нізінны востраў у Атлантычным ак. каля берагоў ЗША, паблізу вусця р. Гудзон. Тэрыторыя ЗША. Аддзелены ад мацерыка пратокай Іст-Рывер і аднайменным пралівам. Пл. 4,5 тыс.км², даўж. каля 200 км, шыр. да 37 км. Складзены з рыхлых марскіх і ледавіковых адкладаў. Паверхня нізінная, выраўнаваная, з боку акіяна шматлікія пясчаныя косы. У зах.ч. — раёны Нью-Йорка Бруклін і Куінс, на астатняй тэрыторыі пераважна дачныя пасёлкі, паркі, пляжы. Адкрыты ў 1609 англ. мараплаўцам Г.Гудзонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік грамадз. архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1904—06 у эклектычным стылі (арх. П.Камбураў) як аддзяленне Маскоўскага міжнар. банка. Мураваны сіметрычны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад вылучаны рызалітам з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі на 2-м паверсе і пілястрамі карынфскага ордэра паміж імі. Тэрыторыя банка была абкружана мураванай сцяной (захавалася часткова). У комплекс уваходзілі таксама 2 жылыя будынкі і гасп. пабудовы (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТАКІ́ДЫ (грэч. Spartokidai),
дынастыя правіцеляў Баспорскай дзяржавы ў 438—107 да н.э.Засн. Спартакам I [438—433 да н.э.]. С. былі буйнымі землеўладальнікамі, гандлявалі збожжам з Афінамі. Найб. значныя іх прадстаўнікі: Сатыр I [433—388 да н.э.], Леўкон I [388—348 да н.э.], Перысад I [348—310 да н.э.]. У час іх кіравання тэрыторыя і ўплыў царства пашырыліся на памежныя вобласці скіфскіх, меоцкіх і сіндскіх плямён. Дынастыя спыніла існаванне ў выніку Саўмака паўстання (107 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБУ́СКАЯ ЗЯМЛЯ́ (Ziemia Lubuska),
гістарычная тэр. ў Польшчы і Германіі, абапал р. Одра (у сярэднім яе цячэнні). У раннім сярэдневякоўі была населена заходнеслав. племем любушан. У 2-й пал. 10 ст. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Падвяргалася нападам немцаў, у сярэдзіне 13 ст. ўвайшла ў склад княства Брандэнбург (Сярэдняя марка на 3, Новая марка на У). На працягу стагоддзяў аб’ект ням. каланізацыі і германізацыі. У 1945 тэрыторыя на У ад Одры вернута Польшчы (Любускае ваяв.), зах.ч. засталася ў межах Германіі (зямля Брандэнбург).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДКАЎКА́ЗЗЕ,
тэрыторыя на Пн ад Вял. Каўказа, абмежаваная з Пн Кума-Маныцкай упадзінай, з 3 Азоўскім м. і Керчанскім прал., з У Каспійскім м.Даўж. больш за 900 км, шыр. 300 км. Адрозніваюць Зах. П.: Кубана-Прыазоўская нізіна, Прыкубанская раўніна, Таманскі п-аў; Сярэдняе П.: Стаўрапольскае ўзв. (да 831 м), Церска-Сунжэнскае ўзв. (Сунжэнскі хрыбет да 926 м), горы-лакаліты Мінералаводскай групы — Бештау (1420 м), Машук (992 м) і інш.; Усх. П.: Церска-Кумская нізіна. У П. — Краснадарскі і Стаўрапольскі краі, Расія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЦЫЯ,
тэрыторыя, якая характарызуецца экалагічнымі ўмовамі (рэльеф, клімат, корм, укрыцці і інш.), неабходнымі для існавання пэўнага віду жывёл. Паняцце «С.» часцей ужываецца ў адносінах да наземных жывёл і толькі для віду.
Характэрныя для віду С. размеркаваны мазаічна ў межах відавога арэала (арэал не засяляецца цалкам). С. наз. таксама ўчасткі, у якіх ажыццяўляюцца спецыфічныя формы дзейнасці віду (С. кармавыя, гнездавыя, начлегаў і інш.). Від звычайна валодае наборам С., якія маюць рознае значэнне для жывёл, што забяспечвае лепшае выжыванне віду ў розныя сезоны года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФЕРНАЯ ЗО́НА,
прыродная тэрыторыя, прылеглая да асабліва ахоўнай (запаведнік, нац. парк і інш.) тэрыторыі, на якой часткова абмяжоўваецца гасп. дзейнасць. Ствараецца з мэтаю лепшай аховы ці падтрымання больш устойлівай экалагічнай раўнавагі на асн. ахоўнай тэр., для змяншэння ўздзеяння на запаведны рэжым антрапагенных фактараў (эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, прамысл. і жыллёвага буд-ва, строга рэгламентуюцца паляванне і рыбная лоўля). Асаблівае значэнне мае прадухіленне ўздзеяння на асн. ахоўныя тэр. гідрамеліярацыйных і гідратэхн. работ, што вядуцца ў верхніх участках басейнаў рэк, якія цякуць праз запаведнікі ці закранаюць рэжым падземных вод на іх тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЛАСЦЬ,
1) лад жыцця, пры якім чалавек або людзі жывуць на адным месцы. Абумоўлена пэўнымі формамі гаспадаркі. З’явілася з узнікненнем рыбалоўства і матычнага земляробства ў пач. неаліту.
2) Цэнз аселасць — заканадаўча ўстаноўлены ў некаторых краінах перыяд, на працягу якога грамадзянін павінен жыць на адным месцы, каб атрымаць права ўдзелу ў выбарах прадстаўнічых органаў дзяржавы.
3) У некаторых краінах тэрыторыя, па-за якой не маюць права жыць пэўныя слаі насельніцтва (напр., нац. меншасці). У Рас. імперыі ў 1791 была вызначана тэр., па-за якой забаранялася пастаянна жыць яўрэям. Гл.Мяжа аселасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯНЭ́ (Lyonnais),
гістарычная вобласць на ПдУ Францыі. Уключае дэпартаменты Луара і Рона. Пл. 8 тыс.км². Нас. каля 2,3 млн.чал. (1995). Гал. горад і прамысл. цэнтр — Ліён. Амаль уся тэрыторыя ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на У даліны рэк Сона і Рона. Клімат умераны, у далінах пераходны да міжземнаморскага. Ападкаў каля 1000 мм за год. Развіта прам-сць: металургічная, маш.-буд., эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, харчовая. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бульбу, агародніну, фуражныя культуры. Садоўніцтва і вінаградарства. У гарах пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1921—39 у Палескім ваяв. Польскай Рэспублікі. Цэнтр — г.Лунінец. У 1921 уключаў гарады Давыд-Гарадок, Столін, мястэчкі Гародна, Лахва і Кажан-Гарадок, падзяляўся на 15 гмін: Бярозаўскую, Дабраслаўскую, Заастравецкую, Кажан-Гарадоцкую, Круговіцкую, Лахвенскую, Ленінскую, Лунінскую, Пагост-Загародскую, Плотніцкую, Столінскую, Церабяжоўскую, Хатыніцкую, Хорскую, Чучавіцкую. Нас. 179 518 чал. (30.9.1921). Бярозаўская, Плотніцкая, Столінская, Церабяжоўская, Хорская гміны 6.12.1922 перададзены ў новаўтвораны Столінскі пав., Дабраслаўская і Пагост-Загародская гміны — у Пінскі пав. З 1939 павет у БССР, 15.1.1940 скасаваны, тэрыторыя падзелена на раёны.