АБАВЯЗА́ЦЕЛЬНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць цывільна-прававых нормаў, якія рэгулююць узнікненне, выкананне і спыненне абавязацельстваў і адказнасць за іх парушэнні. Абавязацельнае права Рэспублікі Беларусь выкладаецца ў аднайм. раздзеле Цывільнага кодэкса і інш. нарматыўных актах (некаторыя абавязацельствы рэгламентуюцца правіламі і палажэннямі, устаноўленымі мін-вамі і ведамствамі). Складаецца з агульнай і асаблівай частак. У агульнай ч. змешчаны нормы, якія вызначаюць паняцце абавязацельстваў, падставы да іх узнікнення, змест і парадак выканання і інш., а таксама падставы да спынення абавязацельстваў і адказнасць за іх парушэнне. Нормы асаблівай часткі рэгулююць асобныя віды абавязацельстваў (купля-продаж, мена, дарэнне, падрад, пастаўка і інш.).
Н.А.Карповіч.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭ́НКА ЗЯМЕ́ЛЬ,
устанаўленне параўнальнай вытворчай здольнасці зямель па асн. прыродных фактарах іх урадлівасці (гл. Баніціроўка), а таксама па паказчыках эканам. эфектыўнасці іх выкарыстання, адноснай прыбытковасці; адзін з этапаў зямельна-кадастравых работ. Ацэнцы падлягаюць ворная зямля, шматгадовыя насаджэнні, сенажаці і пашы. У працэсе ацэнкі зямель распрацоўваюцца ацэначныя шкалы па групах глебаў з блізкімі вытв. ўласцівасцямі. На іх аснове разлічваюцца паказчыкі ацэнкі па гаспадарках і адм. адзінках. Ва ўмовах рыначнай эканомікі ацэнка зямель праводзіцца пераважна з мэтай дыферэнцыяцыі зямельных падаткаў; мае вырашальны ўплыў на цану зямлі і арэндную плату. Падлягае перыядычнаму ўдакладненню і абнаўленню.
т. 2, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫВІТАМІ́НЫ (ад анты... + вітаміны),
рэчывы з ліку антыметабалітаў, якім уласціва біял. дзеянне, процілеглае дзеянню вітамінаў. Хім. будовай звычайна блізкія да вітамінаў або з’яўляюцца іх вытворнымі (напр., антывітамін вітаміну B1 — пірытыямін), таму канкурэнтна лёгка замяшчаюць вітаміны ў біяхім. рэакцыях і парушаюць працэсы абмену рэчываў. Да антывітамінаў належаць таксама інш. рэчывы, што ў жывых клетках звязваюць вітаміны, пераводзяць у неактыўную форму або разбураюць іх (напр., тыяміназа, авідзін, некаторыя лекавыя сродкі — антыбіётыкі, сульфаніламіды). Вынікам насычэння арганізма антывітамінамі можа быць вітамінная недастатковасць, якая развіваецца нават пры дастатковым паступленні вітамінаў з ежай або ўтварэнні іх у арганізме.
т. 1, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГРЫ́,
хвароба тлушчавых залоз скуры і іх праток. Бываюць ад себарэі, парушэння дзейнасці страўнікава-кішачнага тракту, залоз унутр. сакрэцыі, абмену рэчываў, пры спадчыннай схільнасці. Найчасцей назіраюцца ў юнацкім узросце ў перыяд палавой спеласці. На скуры твару, спіны, грудзей з’яўляюцца чорныя кропкі са скурнага сала, рагавых скурачак і пылу. Вакол іх (іншы раз па-за імі) з’яўляюцца запаленчыя вузельчыкі (2—4 мм) ружовага колеру, у цэнтры якіх фарміруюцца гнайнічкі; пры загойванні іх утвараецца скурачка, іншы раз рубец. Пры распаўсюджванні працэсу ўтвараюцца пустулы; ачагі могуць злівацца. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета, тэрапеўтычныя сродкі, фізіятэрапія.
М.З.Ягоўдзік.
т. 4, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЧАРПА́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, паслядоўнае выкарыстанне якіх можа паменшыцца да ўзроўню, пры якім далейшая іх эксплуатацыя робіцца эканамічна немэтазгоднай або ўзнікае пагроза іх поўнага знікнення. Да вычарпальных прыродных рэсурсаў належаць багацці нетраў і экасістэм: карысныя выкапні (пераважна складаныя злучэнні элементаў, руды); жывёльны і раслінны свет; глебы. Выкарыстанне вычарпальных прыродных рэсурсаў павінна быць комплексным. Частка вычарпальных прыродных рэсурсаў здольная да аднаўлення (гл. Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы), што магчыма пры ўмове выканання дапушчальных памераў выняцца рэсурсаў і ажыццяўлення захадаў да паскоранага іх аднаўлення, другая належыць да неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў. Гл. таксама Невычарпальныя прыродныя рэсурсы.
т. 4, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВІЛЬГАТНЕ́ННЕ сушы,
суадносіны паміж колькасцю ападкаў атмасферных і выпаральнасцю або т-рай паветра, ад якой залежыць выпаральнасць. Характарызуецца каэфіцыентам увільгатнення, індэксам арыднасці і гуміднасці. Вылучаюць зоны залішняга У. (ападкаў выпадае больш, чым іх можа выпарыцца), няўстойлівага (колькасць ападкаў, неабходных для вырошчвання с.-г. культур, выпадае штогод, або адзначаецца сухі сезон), недастатковага (ападкаў выпадае менш, чым іх можа выпарыцца), аптымальнага (сума ападкаў прыкладна роўная або крыху большая за велічыню іх магчымага выпарэння). Тэр. Беларусі адносіцца да зоны залішняга У., у асобныя перыяды (пераважна ў маі—чэрв.) магчымы недахоп ападкаў, што выклікае засухі або засухападобныя з’явы.
т. 16, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНЫ І МАРА́ЛЬНЫ ЗНОС асноўных фондаў,
страта асноўнымі вытворчымі фондамі спажывецкай вартасці і вартасці ў працэсе вытв. функцыянавання ці бяздзейнасці. Фізічны знос мае некалькі форм: мех. знос, карозія і стомленасць металаў, дэфармацыя і разбурэнне збудаванняў і інш. Чым большы фіз. знос дзеючых асн. фондаў, тым ніжэйшая іх астаткавая вартасць. Па меры фіз. зносу кошт асн. фондаў па частках пераносіцца на новавыраблены прадукт і прапарцыянальна іх зносу прымае форму амартызацыйных адлічэнняў, якія выкарыстоўваюцца для мадэрнізацыі і абнаўлення асн. фонду (гл. Амартызацыя). Маральны знос — старэнне і абясцэненне раней створаных сродкаў вытв-сці, незалежна ад іх матэрыяльнай зношанасці. Адрозніваюць 2 формы маральнага зносу: страта часткі вартасці машын без фіз. зносу ў выніку скарачэння грамадска неабходных затрат на іх узнаўленне; з’яўленне пад уздзеяннем навук.-тэхн. прагрэсу асн. фондаў, якія па тэхніка-эканам. характарыстыках (магутнасць, прадукцыйнасць, надзейнасць, эканамічнасць, камфартабельнасць і інш.) перавышаюць фонды, што выкарыстоўваліся раней.
т. 16, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУРМАВЫ́Я АТРА́ДЫ (ням. Sturmabteilungen, скарочана SA),
паўваенныя злучэнні Нацыянал-сацыялістычнай партыі Германіі ў 1921—45. Напачатку выкарыстоўваліся А.Гітлерам як ударная дапаможная сіла пры правядзенні прапагандысцкіх кампаній. З 1923 іх (каля 2 тыс. чал.) узначальваў Г.Герынг. Пасля «піўнога путчу» 1923 забаронены, у 1925 адноўлены і сталі масавай арг-цыяй (сац. база — моладзь, беспрацоўныя і інш.). З 1931 узмацнілася іх берлінская арг-цыя на чале з яе нач. штаба Э.Ромам (Рэм). З прыходам да ўлады ў Германіі нацыстаў (1933) Ш.а. — гал. інструмент іх тэрору (у Прусіі з 22.2 да 2.8.1933 выкарыстоўваліся як «дапаможная паліцыя»). У выніку забойства Рома (30.6.1934) і інш. кіраўнікоў, якія прэтэндавалі на лідэрства ў нацысцкай партыі, страцілі паліт. значэнне на карысць СС; іх колькасць паменшылася з 4,5 млн. ў чэрв. 1934 да 1,2 млн. чал. у 1938. Пасля разгрому герм. фашызму (1945) Ш.а. забаронены.
У.Я.Калаткоў.
т. 17, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІСА́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,
глыбакаводныя плоскія ці ўзгорыстыя раўніны акіянскіх катлавін і ўпадзін ускраінных мораў. Плоскія абісальныя раўніны ўкрыты рыхлымі адкладамі; найб. пашыраны ў Атлантычным акіяне. Узгорыстыя маюць расчлянёны рэльеф, іх паверхня спалучае ўзгоркі, грады, лагчыны, асобныя горы, найб. іх у Ціхім і Індыйскім, менш у Атлантычным акіянах.
т. 1, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСПЕЛЕАЛО́ГІЯ (ад бія... + спелеалогія),
навука, якая вывучае жыццё ў пячорах, трэшчынах горных парод і інш. Асновы біяспелеалогіі створаны рум. біёлагам Э.Ракавіцэ (1907), які даследаваў асаблівасці экалагічных умоў пячор, трэшчын і іх уплыў на жывыя арганізмы, заканамернасці эвалюцыі падземных біёт, размнажэнне, геагр. пашырэнне іх жыхароў і інш.
т. 3, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)