МІ́НСКІ ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,
вышэйшы часовы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў канцы 1918 — пач. 1919. Створаны 15.11.1918 паводле пастановы РВС Зах. арміі ў сувязі з эвакуацыяй ням. войск з тэр. Беларусі. Старшыня С.І.Берсан, члены: ваен. кіраўнік Барзінскі, паліт. камісар І.Ф.Скуратовіч. М.в.с. падпарадкоўваліся Бабруйскі і Маладзечанскі ваен. саветы. На вызваленай тэр. вёў работу па стварэнні рэўкомаў, органаў сав. улады, батрацкіх к-таў. Склаў паўнамоцтвы 6.1.1919, створаныя ім ваен. і цывільныя органы былі падпарадкаваны Мінскаму губернскаму ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту.
М.І.Камінскі.
т. 10, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ПРА́ЎДА»,
легальная газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 30.3 да 24.9.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала пра эканам. і паліт. становішча ў Польшчы, пра стан бел. школ, заняпад нац. культуры, вяла палеміку з выданнямі, якія зневажалі бел. народ, яго культуру і творцаў. Выкрывала каланізатарскую палітыку ўрада Ю.Пілсудскага ў адносінах да народаў нац. меншасцей. У газеце супрацоўнічалі А.Салагуб, М.Васілёк, Я.Маланка, Улад-Ініцкі і інш. Выйшла 50 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
С.В.Говін.
т. 11, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Юзаф) (1728—8.3.1814),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пасол на соймы 1756, 1764, 1766, падкаморы навагрудскі, чашнік ВКЛ у 1765, навагрудскі кашталян у 1765—73 і ваявода з 1773, член Скарбовай і Вайсковай камісій ВКЛ, старшыня Вайсковай камісіі абодвух народаў у час вайны 1792 з Расіяй, член Пастаяннай рады. Паліт. праціўнік падскарбія А.Тызенгаўза. Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Віленскім актам паўстання 24.4.1794 прызначаны старшынёй Найвышэйшай літоўскай рады. Пасля яе роспуску старшыня скарбовага аддзела Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Пасля задушэння паўстання амнісціраваны Кацярынай II, жыў у сваіх маёнтках (Новая Мыш, Варонча і інш.).
т. 11, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР ГРЫГАРА́ (Nikēphoro Grēgoras; паміж 1290 і 1295—1359 ці 1360),
візантыйскі вучоны, гісторык, багаслоў. Прыбліжаны імператара Андроніка II. Склаў праект рэформы календара. Вёў палеміку з філосафам-гуманістам Варлаамам Калабрыйскім, выступаў супраць ісіхазму (містычная філас. плынь) Грыгорыя Паламы. Пасля прызнання ісіхазму афіц. дактрынай візант. царквы (1351) Н.Г. адлучаны ад царквы і зняволены ў манастыры. Яго асн. праца «Рымская гісторыя» апісвае царк.-багаслоўскую барацьбу ў Візантыі ў 1204—1359, змяшчае каштоўныя звесткі сац.-эканам. і паліт. характару, у т. л. пра выступленне зілотаў у г. Фесалонікі.
т. 11, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯША́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1454,
прывілеі, дадзеныя польскім каралём Казімірам IV шляхце каля г. Няшава (адсюль назва) за падтрымку ў вайне з Тэўтонскім ордэнам і ў яго барацьбе з магнатамі. Адмянялі выключнае права магнатаў займаць вышэйшыя дзярж. пасады, рэгулявалі судаводства і мясц. кіраванне на карысць шляхты, адначасова значна абмяжоўвалі каралеўскую ўладу. Н.с. замацоўвалі паліт. перавагу шляхты як саслоўя. Выданне законаў, рашэнне пытанняў вайны і міру маглі ажыццяўляцца толькі са згоды шляхецкіх земскіх сеймікаў. Шляхта вызвалялася ад суда каралеўскіх чыноўнікаў (за выключэннем асобных выпадкаў). Н.с. часткова абмяжоўвалі правы гарадоў.
т. 11, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ТКЛИКИ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальнага кірунку. Выдавалася 1(14).1 і 2(15).4.1912, з 24.1(6.2).1914 да 19.4(2.5).1915 у Гомелі на рус. мове спачатку штотыднёва, а з № 25 за 1914 штодзённа. Рэдактар-выдавец М.І.Кулябка-Карэцкі, ён жа аўтар большасці матэрыялаў. Газета была ў апазіцыі да царызму, неаднаразова падвяргалася суд. спагнанням, выходзіла з перапынкамі. Крытыкавала паліцэйска-бюракратычны рэжым, засілле цэнзуры. У арт. «Сацыялісты і вайна» выступіла супраць імперыял. вайны. Асвятляла літ. жыццё Гомеля, асабліва т.зв. «Літаратурныя суды» — канферэнцыі чытачоў, прысвечаныя папулярным творам.
У.М.Конан.
т. 11, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛІ́ТЫКА КАНАНЕ́РАК»,
«дыпламатыя кананерак», прымусовая дыпламатыя, выкарыстанне марской дзяржавай (часцей буйной дзяржавы супраць больш дробнай) або пагроза выкарыстаць абмежаваны атрад ВМФ (ВМС) без абвяшчэння вайны з мэтай атрымаць перавагу, пазбегнуць страт у міжнар. спрэчках і ў лакальных канфліктах; разнавіднасць палітыкі з пазіцыі сілы; адна з крайніх мер вырашэння міждзярж. спрэчак пасля эканам., фін., прапагандысцкага націску. Найб. пашырылася ў 20 ст. з-за яе больш лёгкага тэхн. ажыццяўлення. Магчымасці дзяржавы праводзіць «П.к.» залежаць ад магутнасці яе ваен. флоту, вызначаюцца эканам., паліт. і інш. фактарамі.
У.Я.Калаткоў.
т. 12, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАНДРЭ́У ((Papandreu) Андрэас) (5.2.1919, в-аў Хіяс, Грэцыя — 23.6.1996),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі. Сын Г.Папандрэу. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (г. Кеймбрыдж, ЗША). З пач. 1940-х г. у эміграцыі, да 1964 быў грамадзянінам ЗША. З 1961 у Грэцыі, пасля ваен. перавароту 1967 зноў у эміграцыі, дзе стварыў Усягрэчаскі вызв. рух. Пасля падзення ваен. дыктатуры (1974) вярнуўся ў Грэцыю. Заснавальнік (1974) і старшыня (з 1984) партыі Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК). Прэм’ер-міністр Грэцыі ў 1981—89 і 1993 — студз. 1996. Працы ў галіне эканомікі.
т. 12, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЦІ́НІ ((Pertini) Алесандра) (Сандра; 25.9.1896, Стэла, Італія — 24.2.1990),
італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. З 1918 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП). У 1927—35 зняволены, у 1935—43 сасланы за антыфаш. дзейнасць. У 1943 разам з П.Нэні і Дж.Сарагатам удзельнічаў у аднаўленні ІСП. У канцы 2-й сусв. вайны адзін з кіраўнікоў італьян. руху Супраціўлення. У 1945—46 і 1950—52 гал. рэдактар органа ІСП газ. «Avanti» («Наперад»), 3 1948 сенатар, у 1953—78 дэп. парламента, у 1968—73 прэзідэнт палаты дэпутатаў. У 1978—85 прэзідэнт Італіі. З 1985 пажыццёвы сенатар.
т. 12, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСКРЫ́ПЦЫІ (лац. proscriptio аб’ява),
у Старажытным Рыме спіс асоб, публічна аб’яўленых па-за законам. За выдачу ці за забойства ўнесенага ў П. назначалася ўзнагарода, у т. л. рабам, за ўкрывальніцтва — пакаранне смерцю; маёмасць ахвяр П канфіскоўвалася, нашчадкі пазбаўляліся пачэсных правоў і маёмасці. П. вынайдзены правадыром аптыматаў Л.К.Сулай для расправы з прыхільнікамі Г.Марыя (82—81 да н.э.), выкарыстоўваліся ім і яго набліжанымі для ўласнага ўзбагачэння і каб паквітацца з паліт. праціўнікамі. У яшчэ большых памерах, чым пры Суле, П былі аб’яўлены ў 43 да н.э. ў час 2-га трыумвірату.
т. 13, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)