ПЛАСТЫ́ЧНАЯ ДЭФАРМА́ЦЫЯ,
астаткавая дэфармацыя, утвораная ад уздзеяння сілавых фактараў, пры якой не адбываюцца макраскапічныя парушэнні суцэльнасці матэрыялу. У той ці інш. ступені пластычныя ўласцівасці маюць усе рэальныя целы (гл. Пластычнасць). Здольнасць канстр. матэрыялаў да П.д. — адна з найважн. уласцівасцей, што забяспечвае магчымасць атрымання з іх розных вырабаў шляхам апрацоўкі ціскам (коўка, пракат).
т. 12, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГЕНЕРА́ТАР у цеплатэхніцы,
разнавіднасць цеплаабменніка, дзе перадача цеплаты ажыццяўляецца шляхам пачарговага кантакту цепланосьбітаў з аднымі і тымі ж паверхнямі апарата. Найб. пашыраны Р. уяўляе сабой камеру, запоўненую спец. цаглянай насадкай. У час кантакту з гарачым цепланосьбітам насадка награваецца, з халодным — ахалоджваецца і награвае яго. Р. з перыядычным пераключэннем цепланосьбітаў забяспечвае падагрэў паветра да 1200 °C.
т. 13, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́НЕР (англ. scanner разгортвальная прылада),
электронная прылада, якая пераўтварае плоскі відарыс (тэкст, табліцу, чарцёж, фатаграфію ці інш.) у лічбавы код шляхам паслядоўнага прагляду (сканіравання) усіх пунктаў поля відарыса. Пры гэтым для кожнага пункта вымяраюцца яго яркасныя і колерныя характарыстыкі. Выкарыстоўваецца для ўводу інфармацыі ў ЭВМ або для перадачы яе па лініях факсімільнай сувязі.
т. 14, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАНЕАГЕНЕ́З,
біяхімічны працэс утварэння глюкозы з невугляводных папярэднікаў. Агульным цэнтр. шляхам глюканеагенезу ў жывых арганізмах з’яўляецца біясінтэз глюкозы з піравінаграднай к-ты (пірувату). Рэалізуецца шляхам абарачэння большасці стадый гліколізу, а неабарачальныя яго стадыі заменены «абходнымі» рэакцыямі. Глюканеагенез пачынаецца карбаксіліраваннем пірувату ў мітахондрыях з ўтварэннем шчаўева-воцатнай к-ты, што потым аднаўляецца ў яблычную к-ту, а затым пераўтвараецца ў шчаўева-воцатную к-ту, якая пасля дэкарбаксіліравання дае фосфаенолпіруват. У абарачальных рэакцыях гліколізу фосфаенолпіруват пераўтвараецца ў фруктоза-1, 6-дыфасфат. Працэс глюканеагенезу завяршаецца неабарачальнымі «абходнымі» рэакцыямі гідролізу фруктоза-1,6-дыфасфату да фруктоза-6-фасфату, глюкоза-6-фасфату і глюкозы. У чалавека і жывёл глюканеагенез адбываецца пераважна ў печані і ў меншай ступені ў нырках і слізістай абалонцы кішэчніка, асабліва актыўна ідзе пры галаданні ў перыяд аднаўлення пасля інтэнсіўнай мышачнай працы. Рэгуляцыя глюканеагенезу ажыццяўляецца ўнутрыклетачнымі (суадносінамі субстратаў і прамежкавых прадуктаў глюканеагенезу, адэназінфосфарных к-т і г.д.) і ўнутрыклетачнымі механізмамі (даступнасцю субстратаў, гармонамі і інш.).
т. 5, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ РАСІ́І (РППВР),
палітычная арг-цыя неанародніцкага кірунку ў 1899—1902. Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я.А.Гальперына і Л.М.Радзівонавай-Клячко пры ўдзеле К.К.Брэшка-Брашкоўскай і Р.А.Гершуні. Сац. склад — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, у т. л. шмат яўр. моладзі. Аб’ядноўвала каля 40 рабочых гурткоў (каля 200 удзельнікаў); акрамя Мінска парт. групы дзейнічалі ў Дзвінску, Беластоку, Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група ў пач. 1900 налічвала 60 чал. Праграмны дакумент — падп. брашура «Свабода» (Мінск, 1900). Гал. мэта — пабудова ў Расіі сацыялізму. Меркавалася шляхам тэрору супраць прадстаўнікоў улады дамагчыся спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі. Значную ч. дзейнасці РППВР складала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і салдат шляхам стварэння гурткоў асветы і бібліятэк. Партыя мела некалькі падп. друкарань. У крас. 1900 паліцыя разграміла Мінскую групу РППВР. Уцалелыя гурткі ў 1902 далучыліся да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Літ.:
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.). Мн., 1994.
У.Я.Казлякоў.
т. 13, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРЭЗЕНТАТЫ́ЎНАСЦЬ (франц. représentatif прадстаўнічы, паказальны ад лац. repraesentare прадстаўляць),
уласцівасць часткі адлюстроўваць характарыстыкі цэлага. Паняцце шырока выкарыстоўваецца ў статыстыцы, сацыялогіі і інш. дысцыплінах у межах т.зв. выбарачнага метаду, накіраванага на даследаванне цэлага (ген. сукупнасці) шляхам вывучэння яго часткі (выбарачнай сукупнасці); атрыманыя пры аналізе выбарачнай сукупнасці вынікі пашыраюцца на ўсю ген. сукупнасць. Адрозненні паміж характарыстыкамі выбарачнай і ген. сукупнасцей наз. памылкай Р. Велічыня такой памылкі паддаецца стат. разліку і залежыць ад характарыстыкі ген. сукупнасці, ступені вагання (адхілення) даследуемых параметраў, зададзенай ступені верагоднасці, выбранай методыкі разліку параметраў. Акрамя аб’ектыўных фактараў памылкі Р. бываюць суб’ектыўныя, напр., пры атрыманні выбарачных даных шляхам апытання. Актуальнасць праблемы Р. абумоўлена ростам даследаванняў, арыентаваных на вырашэнне практычных пытанняў сац. кіравання ў галінах прам-сці, нар. адукацыі, аховы здароўя і інш., вывучэнне дэмаграфічных і этнакульт. працэсаў, ростам патрэбнасці ў правядзенні сац.-паліт. маніторынгаў, развіццём парламентарызму, актывізацыяй дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў. Фармальная тэорыя Р. распрацоўваецца ў межах аднаго з раздзелаў матэматычнай статыстыкі — тэорыі выбарачнага метаду.
С.А.Яцкевіч.
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНАМАТО́З ЛЁГКІХ (ад адэнома + ...оз),
хранічная вірусная хвароба жывёл. Характарызуецца развіццём шматлікіх залозападобных разрастанняў у лёгачнай парэнхіме. Пашырана амаль ва ўсіх краінах свету, адзначаецца і на Беларусі. Хварэюць авечкі, козы, менш каровы, коні, сабакі, мышы, некаторыя рыбы. Узбуджальнік — рэтравірус тыпу С. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Лятальнасць ад 50 да 80%.
т. 1, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРО́ЗА ў крымінальным праве,
выказаны ў любой форме намер прычыніць фіз., матэрыяльную ці інш. шкоду грамадскім або асабістым інтарэсам. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь найб. небяспечныя віды П. — забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці шляхам падпалу і да т.п., якія ствараюць самаст. саставы злачынства. Разглядаецца заканадаўствам як сродак псіхічнага насілля над чалавекам і караецца ў крымін. парадку.
т. 11, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАМАРФО́З [ад грэч. pais (paidos) дзіця + морфа],
эвалюцыйная змена арганізмаў, што прыводзіць да поўнай страты дарослай стадыі з адпаведным скарачэннем антагенезу, пры якім апошняй стадыяй становіцца былая раней лічынкавай. Бываюць у арганізмаў, лічынкі якіх здольныя да размнажэння, у прыватнасці, на аснове неатэніі і педагенезу. Шляхам П. ўзніклі некат. групы хвастатых паўзуноў, насякомых, павукападобных.
Р.Г.Заяц.
т. 12, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПА́Й,
нерухомы марскі лёд, што ўтвараецца ўздоўж узбярэжжа. Прымацаваны да берага ці ледзянога бар’ера, знаходзіцца паміж водмелямі або айсбергамі, што селі на водмель. Можа ўтварацца натуральным шляхам з марской вады або ў выніку прымярзання да берага дрэйфуючага лёду. Працягласць ад некалькіх метраў да соцень кіламетраў. П., які ўзвышаецца больш як на 2 м над узр. м., наз. шэльфавым лёдам.
т. 13, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)