БУДА́НЦАЎ (Віктар Віктаравіч) (н. 27.1.1961, г. Артык, Арменія),

бел. спартсмен (парусны спорт). Майстар спорту міжнар. класа (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1985). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1987 (клас «Лятучы галандзец»), чэмпіён Еўропы (1990).

т. 3, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТАЛЕ́ВІЧ (Барыс Прохаравіч) (22.4.1900, Мінск — 21.2.1928),

бел. спартсмен (рускія шашкі). Першы на Беларусі майстар спорту па шашках (1924). Займаў 5-я месцы на 1-м (1924) і 2-м (1925) чэмпіянатах СССР. Чэмпіён Мінска (1922).

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕ́РАВА (Наталля Маратаўна) (н. 16.4.1971, Мінск),

бел. спартсменка (тэніс). Засл. майстар спорту (1991). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1992), пераможца тэнісных турніраў: Уімблдонскага (Англія, двойчы), пяршынстваў Францыі, Аўстраліі і ў парным разрадзе. Неаднаразовая пераможца і прызёр інш. міжнар. турніраў.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕ́ЎСКІ (Андрэй Пятровіч) (н. 16.7.1969),

бел. спартсмен (гандбол). Майстар спорту міжнар. класа (1992). Чэмпіён XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія). У складзе каманды СКА (Мінск) уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1990). З 1993 у Германіі (гандбольны клуб «Ленцынггаўзен»).

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТАЛЁТНЫ СПОРТ,

від авіяцыйнага спорту, уключае спаборніцтвы на дакладнае пілатаванне верталётам на малой вышыні ў абмежаваны час, слалам, верталётаваджэнне. У СССР пачаў развівацца з 1958, тады ж уключаны ў Адзіную спарт. класіфікацыю. На Беларусі развіваецца з пач. 1960-х г. З 1974 каманда Беларусі па верталётным спорце ўдзельнічала ў чэмпіянатах СССР (бел. верталётчыкі былі чэмпіёнамі і прызёрамі гэтых спаборніцтваў), з 1994 — у чэмпіянатах свету. Бел. майстры верталётнага спорту А.​Грышчанка і А.​Дзятлаў — чэмпіёны свету, І.​Гарэлышава і Т.​Стэльмах — бронзавыя прызёры (усе ў 1994). Падрыхтоўка спартсменаў да 1991 ажыццяўлялася праз структуры ДТСААФ БССР, з 1991 — Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства. Асн. цэнтры падрыхтоўкі — Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі аэраклубы. У 1978 у Віцебску праходзіў чэмпіянат свету па верталётным спорце.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ГЛІ (ням. Kegel),

гульня спарт. тыпу, мэта якой — збіць меншай колькасцю шароў, што пускаюць рукамі, найб. колькасць фігур—кегляў, размешчаных на пляцоўцы ў пэўным парадку і на адлегласці 15—20 м.

Вядомы са стараж. часоў. Радзіма сучасных К. — Германія (17—18 ст.). Як від спорту К. былі пашыраны ў 19—20 ст. у многіх краінах. Сучасныя спарт. К. культывуюцца з 1920. Міжнар. федэрацыя кегельнага спорту засн. у 1952 (Хельсінкі). Нац. чэмпіянаты па спарт. К. праводзяць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Францыя, Японія і інш., чэмпіянаты свету — з 1926, Еўропы — з 1964. У краінах, дзе культывуюць К., ёсць спец. збудаванні — кегельбаны (з 18 ст.), абсталяваныя аўтаматызаванымі дарожкамі для пуску шароў, сігнальна-выліч. прыладамі. Спарт. К. ў ЗША і інш. краінах наз. боўлінг.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАФЕ́ЕЎ (Эдуард Васілевіч) (н. 2.6.1942, г. Краснаярск, Расія),

бел. і рас. спартсмен і трэнер па футболу. Майстар спорту СССР міжнар. класа (1966), засл. майстар спорту СССР (1967). Засл. трэнер СССР (1989), засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1972), Вышэйшую школу трэнераў (1977, Масква). У 1963—72 у мінскім «Дынама». У складзе зборнай каманды СССР (з 1963) бронз. прызёр чэмпіянату свету (1966, Лондан), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1964, Мадрыд). У складзе каманды «Дынама» (Мінск) бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1963), фіналіст Кубка СССР (1965). З 1972 на трэнерскай рабоце. Пад яго кіраўніцтвам каманда мінскага «Дынама» — чэмпіён СССР (1982), бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1983). З 1983 ст. трэнер алімп. зборнай каманды СССР па футболе, з 1991 трэнер у рас. футбольных клубах.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.

На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.​Потэс, А.​Мінянок, Дз.​Яскевіч, М.​Амяльянчык, Ю.​Грамыка, А.​Паўлава, А.​Надзін і інш. Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЛЁНАК (Дзмітрый Аляксандравіч) (н. 14.12.1971, Мінск),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту (1992). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў на дыстанцыі 500 м (1992, Барселона), чэмпіён свету на дыстанцыі 200 м (1994). Усе поспехі дасягнуты на каноэ-двойцы з А.Масейкавым.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Афрыкі. Праводзяцца з 1965 Вышэйшым саветам спорту Афрыкі (уваходзяць каля 50 краін кантынента, 1987) пад апекай Міжнар. алімпійскага к-та. У праграме спаборніцтвы па баскетболе, барацьбе, боксе, валейболе, веласпорце, гандболе, дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні, футболе і інш.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)