карыстанне зямлёй ва ўстаноўленым звычаем або законам парадку. Паводле зямельнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб’ектам гэтага права можа быць зямельны ўчастак, дадзены землекарыстальніку па рашэнню кампетэнтнага органа дзярж. кіравання. У гэтым сэнсе З. заўсёды мае вытворны і залежны характар ад права дзярж. уласнасці на зямлю, з’яўляецца мэтавым і платным. Суб’ектамі гэтага права для мэт, якія ўказаны ў заканадаўстве аб зямлі, могуць быць: грамадзяне Беларусі; прамысл., трансп. і інш. нясельскагасп., дзярж., каап., грамадскія прадпрыемствы, установы і арг-цыі; рэліг. арг-цыі; сумесныя прадпрыемствы, міжнар. аб’яднанні з удзелам бел. і замежных юрыд. асоб. Землекарыстальнікі маюць права: выкарыстоўваць зямлю ў адпаведнасці з умовамі яе прадастаўлення; выкарыстоўваць ва ўстаноўленым парадку існуючыя на зямельным участку карысныя выкапні, торф, а таксама інш. карысныя ўласцівасці зямлі; ставіць неабходныя будынкі і збудаванні (па ўзгадненню з Саветам дэпутатаў, які даў зямлю); уласнасці на пасевы с.-г. культур і атрыманую с.-г. прадукцыю; атрымліваць пры спыненні права З. пакрыццё кошту зямельных паляпшэнняў, праведзеных за ўласны кошт; перадаваць у часовае карыстанне зямельны ўчастак або яго частку ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках і парадку. Асн. абавязак землекарыстальнікаў — забяспечыць выкарыстанне зямлі ў адпаведнасці з яе мэтавым прызначэннем і ўмовамі яе прадастаўлення. Акрамя таго, яны абавязаны эфектыўна выкарыстоўваць дадзеную ім зямлю, павышаць яе ўрадлівасць, прымяняць прыродаахоўныя тэхналогіі вытворчасці, не дапускаць пагаршэння экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі ў выніку сваёй гасп. дзейнасці, ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў па ахове зямель: своечасова ўносіць зямельны падатак або арэндную плату за зямлю; не парушаць правы ўласнікаў і землеўладальнікаў, а таксама інш. землекарыстальнікаў, у т. л. арандатараў. Зямельны ўчастак даецца землекарыстальнікам у пастаяннае або часовае карыстанне. Пастаянным прызнаецца карыстанне зямлёй без загадзе вызначанага тэрміну. Часовае карыстанне можа быць кароткатэрміновым (да 3 гадоў) і доўгатэрміновым (ад З да 10 гадоў). У выпадку вытв. неабходнасці гэтыя тэрміны могуць быць прадоўжаны на перыяд. які не перавышае адпаведных тэрмінаў. Падставы спынення і пераходу права карыстання зямлёй прадугледжаны Кодэксам аб зямлі. Карыстанне зямельным участкам на ўмовах арэнды рэгулюецца зямельным і арэндным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У дакласавым грамадстве ворныя землі былі абшчыннай уласнасцю і перыядычна размяркоўваліся паміж членамі абшчыны так, што кожны земляроб апрацоўваў сваімі сіламі палі, перададзеныя ў яго часовае карыстанне. Пры рабаўладальніцкім ладзе асн. землекарыстальнікамі былі рабаўладальнікі, якія выкарыстоўвалі ў сваіх латыфундыях прымусовую працу рабоў. Побач з гэтым існавала і дробнае З. вольных сялян. Пры феадалізме ў Беларусі З. мела некалькі форм: З. феад. дзяржавы і шляхты апіралася на феад. зямельную ўласнасць і асабіста залежных ад іх феадальна-абавязаных сялян. З развіццём панскай фальварковай гаспадаркі пашыралася З. феадалаў. Напярэдадні скасавання прыгону доля фальварковай ворнай зямлі ў маёнтках буйна- і сярэднепамесных уласнікаў у некат. губернях Беларусі дасягала больш за 60%. З. сялян, якія мелі надзелы панскай або дзярж. зямлі, у пэўных межах стварала ўмовы для развіцця дробнай сял. гаспадаркі. Існавала З. сялян на чыншавым праве пры захаванні асабістай свабоды, але з унясеннем феад. аброку. З. вольных людзей, старавераў, праваслаўных арандатараў, якія былі асабіста свабоднымі, мелі права пераходу з аднаго месца на другое, але павінны былі ўносіць грашовы аброк або адпрацоўваць за карыстанне панскай або дзярж. зямлёй. У познефеад. перыяд на правах прыватнай уласнасці зараджалася З. купцоў, мяшчан, сялян. Пасля сялянскай рэформы 1861 сістэма З. апіралася на права прыватнай зямельнай уласнасці, надзельнае землеўладанне сялян або на дагавор арэнды зямлі, якая пачала займаць усё большую долю ў сельскай гаспадарцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі былі вельмі пашыраны прадпрымальніцкая, капіталіст. і паўфеад. харчовая сял. формы арэнднага З. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сістэма З. грунтавалася на грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. на зямлю, і сацыяліст. сістэму гаспадарання. Пераход да буйной калектыўнай гаспадаркі, калектывізацыя прывялі да стварэння калгасаў і саўгасаў, якім б.ч. зямель с.-г. прызначэння была перададзена дзяржавай на вечнае і бясплатнае З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),
метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.
Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.
У замежнай практыцы буд-ваМ., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б.сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх.комплексманум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.
Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл.Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш.Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.
Літ.:
Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;
Тоннели и метрополитены. М., 1989.
С.Л.Сергачоў (архітэктура), В.А.Ярмоленка.
Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.Шчусеў і інш.Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.Пірагоў, А.Зензін, маст. В.Чурыла, С.Сакалоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХІКА (México, Méjico),
горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд.ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн.ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн.чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг. дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксама эл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн.
Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).
Стары горад размешчаны на месцы стараж.г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л.гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх. А.Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш.Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ваарх. К.Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.Сікейрас, Д.Рывера, Х.Чавес Марада, Х.О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.Пані, С.Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.Калумбу (1852—92, М.Вілар, і 1876—77, Ш.Кардзье), Незалежнасці (1910, арх. А.Рывас Меркада), С.Балівару (1946, М.Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.Абрэгон Сантасілья) і інш.Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац.ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац.політэхн.ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац.б-каНац.АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Мексіка.
Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ЎКАў архітэктуры,
размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.
Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі сабор (П ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл.Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх. школы).
У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.
Літ.:
Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;
Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),
у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекссац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.
На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш.гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн.чал.Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял.Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс.чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс.чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш.Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСІЗА́ЦЫЯ,
палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел.вызв. руху, у ідэях бел.нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел.нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.Г.Кнорыным, В.А.Багуцкім, А.М.Асаткіным-Уладзімірскім, А.І.Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэнне бел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.Лёсік). У лют. 1921 ЦВКБССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-тбел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВКСССР і ЦВКБССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’езд КП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБКП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел. народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦККП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВКБССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВКБССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.І.Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г.бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.
Літ.:
Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;
Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЦТВА,
1) галіна матэрыяльнай вытв-сці па стварэнні, рэканструкцыі, расшырэнні будынкаў і збудаванняў, якія забяспечваюць вытв. дзейнасць людзей і іх матэрыяльна-культ. патрэбы.
2) Працэс збудавання аб’екта, будоўля.
3) Аб’ект разам з адведзенай тэр. для выканання буд.-мантажных работ. Вылучаюць жыллёва-камунальнае будаўніцтва, прамысловае будаўніцтва, сельскагаспадарчае будаўніцтва, транспартнае будаўніцтва, энергетычнае будаўніцтва, гідратэхнічнае будаўніцтва і інш. Прадукцыя будаўніцтва — завершаныя і падрыхтаваныя да эксплуатацыі прамысл. і с.-г. прадпр., інж. і трансп. камунікацыі, жылыя дамы, грамадскія і інш. будынкі. Як галіна эканомікі будаўніцтва — аснова памнажэння нацыянальнага багацця. Высокія тэмпы капітальнага будаўніцтва забяспечваюць абнаўленне буд. прадукцыі, вызначаюць тэмпы інтэнсіфікацыі ўсяго нар.-гасп. комплексу краіны. Ажыццяўляецца будаўніцтва на аснове праектавання і выдзеленых інвестыцый. Для выканання будаўнічых работ створаны агульнабуд. і спецыялізаваныя арг-цыі, фірмы, якія вядуць будаўніцтва падрадным (на аснове дагавораў з падрадчыкамі) і гасп. (сіламі ўласніка аб’екта) спосабамі. Будаўнічыя матэрыялы і будаўнічыя канструкцыі для будаўніцтва пастаўляе будаўнічых матэрыялаў прамысловасць, будаўнічыя машыны і абсталяванне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне. На аснове ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы будаўніцтва ўдасканальваецца тэхналогія буд. работ, пашыраецца зборнае будаўніцтва, у т. л. аб’ёмна-блочнае, што павышае тэмпы будаўніцтва і ўзровень індустрыялізацыі.
Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і інш. краінах, дзе на долю будаўніцтва прыпадае 8—16% валавога ўнутр. прадукту і 4—9% агульнай колькасці работнікаў, занятых у вытв-сці. Там пераважаюць дробныя і сярэднія фірмы: у ЗША больш за 80% буд. фірмаў маюць да 5 работнікаў кожная, у Францыі больш за 90% такіх фірмаў маюць да 10 чал., у Германіі малыя буд. фірмы (да 100 чал.) выконваюць да 65% аб’ёму буд. работ. Аднак вырашальную ролю ў Б. адыгрываюць буйныя фірмы, што дамінуюць у якасці падрадчыкаў на міжнар. рынку, асабліва ў краінах Б. Усходу, Лац. Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На стан будаўніцтва істотна ўплываюць асацыяцыі і аб’яднанні, якія распрацоўваюць і выдаюць нарматыўныя дакументы, прапагандуюць перадавы вопыт, арганізуюць павышэнне кваліфікацыі буд. кадраў, выдаюць спец. часопісы і інш. Кіраванне буд. галіной ажыццяўляецца на аснове буд. кодэксаў. У Японіі дзейнічае Мін-ва будаўніцтва, у Канадзе — Федэральнае мін-вадзярж. будаўніцтва, у Вялікабрытаніі — Мін-ва будаўніцтва і грамадскіх работ, у ЗША — Мін-ва жыллёвага будаўніцтва і гар. развіцця.
У дарэв. Беларусі будаўніцтва вялі пераважна прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, рабочыя-сезоннікі, найчасцей уручную. Аднак тут пракладзена густая сетка чыгунак, уведзена ў дзеянне шмат прамысл. прадпрыемстваў, выкананы значны аб’ём меліярац. работ. Гэтаму спрыяла адносна развітая прам-сцьбуд. матэрыялаў. З 1920-х г., асабліва з ажыццяўленнем індустрыялізацыі, будаўніцтва набыло шырокі размах. У 1940 у сістэме трэста Белдзяржбуд дзейнічала 120 пярвічных буд. арг-цый, у т. л. 30 спецыялізаваных, якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. За 1919—40 пабудавана і капітальна адрамантавана больш за 1800 прамысл. прадпрыемстваў, 316 МТС, больш за 12 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, шмат школ, мед. устаноў, грамадскіх будынкаў і інш. У Вял.Айч. вайну асн. фондам Беларусі прычынены вял. страты. Аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі абумовілі істотнае павелічэнне маштабаў буд. работ: у 1944—50 капіталаўкладанні ў 1,4 раза перавысілі іх аб’ём за перадваенны перыяд. Усяго ў 1945—95 адноўлена і пабудавана больш за 880 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. Мінскі трактарны, Мінскі і Беларускі аўтазаводы, Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапр. з-ды, ВА «Беларуськалій», Бел. металургічны з-д і інш. гіганты індустрыі; адноўлена і пабудавана 182,8 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, вял. колькасць аўтадарог і чыгунак, меліярац. збудаванняў. Маштабныя буд. работы выкананы па мінімізацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы. На сучасным этапе будаўніцтва ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, канцэрнаў «Мінскбуд», «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд», «Палессевадбуд» і інш. У іх складзе каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, якія аб’ядноўваюць 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994) Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых буд. прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці, у т. л. прыватныя. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12%. Створана развітая сетка праектна-вышукальных работ, наладжана вытв-сцьбуд. матэрыялаў і машын.
Літ.:
Лисичкин В.А., Ковальский М.И. Организация управления строительством в капиталистических странах. М., 1987;
Рекитар Я.А. Материальная база капитального строительства: (экон. пробл. и тенденции развития). М., 1988;
Инвестиционный комплекс и проблемы его развития в условиях перехода к рыночной экономике: Сб. науч. тр.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РНЫ ПРАЦЭ́С,
функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял.л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл.Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.
Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплексмаст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.
Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.Сапега, А.Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарная л-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Каратынскі, У.Сыракомля, А.Плуг), польск. (А.Міцкевіч, Э.Ажэшка), бел. (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.Гарун, М.Гарэцкі, Ф.Аляхновіч, З.Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.Чарот, У.Дубоўка, У.Хадыка, К.Чорны, П.Трус, К.Крапіва, Я.Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.Васілёк, В.Таўлай, П.Пестрак, А.Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Беларусь.
Літ.:
Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;
Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтры Мінскай вобл. Утвораны 29.6.1934 (у сучасных межах з 1959). Пл. 2 тыс.км-. Нас. 127,8 тыс.чал. (1998), гарадскога 6,5% (без Мінска). Сярэдняя шчыльн. 64 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мінск; г.Заслаўе, г.п.Мачулішчы, 368 сельскіх населеных пунктаў, Мачулішчанскі пасялковы Савет і 19 сельсаветаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Бараўлянскі, Гаранскі, Ждановіцкі, Каладзішчанскі, Крупіцкі, Лашанскі, Лугаваслабодскі, Міханавіцкі, Навадворскі, Папярнянскі, Пятрышкаўскі, Рагаўскі, Самахвалавіцкі, Сеніцкі, Хацежынскі, Цнянскі, Шчомысліцкі, Юзуфоўскі.
Большая ч.тэр. раёна на Мінскім узвышшы, паўд.-ўсх. ўскраіна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пераважна ўзвышаная, 92% яе на выш. 180—250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф, Ждановіцкая мінер. крыніца. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Свіслач (з прытокамі Вяча, Чарняўка, Волма), Пціч, Усяжа. Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, Дразды, Крыніца, Вяча, Воўчкавіцкае, Астрашыцкі Гарадок, ч.Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (69,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,3%). Пад лесам 31,2% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, трапляюцца асінавыя, альховыя, дубовыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 20% пл. лесу) пераважна хваёвыя і яловыя. Пад балотамі 2,4% тэр. раёна, 7,7 тыс.га асушана. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны — Прылуцкі, біял. — Лебядзіны і Кайкаўскі; мясц. значэння: ахоўваемыя тарфянікі — Гайдукоўскае, Янапольскае, Гарадоцкае; біял. — Крыніца, Маяк. Помнікі прыроды рэсп. значэння: геал. агаленне Заслаўе, валун «Камень кахання» паміж в. Чаромуха і в. Гуры, дуброва каля в. Шчомысліца, парк камянёў (музей валуноў) на паўн.-ўсх. ускраіне Мінска, дуб і хвоя каля в. Ждановічы і парк Ігнацічы каля в. Кацягі. Зоны адпачынку: Мінскае мора, Пціч, Зялёны Гай, Вяча, Чараўніца, Раўбічы, Стайкі, часткова Вязынка, Вясёлка. Агульная пл.с.-г. угоддзяў 102,2 тыс.га (51,7%), з іх асушаных 10,9 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 12 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка; аграфірма «Рассвет», аграгандл. фірма «Ждановічы», Бел. занальная доследная станцыя па птушкагадоўлі, племптушкарэпрадуктар «Праўда», птушкафабрыкі імя Н.К.Крупскай, «1-я Мінская», «Дубаўляны», рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі ў пас. Ратамка, эксперым. базы «Курасоўшчына», «Анопаль», «Русінавічы», вучэбная гаспадарка імя М.В.Фрунзе, с.-г. прадпрыемства «Усход», доследная гаспадарка Бел. машынна-доследнай станцыі. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, вырошчванне бульбы і агародніны. Прадпрыемствы гарбарнай (Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне), металаапр. (перапрацоўка металалому), хіміка-фармацэўтычнай (ветпрэпараты), лясной (вырабы з драўніны), харч. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), буд. матэрыялаў, мэблевай, паліграф. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Гомель; аўтадарогі Брэст—Масква, Вільнюс—Мінск. Мінск—Бабруйск—Гомель, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Гродна. У раёне 34 сярэднія, 6 базавых, 11 пач. школ, раённая шматпрофільная школа для дзяцей з павышаным узроўнем інтэлекту і разумовага развіцця, гімназія, 8 муз., спарт. школы, 3 школы-інтэрнаты, дзіцячы дом, Навапольскі с.-г. тэхнікум, Сеніцкі с.-г. каледж, 54 дашкольныя ўстановы, 6 цэнтраў культуры, 34 дамы культуры і клубы, 38 б-к, 8 бальніц, 22 урачэбныя амбулаторыі, 3 паліклінікі, 10 фельч.-ак. пунктаў. На тэр. раёна размешчаны: абл. клінічная бальніца (пас. Лясны), абл. тубдыспансер (в. Лескаўка), шпіталь інвалідаў вайны і працы (пас. Лясны), рэсп. псіхіятрычная клінічная бальніца «Навінкі» (в. Навінкі) і інш.; НДІ: бульбаводства, агародніцтва, пладаводства (в. Самахвалавічы), аховы раслін (в. Прылукі), эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (в. Кунцаўшчына), анкалогіі і мед. радыялогіі (пас. Лясны); курорт «Ждановічы» (санаторыі «Беларусь», «Крыніца»), дзіцячы санаторый «Астрашыцкі Гарадок», 9 санаторыяў-прафілакторыяў, спарткомплексы «Раўбічы» і «Стайкі», водна-спарт. база «Воўчкавічы». Музеі: Бел. дзярж музей нар. архітэктуры і побыту ў в. Строчыца, Музей бел.нар. мастацтва (філіял Нац.маст. музея) у в. Раўбічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 18 ст. — 1-я пал. 19 ст.) у в. Анопаль, царква і капліца (19 ст.) у в. Астрашыцкі Гарадок, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Прылукі, касцёл (1858—62) і спарт.комплекс «Раўбічы» (1973) у в. Раўбічы, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Сеніда, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Сёмкава, Троіцкі касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Сёмкаў Гарадок. Помнік ахвярам фашызму (1963) каля в. Вялікі Трасцянец на месцы Трасцянецкага лагера смерці, на тэр. Бараўлянскага с/с урочышча Курапаты. Выдаецца газ. «Наша жыццё».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998.