АНІСІ́ФАР (прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),
мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял.кн.ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжэнцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ ПАЎВО́СТРАЎ (да 1961 Зямля Грэяма),
частка тэрыторыі Антарктыды, выцягнутая на Пн у напрамку Паўд. Амерыкі паміж морамі Уэдэла і Белінсгаўзена. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. Выш. да 4191 м. Цэнтральная ч. — ледавіковае плато выш. 1500—2000 м; на ўзбярэжжах горныя масівы, месцамі свабодныя ад лёду. Клімат антарктычны (пад уплывам акіяна менш суровы, чым на мацерыку). На паўн.-зах. узбярэжжы зрэдку трапляюцца каля 10 відаў дробных травяністых кветкавых раслін. На Антарктычным паўвостраве антарктычныя навук. станцыі Вялікабрытаніі, Аргенціны, Чылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАМАРФІ́ЗМ (адантрапа... + грэч. morphē форма, від),
прыпадабненне да чалавека, надзяленне чалавечымі ўласцівасцямі прадметаў і з’яў нежывой прыроды, нябесных целаў, жывёлін, міфічных істот. Узнік як першапачатковая форма светапогляду чалавека на ранніх ступенях развіцця грамадства (гл.Анімізм). Антрапамарфізм уласцівы большасці рэліг. уяўленняў пра багоў і інш. звышнатуральных істот (багі т.зв. вышэйшых рэлігій, язычніцкія багі і інш.). Антрапаморфныя паняцці выкарыстоўваюць і ў сучаснай навук.-тэхн. л-ры (камп’ютэр «запамінае», «рашае задачу» і г.д.), для эмацыянальнай выразнасці ў выяўл. мастацтве, паэзіі, прозе («зямля спіць», «мора хвалюецца»).
рускі жывапісец-партрэтыст. Вучыўся ў «Канцылярыі ад будаўніцтва» ў Пецярбургу (з 1732) у А.М.Мацвеева, з 1739 працаваў там у «жывапіснай камандзе» ў І.Я.Вішнякова. Удзельнічаў у размалёўцы палацаў у Пецярбургу (1744—50), яго прыгарадах і ў Маскве, Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Партрэты Антропава часткова звязаны з традыцыямі парсуны, жывапіснымі прыёмамі барока, адметныя праўдзівасцю характарыстык (А.Ізмайлавай, 1759, атамана Ф.І.Краснашчокава, 1761, Пятра III, 1762, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДЭПРЭСА́НТЫ (аданты... + лац. depressio прыгнечанасць),
лекавыя псіхатропныя сродкі для папярэджання або нейтралізацыі псіхічных і фіз. расстройстваў, якія суправаджаюць стан дэпрэсіі. Паляпшаюць настрой, здымаюць трывогу і напружанасць, павышаюць псіхічную актыўнасць, нармалізуюць агульны тонус, сон, страваванне, рухомасць арганізма. Многія з іх несумяшчальныя з асобнымі відамі ежы, асабліва з ужываннем у час лячэння спіртных напіткаў (магчыма развіццё калапсу). Асобныя антыдэпрэсанты на пач. этапе выкарыстання запавольваюць скорасць рэакцыі і ўспрымання сітуацый, таму пры назначэнні выключаюць магчымасць кіравання трансп. сродкамі або выканання складаных тэхн. аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛІ́НЫ (Opalinatea),
клас паразітычных прасцейшых жывёл атр. эўгленавых. Жывуць у кішэчніку земнаводных, радзей рыб і паўзуноў. Больш за 100 відаў. Найб. вядома A. ranarum.
Даўж. да 1 мм. Цела лістападобнае, плоскае, несіметрычнае, укрытае тысячамі кароткіх жгуцікаў. Стрававальнай сістэмы няма, жывяцца ўсёй паверхняй цела. Ядзер ад 2 да некалькіх соцень. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем) і палавым — парным зліццём аднаядравых мікра- і макрагамет з утварэннем цысты, што трапляе ў ваду і праглынаецца апалонікамі. З цысты выходзіць маленькая апаліна, якая вырастае ў шмат’ядзерную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГО́ (франц. argot),
разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца вузкай сацыяльнай групай людзей з мэтай моўнага адасаблення, адна з формаў існавання мовы. У шырокім сэнсе арго — любыя разнавіднасці прафесійнага нелітаратурнага маўлення (арго лётчыкаў, паляўнічых і інш.). Нярэдка пад арго разумеюць маўленне дэкласаваных і крымінальных элементаў. Да арго адносяць тайныя мовы. Тэрмін «жаргон» таксама абазначае сац. разнавіднасць маўлення. Аднак у адрозненне ад арго жаргоны выкарыстоўваюцца больш шырокімі сац. і ўзроставымі групамі насельніцтва.
Літ.:
Жирмунский В. Национальный язык и социальные диалекты. Л., 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́НСКІ ВЫ́ХАД,
даніна з рус. земляў Залатой Ардзе ў час мангола-татарскага панавання 13—15 ст. Збіраўся з усяго насельніцтва, акрамя духавенства. Велічыня пабораў была не пастаянная, а залежала ад «запросаў» хана. Напачатку ардынскі выхад збіралі баскакі, адкупшчыкі-мусульмане. Нар. паўстанні ў рус. княствах (1257, 1259, 1262, 1289) супраць баскакаў прымусілі ханаў перадаць збор даніны рус. князям. Даніна ішла ў Залатую Арду праз вял. князя уладзімірскага. Пасля Кулікоўскай бітвы 1380 ардынскі выхад плацілі нерэгулярна, з 1470-х г. перасталі плаціць зусім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТУ́ ((Barthou) Жан Луі) (25.8.1862, г. Аларон-Сент-Мары, Францыя — 9.10.1934),
французскі дзярж. дзеяч. Адвакат. У 1889—1922 дэпутат парламента. З 1894 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1913 прэм’ер-міністр. Узначальваў франц. дэлегацыю на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1922—26 старшыня Рэпарацыйнай камісіі, патрабаваў ад Германіі выканання пастаноў Версальскага мірнага дагавора 1919. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры ў Германіі (1933) актыўны прыхільнік франка-сав. супрацоўніцтва. Ініцыятар стварэння «Усходняга пакта». Загінуў у Марселі разам з югасл. каралём Аляксандрам I у выніку тэрарыст. акта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫПЛА́Н (адгрэч. bathys глыбокі + план),
апарат для падводных назіранняў. Буксіруецца за караблём спец. кабель-тросам і кіруецца назіральнікам з дапамогай рулявога прыстасавання. Паводле прынцыпу дзеяння — «падводны планёр» з пастаяннай лішкавай плывучасцю (спушчаны на ваду плавае на паверхні, пры буксіроўцы апускаецца ў ваду пад дзеяннем гідрадынамічных сіл). Батыплан забяспечваецца сістэмай узнаўлення паветра, ілюмінатарамі, пражэктарамі, фота- і кіназдымачнай апаратурай і інш. Выкарыстоўваецца для падводнай фота- і кіназдымкі, назірання за паводзінамі рыбы ў касяках і інш.