НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́М у міжнародным праве,

адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л. гандл. адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВО́ДНАСЦЬ у фізіялогіі,

здольнасць жывой тканкі праводзіць узбуджэнне. У жывёл і чалавека адрозніваюць 2 тыпы праводзячых элементаў. Праводзячыя шляхі ц. н. с. — група нерв. валокнаў, што звязвае розныя аддзелы ц. н. с. і характарызуецца агульнасцю марфал. будовы і функцыі. Вылучаюць асацыятыўныя (кароткія і доўгія), якія злучаюць розныя аддзелы кары аднаго паўшар’я, камісуральныя, што звязваюць абодва паўшар’і, забяспечваюць іх сумесную дзейнасць, і праекцыйныя, якія злучаюць кару галаўнога мозга з яго ніжнімі аддзеламі, а праз іх — з перыферыяй. Праводзячая сістэма сэрца — сукупнасць утварэнняў атыпічнай мускулатуры (пучкоў, вузлоў і валокнаў), што маюць здольнасць генерыраваць імпульс узбуджэння і праводзіць яго да ўсіх аддзелаў міякарда перадсэрдзяў і жалудачкаў для забеспячэння іх каардынаваных скарачэнняў. Клеткі гэтай сістэмы — атыпічныя кардыяміяцыты — з’яўляюцца маладыферэнцыраванымі мышачнымі клеткамі. Маюць важную фізіял. асаблівасць — здольнасць да аўтаматыі. Менавіта ў структурах праводзячай сістэмы сэрца генерыруецца рытм сэрца. У норме вадзіцелем рытму з’яўляецца сінаатрыяльны вузел. Здольнасць да аўтаматыі памяншаецца ў напрамку ад асновы да верхавінкі сэрца, што забяспечвае яго аптымальную работу.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГА механічнай сістэмы,

стан механічнай сістэмы (цвёрдага цела), што знаходзіцца пад дзеяннем сіл, пры якім усе яе пункты з’яўляюцца нерухомымі адносна выбранай сістэмы адліку. Р. мае месца, калі ўсе сілы, што дзейнічаюць на сістэму, ураўнаважаны — раўнадзейная сістэмы сіл і сума момантаў сіл, што дзейнічаюць на цела, раўняюцца нулю.

Бывае ўстойлівая, няўстойлівая і нейтральная. Устойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма зноў вяртаецца ў яго, дакладней пачынае рабіць малыя ваганні адносна стану Р. Няўстойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма ўсё больш і больш ад яго аддаляецца. Пры н е й тральнай Р. цела пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану працягвае заставацца ў Р. ў новым становішчы (напр., шар на гарыз. плоскасці або цвёрдае цела, замацаванае на восі вярчэння, што праходзіць праз цэнтр цяжару). Р. вадкасцей і газаў вывучаецца ў гідрастатыцы і аэрастатыцы.

А.​І.​Болсун.

Раўнавага механічнай сістэмы: 1 — устойлівая; 2 — няўстойлівая; 3 — нейтральная.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМЕ́ЖНЫЯ ПРАВЫ́,

разнастайнасць выключных правоў, якія з’яўляюцца вытворчымі ад аўтарскага права, але цалкам з ім не супадаюць. Рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з выкананнем, пастаноўкай літ. і муз. твораў, у т. л. запісаных на фанаграму, перадачы арганізацый эфірнага і кабельнага вяшчання. Неабходнасць прававой аховы С.п. абумоўлена тым, што развіццё навук. тэхн. прагрэсу закранае не толькі ўладальнікаў аўтарскага права, але і тых асоб, чыя дзейнасць звязана з выкарыстаннем твораў, якія ахоўваюцца гэтым правам. У выніку таго, што магчымасць рэпрадуктавання дазволіла ствараць высакаякасныя копіі з існуючых запісаў, узнікла неабходнасць у ахове інтарэсаў суб’ектаў С.п.: выканаўцаў (адносна іх выканання), вытворцаў фанаграм (адносна іх гукавых праграм), вяшчальных арганізацый (адносна трансліруемых імі праграм). Асн. змест С.п. зводзіцца да таго, што выкарыстанне трэцімі асобамі фанаграм, радыё- і тэлепраграм, а таксама творчых вынікаў выканаўцаў патрабуе згоды або артыста, які ажыццяўляе выкананне, або арг-цый, якія зрабілі гуказапіс, або радыё- і тэлеарганізацый. Пытанні рэалізацыі С.п. і іх аховы ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца цывільным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,

біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПО́Й,

метал ці сплаў, які запаўняе зазор паміж дэталямі, што злучаюцца пры пайцы. Т-ра плаўлення П. ніжэйшая за т-ру плаўлення матэрыялаў, што спайваюць. Расплаўлены П. павінен добра змочваць матэрыялы, якія злучаюць, а пры застыванні ўтвараюць шчыльныя, каразійнаўстойлівыя злучэнні. Пашыраны П. на аснове волава, свінцу, цынку, медзі, нікелю, серабра.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРАНІЗА́ТАР,

механізм ці прыстасаванне, што забяспечвае сінхранізацыю некалькіх машын, механізмаў, сістэм. У радыёлакатарах, тэлевізійнай і інш. апаратуры сувязі С. — электроннае прыстасаванне, што забяспечвае ўзгодненую па часе і фазе работу некалькіх прылад шляхам падачы на іх спец. кіравальных сінхрасігналаў. С. аўтамабільны — прыстасаванне для бясшумнага і безударнага ўключэння каробкі перадач.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛ (ад грэч. kyklos круг),

1) сукупнасць узаемазвязаных працэсаў, з’яў, дзеянняў, што складае замкнёны круг (напр., вытворчы цыкл, цыкл тэрмадынамічны).

2) Шэраг, паслядоўны рад чаго-н. (лекцый, канцэртаў, маст. твораў), што складае закончанае цэлае і аб’яднана агульнай тэматыкай.

3) Пэўная група навук (грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн.), аб’яднаных паводле якога-н. агульнага прынцыпу.

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХТАВАЕ ПО́ЛЕ,

радовішча ці яго частка, што адводзіцца адной шахце для распрацоўкі карыснага выкапня. Межы Ш.п. — умоўныя паверхні, што абмяжоўваюць яго па распасціранні (да 20 км) і падзенні (да 5 км). Памеры Ш.п. залежаць ад колькасці і магутнасці пластоў ці пакладаў, якія распрацоўваюцца, глыбіні распрацоўкі, вытв. магутнасці і тэрміну існавання шахты.

т. 17, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ пункта, прамой і г.д., каардынаты з уласцівасцю, што аб’ект, які яны вызначаюць, не мяняецца, калі ўсе каардынаты памножыць на адвольны лік.

Напр., аднародныя каардынаты пункта M на плоскасці могуць з’яўляцца лікі x, y, z, звязаныя суадносінамі x : y : z = x : y : 1 , дзе x і y — дэкартавы каардынаты пункта M. Лікі x′, y′, z′ будуць аднароднымі каардынатамі таго ж пункта M у выпадку, калі знойдзецца множнік λ, што x′=λx, y′=λy, z′=λz.

Увядзенне аднародных каардынат дазваляе дадаць да пунктаў эўклідавай плоскасці пункты з трэцяй аднароднай каардынатай, роўнай нулю (т.зв.бесканечна аддаленыя пункты), што істотна для праектыўнай геаметрыі.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)