установа па кіраўніцтве нар. асветай у Рэчы Паспалітай; першая падобнага тыпу ў Еўропе. Засн. соймам 1773—75. Першы старшыня (1773—80) І.Я.Масальскі. Прымалі ўдзел асветнікі Г.Калонтай, І.Патоцкі, Г.Пірамовіч, Я.Снядэцкі, І.Храптовіч і інш. Ажыццявіла рэформу школ і ун-таў у духу ідэй Асветніцтва. У 1783 зацверджаны «Статут, прадпісаны камісіяй народнай асветы для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай». Школа набыла свецкую накіраванасць. Найважнейшае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэм. цыкла, з гуманітарных навук выкладаліся польск. і лац. граматыка, геаграфія, гісторыя, заканазнаўства і інш.; з навуч. праграм была знята тэалогія. Новая сістэма адукацыі не задавальняла кансерватыўную частку памешчыкаў і духавенства. У 1794 статут адменены, адукацыйная камісія распушчана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫСО́НАВА ХВАРО́БА, бронзавая хвароба,
хвароба, абумоўленая двухбаковым пашкоджаннем кары наднырачнікаў, зніжэннем утварэння гармонаў (картызону, альдастэрону). Названа па прозвішчы англ. ўрача Т.Адысана, які ўпершыню яе апісаў (1849). Развіваецца марудна, часцей у 30—50 гадоў, пры пашкоджанні наднырачнікаў туберкулёзам, амілаідозам, пры кровазліцці, пухлінах і метастазах у наднырачнікі, аўтаімунных пашкоджаннях. Бываюць сямейныя (спадчынныя) формы. Характарызуюцца адынаміяй, агульнай слабасцю, павышанай стамляльнасцю, пахудзеннем, а таксама зніжэннем памяці, аблысеннем, паніжэннем т-ры, гіпатаніяй, парушэннем менструальнага цыкла, зніжэннем патэнцыі, узроўню натрыю і хларыдаў у крыві, павышанай колькасцю калію. Асноўная прыкмета хваробы — гіперпігментацыя скуры (цёмная, бронзавая афарбоўка, колер загару). Сустракаюцца атыпічныя (сцёртыя) формы адысонавай хваробы без бронзавай афарбоўкі скуры. Лячэнне індывідуальнае (гарманальнае, дыета, вітаміны, процітуберкулёзныя сродкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЫ́НА, маліна шызая (Rubus caesius),
кустовая расліна сям. ружавых. Пашырана ў краінах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі, Сярэдняй Азіі; на Беларусі ўсюды, асабліва на Палессі. Расце па берагах рэк, на заліўных лугах, узлесках, у хмызняках, утварае густыя, непраходныя зараснікі. Прыдатная для лесамеліярацыйных работ, замацавання яроў.
Кусты выш. 60—150 см. Надземныя парасткі двухгадовыя, фіялетава-шызыя, звычайна ўкрытыя шыпамі і шчацінкамі. Лісце няпарнаперыстараздзельнае з 3—5 лісцікамі. Кветкі двухполыя, белыя, дыям. да 3 см. Цвіце ў чэрв.—ліп., плады сакавітыя салодкія складаныя касцянкі, чорныя з шызым налётам, выспяваюць у сярэдзіне жніўня. У аматарскім садоўніцтве культывуецца сорт Агавам, найб. прыстасаваны да клімат. умоў Беларусі. З пладоў гатуюць сокі, варэнне, жэле, яны багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, карацінамі, танідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТ,
будаўнічы матэрыял з сумесі цэменту, азбесту і вады. Састаў: 100 ч. (па масе) партландцэменту, 12—20 ч. азбесту, у асн. нізкіх гатункаў. Да застывання цэменту азбестацэмент пластычны і трывалы на расцягванне, што дае магчымасць фармаваць з лістоў таўшчынёй 5—10 мм розныя вырабы; у застылым стане мае высокія фіз.-мех. ўласцівасці: трываласць на выгін да 30 МПа, на сцісканне да 90 МПа, ударная вязкасць 1,8—2,5 кДж/м², даўгавечны, маразастойкі, вогнетрывалы, з павышанай хім. устойлівасцю. Крохкасць і дэфармаванне азбестацэменту пры высокай вільготнасці змяншаюць гідрафабізацыяй (гл.Гідрафобныя пакрыцці) і дадатковым арміраваннем. З азбестацэменту вырабляюць лісты, трубы, пліты, дахавыя прафіляваныя і плоскія лісты (шыфер). Гл. таксама Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙБЕ́К (сапр.Ташмухамедаў Муса; 10.1.1905, Ташкент — 1.7.1968),
узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1965). Акад.АН Узбекістана (1943). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1930). Першы зб. вершаў «Пачуцці» (1926). Асэнсаванне гіст. мінулага узб. народа, падзей 1-й сусв. і Вял.Айч. войнаў, праблем сучаснай вёскі — галоўнае ў зб-ках вершаў і паэм «Флейты сэрца» (1929), «Факел» (1932), «Песня сонца» (1955), «Палымяныя гады» (1965), сац.-псіхал. і гіст.-біягр. раманах «Свяшчэнная кроў» (1940), «Наваі» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Сонца не пагасне» (1958), «Вялікі шлях» (1967), кнізе-дзённіку «Па фронце» (1965) і інш.Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1963 за аўтабіягр. аповесць «Дзяцінства» (1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЛІ́ЧНАСЦЬ,
даданы член сказа, які паясняе словы са значэннем дзеяння або прыкметы, паказваючы на час, месца, прычыну, умову, мэту, спосаб дзеяння, характар выяўлення, інтэнсіўнасць прыкметы. У бел. мове акалічнасці сінтаксічна звязваюцца з гал. словамі пры дапамозе прымыкання і кіравання. Ролю акалічнасці выконваюць прыслоўе («вельмі здольны»), дзеепрыслоўе («разглядаць не спяшаючыся»), інфінітыў («зайсці развітацца»), назоўнік з прыназоўнікам ці без яго («ехаць лесам», «зрабіць насуперак жаданню»), лічэбнік («уваходзіць па аднаму»), а таксама свабодныя словазлучэнні розных тыпаў («важыць тры тоны», «чытаць з ранку да вечара», «апрацаваны з дапамогай новага прыстасавання») і фразеалагізмы («жыць абы дзень да вечара»). У залежнасці ад сінтаксічнага значэння падзяляюцца на разрады — акалічнасці часу, прычыны, умовы, мэты, спосабу дзеяння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСА́КАЎ (Сяргей Сяргеевіч) (7.1.1891, г. Самара — 4.9.1968),
бел. кампазітар. Скончыў Аляксандраўскі ліцэй у С.Пецярбургу (1914). Музыцы вучыўся ў К.Ігумнава, А.Грачанінава, Ю.Энгеля. Працаваў у Полацку, Пскове, Самары, Харбіне, Шанхаі. З 1955 у Мінску, выкладаў у Сярэдняй спец.муз. школе пры Бел. кансерваторыі. У праграмных інстр. творах увасобіў карціны бел. прыроды і побыту, сюжэты і вобразы нац. л-ры: сімф. паэмы «У Тураўскай пушчы» паводле верша У.Дубоўкі і «Лясная казка» па матывах твораў Я.Коласа, канцэртная уверцюра «Сельскае свята» і балада для сімф. аркестра; фантазія для фп. з арк. «Над Нёманам», рамансы і хары на словы бел. паэтаў. З інш.тв.: кантата «Памяці Пушкіна»; сімфонія, канцэрт для фп. з арк., інстр. п’есы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БЕРДЗІ́Н, Эбердзін (Aberdeen),
горад у Вялікабрытаніі (Шатландыя). Адм. ц. раёна Грампіян. 216,9 тыс.ж. (1992). Порт на Паўночным м., вузел чыгунак і шашэйных дарог, у вусці р. Ды.
Засн. каля 700. Адзін з першых асяродкаў хрысціянства ў Шатландыі. У 12—14 ст. рэзідэнцыя шатл. каралёў. Пасля разбурэння англ. войскамі ў 1336 побач з старым пабудаваны новы Абердзін. У 1860 каралеўскі (1494) і маршальскі (1593) калегіумы аб’яднаны ва ун-т. Арх. помнікі 14—19 ст., у т. л. гатычны гранітны сабор (1336—1522).
Арганізацыйны цэнтр па абслугоўванні нафтаздабычы ў Паўночным моры. Рыбаперапр., цэлюлозна-папяровая, хім. (у т. л.вытв-сць угнаенняў) прам-сць, машынабудаванне. Каля Абердзіна — гранітныя кар’еры. Цэнтр турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ДАВІЧ ((Обрадовић) Дасітэй) (да манаства Дзімітрый; каля 1739, в. Чакава, Югаславія — 28.3.1811),
сербскі пісьменнік і асветнік, пачынальнік новай сербскай л-ры на нар. мове. Першы міністр асветы Сербіі (1811). Вучыўся ў Гале, Лейпцыгу, Вене. Вандраваў па Еўропе, у 1787 быў на Беларусі (г. Шклоў). У 1808 арганізаваў т.зв. Вялікую школу ў Бялградзе (пазней ун-т). У філас. і павучальных творах «Пісьмо да Харалампія» (1782), «Парады цвярозага розуму» (1784), «Байкі» (1788), «Збор розных павучальных рэчаў...» (1793), аўтабіягр. рамане «Жыццё і прыгоды Дзімітрыя Абрадавіча...» (ч. 1—2, 1783—88) выкрываў абскурантызм, змагаўся за рацыяналізм мыслення і гуманізм, адстойваў неабходнасць усеагульнай адукацыі, заклікаў паўд. славян да адзінства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУТЫЛО́Н, канатнік (Abutilon),
род адна- і шматгадовых раслін сям. мальвавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Ад Міжземнамор’я да ўсх. ўзбярэжжа Азіі расце абутылон Тэафраста, або кітайскі джут (абутылон theophrasti). З яго валакна вырабляюць пражу, мешкавіну, шпагат, вяроўкі і інш. Алей з насення прыдатны на мылаварэнне, вытв-сць пакосту і інш. Завезены ў Паўн. Амерыку і Аўстралію. На Беларусі трапляецца як рэдкая заносная расліна; у пакоях, аранжарэях вырошчваюць прыгожы квітучы абутылон гібрыдны (абутылон hybridum).
Травы, кусты і зрэдку невял. дрэвы выш. да 4 м. Кветкі буйныя, адзіночныя або ў пазушных суквеццях, многія віды апыляюць калібры. Плод з некалькіх пладовак, якія маюць па некалькі зярнят.