парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Пашыраны ў субтрапічных і трапічных раёнах, многія — ва ўмеранай зоне. На Беларусі трапляюцца віды з родаў батрыясферыя, датыёра, гіньярдыя. Сапратрофы на розных раслінных рэштках, паразіты на лісці, сцяблах, пладах розных раслін.
Пладовыя целы (псеўдатэцыі) падушка- або коркападобныя, чорныя, з адной ці некалькімі локуламі, часам зрастаюцца. Сумкі 2—16-споравыя, булавападобныя, на кароткай ножцы. Споры адна- ці шматклетачныя. У цыкле развіцця адзначаны канідыяльныя стадыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЫ́ЛКІ,
нястаткавыя саранчовыя, насякомыя падсямейства саранчовых, падатр. караткавусых прастакрылых. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі 7 родаў. Шкоднікі пасеваў, пашы і сенажацей.
Даўж. да 3 см. Ротавыя органы грызучыя, вусікі кароткія, заднія ногі скакальныя. 2 пары крылаў. Яйцы кладуць у глебу, кучкамі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Зімуюць у фазе яйца ці лічынкі. Адно пакаленне за год. Расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАПУ́ЗІКІ (Histeridae),
сямейства насякомых агр. жукоў. Каля 3500 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі 20 родаў, 61 від. Жывуць у мярцвячыне, гнаі, пад карой і ў драўніне, у гнёздах птушак і норах звяроў або мурашніках, трапляюцца ў памяшканнях.
Даўж. да 20 мм. Цела цвёрдае, пукатае. Афарбоўка чорная, бурая, часта з метал. бляскам. Ногі капальныя. Драпежнікі, кормяцца лічынкамі насякомых, кляшчамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТУ́ЧЫЯ РЫ́БЫ (Exocoetidae),
сямейства рыб атр. сарганападобных. 7 родаў, больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Трымаюцца чародамі.
Даўж. да 50 см. Грудныя плаўнікі размешчаны высока, доўгія і шырокія, прыстасаваны да планіруючага палёту над вадой (сродак ратавання ад драпежнікаў). Пралятаюць у паветры да 400 м на выш. да 10 м. Орган РУХУ — хваставы плаўнік. Планктафагі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТАЧНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя рэчывы, якія стымулююць скарачэнне гладкай мускулатуры маткі. Выкарыстоўваюцца ў акушэрстве і гінекалогіі пры матачных крывацёках, перапыненні цяжарнасці ці штучным выкліканні родаў, для ўзмацнення схватак пры родах і інш. М.с., якія найб. уплываюць на скарачальную функцыю маткі, падзяляюць на 3 групы: гармоны (оксітацын, пітуітрын і інш.); простагландзіны; прэпараты з экстракту спарынні (эргатал, эргаметрын, метылэргаметрын — забаронены пры цяжарнасці і родах). М.с. атрымліваюць пераважна сінтэтычна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАВІ́НА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне карысталася больш за 200 родаў, у т. л. Бжоскі, Гулевічы, Златніцкія, Язерскія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранага мяча над сярэбранай кацельнай дужкай. Першапачатковы колер поля чырвоны. Клейнод — над прылбіцай з каронай сагнутая ў калене залатая нага ў засцерагальным узбраенні. Існуе варыянт герба з крыжам замест мяча. Герб вядомы з канца 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ЛЕНЧ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне карысталася каля 400 родаў, у т. л. Малахоўскія, Машынскія, Рачынскія, Чарнкоўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай круглай павязкі, звязанай унізе (першапачаткова павязка не была звязанай). Клейнод — над прылбіцай з каронай жаночая постаць у чырв. сукенцы і з сярэбранай павязкай на галаве, трымаецца рукамі за аленевыя рогі. Вядомы з 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАСТАІДЭ́І (Blastoidea),
марскія бутоны, клас вымерлых ігласкурых. Больш за 50 родаў, 300 відаў. Вядомы з ардовіку да пярмі ўключна ў Еўропе, Казахстане, Паўн. Амерыцы, Інданезіі. На Беларусі рэшткі знойдзены пераважна ў пародах ардовіку. Жылі ў морах.
Цела даўж. да 35 см складалася з кароны, утворанай бутонападобнай чашачкай — тэкай са шматлікімі «ручкамі» — брахіёламі, і сцябла. Пад чашачкай знаходзілася сістэма вапняковых трубачак, якія служылі, верагодна, для дыхання. Рэшткі некаторых бластаідэй — вызначальнікі ўзросту каменнавугальных і пермскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БКА, бабка-павітуха,
у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫ́ЎДА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».