МІЖГАЛАКТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
прастора паміж галактыкамі разам з матэрыяй, якая ў ёй знаходзіцца (разрэджаны газ, касмічныя прамяні, эл.-магн., у асноўным рэліктавае выпрамяненне і інш. У М.а. выяўлены вял. воблакі атамарнага вадароду, не звязаныя з галактыкамі; яны маюць форму дыскаў і змяшчаюць да 1014 сонечных мас газу. Магчыма, воблакі з’яўляюцца асяроддзем, у якім фарміруюцца скопішчы галактык. Ад шчыльнасці М.а. можа залежаць характар эвалюцыі Сусвету (гл. Касмалогія), але дакладнае значэнне шчыльнасці пакуль не вызначана (па некат. меркаваннях яно меншае за 10−29 г/см³).
А.А.Шымбалёў.
т. 10, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЖАНО́ЧЫ ДЗЕНЬ 8 САКАВІКА́,
дзень міжнар. салідарнасці жанчын у барацьбе за эканам., сац. і паліт. роўныя правы з мужчынамі. Рашэнне аб штогадовым святкаванні М.ж.д. прынята ў 1910 на 2-й Міжнар. канферэнцыі жанчын-сацыялістак у Капенгагене (Данія) па прапанове К.Цэткін. Упершыню праводзіўся ў 1911 у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Даніі. У Расіі ўпершыню праведзены ў 1913, у Беларусі — у 1914. У СССР з 1965 паводле рашэння Вярх. Савета СССР непрацоўны дзень; захаваў такі статус пад інш. назвамі і ў многіх краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.
т. 10, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ЭЛЕКТРАСУ́ВЯЗІ (МСЭ; International Telecommunication Union),
міжнародная спецыялізаваная арганізацыя, якая садзейнічае ўдасканаленню і рацыянальнаму выкарыстанню сродкаў электрасувязі (тэлегр., тэлеф. і радыё). Засн. ў 1865. Да 1932 наз. Міжнар. тэлеграфны саюз, з 1947 спецыялізаваная ўстанова ААН. Месцазнаходжанне — Жэнева. Асн. мэты: каардынацыя ў міжнар. маштабе дзейнасці краін і транснац. карпарацый у галіне эксплуатацыі, мадэрнізацыі і стварэння новых тэлекамунікацый, размеркаванне паміж дзяржавамі радыёчастот і іх рэгістрацыя, распрацоўка мер па ліквідацыі перашкод пры рабоце радыёстанцый і інш. Члены МСЭ больш за 160 дзяржаў (1990), у т. л. Беларусь.
т. 10, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСПАРЫ́ДЫІ (Microsporidia),
атрад (па інш. класіфікацыях тып, клас) прасцейшых кл. кнідаспарыдый. Больш за 70 родаў, 900 відаў. Унутрыклетачныя паразіты жывёл, пераважна членістаногіх і рыб. У цытаплазме клеткі жывёлы-гаспадара размнажаюцца бясполым шляхам (простае дзяленне і шызаганія). Пасля палавога працэсу (аўтагамія) утвараюцца споры (спораганія). Споры (даўж. да 10 мкм) пераважна авальныя, маюць спіральна скручаную трубку, якая забяспечвае пранікненне паразіта ў тканкі новага гаспадара. Выклікаюць захворванні — мікраспарыдыёзы (напр., М. роду назема). Больш за 300 відаў паразітуюць на шкодных для чалавека членістаногіх і могуць выкарыстоўвацца як біял. сродак барацьбы з імі.
т. 10, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФЛО́РА (ад мікра... + флора),
сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган. рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.
т. 10, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЯШКЕ́ВІЧ Яраслаў Генрыхавіч (н. 4.1.1939, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. хімік-арганік. Канд. хім. н. (1976), дац. (1978). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1961). З 1961 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па хіміі драўніны, праблемах бел. хім. тэрміналогіі. Даследаваў асаблівасці хім. будовы і рэакцыйнай здольнасці лігніну таполі пры хім. перапрацоўцы драўніны, прапанаваў сістэму ўтварэння бел. назваў хім. элементаў. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Арганічная хімія. Ч. 1. Мн., 1991;
Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.
А.І.Болсун.
т. 10, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНАКО́Ў Анатоль Пятровіч (н. 5.4.1936, г. Запарожжа, Украіна),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1998). Скончыў Запарожскі машынабуд. ін-т (1958). Працаваў на з-дах Украіны, з 1965 на Магілёўскім аўтамаб. з-дзе, з 1981 у Магілёўскім машынабуд. ін-це (з 1998 праф.). Навук. працы па фінішнай абразіўнай і ўмацавальнай пнеўмавібрадынамічнай апрацоўцы загатовак.
Тв.:
Упрочняющая обработка нежестких деталей в машиностроении. Мн., 1986 (разам з П.І.Яшчарыцыным);
Технологические основы пневмовибродинамической обработки нежестких деталей. Мн., 1995 (разам з А.А.Бунасам).
т. 10, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАЛАКАРТЫКО́ІДЫ,
гармоны кары наднырачнікаў, якія рэгулююць водна-салявы абмен у арганізме чалавека і жывёл. Па хім. прыродзе — кортыкастэроіды. Да М. адносяць альдастэрон (найб. актыўны) і 11-дэзоксікортыкастэрон. Пад уплывам М. затрымліваецца выдзяленне іонаў натрыю, хлору і вады ныркамі, павялічваецца выдзяленне іонаў калію і кальцыю з мачой, узмацняюцца анабалічныя працэсы. Пры павышанай прадукцыі М. у арганізме з’яўляюцца ацёкі, павышаецца артэрыяльны ціск, узнікае гіпакаліямія і інш. Пры недахопе М. павялічваецца выдзяленне натрыю і вады, што вядзе да абязводжвання арганізма. Сінт. прэпарат М. — дэзоксікортыкастэрону ацэтат выкарыстоўваюць для лячэння наднырачнай недастатковасці.
М.К.Кеўра.
т. 10, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ДО́СЛЕДНАЕ РЫБАПЕРАПРАЦО́ЎЧАЕ КО́МПЛЕКСНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА.
Засн. ў 1973 у Мінску. З 1988 наз. Мінскі холадакамбінат па захаванні, перапрацоўцы і рэалізацыі рыбных тавараў, з 1990 арэнднае прадпрыемства, з 1995 адкрытае акц. т-ва «Рыбакомплекс». Працуюць асн. цэхі: вяндлярны, кулінарны, прэсерва-марынадны, сыравінны і дапаможныя, халадзільныя камеры. Выпускае (1999) больш за 100 найменняў рыбапрадукцыі, у т. л. з марской капусты 7, прэсерваў больш за 30, рыбы халоднага і гарачага вэнджання больш за 50, салёнай рыбы больш за 10 найменняў. Сыравіна завозіцца ў асн. з краін Балтыі і Расіі.
т. 10, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «ЗАВО́Д ГАРЫЗО́НТ».
Засн. ў 1950 у Мінску як радыёзавод. З 1997 сучасная назва. У 1951 была выпушчана першая радыёла «Мінск Р-7», у 1955 — першыя тэлевізары «Беларусь», з 1968 — тэлевізары сям’і «Гарызонт». З 1972 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт». У склад ВА «Гарызонт» уваходзяць таксама «З-д Альмагор», навук.-вытв. комплекс «Сігнал», НДІ лічбавага тэлебачання, спецыялізаванае прадпрыемства «Кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання», з-д «Беліт», дзярж. выпрабавальны цэнтр «Белліс» і інш. Асн. прадукцыя (1999): тэлевізары каляровага адлюстравання з памерамі экрана па дыяганалі 37, 50, 61, 63, 70 см.
т. 10, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)