БАДО́ЛЬЁ ((Badoglio) П’етра) (28.9.1871, Грацана-Манферата, правінцыя П’емонт, Італія — 31.10.1956),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Італіі, маршал (1926). Галоўнакамандуючы італьян. войскамі ў італа-эфіопскай вайне 1935—36, пасля захопу Эфіопіі віцэ-кароль (1936—37). Удзельнік дзярж. перавароту 25.7.1943, які прывёў да падзення фаш. дыктатуры Б.Мусаліні. У 1943—44 прэм’ер-міністр. Урад Бадольё 3.9.1943 у Касібілі падпісаў з антыфаш. кааліцыяй дагавор аб ваенным перамір’і і 13.10.1943 абвясціў вайну Германіі.
французскі сацыяліст-утапіст. Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў у Францыі адзін з кіраўнікоў тайнай арг-цыі карбанарыяў. За ўдзел у паўстанні ў Кальмары і Бельфоры (1821) завочна прыгавораны да пакарання смерцю. З 1825 займаўся прапагандай і далейшай распрацоўкай ідэй Сен-Сімона. У 1828—29 выдаў кнігу «Выкладанне вучэння Сен-Сімона». У сен-сіманісцкай рэліг. суполцы займаў, разам з Анфантэнам, становішча першасвяшчэнніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАНІ́Я (ад грэч. atonia расслабленасць, вяласць),
адсутнасць фізіял. тонусу ў мышцах шкілета і ўнутраных органаў. Узнікае пры захворванні нерв. сістэмы, унутр. органаў, пры эндакрынных і інфекц. хваробах, недастатковым харчаванні і парушэнні абмену рэчываў. Можа быць прыроджаная і набытая. Ва ўнутр. органах трапляецца атанія страўніка (парушэнне стрававання), кішак (запоры), маткі пры родах (цяжкія роды) і пасля родаў (крывацёк). Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення, лакалізацыі і ступені пашкоджання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТО́Н ФРА́ЙЗІНГЕНСКІ (Otto von Freising; пасля 1111 — 22.9.1158),
нямецкі гісторык-храніст. Епіскап Фрайзінгенскага манастыра ў Баварыі (з 1138), удзельнік 2-га крыжовага паходу (1147—49). Паміж 1143 і 1146 напісаў «Хроніку», у якой падзеі сусв. гісторыі (да 1146) разглядаў у духу яе тэалагічнага тлумачэння як ажыццяўленне задумы Бога. У «Дзеяннях імператара Фрыдрыха I» (1157—58) падаў гісторыю Германіі з часоў Генрыха IV (1050—1106) да 1156.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЧА́КАЎ»,
крэйсер расійскага Чарнаморскага флоту, каманда якога ўдзельнічала ў Севастопальскім паўстанні 1905. Спушчаны на ваду ў 1902, дабудаваны ў 1907. Пасля задушэння паўстання 41 чл. яго экіпажа і камандуючы рэв. флотам лейтэнант П.П.Шміт асуджаны. У 1907—17 крэйсер наз. «Кагул». З 1918 у складзе флоту войскаў белых. У 1920 разам з інш. караблямі Урангеля эвакуіраваны ў порт Бізерта (Туніс). Знаходзіўся ў страі да 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С I (?—2.5.907),
князь Балгарыі [852—889]. Увёў у Балгарыі хрысціянства (864—865), стварыў балг. архіепіскапства (870), дамогся незалежнасці балг. царквы ад Візантыі (880). Пашырыў сваю дзяржаву за кошт макед. і стараж.-сербскіх земляў. У 889 адрокся ад прастола на карысць сына Уладзіміра-Расатэ і пайшоў у манастыр (хрысц. імя Міхаіл). У 893 скінуў Уладзіміра, які хацеў вярнуць язычніцтва, і зрабіў балг. князем сына Сімяона. Пасля смерці кананізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАГО́ЕВА ГРУ́ПА,
першая сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Расіі ў 1883—87. Створана ў Пецярбургу Дз.Благоевым, з 1884 наз. «Партыя рускай сацыял-дэмакратыі». Налічвала да 30 чал., пераважна студэнтаў. Пасля ўстанаўлення сувязі з групай «Вызваленне працы» стала наз. «Пецярбургская група партыі рускіх сацыял-дэмакратаў». Група першай арганізавала каля 15 рабочых гурткоў; у 1885 наладзіла выпуск у Расіі с.-д. нелегальнай газ. «Рабочий» (выйшлі 2 нумары). Разгромлена паліцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АІ́Д, Гадэс, Плутон,
у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.
Да арт.Аід. Аід і Персефона. Рэльеф з Локраў. 470—460 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАБА́МА (Alabama),
рака ў Паўн. Амерыцы, на ПдУ ЗША. Даўж. 640 км. Пл.бас. 115 тыс.км². Утвараецца ад зліцця рэк Куса і Талапуса, якія сцякаюць з паўд. адгор’яў Апалачаў. Цячэ па Прымексіканскай нізіне. Пасля злучэння з р. Тамбігбі наз. Мабіл, упадае ў аднайм. заліў Мексіканскага заліва. Разводдзе вясной, сярэдні расход вады 1790 м³/с. Вадасховішчы. Суднаходная ад г. Мантгомеры. У вусці марскі порт Мабіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́ЦЫЯў біялогіі,
працэс збірання (зліпання) клетак у шматклетачнае ўтварэнне — агрэгат, заснаваны на адгезіі. Адбываецца пры нармальным развіцці арганізмаў і ў эксперыменце пасля штучнага раз’яднання клетак, напр., пратэалітычнымі ферментамі і рэчывамі, якія звязваюць іоны кальцыю. Пры агрэгацыі клеткі «сартуюцца»; аднатыпныя зліпаюцца, разнатыпныя застаюцца раз’яднаныя. Здольнасць клетак да агрэгацыі залежыць ад т-ры і іоннага складу асяроддзя, з’яўлення на паверхні клетак спецыфічных бялковых рэчываў, якія садзейнічаюць іх зліпанню.