АЛЕМА́Н ((Allemane) Жан) (25.8.1843—1935),

французскі сацыяліст. У перыяд Парыжскай камуны 1871 старшыня 5-га легіёна Нац. гвардыі. Пасля паражэння камуны сасланы на пажыццёвую катаргу на в-аў Новая Каледонія (амнісціраваны ў 1880). У 1882 далучыўся да пасібілістаў, у 1890 на чале Рабочай сацыял-рэв. партыі (гл. Алеманісты). У 1901, 1906 і 1910 выбіраўся ў парламент. Пасля паражэння на парламенцкіх выбарах 1914 адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́Н ((Adam) Адольф Шарль) (24.7.1803, Парыж — 3.5.1856),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1844). Скончыў Парыжскую кансерваторыю, з 1849 яе прафесар. У 1839—40 жыў у Пецярбургу. Сцвердзіў рамант. кірунак у франц. балеце («Жызэль, або Вілісы», 1841, «Карсар», 1856, і інш.). У Пецярбургу напісаў балет «Пірат». Аўтар больш як 40 опер, у т. л. «Паштальён з Ланжумо» (1836). Выступаў як муз. крытык. Рымская прэмія 1825.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБЮРО́ ((Deburau) Жан Батыст Гаспар) (31.7.1796, г. Колін, Чэхія — 17.6.1846),

французскі акцёр-мім. З сям’і вандроўных акцёраў-акрабатаў. З 1816 у трупе т-ра «Фюнамбюль» («Канатныя танцоры»). Стварыў у розных пантамімах вобраз П’еро, які стаў папулярным нар. камічным героем і атрымаў сусв. вядомасць. Захаваўшы старадаўні фарсавы грым П’еро, Д. змяніў яго аблічча і касцюм. У сучаснай пантаміме традыцыі Д. знайшлі працяг у творчасці Ж.Л.Баро і М.Марсо.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНЬЕ́ ((Garnier) Жан Луі Шарль) (6.11.1825, Парыж — 3.8.1898),

французскі архітэктар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1842—48). З 1860 архітэктар Парыжа. Стваральнік пампезных збудаванняў у духу эклектызму: тэатр «Гранд-Апера» ў Парыжы (1861—67, канчатковая апрацоўка да 1875), Оперны т-р (1878—79) і казіно (1861—1910) у Монтэ-Карла.

Да арт. Ж.Гарнье. Парадная лесвіца тэатра «Гранд-Апера» ў Парыжы. 1861—75.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЮІ́, Аюі (Haüy) Рэнэ Жуст (28.2.1743, г. Сен-Жу-ан-Шасэ, Францыя — 1.6 або 3.6.1822), французскі крышталёграф і мінералог. Чл. Парыжскай АН (1783). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1806). У 1794—1802 праф. Горнай школы (Парыж). Зрабіў вял. ўклад у развіццё крышталяграфіі; адкрыў закон цэлых лікаў (рацыянальнасці параметраў), названы яго імем, распрацаваў тэорыю памяншэння колькасці малекул у слаях, якія паслядоўна фарміруюць крышталь. Яго імем названы мінерал гаюін.

т. 5, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕНЬЯ́К ((Cavaignac) Луі Эжэн) (15.10.1802, Парыж — 28.10.1857),

французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Дывізійны генерал (1848). У арміі з 1824. Пад уплывам Ліп. рэвалюцыі 1830 стаў прыхільнікам рэсп. ладу. З 1832 удзельнічаў у заваяванні Алжыра, з лют. 1848 яго ваен. губернатар. З мая 1848 ваен. міністр, адначасова (да снеж. 1848) кіраўнік выканаўчай улады Франц. рэспублікі; кіраваў задушэннем Чэрв. паўстання 1848 у Парыжы. Дэп. парламента (1849—51).

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАМІ́Н ((Condamine) Шарль Мары дэ ла) (28.1.1701, Парыж — 4.2.1774),

французскі астраном, геадэзіст і падарожнік. Чл. Парыжскай АН (1760). Ганаровы чл. Пецярбургскай, Берлінскай і інш. акадэмій. У 1733—43 прымаў удзел у Перуанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна даўж. больш як 3° у Андах. Гэта вымярэнне разам з вынікамі работ Лапландскай экспедыцыі (1735—44) паслужыла асновай для дакладнага вызначэння сплюшчанасці Зямлі. Склаў параўнальна дакладную карту р. Амазонка.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́НІ (Cassini) Джавані Даменіка

(Жан Дамінік) (8.6.1625, Перынальда, каля г. Ніца, Францыя — 14.9.1712),

французскі астраном італьян. паходжання. Чл. Парыжскай АН (1669), першы дырэктар Парыжскай астр. абсерваторыі (з 1669). Адкрыў вярчэнне Юпітэра і Марса (1665—66), 4 спадарожнікі Сатурна (1671—84). Выявіў цёмны прамежак у кольцах Сатурна (т.зв. дзяленне, або шчыліна К.), даследаваў лібрацыю Месяца, даў першае надзейнае вызначэнне паралакса Сонца. Імем К. названа аўтам. міжпланетная станцыя.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Марыс Кантэн дэ (5.9.1704, г. Сен-Кантэн, Францыя — 17.2.1788), французскі жывапісец. З 1737 член Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1750 жывапісец франц. караля. Ствараў пераважна камерныя партрэты ў тэхніцы пастэлі, якія вызначаюцца лірычнасцю, мяккай градацыяй колеравых адценняў. Аўтар партрэтаў дзеячаў эпохі Асветніцтва (Ж.​Ж.​Русо, Ж.​Д’Аламбера, абодва 1753), каралеўскай сям’і і прыдворных, аўтапартрэтаў, эцюдаў.

К. дэ Латур. Аўтапартрэт. 1751.

т. 9, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕН ((Lehn) Жан Мары П’ер) (н. 30.9. 1939, г. Расэм, Францыя),

французскі хімік-арганік. Чл. Парыжскай АН (1985). Скончыў Страсбурскі ун-т (1960), дзе працаваў у 1963—79 (з 1970 праф.). З 1979 у Калеж дэ Франс. Навук. працы па хіміі макрагетэрацыклічных злучэнняў (краўн-эфіраў). Распрацаваў агульныя метады сінтэзу полімакрацыклічных краўн-сістэм, у т. л. металаарган. характару. Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Д.​Дж.Крэмам, Ч.Педэрсенам).

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)