лёгкая жыццярадасная лірыка, пазбаўленая суму і глыбокіх перажыванняў. Назва ад імя стараж.-грэч. паэта Анакрэонта, асн. матывамі песень якога былі каханне, бестурботная весялосць, віно. Анакрэантычныя вершы ў Францыі пісалі А.Шэнье, Вальтэр, П.Беранжэ; у Германіі — І.Глейм, Г.Лесінг; у Расіі — М.Ламаносаў, Г.Дзяржавін, К.Бацюшкаў, А.Пушкін і інш. У бел. паэзіі матывы анакрэатычнай паэзіі ў лірыцы М.Багдановіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АІ́Д, Гадэс, Плутон,
у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.
Да арт.Аід. Аід і Персефона. Рэльеф з Локраў. 470—460 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАНТЫ́Т (ад грэч. akantha калючка, іголка),
мінерал класа сульфідаў, сульфід серабра з групы аргентыту. Мае 87% серабра з прымесямі медзі, жалеза, цынку і інш. Утварае плёнкі, зямлістыя агрэгаты («сярэбраная чэрнь»), суцэльныя масы, дробныя крышталі і г.д. Колер жалезіста-чорны. Бляск металічны. Цв. 2—2,5; коўкі. Шчыльн. 7,2—7,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал (у свінцова-цынкавых радовішчах з аргентытам). Радовішчы ў Чэхіі, Германіі, ЗША. Каштоўная сярэбраная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А,
першая літара бел. алфавіта і інш. алфавітаў на лац. і рус. аснове. Графічнае напісанне паходзіць ад кірыліцкага (аз), якое генетычна звязана з грэч. α (альфа), а праз яго з фінікійскім 𐤀 (алеф). У кірыліцы мела і лікавае значэнне 1, з дадатковымі значкамі — 1000, — 10 000, — 100 000, — 1 000 000. У сучаснай бел. мове літара «а» абазначае галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТРАПЛА́СТЫКА (ад грэч. arthron сустаў + пластыка),
аперацыі па аднаўленні функцый сустава пры анкілозах, артрозах, няправільным зрастанні ўнутрысустаўных пераломаў. Асн. этапы: раз’яднанне сустаўных канцоў, мадэляванне новых сустаўных паверхняў і размяшчэнне паміж імі пракладак са скуры або фасцый хворага. Выкарыстоўваюць таксама каўпачкі з храсткоў або плодных абалонак, кансерваваныя канцы касцявых суставаў, штучныя метал. або пластмасавыя суставы ці галоўкі суставаў. Пасля артпластыкі патрабуецца працяглае функцыянальнае лячэнне, фізіятэрапія, масаж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕРМІ́Я (ад а... + грэч. sperma семя),
адсутнасць у семі сперматазоідаў і клетак сперматагенезу. Пры гэтым у час палавога акта захоўваецца выдзяленне невял. колькасці вадкасці (складаецца з сакрэту прастаты і семявых пузыркоў) і аргазм. Прычыны асперміі — прыроджаная адсутнасць або недаразвіццё семявыносных пратокаў або іх закупорка пры захаванні нармальнай генератыўнай функцыі яечак (абтурацыйная аспермія), а таксама няздольнасць яечак выпрацоўваць сперматазоіды (тэстыкулярная аспермія). Аспермія — адна з прычын мужчынскага бясплоддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАНІ́Я (ад грэч. atonia расслабленасць, вяласць),
адсутнасць фізіял. тонусу ў мышцах шкілета і ўнутраных органаў. Узнікае пры захворванні нерв. сістэмы, унутр. органаў, пры эндакрынных і інфекц. хваробах, недастатковым харчаванні і парушэнні абмену рэчываў. Можа быць прыроджаная і набытая. Ва ўнутр. органах трапляецца атанія страўніка (парушэнне стрававання), кішак (запоры), маткі пры родах (цяжкія роды) і пасля родаў (крывацёк). Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення, лакалізацыі і ступені пашкоджання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАРЫ́ЗМ (грэч. aphorismos),
трапнае выслоўе, якое ва ўстойлівай і лаканічнай форме перадае змястоўную і арыгінальную думку — жыццёвае назіранне, маральную сентэнцыю, разважанне і інш.: «Воля сонейку раўня» (Я.Купала), «Лес не сякуць языкамі» (К.Крапіва), «Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць» (А.Звонак). Афарызмы маюць канкрэтнага стваральніка (пісьменніка, вучонага і інш.), ужываюцца ў вуснай і пісьмовай мове для вобразнай характарыстыкі з’яў і падзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПНО́Э (ад дыс... + грэч. pnoē дыханне),
расстройства вонкавага дыхання. Выяўляецца рознай ступенню парушэння частаты, амплітуды і рытму дыхальных рухаў ад лёгкіх (на мяжы фізіял. варыяцый) да цяжкіх (задышка, дыханне перыядычнае, апноэ і інш.). Першаснае Д. ўзнікае як праяўленне дэфектаў у сістэме рэгуляцыі дыхання або выканаўчых органаў дыхання; другаснае — як ускладненне інфекц., абменных або траўматычных пашкоджанняў дыхальнага цэнтра, нерв. шляхоў, бронхалёгачнага апарату, грудной клеткі, дыяфрагмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГАНА́ЛЬ (лац. diagonalis ад грэч. diagōnios які ідзе ад вугла да вугла) у геаметрыі, адрэзак прамой, што злучае 2 вяршыні многавугольніка, якія не належаць адной старане, або 2 вяршыні мнагагранніка, якія не размешчаны на адной грані. Калі колькасць вяршынь многавугольніка роўная n, то колькасць дыяганалей роўная n(n−3)/2.
Да арт.Дыяганаль у геаметрыі. 1 — дыяганалі прамавугольніка AC, BD; 2 — дыяганаль паралелепіпеда B1D.