АКСЕЛЬРО́Д (літ. псеўд. Ортодокс) Любоў Ісакаўна

(1868 — 5.2.1946),

расійскі філосаф і літаратуразнавец. Скончыла Бернскі ун-т (1900). З 1884 удзельнічала ў рэв. руху. У 1887 эмігрыравала ў Францыю, з 1892 прыхільнік марксісцкай групы «Вызваленне працы», паслядоўніца Г.​В.​Пляханава. У 1903 прымкнула да меншавікоў. Супрацоўнічала ў час. «Заря», у газ. «Искра». У 1906 вярнулася ў Расію. Распрацоўвала пытанні эстэтыкі, гісторыі філасофіі і гіст. матэрыялізму. Аўтар прац «У абарону дыялектычнага матэрыялізму. Супраць схаластыкі» (1928), «Ідэалістычная дыялектыка Гегеля і матэрыялістычная дыялектыка Маркса» (1934) і інш. Даследавала пытанні сацыялогіі мастацтва.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЕНА ПРА́ВІЛА,

правіла, якое вызначае заканамернасць змены памераў паверхні цела цеплакроўных жывёл у залежнасці ад змены кліматычных умоў. У млекакормячых жывёл на Пн часткі цела, якія выступаюць (канечнасці, вушы, хвост, шыя, лапы), карацейшыя, формы цела больш прысадзістыя, чым у прадстаўнікоў таго ж віду на Пд. У нейкай ступені Алена правіла справядліва і да вышэйшых раслін, парасткі якіх звычайна ўкарочаныя на Пн у параўнанні з паўд. шыротамі. Сфармулявана амер. вучоным Дж.​Аленам (1877). Алена правіла, як і Бергмана правіла, вынікае з прынцыпу памяншэння цеплааддачы пры скарачэнні суадносін паверхні цела з аб’ёмам.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНДЫ́НА»,

(«Ondyna druskienickich źródeł», «Ундзіна друскеніцкіх крыніц»), літаратурна-гістарычны і медыцынскі часопіс. Выходзіў у 1844—46 на польск. мове раз на месяц у час курортнага сезона (крас. — снеж.) у Друскеніках (цяпер Друскінінкай, Літва). У літ. аддзеле пераважала белетрызаваная проза. Лейтматывам паэт. твораў («Сеймікі павятовыя» К.​Буйніцкага) была ідэалізацыя мінулага, крытыка арыстакратыі. У гіст. аддзеле былі змешчаны артыкулы Т.​Нарбута («Аб імёнах жонак вял. князя літоўскага Альгерда», «Заўвагі наконт аўтэнтычнасці падаравання Вітаўта трокскаму манастыру»), В.​Мацэёўскага («Бібліятэка шляхецкая і валасная польскага грамадзяніна 16 ст.») і інш.

Я.​С.​Умецкая.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НФІНСЕН (Anfinsen) Крысціян Бемер (н. 26.3.1916, г. Манесен, шт. Пенсільванія, ЗША),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1963), Дацкага каралеўскага т-ва навук (1964). Скончыў Пенсільванскі ун-т (1939). У 1948—50 і 1962—63 выкладаў у Гарвардскім ун-це, у 1950—62 і з 1963 у Нац. ін-це здароўя ў Бетэсдзе (каля Вашынгтона). Навук. працы па біяхіміі бялкоў і ферментаў. Прапанаваў новую трактоўку працэсу біял. эвалюцыі (1959). Нобелеўская прэмія 1972 (з С.​Мурам і У.​Х.​Стайнам).

Тв.:

Молекулярные основы эволюции: Пер. с англ. М., 1962.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АО́РТА (грэч. aortē),

у чалавека галоўная артэрыя вялікага круга кровазвароту, што выносіць кроў з левага жалудачка сэрца. Каля выхаду з яго аорта наз. ўзыходнай (даўж. яе каля 6 см), потым утварае дугу аорты, пераходзіць у сыходную аорту, праходзіць уздоўж пазваночніка праз грудную і брушную поласці. У млекакормячых жывёл і чалавека існуе левая дуга аорты, у птушак — правая. У рыб ад брушной аорты адыходзяць шчэлепныя артэрыі. Яны падзяляюцца на капіляры, з якіх кроў цячэ ў 2 прадаўгаватыя ствалы — карані спінной аорты; абедзве зліваюцца ў няпарную спінную аорту.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМАТЫЗА́ЦЫЯ,

1) у нафтахіміі — перапрацоўка нафты, нафтапрадуктаў для павелічэння ў іх колькасці араматычных вуглевадародаў (бензолу і яго гамолагаў). Адбываецца за кошт ператварэння ацыклічных вуглевадародаў у цыклічныя, ізамерызацыі і дэгідрыравання нафтэнаў у розных працэсах перапрацоўкі нафты і яе фракцый (крэкінг, рыформінг, піроліз). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці высокаактанавага паліва і чыстых араматычных вуглевадародаў.

2) У харчовай прамысловасці — увядзенне араматычных рэчываў у харч. прадукты і напіткі для павелічэння іх духмянасці і паляпшэння смаку. Праводзіцца з дапамогай натуральных (атрыманыя з эфіраалейных культур) і сінт. (духмяныя харч. эсенцыі) рэчываў.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў Аляксей Рыгоравіч (5.10.1737, с. Любліна Цвярской вобл. — 5.1.1808),

расійскі дзярж. і ваенны дзеяч. Ген.-аншэф (1769), граф (1762). Брат Р.Р.Арлова. Адзін з гал. удзельнікаў дварцовага перавароту 1762, у выніку якога прастол заняла Кацярына II. У званні сяржанта атрымаў чын ген.-маёра (1762), аказваў вял. ўплыў на дзярж. справы. З 1769 камандаваў рас. эскадрай у Міжземным моры. За перамогі над турэцкім флотам каля Наварына і ў Чэсменскім баі 1770 атрымаў тытул Чэсменскага. З 1775 у адстаўцы. У маёнтках Арлова выведзена арлоўская рысістая парода верхавых коней.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Орша. Пл. акругі 7,9, у 1927 11,7 тыс. км²; нас. 423,3 у 1924, 572,3 тыс. чал. у 1927. Уключала: 10 раёнаў — Аршанскі, Багушэўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Дубровенскі, Копыскі, Коханаўскі, Круглянскі, Ляднянскі, Талачынскі; 3 гарады — Горкі, Дуброўна, Орша; 5 мястэчак — Копысь, Коханава, Ляды, Смаляны, Талачын; 108 сельсаветаў. У 1927 у склад акругі ўвайшлі са скасаваных Барысаўскай акругі Крупскі і Чарэйскі, з Калінінскай — Мсціслаўскі і Расненскі р-ны. Акруговая газ. «Камуністычны шлях». Скасавана 26.7.1930.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з жн. 1941 да ліп. 1942 у г.п. Асвея і Асвейскім раёне Віцебскай вобласці. Арганізатары і кіраўнікі: У.​У.​Сімацкі (да 18.11.1941) і І.​К.​Захараў. Аб’ядноўвала 9 падп. груп (каля 100 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, здабывалі зброю і боепрыпасы, знішчалі гітлераўцаў, вывелі са строю 14 аўтамашын, 6 танкаў, разбурылі 10 мастоў, сапсавалі тэлеграфную сувязь, спалілі льнозавод, харч. склад і інш. У крас. арганізавалі партыз. атрад, які ў жн. 1942 увайшоў у Асвейскую партыз. брыгаду.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНО́ЛЬДЗІ Джузепе Ахіла Эльміра (1821, Барселона — 1871),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве, грамадскі дзеяч, спявак, танцмайстар. Італьянец па паходжанні. З 1842 жыў у Вільні. Быў настаўнікам спеваў у Дваранскім ін-це, выступаў як спявак. Наведваў з канцэртамі Мінск, Віцебск, інш. гарады Беларусі. У 1862 разам з К.​Каліноўскім увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, рыхтаваў падп. выданні. У лют. 1863 высланы ўладамі (паводле іншых звестак уцёк) за мяжу, дзе закупляў зброю для паўстанцаў. Удзельнік Парыжскай камуны 1871, капітан, камандзір эскадрона ў злучэннях В.​Урублеўскага. Памёр ад ран.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)