А́НДРЫЧЫК ((Andričik) Юрай) (н. 22.4.1937, в. Бежаўцы Міхалаўскага р-на, Чэхія),

славацкі паэт і перакладчык. Скончыў Ін-т рус. мовы і л-ры ў Празе (1960). Аўтар зб-каў паэзіі «Узыходжанне на зямлю» (1970), «Глухія зычныя» (1973), кн. апавяданняў для дзяцей «Павой» (1976). Асн. тэматыка творчасці — хараство і багацце роднай зямлі, духоўнае жыццё сучасніка. Перакладае з рус., бел., укр., польск., чэшскай моў на славацкую. У яго перакладзе з бел. мовы выйшлі кн. паэзіі «Глыток вады» М.​Танка (1975), «Так лёгка крочыш» П.​Макаля (1982), аповесць «Лонва» І.​Пташнікава (1980), зб-кі бел. паэзіі «Моваю сэрца» (1977, разам з Г.​Крыжанавай-Брынзавай) і бел. нар. казак «Чароўная дудка» (1982). Асобныя вершы бел. паэтаў у перакладзе Андрычыка ўвайшлі ў анталогію «Жыццё супраць смерці» (1980), «Анталогію савецкай паэзіі XX стагоддзя» (Т. 1—2, 1981).

А.​К.​Гардзіцкі.

т. 1, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ШЫНА,

вёска ў Беларусі, у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнУ ад Навагрудка, 185 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Наваельня. 299 ж., 168 двароў (1994). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання.

Да 1401 двор Новагародскай зямлі, дзярж. ўласнасць. У 1428 Вітаўт падараваў Асташына сваёй жонцы Юльяне Іванаўне Гальшанскай у якасці вена. З канца 15 ст. ўласнасць Чартарыйскіх, потым Саламярэцкіх, Радзівілаў, Чачотаў. У 1897 — 929 ж., 150 двароў, царква, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Любчанскай гміны Навагрудскага пав. У Асташына і навакольных вёсках адбылося Асташынскае выступленне сялян 1932. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне, з 1956 у Навагрудскім раёне. У 1969 — 730 ж., 248 двароў.

М.​Ф.​Спірыдонаў (гісторыя).

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1866,

вайна Прусіі супраць Аўстрыі за аб’яднанне палітычна раздробленай Германіі і панаванне ў ёй прускага юнкерства. Зачэпкай да вайны стала спрэчка з-за зямлі Шлезвіг-Гольштэйн, заваяванай Аўстрыяй і Прусіяй у вайне супраць Даніі. Прусія заручылася нейтралітэтам Францыі і Расіі, заключыла ваен. саюз з Італіяй, і 16 чэрв. яе войскі ўварваліся ў Гесен, Гановер і Саксонію. Пасля паражэння Аўстрыі каля Садавы 23 жн. ў Празе падпісаны мірны дагавор, паводле якога зямля Шлезвіг-Гольштэйн адышла да Прусіі. Прусія, атрымаўшы права стварыць саюз герм. дзяржаў на Пн ад р. Майн, у вер. 1866 захапіла Гановер, Гесен-Касель, Насаў і Франкфурт-на-Майне. У 1867 яна арганізавала Паўн.-герм. саюз (19 ням. дзяржаў і вольныя гарады Брэмен, Гамбург і Любек). Герм. дзяржавы, размешчаныя на Пд ад Майна, падпісалі з Прусіяй сакрэтныя ваен. пагадненні.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́СІМАЎ (Інакенцій Пятровіч) (22.12.1905, г. Кастрама, Расія — 30.3.1985),

савецкі геолаг, геамарфолаг, глебазнавец. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Чл. Балгарскай АН (1962), акадэміі «Леапальдзіна» (1965), Акадэміі с.-г. навук ГДР (1968) і Германскай АН у Берліне (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). У 1936—56 у Глебавым ін-це імя В.​В.​Дакучаева, з 1945 у Ін-це геаграфіі АН СССР (з 1951 дырэктар). Удзельнік экспедыцый у Казахстан, Сярэднюю Азію, на Д.​Усход, Урал. Падарожнічаў па Індыі, Кітаі, Японіі, Аўстраліі, краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Зах. Еўропы. Навук. працы па генезісе і геаграфіі глеб, фіз. геаграфіі, палеагеаграфіі і геамарфалогіі. Аўтар (разам з К.​К.​Маркавым) першай зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Распрацаваў новыя прынцыпы класіфікацыі рэльефу Зямлі. Узначальваў рэдкалегію «Фізіка-геаграфічнага атласа Свету» (1964). Дзярж. прэмія СССР 1973.

т. 5, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДАШ ((Hidas) Антал) (18.12.1899, в. Гёдзёлё, Венгрыя — 1980),

венгерскі пісьменнік. У 1920 эмігрыраваў у Чэхаславакію, у 1925 у СССР, дзе ў 1938—44 быў рэпрэсіраваны; рэабілітаваны ў 1955. У 1959 вярнуўся ў Венгрыю. Аўтар зб-каў вершаў «На зямлі контррэвалюцыі» (1925), «Масква — Радзіма» (1934), «Вуліца Язміну» (1960), «Сумуем па табе» (1968), раманаў «Пан Фіцэк» (1936), «Мартан і яго сябры» (1959) і інш., кн. «Шандар Пецёфі» (1949). Паэтыцы Гідаша ўласцівы спалучэнне дэкламацыйна-агітацыйнага пачатку з лірыка-драматычным, рэалізму з элементамі экспрэсіянізму. На венг. мову перакладаў вершы Я.​Купалы, а таксама рус. і ўкр. паэзію. На бел. мове выйшла яго кн. «Венгрыя спраўляе ўрачыстасць» (1933). Дзярж. прэмія імя Л.​Кошута 1962.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1960;

Другая музыка нужна: Роман. М., 1984.

Літ.:

Россиянов О. Антал Гидаш. М., 1970.

Е.​А.​Лявонава.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МАНАЎ (Уладзімір Кірылавіч) (н. 2.2.1929, г. Сянно Віцебскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1962), выкладаў у ім у 1963—78. Працуе ў жанрах гіст., бытавым, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Апошні бой К.​Заслонава» (1964), «На сценах старога Слуцка» (1973), трыпціх «А хто там ідзе?» (1969), «Дажынкі» (1978), «Мой родны кут» (1982), «Касіў Ясь канюшыну» (1985), серыя «З эцюднікам па Еўропе», «Лазня» (абедзве 1986), «Свет Скарыны», «Зоркі не гаснуць» (абедзве 1991), «Крыжы зямлі» (1995), «Божа, дапамажы!» (1996); партрэты Героя Сац. Працы Т.​Р.​Арды (1982), драматурга А.​Петрашкевіча (1984), Кастуся Каліноўскага («Чорная пятля», 1989); пейзажы «Прыпяцкія плёсы» (1976), «Зіма» (1988); нацюрморты «Галінка арабіны» (1988), «Бэз» (1995) і інш. Творчасць насычана нац. каларытам, дынамікай, гармоніяй колеру, у ёй — спалучэнне лірыкі і публіцыстыкі.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ РА́ДЫУС у агульнай тэорыі адноснасці, радыус паверхні (сферы Шварцшыльда) у гравітацыйным полі сферычнага невярчальнага цела, на якой сіла прыцягнення імкнецца да бясконцасці; выпрамяненне ад крыніцы на гэтай паверхні мае бясконцае гравітацыйнае чырвонае зрушэнне. Гравітацыйны радыус вызначаецца масай цела M і роўны rg = 2GM/c2, дзе G — гравітацыйная пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме.

Гравітацыйны радыус астр. аб’ектаў надзвычай малы ў параўнанні з іх сапраўднымі памерамі, напр., для Зямлі rg = 0,9 см, для Сонца rg = 3 км. Пры рэлятывісцкім гравітацыйным калапсе цела дасягае памераў, меншых за гравітацыйны радыус, і ніякія сілы не здольныя спыніць яго далейшага сціскання пад уздзеяннем сіл прыцягнення. Сфера Шварцшыльда з’яўляецца «гарызонтам падзей» для вонкавага назіральніка (з-пад яе не могуць выходзіць ні выпрамяненне, ні часціцы), таму вобласць r < rg наз. шварцшыльдаўскай чорнай дзірой, а сферу r = rg — шварцшыльдаўскай паверхняй.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д І́ГАРАВІЧ (да 1061 — 25.5.1112),

князь Валынскай зямлі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Ігара Яраславіча. Паводле сцвярджэння гісторыка В.​М.​Тацішчава, у 1078 атрымаў ад вял. кн. кіеўскага Усевалада Яраславіча Тураў. У 1081 Давыд Ігаравіч разам з Валадаром Расціславічам захапіў Тмутаракань, дзе яны княжылі да 1083. У 1084 з князямі Расціславічамі выгнаў Яраполка Ізяславіча з Уладзіміра-Валынскага, але пад пагрозай войска Уладзіміра Манамаха збег адтуль. Пасля атрымаў Дарагабуж, Уладзіміра-Валынскае княства (1085). Любецкі з’езд 1097 пацвердзіў паўнамоцтвы Давыда Ігаравіча, але той паспрабаваў замацавацца і ў Церабоўлі. Уладзімір Манамах і князі Святаславічы пазбавілі Давыда Ігаравіча княжання і адправілі ў Чэрвень, адкуль ён уцёк на Захад. Пасля спробы Давыда Ігаравіча з дапамогай Расціславічаў захапіць вылынскія землі Віцічаўскі з’езд князёў (1100) пастанавіў не дапускаць яго да Уладзіміра-Валынскага і Чэрвеня. Атрымаў гарады Бужск, Астрог, Дубен і Чартарыйск, пазней Дарагабуж.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ШКА (Пятро Ануфрыевіч) (24.12.1910, с. Тупічаў Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1933). Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Перад навальніцай» (1935), «Жывыя крыніцы» (1960), «След» (1971) і інш. арганічна спалучаны публіцыстычны пафас і мяккі лірызм, паэтызуюцца краса роднай зямлі і чысціня пачуццяў. У аповесці «Лясная Гута» (1964), рамане «Не паўтары маю долю» (1968) вострыя маральна-этычныя праблемы. Аўтар паэм-прысвячэнняў М.​Чарнышэўскаму «Вілюйскі вязень» (1955) і Т.​Шаўчэнку «Спалох уначы» (1965), кніг твораў для дзяцей, зб. апавяданняў і ўспамінаў «Ад зары да зары» (1987). Пераклаў на ўкр. мову творы П.​Броўкі, Я.​Коласа, Я.​Купалы, П.​Панчанкі. На бел. мову яго творы пераклалі М.​Аўрамчык, М.​Гамолка, К.​Кірэенка.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980;

Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 1.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРА́НСКІ ЗЯМЕ́ЛЬНЫ БАНК, Дзяржаўны дваранскі зямельны банк,

саслоўная крэдытная ўстанова для дваран у Рас. імперыі ў 1885—1917. Засн. царскім урадам для крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямлі і будынкаў. Меў аддзяленні ва ўсіх, у т. л. бел., губернях. Пазыкі даваліся на самых ільготных умовах: да 1900 крэдыт даваўся на тэрмін да 48 гадоў 8 месяцаў, пры 5,75% гадавых. Пасля 1900 тэрмін пазыкі падоўжаны да 66,5 года, а плата за крэдыт зніжана да 3,5—4%, даваліся і інш. льготы. У Беларусі банк не абслугоўваў дваран «польскага паходжання» і каталіцкага веравызнання, якія былі вымушаны звяртацца да камерц. акц. банкаў на менш выгадных умовах. Да 1900 большая частка дваранскіх маёнткаў у Беларусі была закладзена ў банках, у 1917 звыш чвэрці іх — у Д.з.б. Дзейнасць банка фактычна спынілася ў пач. 1917, афіцыйна скасаваны 21.12.1917.

З.​І.​Гіяргідзе.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)