ВА́РДЗІЯ,

музей-запаведнік у Грузіі, за 70 км на Пд ад г. Баржомі. Створаны ў асноўным у 1156—1205 (у гады праўлення Георгія III і яго дачкі царыцы Тамары) на паўд.-зах. мяжы Грузіі ў цясніне р. Кура як крэпасць і пячорны манастыр. Некалькі соцень жылых, культавых і гасп. пабудоў высечаны ў стромкай туфавай скале, размешчаны ярусамі і злучаны хадамі. На сценах гал. храма фрэскі, сярод якіх «Царыца Тамара і Георгій III» (1180-я г., майстар Георгій), паблізу храма — званіца (13—14 ст.). З 1938 — музей-запаведнік.

Да арт. Вардзія. Пячорны манастыр.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ВО́ЛЬНА-ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Петраградзе,

згуртаванне бел. інтэлігенцыі. Існавала з кастр. 1918 да 1920. Створана Петраградскім аддзяленнем Беларускага нацыянальнага камісарыята і бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэта: спрыяць развіццю навукі, культуры і нар. гаспадаркі Беларусі. За аснову прыняты статут Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве з дапаўненнем задач эканам. характару. Падрыхтаваны зварот «Да вывучэння Беларусі». Старшыня праўлення — Я.​С.​Канчар, у т-ва ўваходзілі акадэмік Я.​Ф.​Карскі, праф. П.​М.​Жуковіч (ганаровыя члены), М.​М.​Аўсяны, А.​Ц.​Вазіла, П.​І.​Міклашэўскі, М.​М.​Сабалеўскі, А.​К.​Сержпутоўскі і інш.

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНКТ) у Маскве, згуртаванне беларускай інтэлігенцыі ў 1918—19. Створана пры садзеянні Беларускага нацыянальнага камісарыята. Асн. задачы: развіццё навукі і культуры Беларусі, правядзенне культ.-асв. работы сярод беларусаў. На першым пасяджэнні (14.7.1918) прысутнічала больш за 1000 чал. У т-ва ўваходзілі У.​І.​Пічэта (старшыня праўлення), В.​Р.​Брайцаў, Я.​Л.​Дыла, В.​І.​Качалаў, М.​К.​Любаўскі, Ф.​Ф.​Турук, М.​А.​Янчук і інш. Т-ва планавала выданне матэрыялаў па этнаграфіі Беларусі, зборнікаў бел. фальклору і бел. л-ры, гіст. і эканам. літаратуры. Быў падрыхтаваны час. «Белорусская жизнь» (не выйшаў).

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТАРЫЯНІ́ЗМ [ад імя англ. каралевы Вікторыі (1837—1901), у час праўлення якой укараняліся негатыўныя адносіны да любых праяўленняў сексуальнага жыцця чалавека],

кірунак маралі, які заключаецца ў пурытанска-аскетычных адносінах да палавога жыцця, адмаўленні значэння пачуццёвасці ва ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны. Паводле яго ўсе плоцевыя пачуцці аб’яўляліся ганебнымі і нават думкі пра секс лічыліся амаральнымі і грэшнымі. Жанчыне прадпісвалася браць шлюб з адзінай мэтай — нараджаць і расціць дзяцей, а любыя праяўленні яе сексуальнай зацікаўленасці лічыліся недапушчальнымі. Да праяўленняў мужчынскай сексуальнасці прыхільнікі віктарыянізму ставіліся больш памяркоўна. Віктарыянізм садзейнічаў пашырэнню фрыгіднасці ў жанчын і псіхагеннай імпатэнцыі ў мужчын.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎ (Юрый Пятровіч) (13.1.1929, С.-Пецярбург — 5.2.1993),

рускі паэт. У гады Вял. Айч. вайны ў блакадным Ленінградзе. Скончыў Ленінградскі ун-т (1952). Працаваў на камсамольскай рабоце, гал. рэдактарам «Комсомольской правды» (1959—65), адказным сакратаром газ. «Правда» (1965—68), сакратаром праўлення СП СССР (1982—86). Аўтар кніг «Сіла жыцця» (1966), «Блакада» (1968; Дзярж. прэмія Расіі 1985), «Памяць» (1971), «Вуліца Росі» і «Белыя ночы» (абедзве 1979), «Шалі» (1986). Большасць вершаў прысвечана блакаднай тэме. На рус. мову перакладаў вершы Г.​Пашкова. Творы Воранава на бел. мову перакладалі Я.​Семяжон, Пашкоў.

Тв.:

Избранное. М., 1987;

Бел. пер. — Масты памяці. Мн., 1991.

Ю.П.Воранаў.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРАЖУ́НАС (Пётр) (Пятрас) Іосіфавіч (24.1.1892, в. Грумшлі Біржайскага р-на, Літва — 20.12.1937),

дзярж. дзеяч БССР. З 1913 у арміі. У 1919 старшыня Мірскага валаснога ВРК, у органах па харч. забеспячэнні Смаленскай губ. і Зах. фронту. У 1921—22 мінскі павятовы харчкамісар. З 1923 старшыня Мінскага, Аршанскага павятовых, з 1928 Гомельскага акруговага выканкомаў. З 1930 нам. старшыні Вышэйшага савета нар. гаспадаркі БССР, з 1934 нарком, нам. наркома камунальнай гаспадаркі БССР. Старшыня праўлення Саюза архітэктараў БССР (1934—37). Чл. ЦВК БССР (1924—37). Канд. у чл. ЦК (1927—30), чл. ЦК КП(б)Б (1930—37). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІЯ́Н МАРЦЭЛІ́Н (Ammianus Marcellinus; каля 330 — каля 400),

рымскі гісторык. Па паходжанні грэк. У 363 удзельнічаў у ваен. паходзе імператара Юліяна Адступніка ў Персію. Асноўны гіст. твор «Дзеянні» (задуманы як працяг «Аналаў» і «Гісторый» Тацыта), ахоплівае перыяд ад праўлення імператара Нервы [96—98] да 378. З 31 кнігі захаваліся 18 (14—31-я). У іх апісаны падзеі 353—378: войны, барацьба за ўладу, перыяд заняпаду Рым. імперыі, сац. рух 4 ст., барацьба еўрапейскіх плямёнаў з Рымам. Акрамя пісьмовых крыніц выкарыстаў асабістыя назіранні і паведамленні сведак.

Тв.:

Рус. пер. — История. Вып. 1—3. Киев, 1906—08.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БРАНАЯ РА́ДА,

неафіцыйны ўрад у Расіі ў канцы 1540-х — 50-я г. Складаўся з асоб, прыбліжаных да цара Івана IV Васілевіча Грознага. Кіруючае становішча ў выбранай радзе займалі А.Ф.Адашаў, прыдворны святар Сільвестр, мітрапаліт Макарый, думны дзяк І.​М.​Віскаваты, князь А.М.Курбскі і інш. У час праўлення выбранай рады праведзены важнейшыя рэформы (выдадзены Судзебнік 1550, створаны прыказы, стралецкае войска і інш.), далучаны Казанскае і Астраханскае ханствы, вялася барацьба за Прыбалтыку. Сур’ёзныя змены ў знешняй і ўнутр. палітыцы Івана IV прывялі да падзення выбранай рады.

Літ.:

Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЬКЕ́ВІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (24.12.1905, г. Адэса, Украіна — 24.2.1984),

украінскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1954). Скончыў Адэскі муз.-драм. ін-т (1929). З 1929 выкладаў у Адэскай (праф. з 1948, рэктар у 1944—51), у 1953—69 — у Кіеўскай кансерваторыях. У 1956—67 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Сярод твораў: оперы «Трагедыйная ноч» (1935), «Багдан Хмяльніцкі» (1951), «Назар Стадоля» (1960), балет «Лілея» (1939); 2 сімфоніі; сімф. паэма «Тарас Шаўчэнка», (1939), камерныя, хар. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1978.

Літ.:

Михайлов М.М. Констянтин Данькевич. 2 вид. Київ, 1974.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМО́РЫ (грэч. geōmoroi),

землеўладальнікі ў Стараж. Грэцыі. У розных рэгіёнах і ў розны час яны мелі розны статус. У Атыцы — гэта адна з 3 груп свабоднага насельніцтва, якая, паводле падання, утварылася ў часы праўлення Тэсея (13 ст. да н.э.). Паступова яны страчвалі свае зямельныя надзелы за даўгі і траплялі ў даўгавое рабства. Рэформы Салона аднавілі б.ч. гаспадарак Геамораў, але ў 4 ст. да н.э. яны ў асноўным разарыліся. У Сіракузах і на в-ве Самас — арыстакраты, буйныя зямельныя ўласнікі, улада якіх скінула дэмасам. Некалькі разоў часова вярталі сваё панаванне, у 4 ст. да н.э. страцілі яго канчаткова.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)