мастацкія (ігравыя), хранікальна-дакументальныя, навукова-пазнавальныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя) фільмы для дзяцей і юнацтва. Выхаваўчыя задачы, якія ставяцца перад Дз.к., вызначаюць яго тэматыку і жанравыя асаблівасці. Як асобны кірунак у сав. кінематографе вылучылася ў 1920-я г. Асаблівасці выразна праявіліся ў фільмах «Чырвоныя чарцяняты» (1921, рэж. І.Перысціяні), «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.Экк), «Падраныя чаравікі» (1933, рэж. М.Барская) і інш. У 1936 у Маскве створана кінастудыя «Саюздзетфільм», рэарганізаваная ў 1948 у Цэнтр. студыю дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.Горкага. Дзіцячыя фільмы выпускаліся і на рэсп. кінастудыях. У 1992 створаны Міжнар. фонд развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава», Масква).
У бел. кінематографе першая маст. карціна для дзяцей — «Грышка-свінапас» (1928, рэж.-мантажор В.Кубліцкі), зманціраваная з маст. фільма «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч). У 1930-я г. створаны фільмы пра піянераў («Кульгаўка», 1931, рэж. Ю.Вінакураў; «Баям насустрач», 1932, рэж. Э.Аршанскі; «Адбітак часу», 1932, рэж. Г.Кроль), пра юных следапытаў («Палескія рабінзоны», 1934, рэж. І.Бахар, П.Малчанаў), рабфакаўцаў («Песня вясны», 1935, рэж. У.Гардзін), юных талентаў («Канцэрт Бетховена», 1936, рэж. М.Гаўронскі, У.Шмітгоф). Больш плённа Дз.к. на Беларусі развівалася ў пасляваен. час: сюжэты кінахронікі, дакумент. кінанавелы, маст. фільмы рознай тэматыкі (гіст.-рэв., героіка-патрыят., прыгодніцкія, казачныя). Яны вызначаліся гуманнасцю, актыўнасцю юных герояў, што ярка выявілася ў фільмах рэж. Л.Голуба: «Міколка-паравоз» (1957), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962), «Пушчык едзе ў Прагу» (сумесна з ЧССР, 1966), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975). Фільмы пра пакаленне дзяцей, якое зведала вайну, ставілі рэжысёры В.Тураў («Праз могілкі», 1964, «Я родам з дзяцінства», 1966), І.Дабралюбаў («Іван Макаравіч», 1970, «Расклад на паслязаўтра», 1978, «Мама, я жывы», 1985), В.Нікіфараў («Зімародак», 1972, «Ціхія троечнікі», 1980; «Вялікая прыгода», 1985), В.Рубінчык («Апошняе лета дзяцінства», 1972, «Вянок санетаў», 1977). Фільмы прыгодніцкія, казачныя вызначылі творчасць рэжысёраў Л.Мартынюка («Пяцёрка адважных», 1971, «Сямейныя акалічнасці», 1977, «Ветразі майго дзяцінства», 1981, «Белае возера», 1992), Л.Нячаева («Прыгоды Бураціна», 1976, «Пра чырвоную шапачку». 1977, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Казка пра зорнага хлопчыка», 1985, «Пітэр Пэн», 1987), У.Бычкова («Горад магістраў», 1966, «Восеньскі падарунак фей», 1984). У 1990-я г. вытворчасць дзіцячых фільмаў скарацілася. Выпушчаны: «Мёд асы» (1992, рэж. І.Волчак), «Зязюліны дзеці» (1992, рэж. А.Мароз), «Вогненны стралок» (1993, рэж. М.Князеў), «Я — Іван, ты — Абрам» (1993, рэж. І.Зоберман), «Кветкі правінцыі» (1995, рэж. Дз.Зайцаў), «Шэльма» (1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў), «Батанічны сад» (1997, рэж. В.Гасцюхін) і інш. Значнае месца ў дзіцячым кінематографе займаюць дакумент., а з пач. 1970-х г. мультыплікацыйныя і лялечныя фільмы (гл.Анімацыйнае кіно, Дакументальнае кіно).
Е.Л.Бондарава.
Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Дзед і Жораў».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Песня пра зубра».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Маленькі сяржант».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Дзяўчынка шукае бацьку».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Марозка».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Горад майстроў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.Галубка
(Трупа Галубка),
Другая бел.дзярж. трупа (з 1924), Бел.дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел.нац. культуру, праводзіў вял.культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел.нар.т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.Аляхновіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, Л.Родзевіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.Быліч, У.Дзядзюшка, С.Бірыла, А.Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.Міровіч, У.Крыловіч, Ф.Ждановіч, М.Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар.арт.БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц.парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.Астроўскага, А.Пушкіна, Ф.Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.
А.В.Сабалеўскі.
Да арт.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка.Да арт.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Суд» У.Галубка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬФІ́ЛЬМ»,
кінастудыя Беларусі. Створана ў 1928 кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску), з 1946 сучасная назва. Выпускае фільмы маст. і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакумент. і навук.-папулярныя, анімацыйныя. У даваенны час на студыі створаны маст. фільмы: «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Да заўтра» (1929), «Атэль «Савой» і «У агні народжаная» (1930), «Жанчына» (1932), «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Палескія рабінзоны» (1935), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» і «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» і «Балтыйцы» (1937), «Адзінаццатага ліпеня»; кінанавелы «Мядзведзь», «Маска» і «Мянтуз» (усе 1938), «Чалавек у футарале» (1939) і інш.
Сярод пачынальнікаў студыі рэжысёры Ю.Тарыч, У.Гардзін, аператары А.Кальцаты, М.Казлоўскі, Н.Навумаў-Страж, Д.Шлюглейт, мастак М.Літвак. У 1920—30-я г. на студыі здымаліся акцёры бел. т-раў У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі і інш., а таксама Л.Кміт, Б.Бабачкін, М.Сіманаў, М.Чаркасаў. На пачатку тут працавалі многія вядомыя майстры кіно: рэжысёры М.Данской, Р.Рашаль; кампазітары І.Дунаеўскі, В.Салаўёў-Сядой, А.Туранкоў; у 1930-я г. — сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры М.Авербах, Э.Аршанскі, І.Аненскі, Я.Дзіган, У.Корш-Саблін, С.Сплашноў, А.Файнцымер; аператары А.Булінскі, С.Бяляеў, С.Іваноў, Б.Рабаў, А.Рагоўскі; мастакі С.Мандэль, У.Пакроўскі, Р.Фэдор.
У Вял.Айч. вайну аператары кінахронікі (І.Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк і інш.) працавалі ў франтавых кінагрупах, частка работнікаў — на студыях Алма-Аты і Масквы, дзе створаны кіназборнік «Беларускія навелы» (1942), фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (1944), дакумент, фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944). Першыя пасляваен. маст. фільмы здымаліся на студыях Кіева, Адэсы і Ленінграда, у Мінску ствараліся пераважна кіначасопісы і кінанарысы. З 1950-х г.маст. фільмы здымаліся ў Мінску. У 1954 створаны першы бел. каляровы маст. фільм «Дзеці партызана». У 1971 зняты першы бел. шырокафарматны фільм «Крушэнне імперыі». Студыя ажыццявіла сумесныя пастаноўкі з кінастудыямі Чэхаславакіі («Пушчык едзе ў Прагу», 1966; «Маленькі сяржант», 1977; «Заўтра будзе позна», 1972) і Балгарыі («Братушка», 1976).
Многія творы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях. Сярод іх: «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Масква—Генуя», «Альпійская балада», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Іван Макаравіч», «Паланэз Агінскага», «Руіны страляюць...» (тэлевізійны), «Вянок санетаў», «Горад майстроў», «Праз могілкі», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Хам», «Наш браняпоезд» і інш.; дакументальныя «Генерал Пушча», «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А», «Боль мой — Хатынь», «А зязюля кукавала...», «Палескія калядкі», цыкл «У вайны не жаночы твор», «Паляванне на золата» і інш.
У 1940—50-я г. на студыі працавалі рэжысёры П.Васілеўскі, Л.Голуб, М.Фігуроўскі; аператары У.Акуліч, А.Аўдзееў, І.Пікман, Г.Удавянкоў; мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычаў, Е.Ганкін; у 1960-я г. — рэжысёры У.Бычкоў, Р.Віктараў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, М.Калінін, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, В.Чацверыкоў; аператары А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі; мастакі Ю.Альбіцкі, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў; у 1970 — пач. 90-х г. — рэжысёры А.Карпаў. Л.Мартынюк, В.Нікіфараў, М.Пташук, В.Рыбараў, В.Рубінчык; аператары П.Аліфер, Дз.Зайцаў, Т.Логінава, Р.Масальскі, С.Пятроўскі, Ю.Ялхоў; мастак А.Чартовіч і інш.; стваральнікі дакумент. фільмаў В.Дашук, Ю.Лысятаў, М.Жданоўскі, С.Лук’янчыкаў, Дз.Міхлееў, В.Сукманаў, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі; мультыплікатары А.Белавусаў, І.Волчак, А.Піткевіч і інш. У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў (з 1975). Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. Гл. таксама нарыс Кіно ў арт.Беларусь.
Л.І.Паўловіч.
Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Чырвонае лісце». 1958.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Масква—Генуя». 1964.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Іван Макаравіч».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Палескія калядкі».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Наш браняпоезд».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬ (Янка) (Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.Жалезняковіч і Р.Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і У.Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, І.Крылова, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, А.Даўжэнкі, І.Друцэ, Э.Ажэшкі, М.Канапніцкай, Б.Пруса, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, Я.Бранеўскай і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1979—81;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1992—93;
Пішу як жыву. Мн., 1994.
Літ.:
Канэ Ю. Янка Брыль: Критико-биогр. очерк. М., 1964;
Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;
Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;
Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;
Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч.Мн., 1982. Т. 2;
Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.