САЛЫ́НСКІ Афанасій Дзмітрыевіч (9.9.1920, г. Смаленск, Расія — 22.8.1993),

рускі драматург. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы пры Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве (1956). Выступаў як журналіст з 1939. У 1972—82 і з 1987 гал. рэдактар час. «Театр». Першая п’еса — «Дарога першых» (паст. 1949; перапрацаваная рэдакцыя «Браты», паст. 1951). Маральна-этычныя канфлікты сучаснасці ў п’есах «Небяспечны спадарожнік» (паст. 1952), «Забыты сябар» (1955), «Марыя» (1969), «Летнія прагулкі» (1973) і інш. Драмы «Барабаншчыца» (паст. 1958), «Каменьчыкі на далоні» (1965) пра Вял. Айч. вайну. Драма «Погалас» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1984) пра перыяд нэпа. Аўтар камедый «Хлусня для вузкага кола» (1963), «Пераход на летні час» (1983), зб. артыкулаў «Пра жыццё, драматургію, тэатр» (1982), сцэнарыяў фільмаў і інш. У Дзярж. рус. т-ры Беларусі пастаўлены п’есы С. «Барабаншчыца» (1959), «Марыя» (1970).

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. М., 1988;

Драмы и комедии. М., 1977.

Літ.:

Фельдман Я. Драматургия Афанасия Салынского. М., 1976.

т. 14, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЫ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

тып арганізацыі вытв-сці, калі на прадпрыемстве адначасова вырабляецца шырокая наменклатура аднароднай прадукцыі, выпуск якой паўтараецца праз пэўны час. Колькасць прадукцыі, што вырабляецца адначасова, наз. памерам серыі, а колькасць дэталей — памерам партыі. У залежнасці ад памераў і частаты чаргавання серый адрозніваюць буйнасерыйную, сярэднесерыйную і дробнасерыйную вытв-сць. Пры буйнасерыйнай вытв-сці прадукцыя вырабляецца працяглы час (звычайна не менш як год) і ў вял. аб’ёмах. На прадпрыемствах шырока выкарыстоўваюцца паточныя лініі, канвееры і сродкі аўтаматызацыі; вытв-сць набывае рысы масавага тыпу (гл. Масавая вытворчасць). Пашырана ў аўтамабільнай, трактарнай прам-сці. Пры сярэднесерыйнай вытв-сці спецыялізацыя абмяжоўваецца больш вузкай наменклатурай. Да яе адносяцца, напр., станка- і маторабудаванне, выпуск пракату чорных і каляровых металаў. Дробнасерыйная вытв-сць набліжаецца да адзінкавай. Выраб прадукцыі звычайна не паўтараецца. Памер серый няўстойлівы, збыт абмяжоўваецца заказамі або дагаворамі. Да дробнасерыйнай адносіцца вытв-сць асобых відаў сплаваў, пракату. С.в. дае магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць высокапрадукц. абсталяванне, павышаць якасць прадукцыі, зніжаць яе сабекошт.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЬЕР (Thiers) Адольф (14.4.1797, г. Марсель, Францыя — 3.9.1877),

французскі дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Франц. акадэміі (з 1833). Па прафесіі адвакат. У час Ліпеньскай манархіі прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Быў арганізатарам жорсткага задушэння рэсп. паўстанняў 1834 у Ліёне, Парыжы і інш. Напярэдадні Лютаўскай рэвалюцыі 1848 перайшоў у апазіцыю да ўрада Гізо, падтрымліваў кандыдатуру Л.​Банапарта (гл. Напалеон III) у прэзідэнты. Пасля банапартысцкага перавароту 1851 адышоў ад паліт. дзейнасці, з 1863 у памяркоўна-ліберальнай апазіцыі. Пасля рэвалюцыі 1870 у Францыі ў 1871 узначаліў выканаўчую ўладу Франц. рэспублікі; заключыў зневажальны для Францыі мірны дагавор з Прусіяй. У час Парыжскай камуны 1871 узначаліў версальцаў у барацьбе супраць камунараў. Са жн. 1871 прэзідэнт Трэцяй рэспублікі. З 1873 у адстаўцы. Ц. — адзін з заснавальнікаў новага кірунку ў гістарыяграфіі, які прызнаваў барацьбу класаў ключом да разумення ўсёй франц. гісторыі, але заканамернай лічыў толькі барацьбу паміж буржуазіяй і дваранствам. Аўтар «Гісторыі Французскай рэвалюцыі» (1823—27), «Гісторыі Консульства і Імперыі» (1845—69).

т. 17, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ЛЫ Багдан Іосіфавіч (н. 24.6.1924, Кіеў),

украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1951). Працаваў у рэдакцыях газет, гал. рэдактарам час. «Барвінок». Аўтар паэт. і празаічных кніг для дзяцей «У ясную сонечную раніцу» (1947), «Як Барвінак і Рамонак у цёплыя краіны ляталі» (1968), «Сто прыгод Барвінка і Рамонка» (1973), «Барвінак у школе» (1977), «Мае дванаццаць месяцаў» (1985), «Маманты ў яблыневых джунглях» (1989), «Рудыкі» (1998), «Барвінак і далёкія сузор’і» (2002) і інш., дакумент. аповесці «Любі мяне пры ўсякай долі...» (1989: з У.​Ліпскім) пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію; п’ес, публіцыстычных твораў, сцэнарыя кінафільма «Закон Антарктыды» (1963). На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы, Э.​Агняцвет, М.​Аўрамчыка, В.​Віткі, М.​Калачынскага, А.​Куляшова, М.​Танка. Дзярж. прэмія Украіны імя М.​Астроўскага 1972. На бел. мову яго творы пераклалі А.​Вольскі, А.​Вялюгін, Калачынскі, М.​Маляўка.

Тв.:

Бел. пер. — Прадаўцы заморскіх сувеніраў. Мн., 1961;

Партрэт у вігваме. Мн., 1979.

т. 17, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖОЎ ЭНЬЛА́Й (5.3.1898, г. Хуаян, прав. Чжэцзян, Кітай — 8.1.1976),

кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Кітаі, Японіі і Францыі. З 1922 у Камуніст. партыі Кітая (КПК), чл. яе ЦК (з 1927), Палітбюро ЦК (з 1928). У рэвалюцыю 1925—28 у Кітаі кіраўнік ваен. аддзела КПК, паліт. кіраўнік Наньчанскага паўстання 1927. У 1927—32 на падп. рабоце ў г. Шанхай і прав. Гуансі, з 1932 паліт. камісар 1-га фронту Чырв. Арміі ў Цэнтр. сав. раёне (у час Паўночна-заходняга паходу 1934—36 на пасадзе паліт. камісара яго змяніў Мао Цзэдун). У час антыяп. вайны 1937—45 прадстаўнік КПК пры гаміньданаўскім урадзе Кітая. Прэм’ер Дзярж. адм. савета (1949—54), міністр замежных спраў (1949—58), прэм’ер Дзярж. савета (1954—76) Кіт. Нар. Рэспублікі. Чл. Пастаяннага к-та Палітбюро ЦК КПК (1956—76), нам. старшыні КПК (1956—66, 1973—76).

Літ.:

Тихвинский С.Л. Путь Китая к объединению и независимости, 1898—1949: По материалам биогр. Чжоу Эньлая. М., 1996.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РНЫ (Černý) Адольф (19.8.1864, г Градзец-Кралаве, Чэхія — 27.12.1952),

чэшскі пісьменнік, вучоны-славіст. Д-р філал. н. (1946). Чл. Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1925). Скончыў настаўніцкі ін-т (1883). У 1898 заснаваў час. «Slovanský přehled» («Славянскі агляд»), у якім змяшчаліся матэрыялы пра грамадскае, культ. і літ. жыццё слав. народаў, у т. л. і беларусаў. У 1898—1904 заг. Этнагр. музея, у 1901—20 выкладчык слав. моў Карлава ун-та ў Празе. У 1890-я г. наведваў Беларусь, запісваў бел. фальклор («Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні», 1895). Надрукаваў арт. «Беларускі часопіс» (1906) і «З Беларусі» (1909), прысвечаныя бел. газетам «Hama доля» і «Наша ніва». У арт. «Беларускія нацыянальныя і культурныя імкненні ў 1909—1910 гг.» (1911) характарызаваў літ. рух на Беларусі. Аўтар кніг і артыкулаў пра славян «Славянства ў час сусветнай вайны» (1919), «Выбраныя паэтычныя творы» (т. 1—4, 1928—29). Пераклаў на чэш. мову асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 17, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮА́НЬ ШЫКА́Й (16.9.1859. пав. Сянчэн, прав. Хэнань, Кітай — 6.6.1916),

кітайскі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал Кітая. Ваен. службу пачаў пад кіраўніцтвам Лі Хунчжана ў Аньхойскай арміі, якая ў 1882 уведзена ў Карэю; у 1885—94 намеснік кіт. імператара ў Карэі. У час «ста дзён рэформ» (1898) напачатку далучыўся да рэфарматараў, потым адышоў ад іх. У 1901—08 намеснік сталічнай прав. Чжылі; узначальваў рэарганізацыю кіт. арміі на еўрап. ўзор. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 з кастр. 1911 галоўнакаманд. войскамі Янцзыцзянскага раёна, з 2.11.1911 — прэм’ер-міністр Кітая. Пасля адрачэння дынастыі Цын з 2.2.1912 часовы, з 13.10.1913 пастаянны прэзідэнт Кітая. Імкнуўся ўсталяваць рэжым асабістай улады. У ліп.—жн. 1913 падавіў узбр. выступленне прыхільнікаў Сунь Ятсена («другую рэвалюцыю»), у студз. 1914 распусціў парламент, у снеж. 1915 абвешчаны імператарам, але ўзбр. выступленні ў правінцыях прымусілі яго ў сак. 1916 адмовіцца ад рэстаўрацыі манархіі. Раптоўна памёр у Пекіне.

В.​У.​Адзярыха.

т. 18, кн. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБО́ВІЧ Пётр Піліпавіч (псеўд. Л.Мельшын і інш.; 3.11.1860, с. Ісаева Наўгародскай вобл., Расія — 30.3.1911),

дзеяч рэв. руху ў Расіі, пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1878 супрацоўнік дэмакр. час. «Дело», «Слово», «Отечественные записки». З 1882 чл. «Народнай волі», з 1883 адзін з яе кіраўнікоў. У 1884 арыштаваны, у 1887 асуджаны на 18 гадоў катаргі, якую адбываў у Забайкаллі. З 1895 на пасяленні ў г. Курган, у 1899 атрымаў дазвол на вяртанне ў Еўрап. Расію. Супрацоўнічаў у час. «Русское богатство». Аўтар вершаў, у якіх працягваў традыцыі грамадз. лірыкі М.А.Някрасава, аўтабіягр. нарысаў аб Акатуйскай катарзе «У свеце адрынутых» (1895—98), апавяданняў, прац па гісторыі рус. л-ры і рэв. руху.

Тв.:

Шлиссельбургские мученики. СПб., 1906;

Н.​А.​Некрасов: Его жизнь и лит. деятельность. СПб., 1907;

Очерки русской поэзии. 2 изд. СПб., 1911;

Пасынки жизни: Рассказы. 4 изд. М., 1918;

Стихотворения. Л., 1960;

В мире отверженных. Т. 1—2. М.; Л., 1964.

т. 18, кн. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТУ́НІЦА Ваіслаў (н. ў 1944, Бялград),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1970), дзе працаваў да 1974, калі быў звольнены за выступленні супраць новай канстытуцыі краіны, якая, на яго думку, давала занадта шмат правоў інш. рэспублікам, прыніжаючы ролю Сербіі. З таго часу быў вядомы як дысідэнт. У 1974—89 у Ін-це грамадскіх навук у Бялградзе. Адзін з заснавальнікаў Дэмакр. партыі (1989). Пасля яе распаду (1992) намагаўся аб’яднаць дэмакр. ідэалы з нац. ідэяй, стварыў Дэмакр. партыю Сербіі. Рэзка выступаў супраць агрэсіі НАТО у Югаславіі 1999 і ў той жа час быў прыхільнікам збліжэння краіны з Захадам. У час вераснёўска-кастр. крызісу 2000 К. і яго прыхільнікі адмовіліся прызнаць афіц. вынікі 1-га тура прэзідэнцкіх выбараў і К. 6.10.2000 абвясціў сябе выбраным прэзідэнтам Югаславіі. Пайшоў у адстаўку з гэтай пасады ў сувязі з пераўтварэннем Югаславіі ў супольніцтва Сербія і Чарнагорыя (сак. 2003; гл. Дадатак). Пасля парламенцкіх выбараў 28.12.2003 у Сербіі — прэм’ер-міністр Сербіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІНА́ЛЬДА (Aguinaldo) Эміліо (22.3.1869—6.2.1964),

філіпінскі паліт. дзеяч. Узначальваў антыіспанскае паўстанне 1896—97. З 1897 кіраўнік урада, у час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 прэзідэнт Філіпінскай рэспублікі. У 1901 узяты ў палон амер. войскамі; заклікаў народ спыніць супраціўленне. У 1942—44 чл. марыянетачнай Дзярж. рады, створанай на Філіпінах японскімі акупантамі.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)