АЛЮМАТО́Л,

грануляванае выбуховае рэчыва брызантнага дзеяння; сплаў трынітраталуолу з парашком алюмінію. Выкарыстоўваецца на адкрытых работах для разбурэння абводненых цвёрдых парод.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗА (ад грэч. dosis порцыя, прыём),

вызначаная, дакладна адмераная колькасць чаго-н. (якога-н. рэчыва, лякарства). Гл. таксама Дозы выпрамянення.

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАГРЭ́Ў,

1) награванне вадкасці вышэй пункта яе кіпення пры дадзеным ціску, таксама награванне цвёрдага крышталічнага рэчыва вышэй пераходу з адной крышт. мадыфікацыі ў другую (пры плаўленні не адбываецца). Перагрэтае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане. На П. вадкасці грунтуецца работа пузырковых камер.

2) Нагрэў вадзяной пары вышэй т-ры яе насычэння пры тым жа ціску.

3) П. металаў — дэфект структуры металаў, абумоўлены перавышэннем дапушчальнай т-ры ці працягласці нагрэву. Метал з такім дэфектам набывае (пасля ахаладжэння) буйнакрышталічную структуру, што пагаршае яго мех. ўласцівасці.

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),

умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн. К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ фатаграфічная,

увядзенне ў фатаграфічную эмульсію спец. дамешак (сенсібілізатараў) для павелічэння агульнай святлоадчувальнасці і пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці фотаматэрыялу. Бывае аптычная і хімічная.

Аптычная С. ажыццяўляецца дамешваннем у фотаэмульсію рэчыва, здольнага перадаць галагенідам серабра паглынутую энергію святла (непасрэдна не ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыі). Павышае святлоадчувальнасць матэрыялаў у вобласці паглынання сенсібілізатара. Хімічная С. грунтуецца на адсарбцыйных працэсах у месцах парушэння крышталічнай рашоткі галагеніду серабра і хім. узаемадзеянняў святлоадчувальнага рэчыва з уведзенымі дамешкамі. Павышае агульную святлоадчувальнасць фатагр. эмульсій без пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ,

спецыфічныя з’явы, што назіраюцца паблізу крытычных пунктаў і пунктаў фазавых пераходаў 2-га роду.

Да К.з. адносяць: рост сціскальнасці рэчыва ў наваколлі крытычнага пункта раўнавагі вадкасць—пара; узрастанне магн. успрыімлівасці і дыэл. пранікальнасці паблізу Кюры пунктаў ферамагнетыкаў і сегнетаэлектрыкаў; анамалія цеплаёмістасці ў пункце пераходу гелію ў звышцякучы стан (гл. Звышцякучасць); запавольванне ўзаемнай дыфузіі расслоеных вадкіх сумесяў; анамаліі распаўсюджвання ультрагуку, рассейванні святла і інш. У больш вузкім сэнсе К.з. наз. з’явы якія вынікаюць з росту флуктуацый шчыльнасці, канцэнтрацыі і інш. фіз. велічынь у наваколлі пунктаў фазавых пераходаў, напр., у крытычным пункце раўнавагі вадкасць—пара шчыльнасць рэчыва значна мяняецца ад аднаго пункта да другога. Памеры такіх флуктуацый параўнальныя з даўжынёй хвалі святла, у выніку чаго рэчыва становіцца непразрыстым і набывае апалавую (малочна-мутную) афарбоўку (крытычная апалесцэнцыя).

П.​А.​Пупкевіч.

Да арт. Крытычныя з’явы. Дыяграмы накіраванасці рассеяння святла: а — на незалежных флуктуацыях шчыльнасці вадкасці; б — пры крытычнай тэмпературы.

т. 8, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІТРО́НІЙ,

звязаная сістэма часціц электрона і пазітрона. Падобны на атам вадароду, дзе пратон заменены пазітронам. Мае масу, роўную 2 электронным, а памеры ўдвая большыя за памеры атама вадароду.

Утвараецца пры сутыкненнях павольных пазітронаў з атамамі рэчыва. У залежнасці ад узаемнай арыентацыі спінаў электрона і пазітрона адрозніваюць ортапазітроній (спіны часціц паралельныя; час жыцця τ = 1,4∙10​−7 с; распадаецца на 3 γ-кванты) і парапазітроній (антыпаралельныя; τ = 1,25∙10​−10 с; распадаецца на 2 γ-кванты).

Палярызаваны П., утвораны пазітронам, атрыманым пры бэта-распадзе, мае своеасаблівыя ўласцівасці: вектар яго спіна прэцэсіруе вакол напрамку магн. поля (тэарэтычна прадказана У.Р.Барышэўскім і эксперыментальна назіралася ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі). Уласцівасці і час жыцця П. ў рэчыве адрозныя ад характарыстык свабоднага П. і вызначаюцца ўласцівасцямі рэчыва. Выкарыстоўваецца для вывучэння фіз.-хім. асаблівасцей рэчыва, напр., хуткіх хім. рэакцый атамарнага вадароду, працягласць працякання якіх параўнальная з часам жыцця П.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСААБМЕ́Н,

самаадвольны неабарачальны працэс пераносу масы, абумоўлены неаднароднасцю палёў т-ры, парцыяльнага ціску, канцэнтрацыі рэчыва і інш. Гл. Цепла- і масаабмен.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ШЧЫ́ЛЬНАСЦЬ,

мера непразрыстасці слоя рэчыва для светлавых прамянёў. Характарызуе аслабленне аптычнага выпрамянення ў слаях рэчываў (фарбавальнікаў, святлафільтраў, раствораў і інш.). Для неадбівальнага слоя D = lg I0/I = kλL, дзе I0, I — інтэнсіўнасць святла, што ўпала на слой і выйшла з яго адпаведна, kλ — каэфіцыент паглынання асяроддзя для выпрамянення з даўж. хвалі λ, L — таўшчыня слоя рэчыва. Аптычная шчыльнасць звязана з каэфіцыентам прапускання τ: D = lg 1/τ. Вымяраецца з дапамогай дэнсітометраў, мікрафатометраў, спектрасенсітометраў і інш. Выкарыстоўваецца ў фатаграфіі, астрафотаметрыі, пры аптычным гуказапісе, пры спектральнай аэрафотаздымцы і інш.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫРЭ́ЧЫВА,

рэчыва, якое складаецца з антычасціц. Ядры атамаў антырэчыва складаюцца з антыпратонаў і антынейтронаў, абалонкі атамаў — з пазітронаў. Сутыкненне аб’ектаў з рэчыва і антырэчыва павінна прыводзіць да анігіляцыі, у выніку якой утвараецца жорсткае γ-выпрамяненне з энергіяй ≥ 70 МэВ. У 1965 амер. вучоныя пад кіраўніцтвам Л.​Ледэрмана зарэгістравалі ўтварэнне ядраў антыдэйтэрыю, у 1970 сав. вучоныя пад кіраўніцтвам Ю.​Д.​Пракошкіна — ядры антыгелію-3. Значных назапашванняў антырэчыва ў Сусвеце пакуль не выяўлена, але касмалагічныя мадэлі Сусвету і яго ўтварэння не здымаюць пытання аб існаванні антырэчыва.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)