. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы садовых домікаў), харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, з Баранавіч на Ліду, Слуцк, Лунінец, Слонім; аўтадарогі Брэст—Мінск, Кобрын—Івацэвічы—Стоўбцы, Баранавічы—Слонім—Гродна, з Баранавіч на Навагрудак, Ляхавічы, Нясвіж. У раёне тэхнікумы тэхналагічны і лёгкай прам-сці, вучылішчы медыцынскае, музычнае, педагагічнае; ПТВ, 18 базавых, 26 сярэднеагульнаадук. школ, дзіцячая спарт. школа, 35 дашкольных устаноў, 67 б-к, 5 бальніц. Зоны адпачынку: турбаза «Лясное возера», дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Дружба». Помнікі прыроды: Карчоўскія дубы-блізняты, Камень філарэтаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Сэрца Ісуса (19—20 ст.), царква Іаана Хрысціцеля (18 ст.) у в. Сталовічы; палац кн. Канстанціна Радзівіла (канец 18 ст. — пач. 19 ст.), Юр’еўскі касцёл (19 ст.) у в. Паланэчка; Праабражэнскі касцёл (пач. 19 ст.) і Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Новая Мыш; Крыжаўзвіжанская царква і касцёл (18 ст.) у г.п. Гарадзішча. Мемарыяльная капліца на месцы Мілавідскай бітвы 1863 каля в. Мілавіды. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Выдаецца газета «Наш край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙКА,
горад, цэнтр Вілейскага раёна Мінскай вобл., на р. Вілія. За 103 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Полацк. Вузел аўтадарог (на Маладзечна, Смаргонь, Мядзел, Докшыцы, Плешчаніцы). 29,8 тыс.ж. (1995).
Вядома з 1599 як мястэчка, цэнтр Вілейскага староства Ашмянскага пав.ВКЛ. Мела назву Стары Куранец, у 16 ст. належала роду Куранецкіх З 1793 у складзе Рас. імперыі, Кацярына II падаравала Вілейку мінскаму ген.-губернатару Карнееву, які аб’яднаў мястэчка і вёску Вілейку ў адзін нас. пункт. З 1795 цэнтр Вілейскага павета. 22.1.1796 зацверджаны герб горада: чырв. поле шчыта перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам. Развіццю Вілейкі спрыяла гандл. суднаходства, штогод адбываліся 4 кірмашы. Вял. страты гораду прычынілі пажар 1810 і вайна 1812. У час паўстання 1830—31 тут дзейнічаў паўстанцкі к-т, паўстання 1863—64 — паўстанцкі атрад. У 1860 у Вілейцы царква, 3 малітоўныя дамы, 3 капліцы, шпіталь, бровар, 14 крам, 272 дамы, у 1861 — 2931 ж., у 1897 — 3560 ж. У 1904 праз Вілейку прайшла чыгунка. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічаў рэв.-сялянскі к-т, с.-д. група. У 1918 акупіравана герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. Дзейнічалі падп. райкомы КПЗБ і КСМЗБ, арг-цыі Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-вабел. школы. З 1939 у БССР, цэнтр Вілейскай вобласці. З 26.6.1941 да 2.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут больш за 6 тыс.чал.; дзейнічала Вілейска-Куранецкае патрыятычнае падполле 31.10—1.11.1943 адбыўся Вілейскі бой 1943. У 1959 у Вілейцы 8,2 тыс., у 1989 — 25 тыс. жыхароў.
Арх.-планіровачную структуру горада фарміруюць вуліцы 17 Верасня, Першамайская, Вадап’янава, якія ўтвараюць прамавугольную сетку дробных кварталаў сядзібнай, пераважна драўлянай забудовы. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — прамавугольная ў плане пл. Леніна. Яе асн. кампазіцыйнымі дамінантамі з’яўляюцца Вілейскі Крыжаўзвіжанскі касцёл і Вілейская царква. У зах. частцы будуюцца шматпавярховыя дамы, на Пн і З фарміруецца індывід. забудова сядзібнага тыпу. Зберагліся помнікі архітэктуры 19—20 ст.: будынкі гімназіі, турмы, бальніцы, жылы дом па вул. Чырвонаармейскай, 28. Паводле генплана 1979 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана развіццё горада ў паўд. напрамку ўздоўж р. Вілія, рэканструкцыя і забудова цэнтр. часткі 3—6-павярховымі жылымі дамамі з захаваннем існуючай сеткі вуліц, стварэнне на левабярэжжы буйнога шматпавярховага жылога раёна.
Заводы «Зеніт» і аўтарамонтны, прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей. Магілы ахвяр фашызму. За 1 км ад Вілейкі Вілейскае вадасховішча.
Г.А.Каханоўскі (гісторыя).
Вілейка. Цэнтр горада. Крыжаўзвіжанскі касцёл і царква (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),
1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б.СССРпалітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.
2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням.нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л.Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.
3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл.Аўтакефалія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,
цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.І.Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л.ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял.Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.
Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар. камісары, якія ўваходзілі ў СНКЗах.вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай ГаспадаркіБССР (ВСНГБССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНКБССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр.дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял.Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл.табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.
Літ.:
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;
Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг.Мн., 1956;
Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.