ДРУГА́Я СІГНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

якасна адметная, уласцівая толькі чалавеку форма вышэйшай нервовай дзейнасці — сістэма моўных сігналаў. Паняцце ўвёў І.П.Паўлаў (1932). З’яўляецца ў працэсе эвалюцыі ў цеснай сувязі з сац.-прац. фактарам як істотны дадатак да першай сігнальнай сістэмы, якая базіруецца на непасрэдным успрыняцці навакольнага асяроддзя (раздражняльнікаў) праз органы пачуццяў. Словы, што вымаўляюцца, чуюцца і бачацца, з’яўляюцца адцягненым, апасродкаваным вобразам канкрэтных прадметаў і з’яў рэальнага свету, сігналы першасных сігналаў. Яны надзяляюць чалавека здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мышлення, да навук. творчасці. Д.с.с. развіваецца ў ходзе антагенезу, паступова займае дамінуючае становішча. Нейрафізіял. структура мовы ўключае стадыю аферэнтнага сінтэзу, на аснове якой складаецца рашэнне выказаць якую-н. думку. Разам з гэтым фарміруецца і акцэптар выніку дзеяння — апарат, які праграміруе мэту і кантралюе яе рэалізацыю шляхам пастаяннай карэкцыі слоў, што выключае магчымыя памылкі ў выказванні думкі.

У.​М.​Калюноў.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОН (Kohn) Вальтэр (н. 9.3.1923, Вена),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1963), Нац. АН ЗША (1969). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1998). Скончыў ун-т Таронта (1946) і Гарвардскі ун-т (1948). З 1950 праф. Тэхнал. ін-та Карнегі (г. Пітсбург), з 1960 Каліфарнійскага ун-та (г. Сан-Дыега), з 1979 Каліфарнійскага ун-та (г. Санта-Барбара; у 1979—84 дырэктар Ін-та тэарэт. фізікі). Навук. працы па электроннай структуры рэчыва. Прапанаваў метад функцыянала шчыльнасці, які шырока выкарыстоўваецца для разлікаў электроннай зоннай структуры цвёрдых цел і вадкасцей (1964). Нобелеўская прэмія 1998 (з Дж.Э.Поплам; гл. Дадатак). Нац. навук. медаль ЗША (1988). Залаты медаль Н.​Бора ЮНЕСКА (1998).

Тв.:

Рус. пер. — Электронная структура вещества — волновые функции и функционалы плотности // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, №3.

М.​М.​Касцюковіч.

В.Кон.

т. 18, кн. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОПЛ (Pople) Джон Энтані (н. 31.10.1925, г. Бернхам-он-Сі, Вялікабрытанія),

амерыканскі хімік-тэарэтык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1961), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1971). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1977). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1951), дзе і працаваў. З 1958 у Нац. фіз. лабараторыі (г. Тэдынгтан). З 1964 праф. ун-та Карнегі—Мелана (г. Пітсбург), з 1986 Паўн.-Заходняга ун-та (г. Эванстан). Навук. працы па тэорыі вадкасцей, ядз. магнітным рэзанансе, тэорыі малекулярных арбіталей. Распрацаваў паўэмпірычныя камп’ютэрныя выліч. метады квантавай хіміі, прыдатныя для мадэліравання будовы і прагнозу ўласцівасцей буйных малекул. Нобелеўская прэмія 1998 (з В.Конам; гл. Дадатак).

Тв.:

Рус. пер. — Спектры ядерного магнитного резонанса высокого разрешения. М., 1962 (разам з В.​Шнейдэрам, Г.​Бернстайнам);

Квантово-химические модели // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, № 3.

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Попл.

т. 18, кн. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛЬЯ́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ НАВУ́К, ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА»,

«Італьяна» («Enciclopedia italiana di scienze, lettere ed arti»), універсальнае энцыклапедычнае выданне на італьян. мове. Выдадзена ў Рыме ў 1929—39 у 36 т. (апошні том — паказальнік); дадатак у 3 т. (5 кнігах) выдадзены ў 1948—61. На змест першых 37 тамоў паўплывала тагачасная ідэалогія Мусаліні. У 2-м і 3-м тамах дадатку пераасэнсаваны асобныя тагачасныя падзеі грамадска-паліт., культ. і навук. жыцця. Змест большасці артыкулаў мае гуманітарны характар, звесткі па прыродазнаўчых навуках і тэхніцы змешчаны пераважна ў дадатку. Артыкулы выдання вызначаюцца вял. аб’ёмам, навуковасцю, наяўнасцю бібліяграфіі. Тэрміны, выкарыстаныя ў тэксце, пададзены з англ., ісп., ням. і франц. эквівалентамі. Выданне багата ілюстравана, маст. рэпрадукцыі, партрэты, геагр. карты і фотаздымкі краявідаў вызначаюцца высокай якасцю. На базе гэтай энцыклапедыі выдадзены меншыя па аб’ёме «Слоўнік энцыклапедычны італьянскі» (1955—63), «Энцыклапедыя Еўропы» (1976—81); перавыдаецца ням. выд-вамі (Бракгаўз, Маер і Гердэр).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТ (Kant) Герман (н. 14.6.1926, г. Гамбург, Германія),

нямецкі пісьменнік. Скончыў Грайсфальдскі (1952) і Берлінскі (1956) ун-ты. Дэбютаваў зб. апавяд. «Крышку Паўднёвага мора» (1962). У раманах «Актавая зала» (1965), «Выхадныя звесткі» (1972), «Прыпынак у дарозе» (1977), зб-ках апавяд. «Парушэнне граніцы» (1975), «У дадатак да анкеты», «Трэці цвік» (абодва 1981), «Бронзавы век» (1986) тэмы фашызму і вайны, індывід. і калект. віны, жыцця пасляваен. Германіі. Яго творам уласцівы мазаічнасць структуры, насычанасць сімваламі-лейтматывамі, спалучэнне гумару і іроніі, сатыры і сарказму. На бел. мову асобныя творы К. пераклала Н.​Мацяш. Нац. прэмія ГДР 1973.

Тв.:

Рус. пер. — Остановка в пути. М., 1979;

Объяснимое чудо: Рассказы. Очерки. М., 1982;

Актовый зал;

Выходные данные. М., 1987.

Літ.:

Леонова Е.А. Литературные реминисценции в романе Г.​Канта «Остановка в пути» // Проблема традиций и взаимовлияния в литературах стран Зап. Европы и Америки XIX—XX вв. Нижний Новгород, 1993.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 601

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ВІЧ Мікалай Мікалаевіч (н. 21.3.1952, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык; адзін з заснавальнікаў (у 1990—96 вучоны сакратар) Беларускага фізічнага таварыства (гл. Дадатак). Канд. фіз.-матэм. н. (1987). Чл.-кар. Міжнар. акадэміі арганізац. і кіраўнічых навук (2000). Скончыў БДУ (1974). З 1977 у Ін-це фізікі, з 1988 у апараце Прэзідыума Нац. АН Беларусі (у 1997—2002 нам. гал. вучонага сакратара). Адначасова з 1992 у Бел. рэсп. фондзе фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці (АТА), праблемах арганізацыі навук. дзейнасці, гісторыі навукі. Прапанаваў сістэматызацыю гравітацыйных эфектаў (з В.С.Іваніцкай), развіў тэорыю і метады дакладнага рашэння ўраўненняў руху пробных цел у АТА, тэорыю аптымальных тэтрад (з Ф.І.Фёдаравым).

Тв.:

Общее решение проблемы симметричных фильбайнов и тетрад // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1995. №4;

Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў. Мн., 1995 (разам з У.​В.​Люшцікам і В.​К.​Шчэрбіным);

Развитие науки Беларуси в 2002 году. Мн., 2003 (у сааўт.).

А.​І.​Болсун.

т. 18, кн. 1, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНА́ДСКІ Іван Васілевіч (24.5.1821, Кіеў — 27.3.1844),

рускі эканаміст. Праф. палітычнай эканоміі Кіеўскага, потым Маскоўскага ун-таў (1846—56), Гал. пед. ін-та (1857—59) і Аляксандраўскага ліцэя ў Пецярбургу (1861—68). Выдаў час. «Экономический указатель» (1857—61) і дадатак да яго «Экономист» (1858—64). У 1867—76 кіраўнік канторы Дзяржбанка ў Харкаве. Аўтар твораў па палітычнай эканоміі, гісторыі эканам. думкі, статыстыцы і мытна-тарыфнай палітыцы. Крытыкаваў прыгонніцтва з пазіцый эканам. лібералізму. У перыяд падрыхтоўкі сял. рэформы 1861 выступаў супраць кабальных умоў вызвалення сялян, супраць капіталізацыі аброку. Абараняў інтарэсы рус. капіталіст.. прамыслоўцаў. Прыхільнік фрытрэдэрскай палітыкі для Расіі, якая прадугледжвала свабоду гандлю і неўмяшанне дзяржавы ў прыватнапрадпрымальніцкую дзейнасць. Ідэолаг буйнога капіталу, законы капіталізму разглядаў як натуральныя і вечныя.

Тв.:

Критико-историческое исследование об итальянской политико-экономической литературе до начала XIX в. М., 1849;

Очерк теории потребностей. СПб., 1857;

Очерк истории политической экономии. СПб., 1858.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРАТУ́РА (італьян. coloratura літар. ўпрыгожванне ад лац. coloro фарбую, афарбоўваю),

хуткія, тэхнічна складаныя віртуозныя пасажы і мелізмы ў вак. партыі. Сустракаецца ў розных відах вак. музыкі. Найб. пашырана ў італьян. оперы 17—19 ст., асабліва ў арыях. Валоданне К. было абавязковае для спевакоў-кастратаў, высокіх жаночых галасоў, лірычных тэнараў, басоў-буф. Часта спевакі імправізавалі шматлікія К. ў дадатак да прадугледжаных кампазітарам, што ператварала К. ў самамэту і яна страчвала маст. значэнне. Як глыбока апраўданы і асэнсаваны маст. прыём К. ёсць у творах В.​А.​Моцарта, А.​Скарлаці, Дж.​Расіні, Л.​Дэліба, Дж.​Вердзі, М.​Глінкі, М.​Рымскага-Корсакава, у 20 ст. — А.​Берга і інш. Тэхніка К. ўласціва творчасці бел. спявачак Л.​Аляксеевай, Н.​Гайды, М.​Гулегінай, Н.​Гусельнікавай, Л.​Златавай, Л.​Колас, Д.​Кроз, Т.​Кучынскай, Г.​Лукомскай, Л.​Лют, Т.​Ніжнікавай, Т.​Пастунінай, А.​Шведавай, К.​Ясінскай і інш.

т. 7, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ГЕТ (Leggett) Энтані Джэймс (н. 26.3.1938, Лондан),

англа-амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1980), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1996). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1997), Рас. АН (1999). Скончыў Оксфардскі ун-т (1964). З 1967 ва ун-це Сусекса (Вялікабрытанія; з 1978 праф.), з 1983 праф. ва ун-це штата. Ілінойс (г. Урбана-Шампейн, ЗША). Навук. працы па фізіцы нізкіх тэмператур і кандэнсаваных асяроддзяў, квантавых вадкасцях, звышцякучасці і звышправоднасці, статыст. фізіцы, квантавай тэорыі вымярэнняў, эксперым. абгрунтаванні квантавай механікі. У 1970-я г. распрацаваў тэорыю ўзаемадзеяння і ўпарадкавання атамаў у звышцякучым стане. Прадказаў эфект макраскапічнага квантавага тунэлявання ў звышправодных пераходах Джозефсана. Нобелеўская прэмія 2003 (з А.А.Абрыкосавым; гл. Дадатак, В.Л.Гінзбургам).

Тв.:

Рус. пер. — Шредингеровская кошка и ее лабораторные сородичи // Успехи физ. наук. 1986. Т. 148, вып. 4;

The Problems of Physics. Oxford, 1994.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Легет.

т. 18, кн. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТУ́НІЦА Ваіслаў (н. ў 1944, Бялград),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1970), дзе працаваў да 1974, калі быў звольнены за выступленні супраць новай канстытуцыі краіны, якая, на яго думку, давала занадта шмат правоў інш. рэспублікам, прыніжаючы ролю Сербіі. З таго часу быў вядомы як дысідэнт. У 1974—89 у Ін-це грамадскіх навук у Бялградзе. Адзін з заснавальнікаў Дэмакр. партыі (1989). Пасля яе распаду (1992) намагаўся аб’яднаць дэмакр. ідэалы з нац. ідэяй, стварыў Дэмакр. партыю Сербіі. Рэзка выступаў супраць агрэсіі НАТО у Югаславіі 1999 і ў той жа час быў прыхільнікам збліжэння краіны з Захадам. У час вераснёўска-кастр. крызісу 2000 К. і яго прыхільнікі адмовіліся прызнаць афіц. вынікі 1-га тура прэзідэнцкіх выбараў і К. 6.10.2000 абвясціў сябе выбраным прэзідэнтам Югаславіі. Пайшоў у адстаўку з гэтай пасады ў сувязі з пераўтварэннем Югаславіі ў супольніцтва Сербія і Чарнагорыя (сак. 2003; гл. Дадатак). Пасля парламенцкіх выбараў 28.12.2003 у Сербіі — прэм’ер-міністр Сербіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)