сімвал, што выкарыстоўваецца ў матэм. фізіцы пры рашэнні задач, у якія ўваходзяць засяроджаныя велічыні (маса, зарад, нагрузка і інш.). Абазначаецца δ(x).
Д.-ф. можна вызначыць як шчыльнасць размеркавання масы, калі ў пункце x=0 засяроджана адзінкавая маса, а ва ўсіх астатніх пунктах маса роўная нулю. Таму δ(x) = 0 пры x≠0 і δ(x)=∞ пры x=0, прычым
. Такім чынам, Д.-ф. можна разглядаць як бясконцы ўсплёск адзінкавай інтэнсіўнасці. Асн. ўласцівасць Д.-ф., што вынікае з гэтага вызначэння:
, дзе 𝑓(x) — кожная неперарыўная функцыя.
рускі графік. Вучыўся ў Пецярб.АМ (1785—1800) у М.М.Іванава і С.Шчадрына. Выкладаў там жа (1817—54; праф. з 1831). Працаваў гал.чынам у тэхніцы разцовай гравюры ў спалучэнні з афортам; адзін з першых у Расіі авалодаў тэхнікай літаграфіі. Аўтар краявідаў Пецярбурга і яго ваколіц («Від Марлі і Залатой гары з боку Парнаса ў Пецяргофе», гравюра на медзі, пач. 1800-х г., 12 замалёвак Пецярбурга, літаграфіі па ўласных малюнках, 1821—24), віньетак для пецярб. альманахаў і часопісаў, ілюстрацый да твораў А.Пушкіна, І.Крылова і інш. Займаўся таксама жывапісам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ (ад лац. interpretatio тлумачэнне, пасрэдніцтва),
1) вытлумачэнне, пераклад на больш зразумелую мову.
2) І. навуковая ў логіцы — сукупнасць значэнняў (сэнсаў), якія надаюцца якім-н. чынам элементам некаторай тэорыі (выразам, формулам, сімвалам і інш.). Выкарыстоўваецца і ў дачыненні да асобных элементаў такой тэорыі; у гэтым выпадку гавораць пра І. выразу, формулы, сімвала. Мае важнае значэнне пры супастаўленні навук. тэорый з адлюстраванай у іх рэчаіснасцю, пры апісанні розных спосабаў пабудовы тэорыі, яе развіцця і функцыянавання. У выніку І. фармальная лагічная сістэма ператвараецца ў мову, што апісвае пэўную прадметную вобласць. Паняцце «І.» цесна звязана з паняццем «мадэль» (гл.Мадэліраванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),
фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал.чынам у мерыстэме кораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНАЯ ТЭО́РЫЯ ГРО́ШАЙ,
канцэпцыя, што разглядае грошы як асн. элемент рыначнай гаспадаркі. Заснавана на ўраўненні абмену (ураўненні Фішэра), якое звязвае грашовую масу ў абарачэнні, хуткасць абарачэння грошай, сярэдні кошт і колькасць тавараў. Ляжыць у аснове манетарызму. Узнікла пад уплывам росту цэн у Еўропе ў 16—18 ст., выкліканага прытокам каштоўных металаў з Амерыкі (Б.Давандзаці, Ш.Мантэск’ё, Д.Юм, Д.Рыкарда). У 20 ст. распрацоўвалася І.Фішэрам, А.Маршалам, А.С.Пігу, Дж.Кейнсам, М.Фрыдманам. Сучасная К.т.г. сцвярджае, што ў аснове змен ва ўзроўні цэн ляжыць гал.чынам дынаміка намінальнай грашовай масы, і вылучае адпаведныя практычныя рэкамендацыі па стабілізацыі эканомікі на аснове кантролю над грашовай масай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,
верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей за ўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:
Лілею
млявы
плёс
люляе,
З-пад злежалых
аблок
здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы,
абмялелы
плёс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬу матэматыцы,
адно з важнейшых паняццяў, якое існуе ў 2 асн. канцэпцыях — Н. мноства (гл.Кантынуум) і Н. адлюстравання.
Н. адлюстравання — абагульненне паняцця сапраўднай неперарыўнай функцыі на адвольныя адлюстраванні: адназначнае адлюстраванне y = 𝑓(x) некаторага мноства X элементаў x на мноства Y элементаў yназ. неперарыўным. калі са збежнасці паслядоўнасці x1, x2, ..., xn, ... элементаў мноства X да x вынікае збежнасць іх вобразаў 𝑓(x1), 𝑓(x2), …, 𝑓(xn), ... да вобраза 𝑓(x) лімітавага элемента x. Такім чынам, Н. адлюстравання аднаго мноства на другое залежыць ад таго, як у зададзеных мноствах вызначаны лімітавыя суадносіны. Мноства элементаў з пэўнымі лімітавымі суадносінамі паміж імі наз. тапалагічнай прасторай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура фінскіх плямён, якія ў 5—1-й пал. 9 ст. жылі ў бас.р. Чапца ва Удмурціі (Расія). Назва ад помнікаў каля с. Паломскае. Асн. заняткі насельніцтва — ляднае земляробства, жывёлагадоўля, паляванне. Найб. пашыраныя помнікі — гарадзішчы пл. 0,5—2 га і могільнікі. Жытлы — прамавугольныя драўляныя дамы зрубнай канструкцыі (12 × 7 м) з адкрытымі каменнымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах гал.чынам галавой на Пн, найчасцей у драўляных трунах. Мужчын хавалі звычайна ў паясах, нярэдка з узбраеннем і рыштункам каня, сякерамі, каля галавы часта ставілі медны кацялок; жанчыны — у святочным адзенні з метал. ўпрыгожаннямі, часта трапляюцца грыўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРААЗІЯ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, на якіх гаворыць частка насельніцтва Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, шэрагу астравоў у Індыйскім акіяне. Уключае 8 груп моў: семанг-сакай (асліянская) — распаўсюджаны на п-ве Малака (Малайзія) і ў Паўд. Тайландзе; в’етнамская-мыонг — гал.чынам у В’етнаме (у т. л. сучасная в’етнамская мова) і часткова ў Лаосе; мон-кхмер — на тэр. Камбоджы, М’янмы (б. Бірма), В’етнама, Лаоса і Тайланда; палаунг-ва — уздоўж граніц Кітая, Тыбета, Бутана, на тэр. В’етнама, Лаоса, Тайланда і М’янмы; нікабарскай мовы — на Нікабарскіх а-вах; мовы кхасі — у Індыі і Бангладэш; моў мунда — карыстаецца ч. насельніцтва Індыі; мовы нагалі — штат Мадх’я-Прадэш (Індыя). Кхмерская, монская і в’етнамская мовы — старапісьменныя, астатнія — бяспісьменныя або маладапісьменныя (кхасі, санталі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫЯ І ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ,
умовы правільнасці сцвярджэння, без выканання якіх дадзенае сцвярджэнне не можа быць правільным (неабходныя ўмовы) і пры выкананні якіх абавязкова будзе правільным (дастатковыя ўмовы). Маюць вял. пазнавальную каштоўнасць. Часта выраз «неабходна і дастаткова» замяняюць выразам «тады і толькі тады» або «ў тым і толькі ў тым выпадку».
У складаных матэм. праблемах адшуканне зручных для карыстання ўмоў бывае цяжкім. У такіх выпадках дастатковыя ўмовы робяць больш шырокімі, каб яны ахоплівалі магчыма большую колькасць выпадкаў, дзе зададзены факт мае месца, а неабходныя ўмовы — больш вузкімі, каб яны ахоплівалі як мага меншую колькасць лішкавых выпадкаў, дзе зададзены факт не мае месца. Такім чынам, дастатковыя ўмовы паступова збліжаюцца з неабходнымі.