ГАРАБУ́РДЫ,

ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, радавы герб «Габданк». Паходзяць, верагодна, з полацкіх баяр. Найб. вядомыя:

Сямён Багданавіч, полацкі баярын, у час Лівонскай вайны 1558—83 трапіў у маскоўскі палон. Валодаў у Полацкім ваяв. Азярцамі, Гарадзеяй, Ушачамі і інш. Лукаш Багданавіч, каралеўскі дваранін, удзельнік пасольстваў у Маскву ў 1537 і 1558. У 1563—66 у маскоўскім палоне. Міхаіл (? — 1586), дыпламат, гл. Гарабурда М. Васіль Міхайлавіч, друкар, гл. Гарабурда В.М. Міхал Кароль (каля 1640—1709), дзярж. і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1666 дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы 1688—99, з 1691 маршалак слонімскі. Выступаў супраць групоўкі Сапегаў. Камандаваў слонімскай харугвай у Алькеніцкай бітве 1700, дзе Сапегі былі разбіты.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РСКІ (Сямён Львовіч) (20.10.1920, Мінск — 14.1.1992),

бел. перакладчык. Канд. філал. н. (1961), дац. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1947 працаваў у БДУ, з 1962 у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1957. Перакладаў з англ., франц., ісп. і ням. моў. На бел. мову пераклаў раманы П.​Абрахамса «Вянок для Удома» (1959), І.​Кардэнаса Акуньі «Загадка адной нядзелі» (1979), К.​Маккалаў «Птушкі на цернях» (1988), Дж.​Э.​Стэйнбека «Гронкі гневу» (1993), п’есу Э.​Заля «Наследнікі Рабурдэна» (паст. 1960), аповесці Л.​Рэна «Негр Нобі» (1962), П.​Джойса «Цікі» (1977), Д.​Алонса «У пошуках чорнай чайкі» (1982), зб. казак Г.​Прокапа «Пятае кола» (1980) і інш.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РУС (Сямён Пятровіч) (н. 21.11.1925, в. Кунічна Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. графік. Скончыў Віленскі маст. ін-т (1952). Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953—67). У розных тэхніках (лінагравюра, літаграфія, афорт, малюнак) выканаў партрэты К.​Каліноўскага (1953), Ф.​Скарыны (1954), Я.​Цікоцкага (1957), П.​Броўкі (1967), А.​Русака (1971), М.​Танка (1975), А.​Міцкевіча (1977), М.​Багдановіча (1981), Я.​Коласа (1982), А.​Бембеля (1983), Н.​Арсенневай, Л.​Геніюш, С.​Грахоўскага (усе 1996), дэлегатаў 6-га Сусв. фестывалю студэнтаў і моладзі ў Маскве (1957, серыя), пейзажы «Плошча Перамогі» (1972), «Стары Мінск» (1995—96, серыя), тэматычныя кампазіцыі «Мы — беларусы» (1968), «Янка Купала ў Вязынцы» (1982) і інш.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў (Сямён Мікалаевіч) (крас. 1892, г. Белы Цвярской вобл., Расія — 13.5.1938),

удзельнік Кастр. рэвалюцый і грамадз. вайны ў Беларусі. З 1909 вёў рэв. агітацыю сярод рабочых г. Белы, маскоўскага з-да «Гужон». З 1913 у арміі, у 1917 старшыня палкавога, дывізіённага, нам. старшыні карпуснога к-таў. З 27.10.1917 ваен. камендант і нач. гарнізона Віцебска, старшыня ваен. аддзела (губваенком) губ. выканкома. Арганізаваў разгром часцей Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага на тэр. губерні, абарону Віцебска ад кайзераўскіх войск.

У пач. 1919 старшыня Віцебскага губ. к-та РКП(б). З сак. 1919 на Паўд. фронце, у 1920—21 старшыня Севастопальскага ВРК, гарсавета. У 1921—23 нам. старшыні, старшыня выканкома Віцебскага губсавета. Пазней на ваен., парт. і сав. рабоце.

т. 8, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСРАШВІ́ЛІ (Маквала Філімонаўна) (н. 13.3.1942, г. Кутаісі, Грузія),

грузінская і расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Расіі (1975), нар. арт. Грузіі (1980), нар. арт. СССР (1986). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966). З 1966 салістка Вял. т-ра. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Дэздэмона, Леанора, Амелія («Атэла», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Наташа Растова, Любка, Паліна («Вайна і мір», «Сямён Катко», «Гулец» С.​Пракоф’ева), Тамар («Выкраданне месяца» А.​Тактакішвілі). У камерным рэпертуары рамансы С.​Рахманінава, Чайкоўскага, М. дэ Фалья. 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (Манрэаль, 1973). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ДСАН (Сямён Якаўлевіч) (26.12.1862, С.-Пецярбург — 31.1.1887),

рускі паэт. Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1882). Быў на ваен. службе, з 1884 у адстаўцы. Друкаваўся з 1878. З 1882 супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки». Першы зб. — «Вершы» (1885, Пушкінская прэмія АН 1886). Асн. тэмы творчасці — паэзія і яе роля ў жыцці грамадства, спачуванне народу, любоў да Радзімы; значнае месца займае любоўная і пейзажная лірыка. Аўтар паэм «Хрысціянка» (1878), «Вясновая казка» (1882), драмы ў вершах «Царэўна Соф’я» (незавершаная, апубл. 1902), зб. «Літаратурныя нарысы» (1887) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку Р.​Гліэрам, С.​Рахманінавым, А.​Рубінштэйнам, Ц.​Кюі і інш. Паэзіяй Н. захапляўся Я.​Купала.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1962;

Избранное. М., 1994.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛАЎ (Сямён Пятровіч) (20.10.1917, Мытахскі наслег Горнага р-на, Якуція — 27.11.1973),

якуцкі паэт. Скончыў Вышэйшыя ліг. курсы ў Маскве (1957). Друкаваўся з 1937. Першая кніга «Апавяданні» (1945). У паэт. зб-ках «Мая радзіма» (1949), «Мірны горад» (1958), «Белы конь Манчары» (1969, Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Горкага 1971), «Гучанне тайгі» (1972), «Галасы зямлі» (1977), «Мая Палярная зорка» (выд. 1980) і інш. — жыццё, праца, суровая і непаўторная прырода Поўначы, лёс чалавека самабытнага якуцкага краю. Яго паэзіі ўласцівы маштабнасць і глыбіня думкі, лірызм і публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, кнігі перакладаў «Сябры-паэты» (1963). На бел. мову творы Д. пераклаў У.​Правасуд.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. Т. 1—2. М., 1977.

Літ.:

Литвинов В.М. Семен Данилов. М., 1971.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЭ́ІН (Сямён Майсеевіч) (28.11.1899, г. Варонеж, Расія — 16.9.1978),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. танкавых войск (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, вайны ў Іспаніі ў 1936—37, баёў каля воз. Хасан (1938), вызваленчага паходу ў Зах. Беларусь 1939 (прымаў разам з ген. Г.​Гудэрыянам сумесны развітальны сав.-герм. парад у Брэсце), сав.-фінл. вайны 1939—40. З 1941 на Цэнтр., Калінінскім, 1-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Часці корпуса пад яго камандаваннем вызначыліся пры фарсіраванні р. Шчара, вызваленні Слоніма, Брэста, Варшавы, штурме Берліна. Да 1953 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін Брэста (1974).

С.М.Крывашэін.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Сямён Давыдавіч) (10.2.1900, г. Гомель — 1.11.1991),

генерал-маёр танк. войск (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камуніст. ін-т імя Свярдлова (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). З снеж. 1917 у Гомельскім чырвонагв. ат радзе, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. У 1937—42 у замежнай камандзіроўцы. З 1942 нач. ф-та Ваен. ін-та замежных моў. З ліп. 1943 на Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр., 3-м Бел., 1-м Прыбалтыйскім франтах: камандзір механізаванай брыгады, нам. камандзіра механізаванага корпуса. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, Паўн.-Зах. Кітая. Вызначыўся ў баях за г. Шаўляй (Літва) і Елгава (Латвія). Да 1956 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Маладзечна.

С.Д.Крэмер.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІНЦЭ́ВІЧ (Сямён Аляксандравіч) (крас. 1899, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.10.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1918 у атрадзе Чырв. гвардыі, удзельнік грамадз. вайны. У 1919 на курсах у Саратаўскай губшколе. З чэрв. 1921 на Беларусі ў Слуцкіх пав. к-це КП(б)Б і выканкоме, з канца года на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. З мая 1926 вучыўся ў Камуніст. ун-це Беларусі. З канца 1926 на парт. рабоце ў Заслаўі, з чэрв. 1927 — у Зах. Беларусі. Па даручэнні ЦК КПЗБ у 1928 забіў М.І.Гурына-Маразоўскага. У 1929 арыштаваны польск. паліцыяй. У 1932 у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у Мінск. У 1937 арыштаваны НКУС і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

У.​М.​Міхнюк.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)