галіна галаграфіі, у якой разглядаюцца заканамернасці пераўтварэння і апрацоўкі хвалевых палёў на аснове нелінейнага ўзаемадзеяння з рэчывам некалькіх кагерэнтных хваль. Выкарыстоўваецца для стварэння аптычных, оптаэлектронных і інтэгральна-аптычных элементаў з вял. хуткадзеяннем, лазераў з размеркаванай адваротнай сувяззю і інш.
Д.г. сфарміравалася як навук. кірунак у выніку сінтэзу ідэй класічнай галаграфіі і нелінейнай оптыкі; заснавана на ўзаемадзеянні некалькіх кагерэнтных хваль, якое ўзнікае пры праходжанні іх праз нелінейнае асяроддзе (крышталь, паўправаднік, вадкасць, пара металаў і інш.). Напр., 2 (ці больш) кагерэнтныя пучкі святла падаюць на паверхню нелінейнага асяроддзя пад аднолькавымі вугламі да яе і перасякаюцца ў ім. Створаная інтэрферэнцыйная карціна запісваецца ў асяроддзі ў выглядзе перыяд. структуры (рашоткі), на якой гэтыя ж пучкі дыфрагуюць (самадыфракцыя), што змяняе параметры пучкоў, і таму запісаная рашотка таксама змяняецца па глыбіні асяроддзя. Галаграмы запісваюцца ў асяроддзях з рознымі тыпамі нелінейнасці (рэзананснай, стрыкцыйнай, камбінацыйнай і інш.). Д.г. пашырае магчымасці кіравання светлавымі пучкамі, рэалізуе новыя прынцыпы рэгістрацыі і ўзнаўлення эл.-магн. хваль.
На Беларусі даследаванні па Д.г. распачаты ў 1968 у Ін-це фізікіНац.АН пад кіраўніцтвам А.С.Рубанава і Б.І.Сцяпанава. Адкрыта новая фіз. з’ява — абарачэнне хвалевага фронту (1970, пры 4-хвалевым узаемадзеянні; 1978, пры суперлюмінесцэнцыі). Работы ў галіне Д.г. і яе дастасаваннях вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРН ((Born) Макс) (11.12.1882, г. Вроцлаў, Польшча — 5.1.1970),
нямецкі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Замежны чл. Расійскай (1924) і АНСССР (1934) і інш. акадэмій. Скончыў Гётынгенскі ун-т. Праф. ун-таў у Берліне і Гётынгене (1915—33), у Кембрыджы і Эдынбургу (1933—53). Навук. працы па дынаміцы крышт. рашоткі, квантавай і кінетычнай тэорый кандэнсаваных газаў і вадкасцяў, атамнай фізіцы і тэорыі адноснасці, філас. праблемах фізікі і тэорыі пазнання. Упершыню (1926) даў імавернасную інтэрпрэтацыю хвалевай функцыі, прапанаваў спосаб разліку электронных абалонак атама, распрацаваў метад рашэння квантава-мех. задач аб сутыкненні часціц, заснаваны на тэорыі ўзбурэнняў (борнаўскае прыбліжэнне), разам з Н.Вінерам увёў у квантавую механіку паняцце аператара. Заснаваў гётынгенскую школу тэарэт.фізікі. Нобелеўская прэмія 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРЭ́НКА (Андрэй Маркавіч) (н. 2.1.1933, в. Версанка Крупскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1984, чл.-кар. 1972), д-р фізіка-матэм. н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Ін-це фізікі, з 1970 нам. дырэктара ін-та і кіраўнік Магілёўскага аддз. Ін-та фізікі, у 1987—97 гал. вучоны сакратар Прэзідыума, адначасова з 1991 дырэктар Аддзела антычных аптычных праблем інфарматыкі АН Беларусі. Навук. працы ў галіне фіз. і інтэгральнай оптыкі, квантавай і аптычнай электронікі. Распрацаваў тэорыю дыэлектрычных хваляводаў і святлаводаў, тэорыю анізатропных рэзанатараў аптычных квантавых генератараў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Гауссовы пучки света. Мн., 1977;
Основы теории оптических волноводов. Мн., 1983 (разам з В.А.Карпенкам).
Літ.:
А.М. Ганчарэнка // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-матэм. навук 1993. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ЎЗІУС ((Clausius) Рудольф Юліус Эмануэль) (2.1.1822, г. Кашалін, Польшча — 24.8.1888),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў тэрмадынамікі і кінетычнай тэорыі газаў. Чл.-кар. Берлінскай АН (1876), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Скончыў Берлінскі ун-т (1848). Праф. Цюрыхскага (з 1857), Вюрцбургскага (з 1867) і Бонскага (з 1869) ун-таў. Навук. працы ў галіне малекулярнай фізікі, тэорыі цеплавых машын, тэарэт. механікі і матэм.фізікі. Адначасова з У.Томсанам даў адну з першых фармулёвак другога закону тэрмадынамікі (1850), увёў паняцце энтрапіі, тэарэтычна абгрунтаваў сувязь паміж зменай т-ры плаўлення (кіпення) і зменай ціску (гл.Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне). Распрацаваў тэорыю палярызацыі дыэлектрыкаў, сфармуляваў гіпотэзу «цеплавой смерці» Сусвету.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 159—202;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 235—238.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,
1) раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае пытанні выкарыстання ў буд-ве і архітэктуры бачнай часткі спектра прамянёвай энергіі.
2) Галіна тэхнікі, якая распрацоўвае эфектыўныя спосабы выкарыстання ультрафіялетавых, бачных і інфрачырвоных выпрамяненняў пры праектаванні будынкаў і агараджальных канструкцый. Уключае метады праектавання і разліку прыроднага асвятлення будынкаў. Гл. таксама Святлатэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУШУ́К (Барыс Анатолевіч) (н. 2.10.1946, Берлін),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це фізікіАН Беларусі. Навук. працы па лазернай фізіцы і фатоніцы малекул. Распрацаваў метады даследавання механізмаў звышхуткіх міжмалекулярных працэсаў складаных арган. структур у кандэнсаваных асяроддзях. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ВІЧ (Валянцін Антонавіч) (н. 2.1.1947, в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікіАН Беларусі. Распрацаваў новыя метады кагерэнтнай спектраскапіі камбінацыйнага рассеяння святла, даследаваў уплыў квантавых шумаў на нелінейна-аптычныя працэсы, стварыў высокаэфектыўныя цвердацельныя і газавыя лазеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЬЦМАНА ПАСТАЯ́ННАЯ,
адна з асноўных фіз. пастаянных, роўная адносінам універсальнай газавай пастаяннай да Авагадра пастаяннай. Пазначаецца k. Названа ў гонар Л.Больцмана. Прымяняюць пры матэм. апісанні заканамернасцяў малекулярнай фізікі і тэрмадынамікі (ураўненне стану ідэальнага газу, выраз для сярэдняй энергіі цеплавога руху малекул і інш.). Прынятае значэнне Больцмана пастаяннай k = 1,380658(12)∙10−23Дж/К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭНМАТ ((Dürrenmatt) Фрыдрых) (5.1.1921, г. Кональфінген, Швейцарыя — 14.12.1990),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вывучаў філалогію, філасофію і прыродазнаўчыя навукі ва ун-тах Берна і Цюрыха. Дэбютаваў п’есай «Пісанне гаворыць» (1947). Сусветную вядомасць яму прынеслі п’есы «Візіт старой дамы» (1956), «Фізікі» (1962), «Скрыжаванцы» (1967). У прозе вылучаюцца зб. апавяданняў «Горад» (1952), аповесць «Аварыя» (1956), раманы «Суддзя і яго кат» (1950—51), «Абяцанне» (1958). У творах Дз. спалучаюцца абсурд і парадокс, гратэск і ўмоўнасць, камічнае і трагічнае, выкарыстоўваецца дэтэктыўны элемент. Яго п’есы ставіліся ў Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі («Іграем Стрындберга», 1983, «Фізікі», 1985, «Метэор», 1989), Нац. т-ры імя Я.Купалы («Ромул Вялікі», 1996). Па матывах п’есы «Візіт старой дамы» С.Картэс напісаў оперу «Візіт дамы» (паст. ў Нац. т-ры оперы Беларусі ў 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ПРЫКЛАДНО́Й О́ПТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 на базе Магілёўскага аддзялення Ін-та фізікіАН Беларусі (у 1970—78 Магілёўскі філіял Ін-та фізікі). У складзе Ін-та (1998) 5 лабараторый і 2 тэматычныя групы. Аспірантура з 1993 па оптыцы, лазернай фізіцы і дыферэнцыяльных ураўненнях.
Асн. кірункі навук даследаванняў: інтэгральная і валаконная оптыка; фіз. асновы аптычнай апрацоўкі інфармацыі; тэхнал., мед. і экалагічнае прыладабудаванне. Распрацаваны: тэорыя аптычных хваляводаў і тэхналогія іх вырабу (Дзярж. прэмія Беларусі 1984); тэхналогія вырабу валаконных святлаводаў для аптычных ліній сувязі; тэорыя і метады аналізу працэсаў фарміравання і апрацоўкі інфармацыі ў відарысаўтваральных сістэмах з улікам энергет., палярызацыйных і кагерэнтных уласцівасцей аптычнага выпрамянення; стат. тэорыя пераносу аптычнага выпрамянення і адлюстравання праз рассейвальныя асяроддзі з адвольнай статыстыкай; асновы канструктыўнай тэорыі істотна нелінейных дыферэнцыяльных сістэм. У ін-це працаваў акад.Нац.АН Беларусі А.М.Ганчарэнка; працуе чл.-кар. У.П.Радзько (дырэктар з 1987).