група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.Ф.Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на З — славяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.
Літ.:
Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДКамаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.
Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7∙103кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2 — кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5∙103кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у т. л. фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25∙103кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83∙103кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3 — сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.
Літ.:
Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКІ́ (Beta),
род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сям. лебядовых. 6 відаў (па іншых звестках 15). Пашыраны ў Зах. Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Індыі, вырошчваюць таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. У культуры двухгадовыя віды: буракі лісцевыя, ці мангольд, і буракі звычайныя караняплодныя (B. vulgaris), да якіх належаць групы разнавіднасцей цукр., сталовых і кармавых буракоў. Пачалі спажываць карані буракоў у 3—1 ст. да н.э. У канцы 12 ст. з’явіліся ў культуры кармавыя формы, у 18—19 ст. — цукровыя. На Беларусі буракі ў культуры з 1830-х г.
У 1-ы год буракі ўтвараюць сакаўны мясісты караняплод з разеткай лісця, на 2-і даюць кветаносы і насенне. Сцябло травяністае, прамастойнае, галінастае, паяўляецца на 2-і год. Лісце буйное, гладкае або хвалістае, прыкаранёвае на доўгіх чаранках, сцябловае амаль сядзячае. Кветкі двухполыя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца, утвараючы суплоддзі — клубочкі.
Сталовыя буракі (агароднінныя) культывуюцца ў 2 формах: сталовыя караняплодныя (больш пашыраныя) і буракі лісцевыя (мангольд). Караняплоды масай 0,4—0,9 кг, цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя, багатыя цукрам (9—16%), бялком (1,8—3%), мінер. солямі, арган. к-тамі, клятчаткай, вітамінамі C, групы B, P, PP. Спажываюцца караняплоды і лісце вараныя, кансерваваныя, сушаныя. Лепшыя для іх глебы на Беларусі — акультураныя дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Раянаваныя сарты: Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18. Кармавыя буракі багатыя вугляводамі, мінер. солямі, вітамінамі. Караняплоды масай да 10—12 кг, жоўтыя, белыя, чырвоныя. Скормліваюцца ўсім відам жывёлы, пераважна малочным. Бацвінне ідзе на корм свежае і сіласаванае. Сеюць на акультураных тарфяніках, на сугліністых і супясчаных мінер. глебах з нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору. Раянаваныя сарты: Бел. чырвоныя, Экендорфскія жоўтыя і інш.Цукровыя буракі — найважнейшая тэхн. культура — сыравіна для цукр. прам-сці. Маюць белыя караняплоды масай 400—500 г, багатыя цукрам (19—20%, макс. да 23%). Цепла- і святлолюбівыя, вельмі патрабавальныя да ўмоў жыўлення і вільгаці, асабліва ў перыяд фарміравання лісця і караняплода (ліп.—жн.). Вырошчваюцца на добра ўгноеных сугліністых і супясчаных дзярнова-падзолістых глебах, на акультураных тарфяна-балотных. Бацвінне, жамерыны, патака ідуць на корм. Гл. таксама Буракаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎ,
горад у Беларусі, цэнтр Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.; прыстань на р. Дняпро. За 51 км ад Магілёва. Чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, аўтадарогамі злучаны з Магілёвам, Рагачовам і з аўтамагістралямі Магілёў—Гомель і Магілёў—Бабруйск. 20,7 тыс.ж. (1995). Прадпрыемствы харч. (Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод), лёгкай, металаапр. прам-сці, сац.-быт. абслугоўвання. Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Упершыню згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у 1430. Узнік на месцы ўмацаванага гарадзішча. У 15—17 ст. належаў кн. Дз.С.Друцкаму-Зубравіцкаму, Гаштольдам, Жыгімонту I Старому, Хадкевічам, Сапегам. У канцы 16 ст. тут распачата буд-вагар. умацаванняў і замка, засн. касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61. У Паўночную вайну 1700—21 Быхаў — важны стратэгічны пункт, адбыліся Быхава аблога 1702 і Быхава абарона 1707. У 1755 у Быхаве 2522 ж. У 1772—96 і 1802—1923 цэнтр Быхаўскага павета Магілёўскай губ. У 1781 зацверджаны герб горада: на чырв. полі 2 скрыжаваныя чыгунныя гарматы. У 1796—1802 заштатны горад Беларускай губ. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1897 у Быхаве каля 6,4 тыс.ж. З 1924 цэнтр раёна. У 1939 — 11 тыс.ж. З 5.7.1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Быхаве і раёне 9158 чал. У 1970 — 17,4 тыс.ж. Першыя абарончыя збудаванні Быхава ўзніклі ў 14 ст., у пач. 17 ст. горад ператвораны ў магутную крэпасць. У сістэму яе ўмацаванняў увайшоў Быхаўскі замак, што стаў кампазіцыйным цэнтрам паселішча. Паводле генплана 1778 стараж. ўмацаваная ч. горада з замкам і гандл. плошчай перад ім захавана як цэнтр. планіровачнае ядро, вакол якога з Пн і Пд створаны новыя рэгулярныя раёны з сеткай амаль прамавугольных кварталаў. Помнікі архітэктуры — Быхаўская сінагога і Быхаўская Троіцкая царква. Брацкая магіла барацьбітоў за сав. ўладу, сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́КТЫКА (ад познагрэч. galaktikos малочны, млечны),
гіганцкая зорная сістэма, да якой належаць Сонца і ўся Сонечная сістэма разам з Зямлёй. У яе ўваходзяць не менш за 100 млрд. зорак (іх агульная маса каля 1011 мас Сонца), міжзорнае рэчыва (газ і пыл, маса якіх каля 0,05 масы ўсіх зорак), касм. часціцы, эл.-магн. і гравітацыйнае поле.
Структура Галактыкі неаднародная. Адрозніваюць 3 асн. падсістэмы: сферычную (гала) — шаравыя скопішчы, чырвоныя гіганты, субкарлікі, пераменныя зоркі тыпу RR-Ліры, якія рухаюцца вакол цэнтра мас Галактыкі па выцягнутых арбітах у разнастайных напрамках і не ўдзельнічаюць у вярчэнні галактычнага дыска; прамежкавую (дыск) — большасць зорак галоўнай паслядоўнасці, у т. л. Сонца, зоркі-гіганты, белыя карлікі, планетарныя туманнасці; скорасць іх вярчэння мяняецца з адлегласцю ад цэнтра; узрост — некалькі млрд. гадоў; плоскую (тонкі дыск ці спіральныя рукавы) — маладыя зоркі, міжзорны газ і пыл, доўгаперыядычныя цэфеіды, пульсары, многія галактычныя крыніцы гама-, рэнтгенаўскага і інфрачырвонага выпрамянення; узрост гэтых зорак не большы за 100 млн. гадоў, яны не паспелі значна аддаліцца ад месцаў свайго нараджэння, таму спіральныя галіны Галактыкі лічаць месцам утварэння зорак. Цэнтральная вобласць Галактыкі (ядро) знаходзіцца ў напрамку сузор’я Стралец і заслонена ад зямнога назіральніка міжзорнымі воблакамі касм. пылу і газу. Памеры ядра Галактыкі больш за 1000 пк. Яно з’яўляецца крыніцай магутнага радыевыпрамянення, што сведчыць пра актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў ім. Самая знешняя частка сферычнай падсістэмы — карона Галактыкі радыусам каля 70 кпк і масай, у 10 разоў большай за масу ўсёй астатняй Галактыкі. Сонца, знаходзіцца на адлегласці 8,5 кпк ад цэнтра, амаль дакладна ў плоскасці Галактыкі, і аддалена ад яе на Пн прыблізна на 25 кпк Скорасць вярчэння Сонца вакол цэнтра Галактыкі 230 км/с. Для зямнога назіральніка зоркі канцэнтруюцца ў напрамку плоскасці Галактыкі і зліваюцца ў бачную карціну Млечнага Шляху. Знаходжанне Сонца паблізу плоскасці Галактыкі ўскладняе даследаванне нашай зорнай сістэмы.
Літ.:
Марочник Л.С., Сучков А.А. Галактика. М., 1984;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДЭЛУ́ПА (Guadeloupe),
востраў у групе Наветраных а-воў у Вест-Індыі; разам з суседнімі а-вамі (Мары-Галант, Дэзірад, Ле-Сент, Сен-Бартэльмі, Пціт-Тэр) і паўн.ч. в-ва Сен-Мартэн — уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). Агульная пл. 1780 км², у т. л. в-ва Гвадэлупа 1703 км². Нас. 413 тыс.чал. (1993), у т. л. мулатаў — 77%, неграў — 10, крэолаў (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%. Афіц. мова — французская. Большасць вернікаў католікі. Адм. ц. — г. Бас-Тэр, найб. горад — Лез-Абім, порт — Пуэнт-а-Пітр. В-аў Гвадэлупа складаецца з 2 ч. (Бас-Тэр і Гранд-Тэр), злучаных вузкім перашыйкам. Бас-Тэр складзены з вулканічных парод. Выш. да 1467 м (дзеючы вулкан Суфрыер — найвышэйшая вяршыня Малых Антыльскіх а-воў). Гранд-Тэр — плато выш. да 130 м, складзенае з вапнякоў і вулканічных туфаў. Развіты карст, рэк амаль няма. Клімат трапічны, пасатны, гарачы і вільготны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Востраў абкружаны каралавымі рыфамі. Горы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі. Гвадэлупскі прыродны парк. Апрацоўваецца каля 30% тэр., пад пашай і лугамі 10%. Асн. экспартныя с.-г. культуры: цукр. трыснёг, бананы, кава, какава, ваніль, цытрусавыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коз, свіней. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі, пераважна вытв-сць цукру і рому. Транспарт аўтамабільны. Вываз бананаў, цукру, рому; увоз паліва, тэхн. абсталявання, сыравіны, трансп. сродкаў. Гандл. сувязі пераважна з Францыяй. Развіты турызм. Грашовая адзінка — франц. франк
Востраў Гвадэлупа адкрыты Х.Калумбам 4.10.1493. У 16 — пач. 17 ст. тут спрабавалі замацавацца іспанцы. З 1635 калонія Францыі. У 1666, 1691 і 1703 Гвадэлупу імкнулася захапіць Вялікабрытанія. Парыжскі мірны дагавор 1763 пацвердзіў прыналежнасць Гвадэлупы Францыі. У 1805 на востраве ўведзены Франц.грамадз. кодэкс. У 1810 Гвадэлупа зноў акупіравана Вялікабрытаніяй, у 1816 вернута Францыі. У 1848 адменена рабства. З 1940 Гвадэлупа захоўвала лаяльнасць да франц. ўрада Вішы, з 1943 падтрымлівала ген. Ш. дэ Голя. З 1946 мае статус заморскага дэпартамента Францыі. Гвадэлупа прадстаўлена ў Нац. асамблеі ў Парыжы 2 сенатарамі і 3 дэпутатамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НТЭАліг’еры
(Dante Alighieri; 15.5 ці 15.6.1265, г. Фларэнцыя, Італія — 13 ці 14.9.1321),
італьянскі паэт. Па некат. звестках, вучыўся ў Балонскім ун-це. У 1300 адзін з прыёраў Фларэнцыі, у 1301 амбасадар горада пры папскім двары ў Рыме. Быў абвінавачаны ў выступленнях супраць папы і гар. улад і прыгавораны да спалення на кастры; усё астатняе жыццё правёў у выгнанні. У ранніх вершах апяваў Беатрычэ Партынары, каханне да якой пранёс праз усё жыццё. Гэтыя вершы і далучаная да іх проза на італьян. мове склалі першы буйны твор — «Новае жыццё» (1291—93, выд. 1576), у якім распрацаваў правілы «новага салодкага стылю» (ускладненыя маральна-філас. ідэі, сімволіка і алегарызм, вытанчанасць маст. формы). Пазней яго творчасць развівалася ў 2 кірунках: на лац. мове ствараў трактаты па пытаннях італьян. мовы («Пра народнае красамоўства», 1303—04), аб дзярж. уладзе («Пра манархію», 1312—13), на італьян. мове — трактат, прысвечаны філас., маральным і літ. пытанням («Баль», 1304—07) і вершы (т.зв. «рыфмы»). У 1311—13 напісаў 13 «Пасланняў» на лац. мове, эклогі, а таксама трактат «Спрэчка аб вадзе і зямлі» (1320). Вяршыня творчасці Д. — «Боская камедыя» [1306—1318(?)—21]. Гэты манум. твор позняга сярэднявечча ўяўляе сабой энцыклапедыю філасофіі, касмагоніі, гісторыі, рэлігіі, маралі, паліт. поглядаў еўрап. чалавека напярэдадні Адраджэння. Твор падзелены на 3 часткі (кантыкі): «Пекла», «Чысцец» і «Рай». У алегарычнай форме Д. гаворыць аб сучаснасці, яскрава звязваючы яе з Антычнасцю. Стройная лагічная схема твора базіруецца на сімволіцы лічбаў (пачынаючы ад лічбы 3 — сімвала Тройцы: 3 кантыкі, тэрцына — асн. вершаваны памер, кожная кантыка складаецца з 33 песняў і г.д.). Творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на развіццё л-ры. Яго творы перакладзены амаль на ўсе мовы свету. На бел. мову «Боскую камедыю» пераклалі Я.Семяжон, А.Мінкін, У.Скарынкін.
бел. балетмайстар. Нар.арт. Беларусі (1979), нар.арг.СССР (1985). Акад.Міжнар.слав. акадэміі (1996), Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў у С.-Пецярбургу (1997). Праф.Бел. акадэміі музыкі (1995). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча імя А.Ваганавай (1967), балетмайстарскае аддзяленне Ленінградскай кансерваторыі (1972). Стажыраваўся ў Францыі па стыпендыі ЮНЕСКА (1982). З 1973 гал. балетмайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1996 дырэктар — маст. кіраўнік Нац.акад.т-ра балета Беларусі, дзе стварыў усе свае асн. пастаноўкі: «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986, 1997), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1989), «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Ставіў балеты таксама ў Расіі, Польшчы, Югаславіі, Турцыі. Стваральнік харэаграфіі для тэлефільма «Фантазія» («Веснавыя воды», паводле І.Тургенева) з удзелам М.Плісецкай (1975, Цэнтр. тэлебачанне, рэж. А.Эфрас) і інш. У творчасці імкнецца да ўвасаблення значных тэм сучаснасці. У харэаграфічнай мове шырока выкарыстоўвае прыёмы сучаснай пластыкі. Яго дзейнасць спрыяла міжнар. прызнанню бел. балетнага т-ра. Пад кіраўніцтвам Е. бел. балет з поспехам гастраліраваў амаль у 30 краінах свету. Яго творчасці прысвечаны тэлефільмы «Стварэнне» (1979) і «Валянцінаў дзень» (1993, рэж. абодвух В.Шавялевіч). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета (1970), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1993, Масква, спец. прыз), прэміі «Чалавек года» ў галіне муз. мастацтва з уручэннем прыза «Залатая Неферціці» (1996), вышэйшай узнагароды Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» (Парыж, 1996). Чл. Савета Еўропы па культуры (1990), старшыня і чл. журы міжнар. конкурсаў балета ў Маскве, Варне (Балгарыя), Нагоі (Японія), Кіеве, Віцебску.
Літ.:
Народный артаст СССР Валентин Елизарьев. Мн., 1987;
Чурко Ю.М. Искусство, созвучное времени // Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997.
Т.М.Мушынская.
В.М.Елізар’еў.Сцэна з балета «Спартак» у пастаноўцы В.Елізар’ева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ НО́ВАЕ МЕ́СЦА,
помнік горадабудаўніцтва канца 18—19 ст. ў Мінску (сучасная Кастрычніцкая пл.). Створана паводле першага праектнага плана Мінска 1797—1800 (арх. Ф.Крамер). У яго аснове — планіровачныя прынцыпы класіцызму. Паводле праекта планавалася разбурэнне гар. умацаванняў 17 ст. і пашырэнне гар. тэрыторыі на ПдУ уздоўж р. Свіслач амаль да яе поймы. На тэр. М.Н.м. стваралася геам. сетка вуліц і фарміраваліся жылыя кварталы прамавугольнай формы. Прадугледжвалася планіроўка асн.гар. вуліц: Захар’еўскай (сучасны праспект Скарыны), Падгорнай (К.Маркса), Магазіннай (Кірава), Вясёлай (Ульянаўская), Паліцэйскай (Я.Купалы), Кашарнай (Чырвонаармейская), Дамініканскай (Энгельса), Францысканскай (Леніна), Феліцыянаўскай (Камсамольская) і інш. Адначасова на ПдУ за гар. мяжой пабудаваны рэгулярны комплекс вайсковых казарм (арх. Крамер). Цэнтрам кампазіцыі М.Н.м. стала вял. прамавугольная гандл. плошча — Навамесцкая (Новы рынак). У канцы 18 — пач. 19 ст. на плошчы ўзведзены мураваныя будынкі, у т. л. комплекс т.зв. Архірэйскага дома, Лютэранская кірха, губ. паштовая кантора, паштовая станцыя, а таксама драўляныя жылыя дамы з крамамі. Пасля пажару 1835, у 1840—50-я г. па перыметры плошчы створаны бульвар, пабудаваны гасцініца «Парыж», будынкі дваранскага дэпутацкага сходу з тэатр. залай, духоўнай кансісторыі, дом краязнаўца М.Гаўсмана (1857), рэканструяваны комплекс Архірэйскага дома (усе арх. К.Хршчановіч). У 1872 плошча перапланавана ў рэгулярны Аляксандраўскі сквер (цяпер Цэнтральны) з перыметральнымі і дыяганальнымі алеямі, фантанам, упрыгожаным дэкар. скульптурай «Хлопчык з лебедзем». На тэр. сквера пабудаваны капліца св. Аляксандра Неўскага (1869, знесена ў 1930-я г.), воданапорная вежа (1874), Мінскага гарадскога тэатра будынак. Тэр. сквера мела напачатку драўляную, з 1912 металічную агароджу ў стылі мадэрн (знесена ў 1950-я г.). Кварталы М.Н.м. спачатку забудоўваліся драўлянымі жылымі дамамі паводле ўзорных праектаў, распрацаваных арх. Крамерам, пасля пажару 1835 — мураванымі і драўлянымі дамамі. Паводле плана Мінска 1858 Захар’еўская вул ператварылася ў гал.гар. дыяметр, М.Н.м. забудоўвалася 2—3-павярховымі жылымі і грамадскімі будынкамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны Успенская царква і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У Вял.Айч. вайну асн. частка забудовы М.Н.м. пашкоджана, у 1940—50-я г. знесена ці перабудавана.
Літ.:
Дзянісаў У. Тут б’ецца сэрца горада // Мастацтва Беларусі. 1989. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕКАКО́РМЯЧЫЯ, звяры,
сысуны (Mammalia),
клас найб. высокаарганізаваных пазваночных жывёл. 2 падкл.: першазвяры (атр.аднапраходныя) і сапраўдныя звяры (жывародныя), да якіх належаць ніжэйшыя звяры (атр.сумчатыя) і 17—23 атр. вышэйшых звяроў (плацэнтарныя), 95 сям., каля 4,5 тыс. відаў. Да М. адносяцца свойскія жывёлы (каля 15 відаў), чалавек (атр.прыматы). Продкі М. — палеазойскія рэптыліі. Вядома каля 3 тыс. выкапнёвых відаў М., пачынаючы з трыясу (каля 170 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Паводле спосабу жыцця М. — падземныя, наземныя, паўводныя і водныя жывёлы. На Беларусі 6 атр. (насякомаедныя, рукакрылыя, драпежныя звяры, грызуны, парнакапытныя, зайцападобныя), 21 сям., 45 родаў, каля 75 відаў. Насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля чалавека. У Чырв. кнізе МСАП 230 відаў і 91 падвід, Беларусі — 14 відаў.
Памеры ад даўж. 4 см і масы 1,2 г (карлікавая белазубка з землярыйкавых) да выш. 4,5 м і масы 7,5 т (слон афрыканскі) у наземных М.; у водных — да даўж. 33 м і масы да 150 т (блакітны кіт). Асн. прыкметы М.; высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком, дасканалая сістэма цепларэгуляцыі (гомаятэрмія). Цела ўкрыта валасамі, скура багатая залозамі (характэрны малочныя залозы), мае шэраг прыдаткаў капыты, кіпцюры, рогі. Шыйных пазванкоў, як правіла, 7. Зубы ў альвеолах, дыферэнцыраваныя на разцы, іклы і карэнныя. У сярэднім вуху 3 слыхавыя костачкі. Дыханне лёгачнае. Сэрца 4-камернае, з левай дугой аорты. Галаўны мозг з развітымі вял. паўшар’ямі, якія маюць «новую кару» — неакортэкс, у многіх М. са звілінамі. Апладненне ўнутранае. Амаль усе М. маюць плацэнту. Размнажэнне — ад круглагадавога (напр., мышы) да аднаго разу ў некалькі гадоў (маржы, сланы). Жыўленне — ад поўнай расліннаеднасці да драпежніцтва ці ўсёеднасці. Усе сістэмы органаў звычайна добра развітыя, але, улічваючы разнастайнасць М., ад агульнай схемы ёсць мноства адхіленняў, Раздзел заалогіі, што вывучае М., наз.тэрыялогія.
Літ.:
Млекопитающие Советского Союза. Т. 1—2. М., 1961—76;
Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. [Ч. 1—3]. М., 1973—79;
Жизнь животных. Т. 7. Млекопитающие. 2 изд. М., 1989.