ДУНІ́ЛАВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Пл. 900 км². 366 нас. пунктаў (1946). Цэнтр — г.п. Дунілавічы. 12.10.1940 раён падзелены на 14 сельсаветаў: Ваўкалацкі, Варапаеўскі, Галбейскі, Гулідаўскі, Дунілавіцкі, Жуперскі, Заўлецкі, Казлоўшчынскі, Ласіцкі, Міхайлаўскі, Мосарскі, Сяргеевіцкі і Тузбіцкі. З 20.9.1944 раён у складзе Полацкай, з 3.8.1954 Маладзечанскай абласцей. 20.1.1960 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Глыбоцкага р-на.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1676—1832 у Віцебску. Засн. віцебскім ваяводам Я.​А.​Храпавіцкім. У 1685 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія і жылы корпус. Пасля пажару 1733 пабудаваны мураваныя касцёл і 3-павярховы жылы корпус у стылі позняга барока. У 1772 касцёл асвячоны біскупам-суфраганам беларускім Ф.​Тавянскім. У 1832 кляштар скасаваны. У 1843 касцёл стаў парафіяльным, дзейнічаў да 1920-х г. (тады ж разбураны і будынкі).

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕФІ́С (ад франц. bènèfice прыбытак, карысць),

спектакль, увесь збор ад якога (поўны бенефіс) ці частка яго (паўбенефіс) ідзе на карысць аднаго ці некалькіх акцёраў-бенефіцыянтаў (за вылікам расходаў на спектакль). Узніклі ў Францыі ў 1735. У Расіі ўвайшлі ў практыку з 1783 (да 1809 дазваляліся таксама драматургам і кампазітарам). У СССР у 1925 бенефіс скасаваны. На Беларусі вядомыя з сярэдзіны 19 ст. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі аднаўляцца.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМО́РСКІ СУД,

судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1923—24. Утвораны 15.2.1923 у Віцебскай губ. РСФСР у выніку перайменавання Лепельскага пав. ў Бачэйкаўскі павет і далучэння да яго часткі скасаванага Сенненскага пав. Цэнтр — мяст. Бачэйкава. Уключаў 9 валасцей (Бешанковіцкая, Лепельская, Лукомская, Несінская, Ульянавіцкая, Ушацкая, Хоцінская, Чарэйская, Чашніцкая). З 3.3.1924 у складзе БССР. 20.6.1924 павет скасаваны: Лукомская і Чарэйская вол. перададзены ў Барысаўскі пав., Бешанковіцкая, Ульянавіцкая і Чашніцкая — у Віцебскі пав., астатнія воласці — у Полацкі пав.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-КІТА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1946 аб дружбе, гандлі і навігацыі.

Падпісаны 4.11.1946 у Нанкіне паміж ЗША і ўрадам Чан Кайшы. Фактычна нераўнапраўны дагавор меў на мэце замацаваць і пашырыць ролю амер. капіталу ў эканоміцы паўкалан. Кітая, забяспечыць манаполіям і грамадзянам ЗША усе правы, якімі карысталіся кіт. карпарацыі і грамадзяне; дэклараваў роўныя правы кітайцам у іх эканам. дзейнасці ў ЗША, што было не па сіле эканамічна слабаму Кітаю. Скасаваны ў 1949 пасля ўтварэння КНР.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т 1862—65,

спецыяльная дзярж. ўстанова, утвораная 2.10.1862 у Пецярбургу для распрацоўкі мерапрыемстваў па ліквідацыі нац.вызв. руху на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. У склад к-та ўваходзілі старшыня К-та міністраў кн. П.​П.​Гагарын (старшыня), шэф жандараў, міністры замежных спраў, ваенны, юстыцыі, унутр. спраў, фінансаў, нар. асветы, дзярж. маёмасці, обер-пракурор Сінода, у рабоце ўдзельнічалі віленскі і кіеўскі ген.-губернатары. Меў шырокія паўнамоцтвы. Скасаваны ў студз. 1865.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНЕ́Т (франц. cornette),

малодшы афіцэрскі чын (воінскае званне) у кавалерыі шэрагу краін Еўропы і Расіі ў 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова К. выконвалі ролю сцяганосцаў. У рас. арміі ўведзены у 1801 (акрамя драгунскай і казацкай кавалерыі, з 1882 уведзены і ў драгунаў), потым у жандармерыі і пагран. варце, адпавядаў чыну прапаршчыка (з 1884 падпаручніка) у пяхоце, артылерыі і інш. часцях, харунжага ў казакоў. Скасаваны ў еўрап. арміях да канца 19 ст., у Расіі — у 1917.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТУЭ́НСКІ ДАГАВО́Р.

Падпісаны ў снеж. 1703 паслом Вялікабрытаніі ў Партугаліі лордам Метуэнам (адсюль назва) і партуг. ўрадам. Паводле М.д., у абмен на значнае памяншэнне мытных падаткаў на сваё віно партуг. ўлады дазволілі свабодны ўвоз у Партугалію англ. шарсцяных вырабаў. У выніку Вялікабрытанія заняла пануючае месца ў знешнім гандлі з Партугаліяй, што зрабіла вінаробства вядучай галіной партуг. эканомікі і прывяло да заняпаду інш. галін прам-сці. Дагавор узмацніў залежнасць Партугаліі ад Вялікабрытаніі. Фармальна скасаваны ў 1836.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—54. Цэнтр — г. Пінск. Утворана 4.12.1939, уключала 5 паветаў: Драгічынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі (часткова). 15.1.1940 паветы скасаваны, утвораны 11 раёнаў: Ганцавіцкі, Давыд-Гарадоцкі, Драгічынскі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Лагішынскі, Ленінскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі, Целяханскі. У 1941 пл. вобласці 16,3 тыс. км², нас. 533,6 тыс. чал., 4 гарады, 5 гар. пасёлкаў, 1 раб. пасёлак, 159 сельсаветаў. 8.1.1954 пасля скасавання тэр. вобласці ўключана ў Брэсцкую вобласць.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)