від пратэсту, метад барацьбы, дзеянні, учынкі асоб ці калектываў, накіраваныя на зрыў якога-небудзь мерапрыемства, прапановы. Найб. пашырана ў парламентах — доўгія прамовы, якія не маюць дачынення да справы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТЭ́РНА,
возера ў Беларусі, у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Вята. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 9,89 км². Даўж. 5,5 км, найб.глыб. 12 м. Пл. вадазбору каля 115 км².
Берагі пясчаныя. Дно складанай будовы, выслана пяском і сапрапелямі. Схілы пераважна высокія, укрытыя лесам, на У разараныя. Злучана ручаём з воз. Укля, пратокамі з азёрамі Важа і Набіста. У 1967 узровень яго штучна падняты на 1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТЭ́РНАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,
у Беларусі, на мяжы Браслаўскага і Міёрскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Вята, паміж адгор’ямі Браслаўскай марэннай грады і Полацкай азёрна-ледавіковай нізінай. Уключае 13 азёраў (агульная пл. 32 км²), злучаных сістэмай мелкаводных забалочаных праток; найб.Абстэрна, Укля, Набіста, Важа, Інава. Дрэніруюцца р. Хараброўка, якая пачынаецца з воз. Набіста, цячэ праз воз. Шчоўна, выцякае з яго пад назвай Вята. З У прымыкае гідралагічны заказнік Балота мох. Плацінай на Хараброўцы ўзровень вады азёраў падняты на 0,8—1 м з утварэннем адзінага воднага басейна. Прамысловае рыбалоўства. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСУ́РДУ ДРА́МА,
плынь зах.-еўрап. авангардысцкай драматургіі і тэатра 1950—60-х г., дзе паняцце «абсурд» з’яўляецца асн. атрыбутам рэчаіснасці, якая ў выніку агульнага крызісу ідэалогіі постіндустрыяльнага грамадства часам траціць унутр. сэнс і становіцца ірацыянальнай. Тэрмін «абсурду драма» ўзнік пасля парыжскіх прэм’ер п’ес Э.Іанеска «Лысая спявачка» (1950) і С.Бекета «У чаканні Гадо» (1952). У іх выявіліся асн. рысы абсурду драмы: гратэскна-камічная дэманстрацыя бессэнсоўнасці формаў (у т. л. моўных), у якіх праходзіць паўсядзённае жыццё «сярэдняга» чалавека, а таксама метафарычная перадача яго шокавага стану, калі ён разумее, што вырвацца з гэтых жорсткіх ціскоў немагчыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЫ́ЗАВАЯ КІСЛАТА́,
гармон раслін. Па хім. будове ізапрэноід. Рэгулюе працэсы завядання і ападання лісця (паскарае ўтварэнне аддзяляльнага слоя), тармозіць рост адрэзкаў сцяблоў і калеоптыляў. Біясінтэз абсцызавай кіслаты і гармонаў росту — гіберэлінаў — адбываецца ў раслінах з мевалонавай к-ты. Мяркуюць, што сістэма біясінтэзу абсцызавай кіслаты або гіберэлінаў рэгулюецца лішкам аднаго з гэтых прадуктаў. Прэпарат абсцызавая кіслата выкарыстоўваецца для вывучэння тармажэння працэсаў росту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЭ́С
(ад лац. abscessus нарыў),
мясцовае намнажэнне гною, якое суправаджаецца мясцовым распадам тканак і ўтварэннем у іх гнойнай поласці, абмежаванай абалонкай. Развіваецца пры пранікненні гнаяродных мікробаў у тканкі пры траўмах, а таксама пры ўздзеянні на тканкі некат. рэчываў (шкіпінару, кратонавага алею, сулемы і інш.). Мікробы з першапачатковага ачага могуць распаўсюджвацца па лімфатычных і крывяносных сасудах у суседнія тканкі і аддаленыя органы (скуру, лёгкія, печань, ныркі, галаўны мозг, мышцы і інш.) і выклікаць фарміраванне ў іх другасных абсцэсаў. Бывае востры, хранічны, паверхневы, халодны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЭ́СЫ МНО́ЖНЫЯў дзяцей,
псеўдафурункулёз, хвароба, якая характарызуецца гнойным запаленнем экрынавых потавых залоз. Узбуджальнік — залацісты стафілакок. Узнікненню спрыяюць расшыраныя і ўкарочаныя вывадныя пратокі потавых залоз у грудных дзяцей. На скуры ў вусцях праток з’яўляюцца пустулы (як шпілечная галоўка), якія прарываюцца з утварэннем гнойнай скарынкі. Адначасова ўзнікаюць шматлікія вузельчыкі і вузлы (памерам ад гарошыны да яйца) чырвона-бардовага колеру, якія потым размнажаюцца і прарываюцца з вадкім гноем. Высыпанні бываюць прыступамі і суправаджаюцца агульнай слабасцю, ліхаманкай, паносам. Хвароба працяглая; пры загойванні застаюцца рубцы. Лечаць УФ-апрамяненнем, пераліваннямі крыві маці, ін’екцыямі пеніцыліну; абсцэсы ўскрываюць, прамываюць антысептыкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ТАР
(франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),
1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.
2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ЦЫЯ,
герметызацыя канала ствала пры выстрале для прадухілення прарыву парахавых газаў. Забяспечвае дальнабойнасць і бяспечнасць стральбы. У зброі з патронным зараджаннем абтурацыя дасягаецца выкарыстаннем латуннай гільзы, якая расшыраецца пры выстрале і забяспечвае герметызацыю ствала з боку затвора. У артыл. гарматах з бязгільзавым зараджаннем абтурацыя ажыццяўляецца з дапамогай абтуратара. Прарыву газаў у бок руху снарада перашкаджаюць вядучыя паяскі снарадаў і абалонкі куль, у мінамётах — канаўкі на цыліндрычнай частцы міны.