устойлівыя па прынцыпах пабудовы і імправізацыйныя па рэалізацыі (адпаведна выпадку) формулы вербальнай (слоўнай) магіі шкадлівага характару. Адна з праяў архаічнай свядомасці чалавека, яго веры ў магічныя сродкі ўздзеяння на чалавека, жывёлу, аб’екты нежывой прыроды, а найперш у дзейсную сілу слова. Найчасцей выказваюцца ў адказ на рэальнае ці ўяўнае праяўленне агрэсіі, варожасці ў дзеяннях і словах. У іх назіраецца імкненне «адвярнуць» шкадлівае дзеянне на крыніцу яго спараджэння, магічным спосабам адпомсціць за нейкае зло, знішчыць крыўдзіцеля і яго род, дабрабыт і інш.
Разбурэнне міфалагічнай сістэмы ператварыла формулы П. у бясшкодныя выслоўі. Напр., забыты страх пра дэмана Кадука, што зжыраў немаўлят і тым асуджаў род на выміранне, ператварыў праклён «Каб на цябе Кадук» у нейтральны папрок, які бабулі часта адрасавалі дзецям (тыпу «А няхай вас качкі стопчуць!»). Для ўзмацнення дзейнасці П. выкарыстоўваліся магічныя атрыбуты, сакральныя мясціны, урочны час.Найб. моцнымі лічыліся матчыны П., бо яны павінны былі няўхільна споўніцца (іншыя можна было нейтралізаваць). Цывілізаванасць праяўлялася ў тым, што забаранялася праклінаць дзяцей непрыяцеля, хоць зацятасць спараджала П. на 10 пакаленняў. Матывы П. выкарыстоўваліся ў нар. творчасці, міфалагічных сюжэтах, баладах і інш. творах (у выніку П. моладзец ператвараецца ў явар, нявестка — у рабіну ці каліну, вяселле — у каменне ці ў ваўкалакаў). П. вымаўляліся часта ва ўзбуджаным стане, у парыве гневу, крыўды, жадання адпомсціць. Тады яны складваліся ў доўгія нізкі з пералічэннем усіх нягод непрыяцелю. Мова П. вызначаецца экспрэсіўнасцю, вобразнасцю, рытмічнасцю. У П. заўсёды прысутнічае параўнанне, узважванне шкоды і расплаты за яе. П. грунтуюцца на стараж. звычаёвым праве продкаў. Формаю яны блізкія да зневажальных выслоўяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б Адбыўся 16—22.1.1934 у Мінску. Прысутнічалі 456 дэлегатаў з рашаючым і 271 з дарадчым голасам ад 65 119 чл. і канд. у чл. партыі разам з вайск. арг-цыямі; 37 909 чл. і канд. у чл.КП(б)Б]. Парадак дня; справаздачы ЦККП(б)Б
(М.Ф.Гікала),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б (І.Ф.Кудзелька), ЦК ККП(б)Б (І.А.Лычоў); даклады аб 15-годдзі ўтварэння КП(б)Б і БССР (В.Ф.Шаранговіч), аб калгасным і саўгасным будаўніцтве (М.М.Галадзед); выбары кіруючых органаў партыі і дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б). З’езд прааналізаваў вынікі 1-й пяцігодкі, вызначыў задачы і кірункі дзейнасці КП(б)Б у 2-й пяцігодцы, разгледзеў праблемы індустрыялізацыі рэспублікі, далейшай перабудовы сельскай гаспадаркі і інш. З’езд падвёў вынікі чысткі партыі: за 1933 з КП(б)Б выключана 9769 чл. і канд. у чл. партыі (18,4%), пераведзена з чл. у канд. 4266 чал. і з канд. у спачуваючыя 3108 чал. З’езд ухваліў дзейнасць ЦККП(б)Б, прызнаў яго паліт. лінію правільнай, арганізац. работу здавальняючай; ухваліў тэзісы ЦКВКП(б) да XVII з’езда партыі па 2-му пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР. Даў ацэнку праведзенаму ачышчэнню Наркамзема, Наркамасветы, АНБССР, БДУ, інш.дзярж., навук. і асв. устаноў ад нацыяналіст. элементаў, выхадцаў з дробнабурж. партый, трацкістаў, правых і інш.; калгасаў і саўгасаў — ад антысав. контррэв. элементаў. З’езд прыняў зварот да працоўных рэспублікі і байцоў БВА, у якім заклікаў цясней згуртавацца вакол КП(б)Б, памножыць намаганні ў барацьбе за перамогу сацыялізму, супраць здраднікаў пралетарскай рэвалюцыі — трацкістаў, правых апартуністаў, контррэв.бел. нацдэмаў. Выбраў ЦККП(б)Б са 103 чл. і 43 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 11 чл., 38 дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б).
Літ.:
Резолюции XV съезда КП(б)Б. Мн., 1934;
Гікала М.Ф. Адчотны даклад XV з’езду аб рабоце ЦККП(б)Б. Мн., 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІН (Уладзімір Ільіч) (сапр.Ульянаў; 22.4.1870, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 21.1.1924),
расійскі і савецкі паліт., дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. рабочага руху. Нарадзіўся ў сям’і інспектара нар. вучылішчаў, які стаў патомным рас. дваранінам. Старэйшы брат Л. пакараны смерцю (1887) за ўдзел у замаху на цара Аляксандра III. Л. вучыўся ў Казанскім ун-це (1887), з якога за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях выключаны і сасланы ў с. Какушкіна Казанскай губ. Экстэрнам здаў экзамен заюрыд.ф-т у Пецярбургскім ун-це (1891). Працаваў пам. прысяжнага паверанага ў г. Самара. У 1895 удзельнічаў у стварэнні Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», арыштаваны і высланы на 3 гады ў с. Шушанскае Енісейскай губ. У ссылцы вітаў стварэнне ў Мінску ў 1898 Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) і асн. палажэнні яе «Маніфеста». У 1900 выехаў за мяжу і разам з Г.В.Пляханавым пачаў выданне газ.«Искра», якая падрыхтавала праект Праграмы РСДРП. У розны час быў рэдактарам бальшавіцкіх газ. «Пролетарий», «Рабочая газета», «Правда». На II з’ездзе РСДРП (1903, Брусель—Лондан) Л. узначаліў бальшавіцкую плынь РСДРП (гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза). У працах «Што рабіць?» (1902), «Крок наперад, два крокі назад» (1904) ён сфармуляваў ідэйныя і арганізац. асновы партыі новага тыпу. З 1905 у С.-Пецярбургу, з 1907 зноў у эміграцыі. У перыяд рэвалюцыі 1905—07 распрацоўваў тэорыю перарастання бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, абгрунтаваў неабходнасць вядучай ролі ў іх рабочага класа («Дзве тактыкі сацыял-дэмакратыі ў дэмакратычнай рэвалюцыі», 1905). Чл.ЦК партыі з ліст. 1903 (кааптаваны), у 1905—06 і з 1912 (канд. у 1907—12), чл. Палітбюро ЦК у кастр. 1917 і з 25.3.1919. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў крас. 1917 вярнуўся ў Петраград, абвясціў курс на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам, пераходам улады да Саветаў. Узначальваў кіраўніцтва Кастр.узбр. паўстаннем у Петраградзе (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). На II Усерас. з’ездзе Саветаў 25—27.10(7—9.11).1917 выбраны Старшынёй Савета Нар. Камісараў (СНК) РСФСР. Адначасова з 1918 Старшыня Савета Рабочай і Сял. Абароны (з 1920 Савет Працы і Абароны). З сак. 1918 у Маскве. Адыграў вырашальную ролю ў заключэнні Брэсцкага міру 1918. 30.8.1918 пры замаху на яго жыццё эсэркай Ф.Каплан быў цяжка паранены. Адобрыў стварэнне Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, якая разам з палітычнымі выкарыстоўвала метады насілля і рэпрэсій у адносінах да духавенства, інтэлігенцыі, апазіцыйных партый. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1922 Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ў якасці сузаснавальніка ўвайшла і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). З 6.7.1923 Старшыня СНК і Савета Працы і Абароны СССР. Чл.ВЦВК з 1917, ЦВКСССР з 1922. У 1922 цяжка захварэў і актыўна не ўдзельнічаў у паліт. жыцці. Пахаваны ў Маўзалеі на Краснай плошчы ў Маскве.
Л. рана стаў прыхільнікам ідэй К.Маркса і Ф.Энгельса. Развіваў іх вучэнне аб пераўтварэнні грамадства на камуніст. пачатках (гл.Камунізм, Марксізм, Марксізм-ленінізм) у прымяненні да новых гіст. умоў. Найважнейшым сродкам рэв. барацьбы лічыў стварэнне партыі прафес. рэвалюцыянераў — «партыі новага тыпу», у адрозненне ад парламенцкіх с.-д. партый. Л. адстойваў прынцып «дэмакратычнага цэнтралізму» ў пабудове партыі. Вызначаўся непрымірымым атэізмам. Прыйшоў да высновы, што капіталізм уступіў у апошнюю стадыю — імперыялізм, і перадавыя краіны Еўропы выспелі для сусв.сацыяліст. рэвалюцыі. Адстойваў курс на ўсталяванне замест дыктатуры буржуазіі дыктатуры пралетарыяту. Лічыў, што Расія павінна пачаць сусв.сацыяліст. рэвалюцыю. У процівагу II Інтэрнацыяналу ён стварыў III Камуністычны Інтэрнацыянал. Востры крызіс у краіне пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—20 прывёў Л. да прызнання неабходнасці замены палітыкі «ваеннага камунізму» і пераходу да «новай эканамічнай палітыкі».
Л. пакінуў вял.навук. і літ.-публіцыст. спадчыну. У сваёй асн.філас. працы «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» (1909) прааналізаваў важнейшыя філас. напрамкі канца 19 — пач. 20 ст., абагульніў найважнейшыя прыродазнаўча-навук. адкрыцці. Ён распрацаваў праблемы класавай сутнасці і функцый розных відаў дэмакратыі і дыктатуры, Саветаў як дзярж. формы дыктатуры пралетарыяту («Дзяржава і рэвалюцыя», 1917; «Пралетарская рэвалюцыя і рэнегат Кауцкі», 1918, лекцыі «Аб дзяржаве», 1919 і інш.). У яго працах больш за 400 выказванняў, тэлеграм, запісак і інш. дакументаў, якія непасрэдна тычацца Беларусі. У творы «развіццё капіталізму ў Расіі» (1899) асветлена сац.-эканам. становішча бел. губерняў на мяжы 19—20 ст., паказана развіццё капіталіст.вытв. адносін у сельскай гаспадарцы Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ., наяўнасць рэшткаў прыгонніцтва, параўнальна хуткі рост гар. насельніцтва, наяўнасць у бел. губернях пераважна дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, вызначаны некат. спецыфічныя рысы ў сац.-эканам. развіцці Беларусі, што адбівалася на класавай барацьбе і дзейнасці мясц.парт. арг-цый. Вывучэнне сац.-эканам. становішча Беларусі дало Л. магчымасць паказаць, што гаспадарка краю развіваецца па шляху капіталізму, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для развіцця с.-д. руху. У працы «Вынікі дыскусіі аб самавызначэнні» (1916) ён адзначыў, што беларусы цярпелі сац. і нац. прыгнёт не толькі рус. царызму, але і польскіх памешчыкаў, што яшчэ з часоў, калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай, Польшча захавала за сабой правы, якія «заключаюцца ў прыгнечанні чужых народаў», бо «польскі памешчык прыгнятае ўкраінскага і беларускага «хлопа». Л. адносіў Беларусь і Украіну да тых рэгіёнаў Расіі, дзе нац. рух яшчэ не завяршыўся і не вычарпаў сваёй прагрэсіўнай місіі. У працы «Аб карыкатуры на марксізм і аб «імперыялістычным эканамізме» (1916, апубл. 1924) ён пісаў: «Для ўкраінцаў і беларусаў... «Бацькаўшчына» тут яшчэ не адспявала ўсёй сваёй гістарычнай песні. «Абарона бацькаўшчыны» яшчэ можа быць тут абаронай дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супраць прыгнятаючых нацый, супраць сярэдневякоўя...». Л. рэзка крытыкаваў праграму культ.-нац. аўтаноміі аўстрыйскіх марксістаў, якую ўзялі на ўзбраенне амаль усе паліт. партыі Расіі, у т. л.Беларуская сацыялістычная грамада» (арт. «Да гісторыі нацыянальнай праграмы ў Аўстрыі і Расіі», 1914). Вызваленне бел. народа ад сац. і нац. прыгнёту Л. звязваў з перамогай сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі. Беларусь і Зах. фронт разглядаў як важны ваенна-паліт. фактар, які мог станоўча паўплываць на перамогу Кастр.ўзбр. паўстання 1917. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 падтрымліваў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту, адобрыў разгон Усебеларускага з’езда 1917, які не прызнаў мясц.сав. ўладу; адмоўна ставіўся да Беларускай Народнай Рэспублікі і падтрымліваў ініцыятыву беларускіх секцый РКП(б) аб стварэнні БССР.
У аналізе дзейнасці Л. і яго ідэй, якія значна паўплывалі на ход гісторыі ў 20 ст., існуе шырокі спектр ацэнак — ад пазітыўных да рэзка крытычных.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—55. 5 изд. М., 1958—65;
Ленинский сборник. Т. 1—39. М.; Л., 1924—80;
Бел.пер. — Тв.Т. 1—45. Мн., 1948—74;
Тое ж.Т. 1—17. Мн., 1953—55;
Выбр. творы. Т. 1—10. Мн., 1986—91.
Літ.:
Воспоминания о В.И.Ленине. Т. 1—5. М., 1968—69;
Уэллс Г. Россия во мгле: Пер. с англ.М., 1970;
В.И.Ленин: Биогр. хроника. Т. 1—12. М., 1970—82;
Белявцев В.И. В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1978;
Cola D. Léninisme. Paris, 1982;
В.И.Ленин: Биография, 1870—1924. Т. 1—2. 8 изд. М., 1987;
Шагинян М. Семья Ульяновых: тетралогия. М., 1988;
И вечно в памяти людской: В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1990;
Ленин: Человек — мыслитель — революционер: Воспоминания и суждения современников. М., 1990;
Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ.М., 1990;
Троцкий Л.Д. О Ленине // Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Ленин, о котором спорят сегодня. М., 1991;
Волобуев П.В. Ленин (Ульянов) В.И. // Политические деятели России 1917: Биогр. словарь. М., 1993;
Волкогонов Д. Ленин: Полит. портрет. Кн. 1—2. Мн., 1994;
Латышев А.Г. Рассекреченный Ленин. М., 1996;
В.И.Ленин о Белоруссии: Библиогр. указ. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНЛА́НДЫЯ (эскімоская назва Kalaallit Nunaat, дацкая Grønland),
аўтаномная частка Даніі на найб. востраве зямнога шара — Грэнландыі. Знаходзіцца паміж Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі, каля берагоў Паўн. Амерыкі. Падзяляецца на 3 інспектараты. Пл. 2176 тыс.км². Нас. 58 тыс.чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Нук (Готхаб). Афіц. мовы — эскімоская і дацкая.
Прырода. Больш за 80% паверхні ўкрыта лёдам таўшчынёй да 3,5 км. Аб’ём лёду каля 2,6 млн.км³. Па далінах у акіян спаўзаюць вял. ледавікі, пры гэтым утвараецца штогод 13—15 тыс. айсбергаў. Участкі свабоднай ад лёду сушы (шыр. да 250 км) выцягнуты ўздоўж берагоў (асабліва на ПдЗ і Пн) і з’яўляюцца ўскраінамі пласкагор’яў (выш. Да 400—600 м) і горных масіваў (выш. да 2000 м). Каля ўсх. ўзбярэжжа, у хр. Уоткінса — г. Гунб’ёрн (3700 м, найвышэйшы пункт вострава). Берагі моцна парэзаны фіёрдамі. Клімат субарктычны і арктычны, на ўзбярэжжы марскі, у цэнтр.ч. ледавіковага покрыва кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы ад -7 °C на Пд да -36 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 10 °C да 3 °C. У цэнтр.ч. вострава сярэдняя т-растудз. -47 °C, ліп. -12 °C. Зімой адзначаюцца т-ры каля -70 °C (адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я). Ападкаў на Пд 800—1100 ммза год, на Пн 150—250 мм, на ледавіковым покрыве 300—400 мм. На ўзбярэжжы тундравая расліннасць, на крайнім Пд месцамі крывалессе, на Пн арктычная пустыня. На ПнУГрэнландскі нацыянальны парк.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць грэнландскія эскімосы, каля 10% — датчане. Паводле веравызнання ўсе жыхары вострава лютэране. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на паўд.-зах. і паўд. узбярэжжы, на ПнЗ жыве толькі 1,5%, на ўсх. узбярэжжы — 6%. На востраве існуе каля 150 невял. населеных пунктаў з насельніцтвам ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч жыхароў.
Гісторыя. Тэр. Грэнландыі чалавек пачаў засяляць каля 5 тыс.г. назад. Тут выяўлены сляды стараж.-эскімоскай культуры Дорсет, якую змяніла культура Туле. Каля 875 востраў заўважыў вікінг Ульфсан Гунб’ёрн. Першым з еўрапейцаў на ўзбярэжжы Грэнландыі высадзіўся ў 982 ісландскі вікінг Эйрык Рыжы. Ён даследаваў паўд.ч. вострава і назваў яго Грэнландыя (Зялёная краіна). У 986 тут засн. нарманскія (ісландскія) пасяленні, якія праіснавалі да 15 ст. Адначасова працягвалася засяленне вострава эскімосамі. З 1261 Грэнландыя фактычна належала Нарвегіі. У пач. 17 — пач. 18 ст. ў водах вострава вялі промысел да 10 тыс.англ., галандскіх, франц. і дацкіх кітабояў. З 1721 Грэнландыя каланізавана датчанамі. У 1750 дацкія ўлады заснавалі Каралеўскую грэнландскую гандл. кампанію, якая да 1950 захоўвала дзярж. манаполію на гандаль з Грэнландыяй. Пасля скасавання ў 1814 дацка-нарв. уніі 1380 востраў пад уладай Даніі. У 1925 Грэнландыя адміністрацыйна падзелена на Усх. і Паўднёвую. У 1933 Міжнар. суд у Гаазе адхіліў тэр. прэтэнзіі Нарвегіі на Усх. Грэнландыю. У 2-ю сусв. вайну дацкі ўрад заключыў з ЗША і Канадай пагадненне аб прызнанні апошнімі правоў Даніі на Грэнландыю, за што яны атрымалі права будаваць на востраве ваен. базы. У выніку дацка-амер. пагаднення аб сумеснай абароне вострава (1951) у Туле створана ваен.-паветр. база ЗША. У 1953 Грэнландыя стала раўнапраўнай ч. Дацкага каралеўства. З 1979 мае ўнутр. аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Пасля рэферэндуму 1982 Грэнландыя ў 1985 выйшла з Еўрап.эканам. супольнасці, дзе яна мела членства разам з Даніяй (з 1973). У 1984 парламент Грэнландыі абвясціў яе зонай, свабоднай ад ядз. зброі. У 1980-я г. дацкія назвы населеных пунктаў зменены на эскімоскія. У 1991 кіраўніком урада Грэнландыі стаў Л.Э.Іохансен. У 1995 адбыліся выбары ў парламент (ландстынг). Дзейнічаюць с.-д. партыя Сіумут, партыі Атасут, Інуіт атакатыніт, Усегрэнландскі прафсаюз і інш.
Гаспадарка. Гал. галіны — рыбная лоўля (пераважна траскі), промысел крэветак і паляванне на цюленяў, маржоў, нарвалаў і бялух. Штогадовы ўлоў рыбы каля 100 тыс.т, нарыхтоўваецца каля 50 тыс. шкур цюленяў. З рыбалоўствам і рыбаперапрацоўкай звязана больш за 25% насельніцтва. Грэнландыя багатая карыснымі выкапнямі, аднак здабываецца толькі невял. колькасць урану, графіту, цынку, свінцу, серабра, бурага вугалю. Ёсць прадпрыемствы па буд-ве рыбалоўных суднаў і суднарамонце, буд. прам-сці. Невялікую ролю адыгрываюць авечкагадоўля (каля 20 тыс. галоў), аленегадоўля (каля 10 тыс. галоў), агародніцтва. Замежны турызм. Транспарт марскі і паветраны. Экспарт — рыба і морапрадукты (каля 85%), карысныя выкапні, імпарт — нафта і нафтапрадукты, прамысл. і харч. тавары. Гандл. сувязі з Даніяй, ЗША, Германіяй, Швецыяй, Японіяй, Нарвегіяй. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА 1939—45,
узброеная барацьба польскага народа супраць фаш. Германіі за свабоду і нац. незалежнасць Польшчы ў час другой сусветнай вайны 1939—45. 1.9.1939 Германія напала на Польшчу і развязала 2-ю сусв. вайну. Вялікабрытанія і Францыя, якія 3 вер. абвясцілі вайну Германіі, не аказалі Польшчы рэальнай ваен. дапамогі. У ходзе 35-дзённай Польскай кампаніі 1939 намнога большыя злучэнні вермахта разбілі польскія ўзбр. сілы. Гітлераўцы ўстанавілі на тэр. Польшчы жорсткі акупац. рэжым (гл. ў раздз. Гісторыя ў арт.Польшча). Польскія патрыёты паступова разгарнулі вызв. барацьбу на тэрыторыі краіны і за яе межамі.
Дзеянні польскіх узброеных сіл за мяжой у 1940—42. Да пач. 1940 у Францыі з эмігрантаў-палякаў сфарміравана 85-тыс. армія пад камандаваннем вярх. галоўнакаманд. і прэм’ер-міністра польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане ген. В.Сікорскага. У маі—чэрв. 1940 польскія часці разам з англа-франц. войскамі вялі баі каля Нарвіка (Нарвегія) і ў Францыі. Пазней польск. часці (каля 15 тыс.чал.) сфарміраваны ў Вялікабрытаніі. Польскія караблі (3 эсмінцы і некалькі падводных лодак), якія ў 1939 прарваліся ў Англію, дзейнічалі ў складзе брыт.ВМФ. У жн. 1940 — маі 1941 польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў паветр. вайне над Брыт. а-вамі (гл.Бітва за Англію 1940—41). У Паўн. Афрыцы (Лівія) у складзе 8-й брыт. арміі ваявала брыгада Карпацкіх стралкоў, якая вызначылася пры абароне г. Табрук (жн.—снеж. 1941), у баях каля г. Эль-Газаль (снеж. 1941) і Бардыя (снеж. 1941 — студз. 1942). У 1941—42 на тэр.СССР сфарміравана польская Андэрса армія (у 1942 выведзена ў Іран).
Антыфашысцкая барацьба ў акупіраванай Польшчы ў 1939—43. Пасля акупацыі краіны зарадзіўся рух Супраціўлення, які арганізацыйна ўзмацніўся ў 1941—42; унутры руху аформіліся 2 паліт. плыні. Левыя сілы ў студз. 1942 стварылі Польскую рабочую партыю (ППР) і яе ваен. арг-цыю Гвардыю Людову, якая летам 1942 распачала баявыя аперацыі супраць акупац. улад. Польскі эмігранцкі ўрад і яго нелегальнае прадстаўніцтва ў Польшчы («дэлегатура») сфарміравалі свае ўзбр. атрады — Армію Краёву (АК), якая актывізавала сваю дзейнасць з вясны 1943. Адно з буйных выступленняў польск. патрыётаў адбылося ў варшаўскім гета (гл.Варшаўскае паўстанне 1943).
Дзеянні польскіх узброеных сіл на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1943—45. На Захадзе ў складзе брыт.узбр. сіл ваявалі 1-ы (танк. дывізія і парашутна-дэсантная брыгада; баі ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Паўн. Германіі) і 2-гі (2 пях. дывізіі, баі ў Італіі, у т. л. каля Монтэ-Касіна) польскія карпусы, 15 авіяц. злучэнняў і польскія караблі. Да канца вайны польскія ўзбр. сілы на Захадзе налічвалі каля 200 тыс.чал. Пасля разрыву Сав. Саюзам адносін з польскім эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся кантакты левых польскіх сіл з СССР, дзе быў створаны Саюз польскіх патрыётаў. Для сумеснай барацьбы супраць фаш. Германіі на тэр.СССР былі сфарміраваны Першая польская дывізія імя Т.Касцюшкі (май 1943) і 1-ы польскі корпус (апошні ў сак. 1944 разгорнуты ў 1-ю Польскую армію). Летам 1944 сав. войскі і 1-я Польская армія (каля 100 тыс.чал.) уступілі на тэр. Польшчы. На вызваленай тэр. краіны быў створаны Польскі камітэт нац. вызвалення. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала Войска Польскае (створана ў выніку аб’яднання партыз.Арміі Людовай — пераемніцы Гвардыі Людовай і 1-й Польскай арміі). У адказ АК у адпаведнасці з дырэктывай з Лондана, каб заняць Варшаву да падыходу сав. войск і абвясціць там уладу эмігранцкага ўрада, узняла Варшаўскае паўстанне 1944, якое пацярпела няўдачу. Тэр. Польшчы ў яе даваен. межах вызвалена сав. і польскімі часцямі (пры ўдзеле АК) да вясны 1945. Палітыка-прававыя аспекты аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне на Крымскай канферэнцыі 1945. Да мая 1945 Войска Польскае дасягнула 400 тыс.чал. 1-я Польская армія ўдзельнічала ў Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усх.-Памеранскай аперацыі 1945, вызваленні Варшавы (16—17 студз.), прарыве Паморскага вала (31 студз. — 10 лют.), вызваленні Памор’я і штурме г. Кольберг (Калобжаг; сак. — крас.). 1-я і 2-я (пачала фарміравацца ў жн. 1944) Польскія арміі, 1-ы танк. корпус, 1-ы паветр. корпус і інш. часці ўдзельнічалі ў Берлінскай аперацыі 1945.
Літ.:
Зуев Ф.Г. Польский народ в борьбе против фашизма. М., 1967;
Краткая история Польши. М., 1993. С. 315—360;
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКА АБАРО́НА 1941у Вялікую Айчынную вайну.
Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв.ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням.паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв.ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск зар. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт.Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).
Літ.:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;
Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),
Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах.ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс.чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).
Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.
Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр.ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.
31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.
Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс.дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн.т (у 1970—80) да 285 тыс.т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн.кВт∙гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс.т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн.дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БІБЛІЯТЭ́КАў Маскве,
нацыянальная бібліятэка Расіі, адна з найбуйнейшых бібліятэк свету; навукова-даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр па праблемах кнігазнаўства, бібліяграфіі, бібліятэказнаўства, культуры.
Засн. ў 1862 у складзе Маскоўскага публічнага Румянцаўскага музея. Атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх рас., а пазней сав. выданняў. Значна папоўнілася за кошт нацыяналізаваных пасля Кастр. рэвалюцыі прыватных, царкоўна-манастырскіх і некат. дзярж. збораў. З 1924 наз. Расійская публічная б-ка імя У.І.Леніна, з 1925 Дзярж.б-каСССР імя Леніна, з 1992 сучасная назва. У фондах б-кі больш за 41 млн.экз. друкаваных адзінак на 247 мовах, у т. л. 16,5 млн. кніг і брашур (2000). У аддзеле рукапісаў захоўваюцца помнікі 6—20 ст. (многія зборы маюць каталогі, апісанні), сярод якіх каля 60 славяна-рус. рукапісных кніг 11—13 ст., у т. л. Архангельскае евангелле 1092, Марыінскае евангелле (або Афонскае) пач. 11 ст., частка Супрасльскага рукапісу 11 ст., Дабрылава евангелле 1164 з мініяцюрамі евангелістаў і ўкладным запісам Івана IV, а таксама больш познія царкоўна-рэліг. рукапісы традыц. жанраў, напр., кодэксы слуцкіх скрыпторыяў (Евангелле 1502, напісанае на заказ слуцкага архімандрыта Аўраамія манахам А.Крыцкім, прыхаджанінам Лаўрышаўскага манастыра; Евангелле 1539, спраўленае на сродкі кн. Ю.С.Слуцкага ў манастыры цудатворца Міколы на Марачы, пісец «раб божий пречистый Копысский Василий»), службовая Мінея пач. 16 ст., напісаная «замыслом и гаданием» бел. шляхціца Ф.І.Калантаева, «Кнігі 16 прарокаў тлумачальныя», купленыя ў 1570 у пінскага мешчаніна Б.Куніловіча, Евангелле-тэтр, спіс 1543 з брэсцкага манастыра, рукапіс, напісаны ў Кіеве ў 1610 пінскім ураджэнцам Іванам Васілевічам, і інш. Некат. рэдкія рукапісы трапілі ў Расію ў часы войнаў, палонаў і рэквізіцый, напр., запісы на «Шастадневе» 16 ст. (кодэкс са збораў Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх) ці «Пралогу» сярэдзіны 16 ст., які належаў Смаленскаму краязн. музею. У б-цы захоўваюцца і рэдкія стараж. рукапісы інш. жанраў: кормчыя, напісаныя на Беларусі ці ў Літве ў 16—17 ст., палемічныя і гіст. зборнікі (у т. л. пасланні старца Арцемія да С.Буднага, А.Валовіча, «Маргарыт новы» ў перакладзе кн. А.Курбскага, напісаны бел. паўуставам, зб. павучанняў з казаннямі Л.Карповіча, «Гутаркі Іаана Златавуста», падараваныя архімандрытам Супрасльскага манастыра кн. Масальскім жаночаму манастыру ў Дубне і інш.). Асобную групу складаюць спісы з твораў Кірылы Тураўскага, школьных падручнікаў і даведнікаў С. і Л.Зізаніяў, П.Бярынды, М.Сматрыцкага. З Сібіры ў 1875 трапіла ў б-ку берасцяная копія з «Граматыкі» Сматрыцкага «Кароткае граматыкі выяўленне» сярэдзіны 18 ст. У аддзеле рукапісаў зберагаюцца «Хроніка» 1549 старосты кобрынскага Хвальчэўскага, «Безднінскі летапісец» з пахвалой Вітаўту, Румянцаўскі спіс бел.-літ. летапісу, мноства хранографаў 16—17 ст., у іх ліку т.зв. «заходнярускай» рэдакцыі, «Александрыя» ў спісах 17 ст. і 1697, напісаныя мазырскім дзякам В.Г.Мянжынскім. Сярод свецкіх твораў юрыд., гіст., мастацкія помнікі: спісы Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, «Хронікі» М.Стрыйкоўскага, «Памяць аб родзе Глінскіх» 16 ст., творы Максіма Грэка, Сімяона Полацкага, Г.Каніскага, копіі з выданняў Ф.Скарыны і інш. У некаторых фондах захоўваюцца дакументальныя, актавыя, генеалагічныя матэрыялы: «Справаводства Віленскай «з’езжай» «ізбы» 1655—59, «Кніга аб даходах Полацкага намесніцтва 1792 г.», сац.-эканам. акты зямельных данін і судовых спраў у Навагрудскім ваяводстве ў 1626—1701. У музеі кнігі (былы аддзел рэдкай кнігі) захоўваецца адна з найбольшых калекцый бел. кірыліцкіх старадрукаў (82 экз. выданняў Скарыны, кнігі Буднага, В.Гарабурды, П.Мсціслаўца, братоў Мамонічаў, брацкіх, уніяцкіх, прыватных бел. друкарань 16—18 ст.), багатыя зборы польск. і зах.-еўрап. кнігі і графікі, у т. л. творы Эразма Ратэрдамскага, К.Манвіда-Дарагастайскага, Кальвіна. Стрыйкоўскага, Сматрыцкага, рэдкія панегірыкі і перыяд. выданні. У спецыялізаваным фондзе багатыя калекцыі замежных, бел., рус., укр., сав. картаграфічных твораў (каля 190 тыс. адзінак), нац. і рэгіянальныя атласы, планы гарадоў, сучасныя замежныя выданні. Захоўваюцца творы бел. пісьменнікаў, пераклады, дысертацыі, прысвечаныя гісторыі Беларусі, духоўнай спадчыне, славянскім культ. сувязям. Б-ка выпускае «Інфармацыйны бюлетэнь новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэку», «Запіскі аддзела рукапісаў», «Працы дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І.Леніна», «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія за мяжой» і інш.
Літ.:
Пятидесятилетие Румянцевского музея в Москве, 1862—1912: Ист. очерк. М., 1913;
История Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.И.Ленина за сто лет, 1862—1962. М., 1962;
Национальная библиотека страны: Пробл. и перспективы. М., 1975;
Труды Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.Й.Ленина. Т. 13. Фонды: Состояние и тенденции развития. М., 1976;
Описание старопсчатных изданий кирилловского шрифта. М., 1979 (выданне працягваецца).