ГРА́ЗЕВЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, дзе адным з асн. лек. фактараў з’яўляюцца гразі лячэбныя. Вытокі ў практыцы гразелячэння з часоў Стараж. Рыма і Усходу. У канцы 18 ст. гразевыя курорты з’явіліся ў многіх краінах Еўропы (Швецыя, Аўстрыя, Германія, Расія), мед. кантроль на іх пачаў уводзіцца ў 19 ст. Сучасныя гразевыя курорты спалучаюць функцыі гразевых, бальнеалагічных і кліматычных.

Вядомыя еўрап. Гразевыя курорты: Паморые, Тузла, Шабла (Балгарыя), Хевіз (Венгрыя), Бад-Берка, Бад-Доберан, Бланкенбург, Бад-Дрыбург, Бад-Грунц (Германія), Буска-Здруй, Полчын-Здруй, Крыніца, Інавроцлаў, Цэхацынек (Польшча), Кавасна, Савата, Мангалія (Румынія), Спа (Бельгія), Абана-Тэрме, Аньяна-Тэрме, Сальсамаджорэ-Тэрме, Сірміёне (Італія), Дакс (Францыя), Ронебю (Швецыя), Кемеры (Латвія), Хаапсалу (Эстонія), Бірштанас, Друскінінкай (Літва), Адэса, Сакі, Салёны Ліман, Гопры (Украіна), Сольвычагодск, Старая Руса, Мацэста (Расія) і інш.

На Беларусі пашырэнню гразелячэння спрыяюць багатыя рэсурсы прыродных гразей з лек. ўласцівасцямі (тарфяныя, сапрапелевыя).

т. 5, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Анатоль Рыгоравіч) (30.10.1896, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 23.9.1984),

расійскі кампазітар, муз.-грамадскі дзеяч. Засл. дз. маст. Расіі (1947). Нар. арт. Расіі (1961). Нар. арт. СССР (1970). Герой Сац. Працы (1976). У 1921—27 вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў Р.Гліэра. У 1939—43 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца ВЦСПС, у 1948—51 — Ансамбля песні Усесаюзнага радыё. Сабраў і адрэдагаваў каля 500 рус. нар. песень («Рускія народныя песні», т. 1—3; некат. ў яго запісе). Аўтар муз. камедый «Ляўша» (паст. 1957), «Калі ты са мной» (паст. 1961), «Каралева прыгажосці» (паст. 1964), «Асобае заданне» (паст. 1965), «Чорная бяроза» (паст. 1969), «Васіль Цёркін» (паст. 1971), паэмы «Нам патрэбен мір» для салістаў, хору, чытальніка і арк. (1954), кантат, хароў, музыкі да драм. спектакляў, шматлікіх песень («Смуглянка», «Дарогі», «Расія», «Вася-Васілёк», «Гімн дэмакратычнай моладзі свету» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.

т. 11, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЙПС ((Pipes) Рычард Эдгар) (н. 11.7.1923, г. Цешын, Польшча),

амерыканскі гісторык, палітолаг. З 1940 у ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1950). У 1962—63 дырэктар Цэнтра навук. даследавання Расіі. З 1963 праф. рас. гісторыі Гарвардскага ун-та. У 1981—82 саветнік па Сав. Саюзе прэзідэнта ЗША Р.​Рэйгана. Аўтар прац «Еўропа пасля 1815 г» (1970), «Расія пры старым рэжыме» (1974), «Амерыканска-савецкія адносіны ў эру разрадкі» (1981), «Камунізм: знікаючы прывід» (1993), «Расія пры бальшавіцкім рэжыме» (1994) і інш. У кн. «Утварэнне Савецкага Саюза: камунізм і нацыяналізм. 1917—1923 гг» (1954, перавыд. 1968) вызначыў ролю і месца ў пач. 20 ст. бел. нац.-вызв. руху (у т. л. БСГ), разглядаў унутр. і знешнія абставіны, якія не дазволілі замацаваць бел. дзяржаўнасць у форме БНР.

Тв.:

Бел. пер. — Мінуўшчына Расеі і яе будучыня // Arche. 2000. № 1.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́ (у Латвіі Даўгава),

рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўж. 1020 км, пл. вадазбору 87,9 тыс. км² (у межах Беларусі адпаведна 328 км і каля 33,1 тыс. км²). Пачынаецца з воз. Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на Валдайскім узв., за 14 км ад вытоку Волгі. Упадае ў Рыжскі зал. Балтыйскага м. (Латвія). Цячэ на Беларусі пераважна з У на З па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узв. і на большым сваім працягу па Полацкай нізіне. Асн. прытокі; Таропа (Расія), Обаль, Палата, Дрыса (Беларусь), Айвіекстэ (Латвія) — справа, Мёжа (Расія), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (Беларусь) — злева. Са стараж. часоў З. Дз. — важны гандл. шлях, у 9—11 ст. тут праходзіў адзін з напрамкаў шляху з «варагаў у грэкі». Даліна выразная, месцамі глыбокаўрэзаная або невыразная, шыр. ў верхнім цячэнні 300—900 м, у сярэднім (у межах Беларусі) — 1—1,5 км, у ніжнім — 5—6 км. Пойма пераважна двухбаковая, у вярхоўі перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча ўмерана звілістае, на Беларусі звілістае, месцамі з парогамі: вышэй Віцебска (Вярхоўскі парог), каля г. Дзісна (Дзісенскія парогі) і г. Верхнядзвінск. Шыр. ракі 15—20 м у вярхоўі, 100—150 м на Беларусі (каля г.п. Друя 700 м), у Латвіі 200—300 м каля г. Даўгаўпілс, 700 м каля Рыгі. Вусцевая вобласць — эразійная дэльта. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое, вял. доля грунтавога. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 1-й дэкады красавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён. Летне-асенняя межань (4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (70—80 дзён) устойлівая. Сярэднегадавы расход вады каля Віцебска 223 м³/с, пры выхадзе за мяжу Беларусі 441 м³/с, у вусці 666 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Суднаходства ў сярэднім цячэнні ад г. Веліж да г. Верхнядзвінск, у ніжнім — на асобных участках. Створаны Даўгаўпілская, Кегумская, Плявінская, Рыжская ГЭС. З. Дз. злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з бас. Дняпра. На рацэ гарады Веліж (Расія), порт Віцебск, Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск (Беларусь), Даўгаўпілс, Екабпілс, Яўнелгава, марскі порт Рыга (Латвія).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Заходняя Дзвіна каля гарадскога пасёлка Руба Віцебскага раёна.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАП’Я́НАЎ (Міхаіл Васілевіч) (18.11.1899, г. Ліпецк, Расія — 11.8.1980),

савецкі лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.-маёр авіяцыі (1943). Скончыў ваен.-авіяц. школу (1929). Удзельнік выратавання экіпажа парахода «Чэлюскін» (1934), паветр. экспедыцыі на Паўн. полюс (1937). У Вял. Айч. вайну камандзір авіяц. дывізіі. Дэп. Вярх. Савета СССР 1937—46.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙЦЯШО́НАК (Марыя Антонаўна) (н. 3.5.1942, г. Змяінагорск Алтайскага краю, Расія),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1972). Займалася пед. дзейнасцю, з 1974 — журналістыкай. Друкуецца з 1959 як празаік і публіцыст. Кнігі нарысаў і апавяданняў «Сярод блізкіх людзей» (1988), «Жанчына каля люстэрка» (1993) вызначаюцца добрым веданнем вясковага жыцця, тонкім псіхалагізмам, выразнасцю характараў.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́НГЕР-ФІЁРД (Varanger fjord),

Варажскі заліў, заліў у Баранцавым м., каля паўн. берагоў Еўропы, паміж а-вамі Рыбачы (Расія) і Варангер (Нарвегія). Даўж. 120 км, шыр. каля ўваходу 50 км. Глыб. да 420 м. Большая ч. заліва не замярзае. Прылівы паўсутачныя (да 2,2 м). Парты Вардзё, Вадсё (Нарвегія).

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ВАРАВА (Любоў Анатолеўна) (н. 30.4.1954, с. Брухава Калужскай вобл., Расія),

бел. спартсменка (скарасное падводнае плаванне). Майстар спорту міжнар. класа (1975). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1975). Чэмпіёнка свету ў камандным і бронзавы прызёр у асабістым пяршынствах (1976). Рэкардсменка свету ў эстафеце 4×100, 4×200 м (1976).

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́МЕРЫЧЫ,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Сасноўка, на аўтадарозе Крычаў—Рослаўль (Расія). Цэнтр сельсавета. За 14 км на Пн ад горада і 12 км ад чыг. ст. Клімавічы, 110 км ад Магілёва. 151 ж., 88 двароў (1997). Б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙВІСА МО́РА (Davis Sea),

ускраіннае мора Індыйскага ак., каля берагоў Усх. Антарктыды. Абмывае Бераг Праўды. Пл. 21 тыс. км². Глыб. да 1369 м. Салёнасць 33—33,5‰. Круглы год укрыта льдамі. На ўзбярэжжы — антарктычная навук. станцыя Мірны (Расія). Названа ў гонар капітана аўстрал. экспедыцыйнага судна «Аўрора» Дж.​К.​Дэйвіса.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)