КАСПРО́ВІЧ ((Kasprowicz) Ян) (12.12.1860, в. Шымбаж, каля г. Інавроцлаў, Польшча — 1.8.1926),
польскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Вроцлаўскім ун-тах. З 1888 жыў у Львове і Пароніне (Польшча), у 1908—25 выкладаў у Львоўскім ун-це. Друкаваўся з 1882. Рэаліст. тэндэнцыі ў паказе сац. канфліктаў у польск. вёсцы ў 1880—90-х г. уласцівы зб-кам «Паэзія» (1889), «З сялянскага загона» (1891), гіст. драмам «Канец свету» (1891), «Бунт Наперскага» (1899). Двухпланавасць, матывы жыцця і смерці, страснасць паэт. інтанацый характэрны для паэмы «Хрыстос» (1890), цыклу санетаў «Куст дзікай ружы» (1898). Аўтар цыкла пейзажнай лірыкі «З Альпаў», «З Татраў», «Над безданню» (1898), у паэт. цыклах «Балада пра сланечнік» (1908), «Імгненне» (1911) роздум пра чалавека, сябе і паэзію. У зб-ках «Кніга ўбогіх» (1916), «Гімны» (1921), «Мой свет» (1926) выявіліся уплыў сімвалізму, рэліг.-містычныя настроі. Пераклаў на польск. мову «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Гурыновіч, Я.Купала, С.Дзяргай.
Тв.:
Бел.пер. — у кн. Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 25.10.1935, в. Замошша Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1962). Працаваў у прэсе, на Бел. радыё, у выд-ве «Мастацкая літаратура», у 1986—98 у Саюзе бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1954. Выдаў зб-кі паэзіі «Ўзлётная паласа» (1960), «Далягляд» (1964), «Светацені» (1967), «Начная балада» (1971), «Сонца купаецца» (1976), «Сляза на вейцы» (1982), «Гадавое кальцо» (1986), «Што было на Беларусі» (1994) і інш. У-іх тэмы вернасці і кахання, роздум над надзённымі праблемамі часу. У аповесцях і апавяд. (зб-кі «Годы нашы — птушкі», 1970; «Ад агню і мяча», 1973) гераізм народа ў Вял.Айч. вайну. Для дзяцей кн. «Пажарніца» (1968), «Чуж-чужаніца» (1979), «Радзімкі» (1989), «Колькі гусей убачыў Яўсей?» (1994), «Хто знае — адгадае» (1997). Літ. прэмія імя І.Мележа за аповесць «Пад схіленым дрэвам» (1997). На бел. мову пераклаў раманы «Чужая дачка» Я.Фельдэака, «Момант ісціны» («У жніўні сорак чацвёртага...») У.Багамолава, паасобныя творы рус., укр., літ., груз., балг. і інш. паэтаў (кн. яго перакладаў «Поціск рукі», 1991).
кітайскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Пекінскім ун-це. У 1949—64 міністр культуры КНР, у 1976—81 старшыня Саюза кіт. пісьменнікаў. Яго творчасці ўласціва спалучэнне традыц. стылю з патрабаваннямі эстэтыкі сац. рэалізму. Праблемы інтэлігенцыі, расчараванай у рэвалюцыі, адлюстраваны ў трылогіі «Зацьменне» (1927—28), зб-ках апавяд. «Шыпшына» (1929) і «Леташняя трава» (1931). Жыццё кіт. горада і вёскі ў аповесці «Крама сям’і Лінь» (1932), рамане «Перад світаннем» (1933). Рэв. настроі ў сял. асяроддзі — гал. тэма «Вясковай трылогіі» (1932—34). У гады вайны супраць Японіі (1937—45) у творах гучаць патрыят. матывы (раман «Распад», 1941; аповесці «Несправядлівасць», «Аповесць пра першы этап», «Пасля разгрому» і інш.). Роздум пра лёс кіт. правінцыі напярэдадні рэв. 1911 адлюстраваны ў рамане «Зарошанае лісце, чырвонае, як кветкі веснавыя» (1942). Аўтар літ.-крытычных твораў, публіцыстыкі (зб-кі «Натхненне», 1959; «Пра гісторыю і гістарычныя драмы», 1962, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬНЯ́К (сапр.Вогаў) Барыс Андрэевіч
(11.10.1894, г. Мажайск Маскоўскай вобл., Расія —21.4.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1920). Друкаваўся з 1915. У рамане «Голы год» (1921), аповесцях «Іван-ды-Мар’я» (1922), «Чырвонае дрэва» (апубл. за мяжой 1929, у Расіі 1989), зб. апавяданняў «Расплюханы час» (1927) і інш. паказ, часам натуралістычны, побыту рэв. эпохі. Алюзія на таемныя абставіны гібелі М.В.Фрунзе ў псіхал. «Аповесці непагашанай поўні» (апубл. за мяжой 1926, у Расіі 1987, экранізавана). Роздум пра лёс Расіі, яе гіст. шлях у «Аповесці пецярбургскай» (1922), аповесці «Маці-мачаха» («Трэцяя сталіца», 1923). Аўтар «вытворчага» рамана «Волга ўпадае ў Каспійскае мора» (1930), рамана «Саляны свіран» (нап. 1937, апубл. 1964), «Аповесці пра чорны хлеб» (1923), «Кітайскай аповесці» (1927), кніг нарысаў «Карані японскага сонца» (1927), «О’кэй» (1933) і інш. Проза П. адметная пошукамі новых форм: арнаментальны стыль, фрагментарна-мазаічная кампазіцыя, рытмічныя і сінтакс. паўторы і інш. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову яго апавяданне «Наследнікі» пераклаў Я.Скрыган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАПАРТРЭ́Т (ад аўта... + партрэт),
выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.
Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння (Рафаэль, А.Дзюрэр). Аўтапартрэт маньерызму (16 ст.) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры. Аўтапартрэт 17 ст. мае спавядальны характар, у ім раскрываецца сац. аблічча мастака (Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце 18 ст. падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж.Б.Шардэн, Дж.Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы 19—20 ст. жанр аўтапартрэта часта выбіраецца для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (П.Сезан, В. ван Гог, М.Урубель). У 20 ст. вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.
У бел.выяўл. мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Ф.Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з’явіліся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. выдатныя аўтапартрэты стварылі К.Альхімовіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Я.Кругер, Ю.Пешка, А.Ромер, К. і Б.Русецкія, Н.Сілівановіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі; на пач. 20 ст. — Ю.Пэн, Ф.Рушчыц, М.Шагал. Аўтапартрэты 1920—30-х г. адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (П.Гаўрыленка, П.Сергіевіч, М.Тарасікаў). У 1940—60-я г. ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асн. ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (І.Ахрэмчык, В.Грамыка, Н.Воранаў, Р.Кудрэвіч, Л.Лейтман, М.Манасзон, Ф.Мадораў, П.Раманоўскі, М.Тарасікаў, У.Кухараў). У 1970-я г. да аўтапартрэта звярталіся Г.Вашчанка, В.Варламаў, Н.Варвановіч, В.Грамыка, Л.Дударанка, Г.Лойка і інш. У 1980-я г. ў жанры аўтапартрэта з’яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступае ў пэўным амплуа (Ф.Янушкевіч, Г.Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэтаў становяцца ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (М.Савіцкі «Вязень № 32815», Г.Вашчанка «Роздум», В.Сумараў «Мой свет», М.Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазіцыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Л.Шчамялёў «Нядзеля», Э.Белагураў «Сямейны партрэт», І.Бархаткоў «Бацька і сын»). Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхал. асновы, філас. падтэксту.
Літ.:
Зингер Л.С. Автопортрет в системе жанров // Зингер Л.С. Очерки теории и истории портрета. М., 1986;
Яго ж. Автопортрет в советской живописи. М., 1986.
М.І.Цыбульскі.
Да арт.Аўтапартрэт. А.Дзюрэр. 1500.Да арт.Аўтапартрэт. Г.Серабракова. За туалетам. 1909.Да арт.Аўтапартрэт. В.Ваньковіч. 1880-я г.Да арт.Аўтапартрэт. Л Дударанка. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЧЭ́ЛЬ-ЗАГНЕ́ТАВА (Данута Янаўна) (н. 3.12.1937, в. Біскупцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла Гродзенскі пед.ін-т (1962). Настаўнічала. З 1982 у Гродзенскім гіст.-археал. музеі, з 1995 дырэктар Музея М.Багдановіча ў Гродне. Друкуецца з 1958. Першы зб. вершаў «Дзявочае сэрца» (1961). У творчасці Бічэль-Загнетавай — шчырасць, пачуццё грамадз. адказнасці, годнасці і гонару, болю і радасці за бацькоўскую зямлю, праблемы сучаснасці і гіст. мінулага, матывы вернасці высокім маральна-этычным прынцыпам дружбы, сяброўства, кахання, мацярынства. Зб. лірыкі «Божа мой, Божа» (1993) — малітва за Беларусь, адраджэнне душы, мовы, трывожны роздум пра лёс роднага краю (верш «Малітва»), Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за зб. вершаў «Дзе ходзяць басанож» (1983). Для дзяцей зб-кі «Перапёлка» (1968), «Дагані на кані» (1973), «Габрынька і Габрусь», (1985), «Гараднічанка» (1993) і інш. Складальнік альманаха «Краю мой — Нёман» (1986, з А.Цяжкім), зб. твораў Л. і Ю.Геніюшаў «Маці і сын» (Беласток, 1992, з С.Яновічам).
Тв.:
Ты — гэта ты. Мн., 1976;
Браткі. Мн., 1979;
Даўняе сонца. Мн., 1987;
А на Палессі. Мн., 1990.
Літ.:
Бярозкін Р. Святло і рух // Маладосць. 1976. № 6;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 73—75, 111—113;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 47—52, 111—114.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВО́НАК (Алесь) (Пётр Барысавіч; 14.2.1907, Мінск — 2.2.1996),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1931). Узначальваў Полацкую філію «Маладняка». Працаваў на Бел. радыё, у АН Беларусі, рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў. Пакаранне адбываў у Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Раннія зб-кі паэзіі «Буры ў граніце» (1929), «На лініі агню!» (1932), «Мая Радзіма» (1935), паэмы «Каршун» (1930) і «Загай» (1931) вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю, квяцістасцю стылю, імкненнем да абагульненага паказу рэчаіснасці. Асн. матывы кніг «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), «Святлацені» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) — паэтызацыя працы і прыроды, філас.роздум пра жыццё, час, каханне і смерць. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар кн. артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» (1973), п’есы «Навальніца будзе» (паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1959), сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). Пераклаў на бел. мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з Удэге» А.Фадзеева (з Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з Хведаровічам, 1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНІ́ЗНІК (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 10.5.1942, в. Бабышкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскае мед. вучылішча (1962), ф-т журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-паліт. вучылішча (1967). З 1967 ваен. журналіст. З 1977 у газ. «Вячэрні Мінск», з 1980 на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982—96 у выд-ве «Юнацтва», адначасова ў 1992—94 у Нац.навук.-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны, у 1996—99 вучоны сакратар Літ. музея Я.Купалы. Друкуецца з 1959 (мае псеўд. Сяргей Папар). У зб-ках паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі...» (1994) і інш. услаўленне роднага краю і яго духоўнай спадчыны, пераемнасці пакаленняў, філас.роздум над часам і гісторыяй свайго народа. Аўтар кн. публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980). Аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992) пра Саласпілскі лагер смерці. Піша для дзяцей: зб-кі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы — грамацеі!» (1989), «Золкая зёлка» (1999). З 1990 укладае штогоднік гіст. л-ры «Бацькаўшчына». Даследуе бел.-лат., бел.-ўкр., бел.-чэш.гіст. і культ. сувязі. Перакладае паэзію з інш. моў (зб. «Сустрэча роднасных сусветаў», 1997). На некат. яго вершы напісаны песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫТА́ЦЫЯ (ад лац. meditatio роздум, разважанне, абдумванне),
разумовае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленай засяроджанасці, яго самаўдасканаленне і вылячэнне; адна з сістэм псіхафіз. трэніроўкі чалавека. М. існавала са стараж. часоў у культуры многіх народаў свету, яе гал. прызначэннем лічылася спасціжэнне Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай Ісціны, Бога, дасягненне прасветленасці («азарэння»). Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў, канцэнтрацыяй увагі на якім-н. прадмеце, з’яве, працэсе (музыцы, дыханні, зямлі, небе і інш.); сеанс М. можа працягвацца ад 10—15 мін да некалькіх гадзін. Існуюць розныя тыпы М. ў залежнасці ад культ.-гіст. умоў. Усходні тып (прадстаўлены ўсімі формамі ёгі ў Індыі, даасізмам у Кітаі, дзэн-будызмам у Японіі) накіраваны на рэліг.-містычнае растварэнне індывід. свядомасці ў безасабовым, «акіянападобным Абсалюце». Хрысціянскі тып прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб (чалавечай і боскай) і праяўляецца ў час працяглых малітваў, літургій і да т.п. Псіхафізічны тып разлічаны на тэрапеўтычна-аздараўляльны эфект. Методыкі М. распрацоўваюцца ў сучасным псіхааналізе, аналітычнай псіхалогіі, выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапіі, псіхафіз. трэнінгах (аўтагенная трэніроўка нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтагіпноз). Заняткі М. дазваляюць павысіць імунітэт і вынослівасць арганізма, палепшыць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, выявіць яго экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне і інш.).
Літ.:
Каптен Ю.Л. Основы медитации: Вводный практич. курс. СПб., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ШЧАНКА (Гаўрыла Харытонавіч) (н. 20.6.1928, в. Чыкалавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Нар. мастак Беларусі (1988). Праф. (1980). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1955). Працуе ў галіне станковага жывапісу, акварэлі, манум. размалёўкі і вітража. Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. У творах «Маё Палессе», «Нафтавікі Палесся», «Дума пра хлеб» (усе 1973), «Мацярынскія крылы» (1975), «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» (1986) і інш. — роздум пра мінуўшчыну роднай зямлі, актуальныя праблемы часу, патрыятызм. Важным падзеям бел. гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва» (1985), трыпціх пра паўстанне К.Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Балада пра мужнасць» (1974; сярэбраны медаль імя М.Грэкава), «Прарыў», «Мір зямлі маёй» і «Ліпеньскі мёд» (1982; за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1987). Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзярж.-паліт. дзеячаў Беларусі: Я.Купалы, Я.Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К.Астрожскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, Вітаўта, Льва Сапегі і інш. Зрабіў манум. размалёўкі «Зямля светлагорская» (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), «Асветнікі» (1976, Дом настаўніка), вітражы ў касцёле Сымона і Алены (1974), у кінатэатры «Масква» (1980, з М.П.Вашчанкам; усе ў Мінску). Міжнар. біяграфічны цэнтр у Кембрыджы (Англія) прысудзіў Вашчанку ганаровыя званні «Чалавек года 1992—96», «Чалавек XX стагоддзя» (1992), імянны сярэбраны медаль, «Залаты дыск» (1993—94).