гетэралітычныя рэакцыі арган. рэчываў з нуклеафільнымі рэагентамі (нуклеафіламі). Нуклеафілы (ад лац. nucleus — ядро і грэч. phileo — люблю) — аніёны (Cl−, OH−, CN−; NO2−, OR− і інш.), а таксама неарган. і арган. малекулы, што маюць свабодную пару электронаў (напр., вада, аміяк, аміны, спірты, фасфіты). У арган. сінтэзе пашыраны нуклеафільнага далучэння рэакцыі па карбанільнай групе, ці кратнай сувязі вуглярод — вуглярод і замяшчэння рэакцыі, характэрныя пераважна для аліфатычных злучэнняў.
Пры рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння ў насычанага атама вугляроду нуклеафіл (X:) аддае субстрату сваю пару электронаў на ўтварэнне сувязі C—X і пры гэтым выцясняе групу Z:, ці нуклеафуг (ад лац. nucleus + fugio збягаю), з парай электронаў, што звязвалі яе з атамам вугляроду. Скорасць і механізм рэакцыі вызначаюцца рэакцыйнай здольнасцю нуклеафілу (нуклеафільнасцю) і нуклеафугу (нуклеафугнасцю), будовай малекулы субстрату і ўмовамі рэакцыі (растваральнік, т-ра, ціск і інш.). Адрозніваюць мона- і бімалекулярны механізмы. Пры монамалекулярным (SN1) механізме спачатку (пад уздзеяннем растваральніку) утвараецца трохкаардынацыйны карбкатыён і нуклеафуг (стадыя, якая звычайна вызначае скорасць усяго працэсу), а затым нуклеафіл хутка далучаецца да карбкатыёна; атака нуклеафілу роўнамагчымая з абодвух бакоў рэакцыйнага цэнтра і ў выпадку яго асіметрыі прыводзіць да рацэмізацыі. Пры бімалекулярным (сінхронным) замяшчэнні (SN2) атака нуклеафілу ідзе з боку процілеглага адносна групы, што адыходзіць, і прыводзіць да змены абс. канфігурацыі асіметрычнага цэнтра малекулы (т.зв. вальдэнава абарачэнне). Гл. таксама Рэакцыі хімічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́СТУЛА (ад грэч. blastos зародак),
заключная стадыя драблення яйца, што завяршае цытатыпічны перыяд развіцця і прыводзіць да ўтварэння шматклетачнага аднаслойнага зародка. У сярэдзіне бластулы знаходзіцца бластацэль (поласць драблення, першасная поласць цела). Тып бластулы залежыць ад тыпу яйцаклеткі і спосабу драблення. Пры поўным раўнамерным драбленні яйца бластула мае форму пустога шара, абалонка якога складаецца з аднаго слоя клетак; пры частковым нераўнамерным драбленні ўтвараецца дыскабластула, пры спіральным бластула не мае поласці (стэрабластула). У млекакормячых і чалавека драбленне яйца завяршаецца ўзнікненнем бластацысты. Развіваючыся, бластула ператвараецца ў гаструлу.
Тыпы бластул: 1 — цэлабластула, 2 — стэра-бластула, 3 — дыскабластула; бл — бластамеры, ж — жаўток, б — бластацэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
узнікненне пастаяннага току ці электрарухальнай сілы ў праводным асяроддзі (метал, паўправаднік) пад уздзеяннем бягучай ультрагукавой (УГ) хвалі. Адкрыты Г.Вайнрахам і Х.Дж.Уайтам (ЗША, 1957) у монакрышталях германію. Паяўленне эл. току звязана з перадачай імпульсу (і адпаведна энергіі) ад гукавой хвалі электронам праводнасці. Пад уздзеяннем УГ хвалі ў правадніку ўзнікаюць лакальныя эл. палі, якія распаўсюджваюцца разам з хваляй і захопліваюць носьбіты зараду, што прыводзіць да ўзнікнення акустаэл. току. Акустычны эфект адносіцца да нелінейных эфектаў (гл.Нелінейная акустыка). Выкарыстоўваецца для вымярэння магутнасці УГ сігналу, частотных характарыстык УГ пераўтваральнікаў, для даследавання эл. уласцівасцяў паўправаднікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНО́СЛІВАСЦЬу біялогіі,
здольнасць жывых арганізмаў вытрымліваць экстрэмальныя ўздзеянні навакольнага асяроддзя: абіятычнага, біятычнага і антрапагеннага. Асабліва важныя засухаўстойлівасць і тэрмаўстойлівасць відаў. Па тэрмаўстойлівасці адрозніваюць стэнатэрмныя віды, якія прыстасаваліся да абмежаваных ваганняў тэмператур (напр., водныя расліны і жывёлы), мегатэрмныя — да высокіх тэмператур (напр., насенне і споры), мікратэрмныя — да нізкіх (напр., здольнасць раслін не траціць жыццядзейнасці пасля прымаразкаў) і эўрытэрмныя — да значных ваганняў тэмператур (напр., пугач, або філін). Высокая вынослівасць з’яўляецца перадумовай выжывальнасці, нізкая вынослівасць пры ўмовах заўсёднага змянення (у т. л. антрапагеннага) навакольнага асяроддзя прыводзіць да скарачэння відаў і амаль да поўнага вымірання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ,
хімічны працэс адшчаплення вадароду (гідрагену) ад малекулы арган. злучэння; рэакцыя, адваротная гідрагенізацыі. Звычайна прыводзіць да ўтварэння падвойнай сувязі (C=C, C=O і інш.). Ажыццяўляецца ў прысутнасці каталізатараў або пад уплывам акцэптараў вадароду пры т-ры 300—550 °C і паніжаным ціску (0,1—5 МПа). У чалавека і жывёл Д. — адна са стадый біял. акіслення рэчываў, якія паступаюць у арганізм, адбываецца ў прысутнасці ферментаў — дэгідрагеназ. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці этылену з этану, стыролу з этылбензолу, бутадыену з бутану ці бутэнаў, ацэтону з ізапрапілавага спірту і інш.; адбываецца пры тэрмічным крэкінгу і каталітычным рыформінгу. Гл. таксама Дэгідрацыклізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гіпа... + сексуальнасць),
зніжэнне сексуальнай схільнасці пры адсутнасці якіх-небудзь адхіленняў у здароўі чалавека. Адзначана залежнасць сексуальных праяўленняў ад палавой канстытуцыі мужа і жонкі, якая ў значнай ступені вызначае ўстойлівасць арганізма да ўздзеяння патагенных фактараў на палавую функцыю. Адны і тыя ж фактары па-рознаму дзейнічаюць на розных асоб. У мужчын выражаная і працяглая гіпасексуальнасць трапляецца вельмі рэдка. Прычынай гіпасексуальнасці часцей бываюць неўратычная рэакцыя на няўдачы ў палавым жыцці, авітаміноз, ператамленне, недасыпанне, страхі, інтаксікацыя алкаголем або наркотыкамі і інш. Да гіпасексуальнасці могуць прыводзіць і парушэнні псіхасексуальнага развіцця. Гіпасексуальнасць звычайна з’яўляецца часовым або сезонным станам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СУХА,
перыяд працяглага (1—2 месяцы) недахопу ападкаў, які суправаджаецца павышанай т-рай паветра і паніжанай вільготнасцю паветра і глебы. Бывае пры антыцыкланальным надвор’і. Прыводзіць да зніжэння і нават гібелі ўраджаю с.-г. культур. Адрозніваюць атмасферную і глебавую З. Найчасцей здараецца ў трапічных абласцях, у зоне стэпаў і паўпустынь, радзей у лесастэпавай, звычайна летам, а таксама ў канцы вясны і пач. восені. Для барацьбы з З. выкарыстоўваюць штучнае арашэнне, снегазатрыманне і інш. агратэхн. прыёмы. накіраваныя на захаванне вільгаці ў глебе. На Беларусі 1 месяц бывае засушлівы раз у 5—10 гадоў, 2 месяцы запар — раз у 10—15 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІГРА́ЦЫЯ (ад лац. immigrare усяляцца) насельніцтва, уезд у краіну грамадзян інш. дзяржавы на пастаяннае або часовае пражыванне. Вызначаецца шэрагам прычын: эканамічнымі (увоз рабочай сілы або ўезд у краіны з больш спрыяльнымі ўмовамі працы ці больш высокім жыццёвым узроўнем і інш.), ваеннымі (захоп чужых зямель і іх ваен. каланізацыя), палітычнымі (уцёкі ад паліт., нац., расавых, рэліг. і інш. праследаванняў). І. іграла важную ролю ў засяленні некат. частак свету і фарміраванні насельніцтва многіх краін. Аказвае істотны ўплыў на дынаміку колькасці насельніцтва, прыводзіць да змяшэння розных этн. груп насельніцтва, у выніку чаго складваюцца новыя нацыі і народнасці. Супрацьлеглае І. — эміграцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІЯЛІЗА́ЦЫЯ (позналац. labialis губны ад лац. labium губа),
агубленне, артыкуляцыя гукаў мовы (галосных і зычных), якая суправаджаецца акругленнем выцягнутых уперад губ. Л. можа быць адрознівальнай прыкметай фанем (напр., у ням., франц., швед. мовах лабіялізаваныя галосныя фанематычна проціпастаўлены нелабіялізаваным). Існуюць лабіялізаваныя галосныя пярэдняга, сярэдняга і задняга (часцей) рада. Лабіялізаваныя зычныя як асобныя фанемы маюць паўн.-каўк. мовы. Л. з’яўляецца дадатковай артыкуляцыяй, якая прыводзіць да ўзнікнення камбінаторных варыянтаў (алафонаў) фанем, калі яна абумоўлена толькі фанет. становішчам гуку (напр., Л. зычных перад губнымі галоснымі, параўн.: бел. «сад» — «суд»). Для розных моў характэрна розная ступень Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),
сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл. таксама Манаполія, Алігаполія, Алігапсонія.