«ЗО́РЬКА»,
газета для школьнікаў. Выдаецца з 1.1.1945 у Мінску штотыднёва на рус. мове. Да № 11 (1945) наз. «Пионер Белоруссии». Змяшчае матэрыялы пра вучобу і адпачынак дзяцей і падлеткаў. Сярод публікацый — вершы і апавяданні юных аўтараў, водгукі на кнігі, матэрыялы для вынаходнікаў, аматараў свойскіх жывёл, уражанні дзяцей ад падарожжаў па інш. краінах. Закранае пытанні экалогіі. Праводзіць конкурсы, віктарыны. Друкуе старонку для малодшых школьнікаў «Агеньчык».
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЛЕ́СКА»,
навукова-метадычны ілюстраваны часопіс па дашкольным выхаванні. Выдаецца з 1991 у Мінску на бел. мове штомесячна. Разлічаны на работнікаў адукацыйных дашкольных устаноў, бацькоў. Прапагандуе навук. распрацоўкі сучасных пед. і метадычных тэхналогій, асвятляе практычную дзейнасць дашкольных устаноў, пытанні падрыхтоўкі кадраў для іх, сямейнага выхавання, у т. л. з вопыту замежных краін. Друкуе артыкулы вучоных, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, матэрыялы па фальклоры, з пед. спадчыны і інш.
т. 12, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНЯЯ ЛІНГВІ́СТЫКА, экстралінгвістыка,
галіна мовазнаўства, якая даследуе праблемы, што знаходзяцца на памежжы з інш. навук. дысцыплінамі (параўнальная ўнутраная лінгвістыка). Праблемы сутнасці і паходжання мовы, яе сувязь з навакольным асяроддзем і чалавекам вырашаюцца сумесна з філасофіяй, пытанні развіцця мовы і моўных змен — разам з гісторыяй. Пры раскрыцці характару суадносін мовы і мыслення, мовы і ўнутр. свету чалавека З.л. ўзаемадзейнічае з логікай і псіхалогіяй. Функцыянаванне мовы ў грамадстве, яе надіндывід. прырода вывучаюцца ў кантакце з сацыялогіяй. З навукамі негуманітарнага цыкла З.л. вырашае праблемы аўтам. апрацоўкі моўнай інфармацыі (з кібернетыкай); імаверны характар мовы і складаная прырода яе сістэмнасці разглядаюцца сумесна з матэматыкай, пытанні суадносін мовы і інш. знакавых сістэм — разам з семіётыкай. Пры вывучэнні жывой мовы (нар. гаворак, якія пашыраны на пэўнай тэрыторыі і маюць свае адметныя рысы) З.л. кантактуе з геаграфіяй і інш. Як правіла, на мяжы З.л. і інш. навук узнікаюць новыя дысцыпліны: лінгвістычная філасофія, гіст. мовазнаўства, псіхалінгвістыка, сацыялінгвістыка, лінгвасеміётыка, матэматычная лінгвістыка, лінгвістычная геаграфія і інш.
Літ.:
Якобсон Р.О. Избранные работы: Пер. с англ., нем., фр. М., 1985.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ГМУТ (Ала Іосіфаўна) (н. 12.5.1929, г. Харкаў),
украінскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1980). Працуе ў галіне ўсх.-слав. і эксперыментальнай фанетыкі, культуры мовы; даследуе інтанацыю спантаннага маўлення, пытанні інтанацыйнай і групавой выразнасці мовы сродкаў масавай інфармацыі. Пад яе кіраўніцтвам зроблена параўнальнае даследаванне інтанацыі бел., рус. і ўкр. моў — «Тыпалогія інтанацыі маўлення» (у сааўт., 1977), апісала бел. прасодыю, разгледзела асаблівасці пабуджальнай інтанацыі і інтанацыі паведамлення ў бел. мове.
Л.Ц.Выгонная.
т. 2, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,
газета. Выдавалася ў 1943—44 у Віцебску (друкавалася ў Дзвінску) на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Выходзіла 2—3 разы ў месяц. Асноўны змест газеты — інфармацыя аб падзеях на франтах, міжнар. адносінах, пытанні гісторыі Беларусі, нац.-культ. жыцця, адукацыі. Друкавала тэатр. рэцэнзіі, крытычныя агляды бел. л-ры, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў, маст. творы бел. аўтараў. Выйшаў не менш як 61 нумар.
С.У.Жумар.
т. 2, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА»,
навуковы штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Выдаецца з 1972 у Мінску на бел. мове па 2 выпускі ў год. Асвятляе пытанні бел., слав., агульнага і прыкладнога мовазнаўства, змяшчае агляды па германістыцы і раманістыцы. Друкуе артыкулы па праблемах дыялекталогіі, лексікалогіі, лексікаграфіі, этымалогіі, гісторыі бел. мовы і інш. Змяшчае агляды навук. л-ры і рэцэнзіі бел. і замежных вучоных па беларусістыцы, інфармуе пра навіны навук. жыцця.
т. 2, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ННАЯ (Лілія Ціханаўна) (н. 3.9.1942, г. Мары, Туркменія),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). У 1964 скончыла БДУ; працуе ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе пытанні бел. фанетыкі і фаналогіі, бел. лексікалогіі. Аўтар манаграфіі «Інтанацыя. Націск. Арфаэпія» (1991), сааўтар прац «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971), «Галосныя беларускай мовы» (1975), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990).
т. 4, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЁЎ (Аляксей Іванавіч) (н. 25.2.1925, в. Каўшова Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1973), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права, на кафедры філасофіі АН Беларусі. Даследаваў пытанні сац. філасофіі, філас. праблемы развіцця культуры, навукі і навук. дзейнасці, сучаснасць і будучыню нац. Культур. Аўтар прац «Нацыянальная культура і камунізм» (1967), «Інтэрнацыянальнае і нацыянальнае ў развіцці сацыялістычнай культуры» (1974) і інш.
т. 4, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАВА (Алена Ціханаўна) (н. 22.12.1935, Віцебск),
бел. вучоны-педагог у галіне тэхн. графікі. Канд. пед. н. (1980), праф. (1993). Скончыла Віцебскае маст.-графічнае пед. вучылішча (1954), Віцебскі пед. ін-т (1963), дзе працуе з 1965. Распрацавала тэарэт. і метадычныя пытанні ўдасканалення графічнай падрыхтоўкі школьнікаў і студэнтаў ВНУ. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для школ, тэхнікумаў, ВНУ.
Тв.:
Основы графической грамоты. Мн., 1966 (у сааўт.);
Словарь-справочник по черчению. М., 1993 (v сааўт.).
т. 6, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́ЦЫІ (лац. comitia),
нар. сходы ў Стараж. Рыме, на якіх выбіралі службовых асоб, прымалі законы, вырашалі пытанні вайны і міру. Было 3 віды: курыятныя К. — сходы па курыях, цэнтурыятныя К. — па цэнтурыях, трыбутныя К. — сходы ўсіх грамадзян па тэрытарыяльных акругах (трыбах). Склікаліся ў вызначаныя дні і ў спец. месцах, якія рымляне лічылі свяшчэннымі (напр., на Марсавым полі, Форуме). Функцыі К. абмежаваў Сула, у часы Аўгуста яны страцілі сваё значэнне.
т. 7, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)