ВАДЗЯНА́Я ПА́РА ў атмасферы,

вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл. Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр. Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.

Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.

Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКІНСКІ ХРЫБЕ́Т (Alaska Range),

на Пд Аляскі, у Ціхаакіянскім поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі (ЗША). Даўж. каля 1000 км. Сярэдняя выш. каля 3000 м, найб. — 6191 м (г. Мак-Кінлі самая высокая вяршыня Паўн. Амерыкі). Восевая ч. хрыбта складзена з інтрузіўных (пераважна гранадыярытаў), па краях — з асадкавых парод. Схілы стромкія, моцна расчлянёныя. Аляскінскі хрыбет — важны клімата- і водападзел. На паўд. увільготненых схілах да выш. 800 м яловыя лясы, вышэй — вечныя снягі, буйныя ледавікі; на паўн. больш сухіх схілах мяжа лесу павышаецца да 1000—1200 м, вышэй — горныя тундры.

т. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ, бараметрычная ступень,

паказчык стану атмасферы, роўны адлегласці па вертыкалі ў метрах, якая адпавядае змяненню атм. ціску на 1 гПа. З памяншэннем атм. ціску і ростам т-ры барычная ступень павялічваецца. Так, пры ціску 1000 гПа і т-ры 0 °C барычная ступень 8 м/гПа, пры ціску 500 гПа (на выш. каля 5 км) і той жа т-ры — каля 16 м/гПа. З ростам т-ры на 1 °C барычная ступень павялічваецца на 0,4%. Барычная ступень выкарыстоўваецца пры разліках па бараметрычнай формуле і пры бараметрычным нівеліраванні.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДГАСТА́ЙН (Badgastein),

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Аўстрыі. На Пд ад г. Зальцбург ва Усх. Альпах на выш. каля 1000 м. Развіваецца з 14 ст., міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Клімат горны, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Каля 20 крыніц тэрмальных (да 50 °C) радонавых мінер. водаў (адкрыты ў 7 ст.), якія выкарыстоўваюць пры лячэнні органаў руху і апоры, кровазвароту, нырак і мочаправодных шляхоў. Спелеатэрапію (пры хваробах суставаў, сасудаў, перыферычнай нерв. і эндакрыннай сістэм) праводзяць у штольнях з павышанай радыеактыўнасцю паветра. Цэнтр міжнар. турызму і зімовага спорту.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛХА́Н Вялікі і Малы,

хрыбты на З Туркменістана. Вялікі Балхан даўж. каля 70 км. Выш. да 1880 м (г. Арлан). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў юры і мелу. Моцна расчлянёны, стромкі, цэнтр. ч. з плоскімі вяршынямі. Ландшафты пустынныя, паўпустынныя, горнастэпавыя. Малы Балхан — адасобленая сухім рэчышчам Узбой горная града на Пд ад Вялікага. Даўж. каля 30 км. Выш. да 777 м. Складзены з вапнякоў і мергеляў. Стромка абрываецца на Пн і спадзіста апускаецца на Пд. Схілы расчлянёныя ярамі і рэчышчамі часовых рэк. Палыновая і палынова-салянкавая пустыня.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЯ́,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 22 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,29 км², даўж. 1,16 км, найб. шыр. 310 м, найб. глыб. 9,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,8 км. Пл. вадазбору 5,53 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, на З да 14, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія. Пойма шыр. ад 10 да 200 м, забалочаная, месцамі пад хмызняком. Дно глеістае, каля берагоў пясчанае. Упадае ручай з возера без назвы, на Пд пратока ў воз. Чарэйскае.

т. 4, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОН ((John) Агастэс Эдвін) (4.1.1878, г. Тэнбі, Вялікабрытанія — 31.10.1961),

англійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Слэйда ў Лондане (1894—98). З 1903 член «Новага англійскага мастацкага клуба». Прэзідэнт Каралеўскага т-ва жывапісцаў-партрэтыстаў (1948—53). Буйны майстар рэаліст. партрэта (Б.​Шоу, каля 1913—14; Т.​Гардзі, 1923, і інш.), аўтар жанравых карцін («Жанчына, якая ўсміхаецца», 1910; «Жабракі», каля 1912—14, і інш.), а таксама дэкар. кампазіцый, афортаў і літагравюр. Творам Дж. ўласцівы глыбокая характарнасць і псіхал. насычанасць вобразаў, упэўненая тэмпераментная манера пісьма.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЧЫГУ́НКА.

Малая Беларуская чыгунка імя К.С. Заслонава, пазашкольная ўстанова. Адкрыта ў Мінску ў 1955, імя Заслонава прысвоена ў 1971. Дапамагае школе ў навуч.-выхаваўчай рабоце, садзейнічае развіццю тэхн. майстэрства і прафес. арыентацыі навучэнцаў. Пры Дз.ч. працуюць гурткі юных чыгуначнікаў (тэрмін навучання 3 гады, штогод займаецца каля 600 вучняў), якія рыхтуюць машыністаў і памочнікаў машыністаў. Дарога вузкакалейная, працягласць 3 км 790 м з 2 пераездамі і 3 станцыямі. Мае 2 цеплавозы, 6 пасажырскіх вагонаў. Рух паяздоў адбываецца ў маі—жніўні (перавозіцца каля 20 тыс. пасажыраў).

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНС СКОТ ((Duns Scotus) Іаан) (каля 1266, Дунс, каля г. Берык-апон-Туід, Вялікабрытанія — 8.11.1308),

сярэдневяковы тэолаг, філосаф. Заснавальнік новай францысканскай школы. Вучыўся і выкладаў у Оксфардзе, Парыжы, Кёльне. Яго вучэнне (скатызм) процістаяла дамініканскай схаластыцы — тамізму. Імкнуўся аддзяліць філасофію ад тэалогіі, розум ад веры, даказваў немагчымасць рацыяналістычнага абгрунтавання тэалагічных ідэй стварэння з нічога. Адно з цэнтр. палажэнняў яго вучэння — свабода волі, сцвярджаў прымат волі над інтэлектам. У пазнанні лічыў галоўнай пачуццёвую інтуіцыю, на аснове якой інтэлект стварае індывід. вобраз рэчы, у працэсе абстракцыі ўтвараецца агульнае паняцце.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)