САЛАЎЁЎ (Юрый Уладзіміравіч) (10.8.1940, С.-Пецярбург — 12.1.1977),

расійскі артыст балета. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1958). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Класічны танцоўшчык лірыка-драм. плана, майстар дуэтнага танца, валодаў фенаменальным скачком. Першы выканаўца партый: Юнак (паводле «Ленінградскай сімфоніі» Дз.​Шастаковіча), Бог («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Чалавек («Далёкая планета» Б.​Майзеля), Ясны Сокал («Краіна цудаў» І.​Шварца), Ікар («Ікар» С.​Сланімскага) і інш. Сярод інш. партый: Зігфрыд, Дэзірэ, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Салор («Баядэрка» Л.​Мінкуса) і інш. Зняўся ў кінафільме-балеце «Спячая прыгажуня» (1964), тэлефільмах-канцэртах, у т. л. ў «Сімфоніі фантанаў» (1966), «Канстанцін Сяргееў. Старонкі харэаграфіі» (1976). Прэмія «Залатая зорка» на Міжнар. фестывалі танца (Парыж, 1965).

С.​В.​Гуткоўская.

Ю.Салаўёў у ролі Блакітнай птушкі.

т. 14, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНІ́МСКІ (Юрый Іосіфавіч) (13.3.1902, С.-Пецярбург — 23.4.1978),

расійскі балетазнавец, сцэнарыст, педагог. Ганаровы д-р Парыжскага ун-та танца (1959). Вучыўся ў Школе рус. драмы ў Петраградзе (1918), у Петраградскім ун-це. З 1922 працаваў у Ленінградскім ін-це гісторыі мастацтваў (з перапынкамі), з 1932 выкладаў у Ленінградскім харэагр. вучылішчы. З 1962 праф. Ленінградскай кансерваторыі. На сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі паставіў балет «Салавей» М.​Крошнера (1939, сумесна з А.​Ермалаевым). Напісаў сцэнарыі балетаў: «Юнацтва» М.​Чулакі, «Сцежкаю грому» К.​Караева, «Бераг надзеі» А.​Пятрова, «Ікар» С.​Сланімскага і інш. Аўтар кніг пра балет «Жызэль» (1926), «Сільфіда» (1927), «Шчаўкунок» (1934), «Майстры балета» (1937), «П.​І.​Чайкоўскі і балетны тэатр яго часу» (1956), «Драматургія балетнага тэатра XIX ст.» (1977), «Цудоўнае было побач з намі» (выд. 1984), падручніка «Асновы характарнага танца» (1939; у сааўт.).

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛО́МБ (франц. aplomb літар. раўнавага) у харэаграфіі, упэўненая, свабодная манера выканання; уменне захоўваць у раўнавазе ўсе часткі цела. Тэрмін «апломб» ідзе ад прыёмаў віртуознай тэхнікі танца 18 ст. — «рабіць апломб» значыла заставацца ў раўнавазе на паўпальцах некалькі тактаў; у 1-й трэці 19 ст. — устойлівасць на кончыках пальцаў.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЕ́СК (франц. arabesque ад італьян. arabesco арабскі),

адна з асноўных позаў класічнага танца. Цела абапіраецца на прамую нагу, другая паднята і выцягнута назад; адна рука выцягнута ўперад, другая адведзена ўбок ці назад, корпус нахілены ўперад. У сучасным балеце сустракаюцца шматлікія формы арабеска пры розных становішчах апорнай нагі, рук, галавы, корпуса.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕНГЕ́РКА»,

гарадскі бытавы танец. Створаны ў канцы 19 ст. ў Расіі на аснове венг. нар. танца чардаш, у хуткім часе атрымаў вял. пашырэнне. На Беларусі напачатку ўваходзіў у гарадскі, потым у сял. побыт. Выконваецца парамі, характэрная фігура — «венгерскі ключ». Муз. Памер 24, 44. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЛУБЕ́Ц»,

«Голуб», бел. народны танец. Блізкі да рус. і ўкр. узораў з такой самай назвай. Муз. памер 24. Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, з характэрным рухам «галубец» (удар абцаса аб абцас з падскокам). У старадаўнім варыянце танца хлопец і дзяўчына імправізавалі ўзаемаадносіны галубоў: партнёрка плыла павай, партнёр увіваўся каля яе.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДСЯВА́НКА»,

бел. нар. жартоўны танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Зафіксаваны ў пач. 20 ст. на тэр. Чэрвеньскага і Бярэзінскага р-наў Мінскай вобл. Найчасцей П. танцуюць па аднаму. Пагойдваннем рук і тулава выканаўца імітуе прасейванне мукі праз сіта. Камічны характар танца падкрэсліваюць жартоўныя прыпеўкі юнакоў.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАСТУШО́К»,

старадаўні бел. нар. танец, заснаваны на пастухоўскіх гульнях. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Характар танца вясёлы, заўзяты. Танцоры імітуюць паводзіны статка. Пастушок, які ўмела валодае пугай, прымушае ўсіх падпарадкавацца яго волі. Зафіксаваны ў 20 ст. ў в. Наркі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. І.​Серыкавым.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 12, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́С ((Jooss) Курт) (12.1.1901, г.Васеральфінген, Германія — 29.5.1979),

нямецкі артыст балета, балетмайстар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў экспрэсіянізму ў танцы. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Штутгарце (1919—21). З 1921 з Р. фон Лабанам працаваў у т-рах Мангейма і Гамбурга, балетмайстрам дзярж. т-ра ў Мюнстэры. Арганізатар (1927) і кіраўнік (1949—68) аддзялення танца «Фолькванг-шуле», адначасова балетмайстар трупы «Фолькванг-балет» у Эсене. У 1933 са сваёй трупай «Бале Іос» эмігрыраваў у Англію, адкрыў там уласную школу. Як балетмайстар-наватар стварыў танц. драму новага тыпу, сінтэзаваў танец мадэрн з тэхнікай класічнага танца і драм. пантамімы. Сярод лепшых пастановак: «Зялёны стол» на муз. Ф.​Коэна (1932, 1-я прэмія на міжнар. конкурсе харэографаў у Парыжы), «Блудны сын» Коэна (1933), «Кампанія на заезным двары» на муз. Л.​Бетховена—Кука (1943), «Пандора» Герхарда (1974). Творчасць І. зрабіла вял. ўплыў на развіццё харэаграфічнага мастацтва многіх краін.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАВЕ́ЙНІЦА»,

бел. нар. танец, блізкі да «Мяцеліцы». Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Танцоры, нагнуўшыся, парамі прабягаюць пад ручніком, які трымае ў выглядзе аркі адна з пар. Аснова танца — слізготны рух «кроку-бегу» з імклівымі паваротамі і чаргаваннем пар, якія выбягаюць з-пад аркі направа і налева, што стварае ілюзію ўрагану, мяцеліцы.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)