КА́НТАР (ад лац. cantor спявак),

першапачаткова пеўчы ў касцёле, пазней — спявак у прыдворнай капэле, настаўнік музыкі ў каталіцкіх і пратэстанцкіх духоўных навуч. установах, гар. школах. У пратэстантаў К. ствараў таксама музыку для царк. службаў і гар. урачыстасцей і кіраваў муз. выкананнем. Часам К. узначальваў усё муз. жыццё горада (да канца 18 ст.; напр., І.​С.​Бах). У яўр. сінагозе — гал. спявак хору (наз. таксама хазан).

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТРЫКА (грэч. metrikē ад metron мера, памер),

1) у вершаскладанні — сістэма правіл, выпрацаваных на аснове ўзораў пабудовы верша, найб. прыдатных і ўласцівых пэўнай мове. Напр., М. антычнага верша, М. беларускага верша і г.д. М. называюць таксама раздзел вершазнаўства, які вывучае сукупнасць правіл вершаскладання ў пэўнай л-ры.

2) У музыцы — сукупнасць усіх праяў метра ў музыцы ці канкрэтным муз. творы. М. называюць таксама вучэнне пра муз. метр.

т. 10, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНДЗІ́Р (ад лац. mundus убор, убранне),

1) верхняя частка ваеннага і цывільнага адзення, пры якой належала насіць галаўны ўбор, зброю і ордэны. У пач. 17 ст. тэрмін «М.» абазначаў усё абмундзіраванне вайсковае, а таксама рыштунак салдата і афіцэра (у Расіі — стральцоў).

2) Частка форменнага адзення ваеннаслужачых у арміях шэрагу краін. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь тэрмін «М.» не выкарыстоўваецца. Гл. таксама Форма адзення.

С.​М.​Абрамаў.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІНА́ННЕ,

сшытак (спіс) з імёнамі памерлых або жывых, якіх святар павінен памянуць у час набажэнства; таксама царкоўны рытуал, у час якога святар памінае імёны, уключаныя ў памінальны сшытак (спіс). У правасл. царкве П. памерлых робіцца на 3-і, 9-ы, 40-ы дзень і ў гадавіну смерці. Існуюць агульныя дні П. памерлых: дзяды (2 лістапада), бацькоўская субота, субота напярэдадні Сёмухі і інш. Гл. таксама Культ продкаў.

т. 12, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ ВУ́ЗЕЛ,

спалучэнне прамысловых прадпрыемстваў, аб’яднаных паміж сабой цеснымі вытв. і вытв.-тэхнал. сувязямі, адзінай вытв. інфраструктурай, агульнасцю трансп., геагр. размяшчэння ў межах аднаго або некалькіх блізкіх адзін ад аднаго нас. пунктаў (гарадоў, гар. пасёлкаў і інш.). Таксама наз. група прадпрыемстваў галіны прам-сці, размешчаных на адной пляцоўцы, пабудаваных паводле адзінага плана і аб’яднаных агульнай інфраструктурай, часам узаемнымі вытв. сувязямі. Гл, таксама Канцэнтрацыя вытворчасці, Канцэрн.

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕІЗАТО́ПНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,

аўтаномныя крыніцы энергіі, у якіх выдзеленая пры радыеактыўным распадзе энергія пераўтвараецца ў цеплавую, эл. ці інш. віды энергіі. Асн. элементы радыеізатопнага эл. генератара — радыенуклідная крыніца цеплаты (напр., цеплавыдзяляльны элемент) і паўправадніковы тэрмаэлектрычны генератар. Служаць для сілкавання аўтам. апаратуры (напр., радыёмаякоў, радыёметэаралагічных станцый), устаноўленай у цяжкадаступных раёнах ці на касм. апаратах, а таксама ў біял. эксперыментах, напр., па ўжыўленні штучнага сэрца. Гл. таксама Ядзерная батарэя.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУНО́,

воўна авечкі, астрыжаная суцэльным пластом; таксама воўнавае покрыва авечкі перад стрыжкай. Складаецца з пучкоў (шпатэляў у танкарунных, пасмаў у грубашэрсных авечак), па якіх ацэньваюць якасць воўны (даўжыня, тонкасць, пакручастасць). Р. здымаецца ў танкарунных, паўтанкарунных, таксама пры веснавой стрыжцы ў грубашэрсных, паўгрубашэрсных парод авечак (іх асенняя і паяркавая воўна Р. не ўтварае, падзяляецца на асобныя кавалкі). Рунная воўна больш каштоўная за кускавую.

А.​А.​Козыр.

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДЭМАРКА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,

праверка і аднаўленне лініі дзярж. граніцы на мясцовасці і абазначэнне яе пагранічнымі знакамі. Робіцца на падставе дакументаў, як правіла, двухбаковага характару (пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў). Апрача аднаўлення самой лініі граніцы прадугледжвае таксама аднаўленне страчаных пагранічных знакаў, устаноўку новых або дадатковых пагранічных знакаў, складанне новага пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў (пры неабходнасці). Гл. таксама Дэлімітацыя граніц, Дэмаркацыя граніц.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ ў меліярацыйным будаўніцтве,

размеркаванне па паверхні глебагрунтоў мульчы (пераважна тарфакрошкі) з наступным замацаваннем яе плёнкаўтваральнымі эмульсіямі. Робіцца пры залужэнні адхонаў каля гідравузлоў, мастоў, шлюзаў і стромкіх адхонаў каналаў, дамб, плацін, дарог з мэтай папярэджання воднай (змыву, размыву) і ветравой (выдзімання) эрозіі.

Перад М паверхню адхонаў рыхляць, выраўноўваюць, засяваюць травамі, уносяць угнаенні. Нанесены слой мульчы (5—10 см) пакрываюць латэкснымі або бітумнымі эмульсіямі (выкарыстоўваюцца таксама эмульсіі водарастваральных сінт. палімераў, распрацаваныя ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства). Замест эмульсій ужываюць таксама паветраводапранікальнае палатно або біяпалатно, распрацаванае тым жа ін-там (выпускаецца акц. т-вам у Жлобіне). У якасці мульчара (мульчыравальніка) выкарыстоўваюць гідрасеялкі, пераабсталяваныя раскідвальнікі ўгнаенняў. М. адхонаў магістральных каналаў робяць таксама бульдозерамі, самазваламі, каўшовымі экскаватарамі.

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

аптычныя прыстасаванні для атрымання, выяўлення, пераўтварэння і аналізу палярызаванага святла, а таксама для розных даследаванняў і вымярэнняў. Прынцып дзеяння П.п. заснаваны на змене стану палярызацыі святла, якое праз іх праходзіць або адбіваецца.

Асн. элементы П.п. — палярызатар, аналізатар, падвойнапераламляльныя пласцінкі, фазавыя і аптычныя кампенсатары. Адрозніваюць палярыметры (ценявыя і паўценявыя; выкарыстоўваюцца для вымярэння вуглоў вярчэння плоскасці палярызацыі, а таксама для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла), палярыскопы (для даследаванняў мех. напружанняў у матэрыялах; гл. Фотапругкасць, Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), палярызацыйныя мікраскопы (для вывучэння крышталяў), палярызацыйныя фатометры (для рэгулявання інтэнсіўнасці светлавога патоку). У спалучэнні са спектральнымі прыладамі П.п. выкарыстоўваюцца ў спектрапалярыметрыі для вывучэння ступені палярызацыі святла пры люмінесцэнцыі, паглынанні і адбіцці святла, а таксама аптычнай актыўнасці рэчыва.

Н.​М.​Хаўратовіч.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)